— Чего вы все шумите? Теперь же все можно!.. Зноў жа пра перабудову, пра «дэмакратыю».
* * *
Чытаю ў палякаў, што ў дваццаць шостым, пасля «майскага перавароту», зладжанага Пілсудскім, у Варшаве было забіта чатырыста i паранена каля васьмісот.
A ў «Лодзінскім выдавецтве» патрыёт-рэдактар Хрусцялеўскі выкрасліў з майго «Сонечнага зайчыка», без усякага ўзгаднення з аўтарам, завочна, пра тое, як адзін з пажылых падафіцэраў успамінаў пры мне ў палоне расстрэл каля варшаўскай цытадэлі бунтароў-падхаронжых.
— Чатыры кулі, проша вас, у адну патыліцу.
А хлопцы ўсе маладыя, чубатыя. Як жарнем, дык валасы i закрылі ўвесь твар!..
Трэба думаць, што сярод тых чатырохсот забітых такія бунтары былі.
* * *
Пастушынае ўспамінаецца. Адзін есць яблыка, a другі: «Дай укусіць». Да самых зярнят ў асяродку дагрызуцца на змену, i аніякай грэблівасці.
А жабу ў рот узяць за заднія лапкі — у заклад на карабок запалак?
* * *
Самой ужо добра за пяцьдзесят, а гаворыць са мною, яшчэ вунь як старэйшым, i вось нібы сарамліва паправіла на каленях, седзячы на ўслончыку, свой халацік на голых каленях. Спрацаваная, затурканая, а — жанчына...
* * *
У канцы трыццаць дзевятага, на чарговай сустрэчы з нейкім упаўнаважаным, дзядзька Паўлюк спытаўся ў яго:
— A колькі ж стаханавец скошвае за дзень?
Той, разгублена:
— Ну, видимо, соток двадцать, тридцать...
— Тады закройцеся вы, таварыш, са сваім стаханаўцам — мы скошваем па паўгектара!..
Людзі нашы былі яшчэ непалоханыя.
* * *
У пяцьдзесят сёмым годзе арыштаванага за «белорусский национализм» Барыса Ржэўскага, майго партызанскага сябра, выкладчыка гродзенскага педінстытута, следчы, спакойна-сыты яўрэй, на ўсе Барысавы шчыра-гарачыя словы пра чалавечае права на родную мову з усмешкай пытаўся:
— Кому это нужно?
Той гаворыць, каб яшчэ больш пераканальна, a ў адказ усмешачка i зноў сыта-спакойнае:
— Кому это нужно?..
* * *
Шасцідзесяцігадовая жонка, шчодра поўная i энергічная, пра свайго хварабліва-нягеглага мужа-юбіляра, якому семдзесят пяць: — Я купалась в его ласках!.., I на сходзе ў вучылішчы так, i дома потым, на цесным застоллі.
Ён цярпліва маўчыць, нават не ўсміхаючыся. А я ўспамінаю, як ён мне неаднойчы скардзіўся, што жыцця няма з-за яе хвараблівай рэўнасці.
* * *
На юбілейнай вячэры ў райцэнтры абруселая дамачка цераз стол:
— Иван Антонович, ведь в Белоруссии националистов нет? Правда ведь, нет?