— Што вы, у яго ж толькі кухарак дзве!..
«Голас народа — голас божы».
Хоць i катарга ў гэтай бабулі Любові Андрэеўны з дзецьмі-ўнукамі-праўнукамі, хоць i дзеду, народнаму паэту-акадэміку, штодня хапае таўкатні на гаспадарцы. Апроч вершаў. Асноўная рабочая сіла — дзед i баба.
* * *
Раней i нам, i мы самі далдонілі пра ідэйнасць. Цяпер — пра праўду. A ў чым яна? I колькі яе можна?
Слухаючы даклад.
Што гаворыцца i што застаецца ў падтэксце?..
* * *
Бабка — прыбіральшчыца каля грамадскага туалета над ракою. Восьмае сакавіка, i я, праходзячы міма, кажу ёй:
— Ca святам вас!
Яна, i рукой не махнуўшы на гэта, толькі з нейкай трохі ўсмешкай:
— Тут мае свята...
* * *
«Таварыш — Гаўнаварыш». Груба. Але i справядліва, калі пра чалавека пустога, які толькі што жыве, існуе, «варыць»...
* * *
У добрага ўкраінскага пісьменніка ў абласным цэнтры свой дом i цэлых пятнаццаць сотак саду-агарода. Паказвае нам, беларусам, свае любімыя дрэўцы, якія ўжо хораша родзяць.
— Гэтыя сліўкі заўтра можна будзе есці,— гаворыць ён гасцям, a ў падтэксце нам весела чуецца: калі вас не будзе...
* * *
Мой першы медаль, найпершая ўзнагарода — «За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны». Я нават i калодачку купіў. А госць далёкі — нашмат старэйшы брат, выкладчык рабфака з Урала,— усміхнуўся i сказаў:
— У мяне такі самы ёсць, але я не нашу.
Пра калодачку.
Успомніў гэта смешнае пра самога сябе — нібы збоку. Ужо таксама нашмат старэйшы сёння за брата ў тыя пасляваенныя гады. I з правам на іншыя калодачкі, якіх так i не сабраўся дагэтуль набыць.
* * *
Пра акуратную гаспадыню хораша: «У яе кожны дзень — Вялікдзень!..»
I тым больш прыемна, што гаворыць гэта жанчына пра жанчыну.
* * *
Абедаем, i ён расказвае, як яны з Барысам арганізоўвалі ў недалёкіх Прылуках калгас. Сабралі сход, пачалі выступаць. А тут з двара: «Пажар!..» Усе хацелі рвануцца са школы, але Барыс выхапіў пісталет i да дзвярэй. Не выпусціў. Бо i пажаpy ніякага не было...
Успамінаў ён i пра «народную медыцыну». Як загнаў быў у партызанах застрамку ў вялікі палец на назе. Босаму на прывале прайсціся захацелася. А Щура дастаў яе зубамі, бо пальцамі было не ўхапіць, а потым памачыўся на ранку — для дэзінфекцыі.
I пра тое згадаў, як мы на саракагоддзі вызвалення нашага раёна лавілі ў «неманінах»-старыцах рыбу крыгай, a зачэрпалі ў зеллі бабра. Парваў нам сетку i ўцёк.
Вясковы настаўнік з Магілёўшчыны, пасля франтавы афіцэр, камандзір мінамётнай роты, у адзін час з пісьменнікам Уладзімірам Карпавым, потым Героем, кнігу якога «Полководец» нядаўна прачытаў, закончыў Ташкенцкае пяхотнае вучылішча, паўтара гады ваяваў, двойчы паранены. A ў партызанах быць камбрыгам не змог.