— Яму толькі ездзіць фурманкай, што гной вазіць! — у тон начальніку пакпіў бязвусы юнак, насмешліва азіраючы госця.— Ладна, мо вытрымае машына і яго!.. Толькі потым бензінам трэба будзе яе адціраць паўгадзіны!..
Юнак паставіў умову:
— Стары, не выхіляцца мне з машыны, разумееш?.. Гэта табе не на печы!..
— Ха-ха-ха-ха!..— заліўся смехам староста, якому сцэнка надта ж здалася пацешнай.
Машына ад'ехала.
Вайцяховічу было чаго радавацца. Уладкаваўшы дзедаву справу, ён адчуў, што адкрывае новы раздзел службовай кар'еры. Сэрца старосты поўнілася вялікай радасцю.
Вярнуўшыся ў кабінет, Вайцяховіч ніяк не мог прымусіць сябе, каб заняцца службовымі справамі. Здаволены сам сабой ён агледзеў кабінет.
На стале — сіметрычна ўкладзеныя альбомы, варшаўскія і замежныя часопісы, мармуровы чарнільны прыбор. За спіной бялеў і кантрасна выдзяляўся на квадраце чырвонага атласа сілуэт арла. З хрустальным пералівам люстра, прывезеная жонкай аж з Чэхаславакіі,— ах, які ў яе густ! — напаўняла пакой радасцю і далікатным ззяннем. Позірк «маршалка» з даўзёрнымі, як у маржа, вусамі, што набычана глядзеў з пар-трэта, здаўся яму цяпер не такім ужо і суровым. Таямніча маўчалі бліскучыя ад чорнага лаку і нікелю тэлефонныя апараты — усё, што яны цяпер маглі перадаць, мала важнае!..
Пану Вайцяховічу раптоўна захацелася пахваліцца перад каханай жонкай. Толькі цяпер ён спахапіўся, што з-за старога дзівака так і не паабедаў. Яшчэ ўспомніў, як яго жонка часта хрумсцела суставамі пальцаў, а гэта была ў яе першая адзнака раздражнення.
— Нічога, дзяўчынка мая, мы цябе зараз супакоім! — чула прамовіў ён да фатаграфіі жонкі ў рамцы, якая стаяла каля чарнільнага прыбора, і ўзняўся.
Начальнік павета, насвістваючы бравурны марш, накіраваўся дамоў.
Усе вокны сваёй вілы Вайцяховіч застаў адчыненымі насцеж. Служанкі на чале з расстроенай і поўнай гідлівасці да ўласнай кватэры паняй Леакадзіяй канчалі выціраць гарачай вадой з содай квяцісты шоўк крэслаў, паркет і браліся церці стол, бытта туды ўзабралася і наслядзіла балонка...
5
Давідзюк застаў Вайцяховіча не ў настроі.
— Што ж, дзякуй,— амаль абыякава заявіў староста, беручы пакет з грашыма.— Падарунак ад вас ахвотна прымаю і перадаю на будаўніцтва шпіталя святога Роха ў Беластоку.
Яшчэ большым для апостала было дзівам, што гэты цар і бог цэлага павета загаварыў устрывожана:
— А вы яго нідзе не спаткалі?! То ж пана Эльяша я адпусціў гадзіны паўтары таму назад! Самому не было часу і паслаў яго з шафёрам. Выехала машына за Саколку, ды пан Эльяш загадаў яе спыніць! Выбраўся на дарогу і аб'явіў, што пойдзе пехатою! Як яго мой Янэк ні ўпрошваў, ні затрымліваў, пан Эльяш не паслухаўся! Што за арыгінал ваш стары?!
Па тым, як староста трывожыцца і вінавата апраўдваец-ца, Давідзюк адно цяпер убачыў, пад якой апекай яго шэф, і да таго асмялеў, што нават перастаў калечыць польскую мову, загаварыў па-беларуску.
— На машыне, пане старосто, айцец Ілья не паедзе! — апостал ужо надта шкадаваў дарэмна патрачаных грошай.— Паводле вучэння Ільі, егдзіць ён толькі можа на фурманцы, у якой няма ні кавалка жалеза!..
Выдатна зразумеўшы на гэты раз галоўнага апостала і без перакладчыка, староста перад селянінам падзяліўся сваімі заўвагамі, як з роўным:
— Калі прыводзіў на абед яго я, служанкі нас папярэдж-валі, што скаромнага стары ў рот не бярэ, але я таксама не паверыў — такі аўтарытэт і не захоча смачна з'есці ды выпіць чарку?! Ажно выйшла не па-мойму, пся крэў!.. Першы раз у жыцці бачу штосьці такое!..
—О! ён на ежу ўпарты!
— Езус Марыя, шапку здымаю перад такім фанатызмам!.. Не дзіўлюся ўжо, што так ляцяць да яго багамолкі!.. Пане Давідзюк, усе сакольскія служанкі цяпер зайздросцяць маім дзеўкам — прыслужвалі іхняму богу!.. Холера ясна, пан Эльяш слабы чалавек, яшчэ што-небудзь здарыцца ў дарозе!.. Янка я адразу папёр назад!.. Але ж я з шафёра спушчу скуру, калі не знойдзе, няхай толькі вернедца з нічым!..
— Альяш ад машыны схаваецца!
— Пан так думае?..— устрывожыўся ён не на жарты.— Тады прашу — едзь пан зараз жа сам, мо яшчэ дагоніць пан старога дзе-небудзь!
— Не хвалюйцеса, пане старосто, нічого не выдарыцца! Дажджу ўжо няма. Пясок хоць і мокры, але стужэў, ісці добро яму!.. Мы, мужыкі, пане, народ вынослівы, а прарок яшчэ і пад апекай божай!..
— Так-то яно так, але я пана вельмі прашу — не затрымлівацца ў Саколцы! «А нуж—відэлец», як мы, палякі, гаворым!
Свайго шэфа Давідзюк дагнаў аж у Трасцяной. Аляксандар стрымаў буланчыка, злез з воза, застыў.
— Дзень добры, Ілья!..
Альяш прамаўчаў, але гэта апостала не ўразіла.