— Шчэ не хапало, каб пасталі гаварыць з небам!— прабурчала Хрысціна.
— Знойдуцца такія рызыканты, што і гэто рабіць паспрабуюць, думаеш — не? — згадзіўся прарок.— У Бібліі сказано: перад канцом свету наступіць такі час, калі людзі зробяцца гордымі, бацькам непакорныя ды няўдзячныя. Забудуць храмы, фігляваць пачнуць на рабоце, распустай зоймуццо і з небам спрачацца стануць, брат пойдзе на брата, дачка проці мацеры... Во тады жоўтая чума свет залье, зямля разверзнецца, і на тым месцы застануцца толькі чорная ноч і сем слупоў дыму!
— А мы можам зара пачытаць! — з гатоўнасцю пагартаў Давідзюк і паспешліва павадзіў пальцамі:
— Калі ласка, слухайце: «Ибо восстанет народ на народ и царство на царство, и будут глады и землетресения по местам. Все это начало болезней. И тогда будет великая скорбь, какой не было от начала мира доныне... Ибо где будет труп, там соберутся орлы, и после скорби дней тех люди будут воздыхать от страха и ожидания бедствий грядущих на вселенную... И море восшумит и возмутится, солнце померкнет, и луна не даст света своего, и звезды спадут с неба, и силы небесные поколеблются!..»
— Амант! — ціха прашаптала цётка Хімка ды набожна перажагналася.
— I пакалеблюцца, а што ты думаеш? — разважыў Майсак ды пагладзіў раскладзістую бараду.— У календары было напісано пра зацьменне месяца, і я падумаў — дай праверу! Прыйшоў вызначаны дзень — точно! Таксамо і ў Біблію ведалі, што ўпісуваць!
— М-м, як ты, Пятрук, можаш спакойна шчэ й гаварыць аб гэтум — канец жа свету ідзе! — выбухнула Хрысціна.— Альяш кажа пра залатыя зубы ў бацюшак — гэто што! Папоўны белыя пальчаткі панадзявалі, капелюшы і так пруцца ў гэтым адзенні да царквы!.. А глядзі, што людзі вычаўпляюць з мукі? Ужэ хлеб просто так не могуць з'есці, выпякаюць усялякую рас-пусту!.. Мусіць жа ўсяму гэтаму прыйсці канец, бо далей так быць не монса!..
— Прыглядзіса ты адно да людзей, што прыходзяць да нас: хібо яны такія, як раней былі?.. Рагочуць, усюды лезуць без сораму — бы чортавай пячаткай усе кляймёны!
— Бо і кляймёны, а ты — сумняваласа шчэ?
— Я ўжэ казаў, меў відзенне калісь,— загаварыў Альяш зноў.— Бытто ноччу іду я і бачу: небо распаўзлосо, і людзі, і каровы, і хаты... Застаўсо толькі Вершалін. Горад такі, бытто я пабудаваў на пагорку пад Лешчыной. Пасярэдзіне сабор вялікі вельмі. Домікі ўсе з горкамі, прускім мурам пабудаваны... Вокны ў іх блішчаць на сонцы, бялеюць платы, вапнай пабеленыя... Жарабяты сабе брыкаюць па выгані, дым з каміноў валіць, ды ветракі круцяцца...
Панавала хвіліна цяжкага маўчання. На прыступках царквы Чарнецкі са Станкевічам гулялі ў шахматы. Пачуўся дыялог:
— От жа напалохаў, ух, я ж і баюсо! — кпіў з сябра Фэ-люсь.— А гэто што? — пахадзіў ён выразаным з дзерава канём.
— Гэ, важнасць мне вялікая!— у тон яму адказаў Бана-дык.— Усяго кавалачак палена! І хоць ты стораж царкоўны — шышка важная, а мы твайму коніку зробім сякір-башку, глядзі!..
Занятыя ўсяленскай праблемай багамолы дыялога на прыступках не чулі.
— Ілья, ты ж некалі ўратаваў нас ад Паўтарака,— раптам прыстала да прарока Хрысціна.— Прызнавайса, было гэто? Было!. Так і цяпер — ад светапрадстаўлення, ад жоўтай чумы ўратаваць можаш нас толькі ты! Пакажы нам знаменне!..
— Пара, айцец Ілья, паказаць табе яго! — падтрымаў Хрысціну бельчанін.— Во, і відзенне ўжэ меў!.. Думаеш, бог зра табе намякаў бы?
— Альяш, дальбо, настаў час, каб ты зноў праявіў сваю сілу і цудатворную моц! — ужо патрабавала Руселіха.— Пра цябе ж во нават Біблія пішацца і звязда на небе паказвала калісь у Петраградзе!.. Усе пакланяюццо табе, моляцца на твае іконы!.. Ну і што, калі не ідуць сюды?! Тваё імя так славяць па вёсках усюды!..
— I божае наіце, і сваю неразгаданую моц гасподзь толькі на цябе спускае!
— Даўно чакаем ад цябе святы знак! — ужо настойліва патрабаваў ад галавара сінедрыён. Праз нейкі час дзядзька цяжка ўздыхнуў:
— Сам чую гэто...
I Альяш загаварыў, як бы пад прымусам, як бы ад таго, што надта ж стаміўся народу супярэчыць і вымушаны ўрэшце падпарадкавацца.
— Намякало даўно... I не раз намякало ноччу... А цяпер, калі стало людзей тут мало бываць, пачало мне намякаць ужэ вельмі часто...
— То чаго чакаеш?! Покуль д'ябальская сіла пачне вамі правіць?! I не думай больш цягнуць! Толькі страшнае знаменне, Ілья, пакажы!..
2
Вярнуўшыся дамоў, Альяш узяў пяро, абмакнуў у чарніліцу з дохлымі мухамі і старэчым, крывым почыркам пачаў выводзіць загагуліны. Прарок пісаў «зварот да народа», які потым выклікаў новыя страсці і столькі прынёс людзям бяды ды расчаравання:
Возвещаем Вам Народы
Второе пришествие Господа Нашего Иисуса Хрыста на Землю.
Объявляю я всему Миру Весть най дрожайшую то/сть Найдрошую Весть. Дрощай Вести за сию весть нет вовсем Мире.
I далей гэткімі ж перламі граматыкі і арфаграфіі ён апавясціў, што кончылася нарэшце боскае цярпенне. Пасля таго як на зямлю другі раз зайдзе сын божы, наступіць канец свету. Такога чысла, такога месяца затрасецца зямная цвярдыня, памеркне сонца, пасыплюцца, як гарох, спадуць звёзды, пахіснуцца небасхілы, само неба саўецца ў вялізны рулон, а ўсе гарады і вёскі, перапоўненыя гэтак грэшным народам, абрынуцца ў геену вогненную, а там растануць, як воск, і згараць.
Альяш яшчэ аб'явіў, што ва ўсім свеце застанецца толькі адзіная жывая мясціна — горад Вершалін, які бог яму даручае пабудаваць для сваіх аднадумцаў.