«Гуртам добра i тату біць». П'яніца i лайдак часта біў жонку. I вось сыны падняліся i так нядаўна ўтраіх з мамай аддубасілі бацьку, што ён адразу хораша пацішэў.
I што ты зробіш з гэтым фальклорам!..
* * *
З кожнай бліжэйшай вёскай звязаны нейкі мясцовы фальклор.
Праязджаючы каля Залужжа, якое, цераз Мір, васемнаццаць кіламетраў ад нашага Загора, успамінаю часам такое:
Як старая дзеўка Адара выйшла замуж у гэтую вёску, але неўзабаве вярнулася, нават уцякла. Калі бацькі яе пасля сватання ездзілі на «гледзіны», жаніх той папераварочваў у свіронку «пасы», вялікія бочкі на збожжа, дагары дном i на донцы панасыпаў дзе жыта, дзе ячменю, дзе пшаніцы. А потым аказалася, што ён i гультай, i жулік, i, ад гэтага, галадранец...
Другое, што ўспамінаецца,— псаломшчык, дзіўнагалосы ды мнагадзетны, барадаценькі Шыбут, якога ў Залужжа перавялі з Турца. Неяк зімою ў трыццаць чацвёртым годзе мы разам з ім ішлі ад Загора да Міра, адзін за адным узбоччам гасцінца, i ён, голас якога змалку хваляваў мяне, школьніка, у царкве (маці мая пра той тэнар: «Ліецца, як вална»), ён мне, ужо як даросламу, нягучна скардзіўся, ідучы спераду, на долю:
— Как заяц, бегаю вот по снегу!..
Гэта я нават тады запісаў у адным з тых сшыткаў, якія ў вайну прапалі.
I яшчэ адно — на ўзгорку, трохі наводшыбе ад Залужжа, стаяў перад вайной вятрак, які пасля камусьці спатрэбілася зняць. А з памяці — не вымеш.
* * *
Надзяваючы наручны гадзіннік, як апошні штрых ранішняга туалета: «Вось i запрогся на новы дзень!»
* * *
«Ці з вашых, ці з нашых — як слаб, то слаб!» — з маленства чутае ад местачковых яўрэяў.
* * *
Прачытаўшы, што N. на восьмым дзесятку выйшаў з партыі, смешна падумалася: колькі ўсяго ўсялякага ён набраў ад яе?! Лаўрэацтва, геройства, акадэмічнасць, прэзідыумы, замежныя паездкі, бясконцыя выданні! Пара i адпачыць. З удзячнасцю?..
* * *
Ілья Гурскі, спачатку драматург, пасля празаік, таксама без поспеху, стомлена-флегматычна абараняўся ад крытыкі:
— Aт, хлопцы, усе мы добра пішам!.. Бадай што так яно ў нечым у нас i сёння.
* * *
«А гэта ў ix адна сральня!» Зноў жа груба па-народнаму, у сэнсе — адно кодла. «В Москве необходимо прежде всего иметь свое кодло!» — першае, што ўцяміў, перабраўшыся туды, адзін з нашых «рускамоўных».
* * *
На юбілейным банкеце, у прасторнай зале прыёмаў гансцініцы «Беларусь» пачаліся танцы. Ансамбль «Купалінка» выступаў перад гэтым, быў, так сказаць, на працы. Пасля артыстам прапанавалі перакусіць каля стала (фуршэт), вядома ж, i прыгубіць. Адтуль хтосьці запрасіў бойка галасістую артыстачку на вальс.
Пасля рабочага спявання ды бясконцага выбівання чачоткі яна святочна расслабілася i, хораша адкінуўшыся торсам на руку кавалера, так свабодна i легка пайшла ў сваім палескім нацыянальным касцюме пад слаўную мелодыю «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы!..», што вось i помніцца мне, час ад часу міжволі бачыцца, ужо больш за год.
* * *
Унуку толькі дзевяць гадоў, a ўспамінае з паблажлівым смехам, як ён тады, калі быў малы, маляваў чалавека i спытаўся ў мяне: як гэта вусы — над губою ці пад губою?
* * *
Тарбахвацтва кіношнікаў.
Алесь Адамовіч расказваў, як на здымках фільма па яго раманах падвяла даччына тэлеграма, колькі той дзень нараджэння каштаваў яму — на такую кампанію! — цяля i скрынка гарэлкі. A карціна ўсё роўна выйшла слабая.
Збіраючы матэрыял для кнігі «Я з вогненнай вёскі...», мы за чатыры гады разоў са тры згадзіліся ў людзей на перакуску. A Віктар Дашук, зняўшы тое, што нам расказвала Вольга Мініч, заказаў ёй — «для карціны»! — цэлую трызну: доўгі стол з вульгарнымі паўлітрамі i шчодрай вясковай закускай.