Бывае i такое пры сустрэчах. А потым добра помніцца.
* * *
Па радыё — поп пра нашу Ефрасінню, што яна не беларуска, бо маці яе з нарманаў, так сказаць, варажка.
A ўчора, па тэлевізары, віншуючы мінчан з пяцідзесяцігоддзем вызвалення ад фашысцкай акупацыі, другі баця барадата даводзіў, што «раньше была Русь, которая называлась СССР, опять будет Русь, единая и неделимая».
* * *
У «Спадчыне» (№ 4 за 1994 г.) спадар Малэцкі ва ўспамінах «Пад знакам Пагоні» піша, што канцлагер у Калдычэве быў пераходны. Дваццаць дзве тысячы закатаваных — пераходна, як між іншым, на хаду.
* * *
Мезальянс па-сучаснаму. Сын закончыў інстытут, а нявестка толькі тэхнікум. I маці-свякроў у адной асобе, хоць у самое толькі сем польскіх класаў, са злосцю ў падтэксце бядуе: «Не з тае нагі ён пайшоў!..»
Ад гэтага i пачалася варажнеча — паміж самімі маладымі i ў нявесткі ca свякроўю.
* * *
Зноў i зноў сустракаючы ў маладога празаіка пра так званы секс, успомнілася пастушынае: «Міша X... піша». Тут яно, няхай сабе i па-дурному грубае, зусім дарэчы. Бо не розумам, не сэрцам піша новы кандыдат у геніі.
* * *
Саліст вядомага ансамбля i так няросленькі, а яшчэ ж у яго пад нармальным мужчынскім корпусам — кароткія, неймаверна быстрыя ножкі, якія ў танцы 'пытлююць да нейкай няёмкасці ненатуральна, нібы ў такой мультыплікацыі, ці што. А да нармальнага мужчынскага стану — яшчэ i вусы, i рускі «картуз»* з вялікай чырвонай кветкай, i нерухомая важнасць у выразе твару. Кажуць, што ён ужо на пенсіі, а вось жа яшчэ ўсё пытлюе боцікамі. Незвычайнае — не абавязкова прыгожае.
* * *
Ранняя раніца ў пасёлку. Чуваць: у су седа за агародамі-садамі гыркае, не заводзіцца трактар. Малады шафёр з гарадка, талковы мужчына, што начаваў у мамы, смяецца мне:
— Сам ён учора выпіў, а яму не даў!
Пра трактар i трактарыста.
Музыка тэхнічнай сучаснасці тэрарызуе грукатам вечна-ўрачыстую цішыню вераснёўскай пагодлівай раніцы.
* * *
Дзеду Ролічу, славутаму нарачанскаму рыбаку, улетку пяцьдзесят сёмага было ўжо за восемдзесят. У доме адпачынку частавалі абедам гасцейпісьменнікаў, удзельнікаў дэкады ўкраінскай літаратуры на. Беларусі. Хтосьці з абласнога начальства дадумаўся, а можа, i калектыўна такое вырашылі ці нават з Мінска была падказка,— паказаць братамукраінцам удзельніка дый героя гістарычнага рыбацкага паўстання пры панскай Польшчы. Не адразу паказаць, а так — па ходу справы, даўшы яму слова. I пралічыліся, бо дзед тым часам, пакуль іншыя выступал!, i выпіў сабе ў ахвоту, i закусіў, i калі яго паднялі на тост, амаль адразу пачаў адхіляцца ад таго, што яму папярэдне ўтлумачылі.
— Як было ў нас тое ўставанне,— гаварыў ён, узвышаючыся над шматлюдным сталом,— дык i мяне пагналі ў пастарунак, давай ластажыць бізунамі. Ты, кажуць, камуна, халера ясна! A які я камуна? На чорта мне тая камуна?!
Таварыш сакратар абкома па прапагандзе i агітацыі, дзедаў сусед цераз два чалавекі, адчуў небяспеку, пачаў дапамагаць яму падказкамі:
— Нет, вы им тогда говорите...
— Я ж i кажу: на чорта мне тая камуна?!
Прыйшлося дзеду падзякаваць без пары, пакрыць
накладку іншым тостам. A неўзабаве дзед, кульнуўшы за шчаслівае заканчэнне такой непрывычнай работы, ціха шуснуў пад стол. Усё-такі стома, гадочкі. Паднялі, з пашанай вывелі адпаведныя хлопцы.
А мне пасля, калі пісаў з яго старога рыбака ў апавяданні «Надпіс на зрубе», даўшы яму i прозвішча іншае, i любую ўнучку ў лодку, расказ пра ўдзел у паўстанні прыйшлося выкарыстаць з папраўкай — без таго беспарты й нага, цёмнага чорта.
* * *
Сама спаважная, хто яе не ведае, дык нібы i злосная заўсёды немаведама чаго, а вось расказвае i смяецца:
— Адзін вып'е, дык біцца лезе, плявузгае, што сліна вярзе, другі ўжо i спіць, сапе-храпе за сталом, а мой... Мой усіх бабаў на той бяседзе перацалуе!.. (Паўза на смех.) I сваіх, i чужых, каторую дык першы раз бачачы... (Зноў паўза.) I няхай сабе!.. Бо ж i спявае яшчэ, заўсёды адно: «Бацька добры, бацька добры, a маці ліхая!» Што пра сябе, што пра мяне... Смех, дый годзе!