* * *
Як жа даўно гэта было! — вясною сорак сёмага. Можа, таму i помніцца так светла, што гэта была маладосць, дый не толькі мая, але i ў нашмат старэйшых сяброў, з якімі i я прыехаў у Брэст, праводзіць нараду маладых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Прыехалі мы даволі вялікім гуртам, i здарылася так, што месцаў на ўсіх у гасцініцы не хапіла i нас трох — Піліпа Пестрака, Васіля Вітку i мяне — памясцілі ў нейкім доме пры абкоме партыі, у вялікім светлым пакоі.
Вітку я тады ведаў меней, ён мне нават здаваўся залішне строга маўклівым, i ў жыцці, i ў паэзіі. А Пестрак не даваў нам дапозна заснуць сваімі, амаль заўсёды цікавымі, апавяданнямі з падпольнай, турэмнай, партызанскай i проста палескай мінуўшчыны, на што ён быў майстрам, з тых, у каго на паперы тое самае выглядае значна сушэй i шарэй.
У нядзелю раненька мы вырашылі, па дарозе ў гасцініцу, да ўсёй грамады, збочыць на рынак, балазе недалёчка. Сонечны дзень, зеляніна, росквіт. Каля базару прыгожая царква. Людзей ужо сабралася.
Піліпу Сямёнавічу мала было таго, што дзеля свята ён купіў сабе букецік ландышаў,— пачаў агітаваць нас выпіць у вясковай цётачкі смятаны. Свежай ды нашча — цуд!.. У цёткі шклянка была адна, пачостак мы пачалі з найстарэйшага, тым больш ініцыятара. Толькі ён тую поўную шклянку важна прыклаў да вуснаў — чыста паголены, з белым адкладным каўняром кашулі, пад светлым капялюшам — да нас падышла маладая, бойкая барынька. Спыталася пра цану, паспытала пальчыкам на кончык языка i папрасіла намераць ёй дзве шклянкі ў слоік.
— Ой, мілая! A ў мяне ж шкляначка толькі адна. Вось ужо, можа, пачакаеце, пасля ix.
Яе гаворку я, за даўнасцю, перадаю з мясцовага па-свойму, толькі па сэнсу. А вось абурэнне той барынькі, хутчэй за ўсё афіцэрскай жонкі, дагэтуль чую дакладна:
— Как это — после него! А если у него сифилис?!
З ландышамі ў адной руцэ, з толькі што ўрачыста прыгубленай шклянкай у другой, Піліп Сямёнавіч тыя рукі прыўзнята развёў, гладкі твар саракатрохгадовага сангвініка, што перамог больш за дзесяць гадоў панскай турмы, твар ускінуў у вясёлым здзіўленні, па-свойму непаўторна вымавіў «пс-с-ст!» i зарагатаў, паспеўшы сказаць:
— У мяне — сіфіліс?!
I столькі было ў гэтым здзіўленні натуральнай шчырасці, столькі неадпаведнасці ў такім недарэчным меркаванні тое барынькі, што ўсё гэта помніцца мне... ну, жыва стаіць у вачах, ажно, нарэшце, вырашыў запісаць.
* * *
У канцы сорак сёмага года Вялюгін, Кірэенка i я былі на з'ездзе таджыкскіх пісьменнікаў, тады — у Сталінабадзе. Гасцей з розных рэспублік раскошна размясцілі на прыгараднай дачы Савета Міністраў.
Быў у тым ліку i Абулькасім Лахуці, які прыехаў з Масквы, дзе ён жыў. Дарэчы, на развітанні ён падарыў мне сваю кнігу на мове фарсі, з аўтографам паруску: «Дорогое Янко Брил, милий как Минск...» У якім ён перад вайною бываў. Нехта нам сказаў, што падоранае яму Сталіным фота стаіць у яго на стале не тварам правадыра, а адваротам наперад,— каб бачылася напісанае. Пайшла была чутка, што гэтаму, як нам думалася, старому класіку якраз спаўняецца шэсцьдзесят гадоў. А Саюз пісьменнікаў Таджыкістана да гэтага абыякавы. Паэт Турсун-задэ, ён жа i старшыня Саюза пісьменнікаў, потым, калі мы, тры беларусы, у падарожжы машынай на поўдзень рэспублікі, спыталіся ў яго, чаму гэта так, не надта выразна i ахвотна адказаў: «У него уже несколько раз был этот юбилей...» Словам, абышлося з юбілеем без Саюза, сіламі гасцей. Пашаптаўшыся, госці з ініцыятывы аўтарытэтных масквічоў — Луцыяна Клімовіча, Сяргея Барадзіна, Паўла Лукніцкага, вядомых знаўцаў Сярэдняй Азіі, i з'едліва вясёлага дэмакрата Паўла Ніліна, які нам найбольш з масквічоў спадабаўся,— тое шасцідзесяцігоддзе вырашылі экспромтам адзначыць у саўмінаўскай сталовай, на вячэры, балазе такі банкет нічога нам не каштаваў.
Былі высакапышныя прамовы, тосты. Збоку юбіляра былі па-ўсходняму юрлівыя прапановы: «Выключыць святло, кавалеры цалуюць дамачак!» Потым — наадварот. Дамачак — дэлегатак з'езда не хапала, былі падключаны афіцыянткі, нават i пажылая бухгалтарка.
А дырэктар урадавай дачы, малады, знешне прыстойны беларус, аршанец, раз-поразу ірваўся сказаць тост. Калі ж, нарэшце, дамогся, дык i сказаў:
— Дорогие товарищи, я предлагаю почтить память нашего дорогого товарища Лахути вставанием!..
I тут узвіўся адчайна-вісклівы крык юбіляра:
— Сволошь! Я еще жив!..
Гэта мне — да рогату ясна — прыгадалася днямі, калі ў групе сяброў паныла гаварылася пра нашу беспрасветнасць. Прыгадалася з думкай пра таго, чортведама як зменліва-калектыўнага i разам з тым нібы сабранага ў адну асобу, хто давёў, даводзіць нас да гэтага, мне захацелася крыкнуць — дома ўжо, за рабочым сталом:
— Сволошь! Я еще жив!..
Жывыя пісьмы
За паўстагоддзя сябравання ix сабралася дзве пакоўныя папкі, яго i маіх. Хораша i сумна было мне перачытваць ix, а часам яшчэ i балюча. Няхай сабе мы, хто старэйшы, i прызвычаены лесам да розных удараў, няхай сабе неўзабаве будзе цэлы год пасля яго адыходу, a ўсё ж балюча дакранацца да раны, якая яшчэ ўсё свежая...
Так сказаць, рэгулярная перапіска ў нас з Калеснікам пачалася з прыходам разлукі, пад восень 1952 года, кал i Валодзя быў пасля аспірантуры накіраваны на працу ў бабруйскі настаўніцкі інстытут, а праз два гады ў брэсцкі педагагічны. Там ён, у «горадзе над Бугам», i ўгрунтаваўся на ўсё жыццё, там i спачыў пасля доўгіх, цяжкіх пакутаў.
Разлука наша не была, вядома, суцэльнай. Я наведваў яго ў Бабруйску, ён прыязджаў у Мінск. За сорак наступных гадоў мы даволі часта сустракаліся то ў Брэсце, то яшчэ часцей у Мінску. Былі ў нас сумесныя падарожжы i адпачынкі. Падарожжы бліжэйщыя, па роднай Наваградчыне, i далейшыя, то ўдвух, то сем'ямі, то ў сяброўскай кампаніі. Па Літве i былой Усходняй Прусіі; па Валыні, Львоўшчыне i Закарпацці; па Узбекістане, ад Ташкента да Самарканда; па Волзе ад Масквы да Астрахані i назад; па Карэліі, з Кіжамі i Салаўкамі ўключна. На працягу 1970-1973 гадоў летнімі тыднямі мы сустракаліся з ацалелымі жыхарамі беларускіх «вогненных вёсак». Адпачывалі разам над Нёманам i Шчарай, на Нарачы i Свіцязі, у Юрмале i Карал ішчаві чах. А яшчэ ж i паходы i выезды на рыбалку: Неман, Прыпяць, Ясельда, Рыта, Лясная, Сервач, Кромань...
Колькі было перагаворана — каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе i без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Мужчынская шчырасць дружбы. «Падабенства сэрцаў», як напісаў мне на сваёй першай кнізе яшчэ адзін наш Валодзя, Караткевіч.
I чыталася, i чулася, i самому думалася так: раней людзі хадзілі, ездзілі на конях i ўсюды паспявалі. Тэлефонаў таксама не было, был i пісьмы. Былі i засталіся. Больш у вялікіх папярэднікаў, менш у сучасных.
За дзевяць месяцаў апошняй разлукі я двойчы пераглядаў нашу перапіску: спачатку па зразумелай душэўнай патрэбе, а потым, паабяцаўшы «Крыніцы» зрабіць для яе публікацыю. Не адступаючы ад гэтага намеру i абяцання, я ўсё ж то турботна думаў, што такое лепш было б зрабіць камусьці трэцяму паміж намі, з зацікаўленым позіркам збоку, то зноў шукаў адпаведнага падыходу, памятаючы, што сам я павінен тут гаварыць перш i больш за ўсё пра яго, а гэта якраз i нялёгка, калі думаць пра патрэбную паўнату паказу.
Была ў мяне публікацыя перапіскі з Караткевічам, аднак там знайшоўся той неабходны трэці, дакладней трэцяя,— закаханая ў родную літаратуру, талковая, кваліфікаваная Людміла Мазанік. Я памагаў ёй тольKi патрэбнымі заўвагамі. Дый пісем там было значна менш, i былі яны менш складаныя, даць ix у альманах «Шляхам гадоў» за 1990 год было значна лягчэй, чым бачыцца ў гэтым выпадку.
Словам, выходжу да чытача з пэўнай трывогай, спадзеючыся на прыхільнае зразуменне.