Цяпло яму ішло ад таго, што ён кагосьці трымаў у абдымках.
Салдат насцярожыўся.
Пад шынялём дыхала яму ў гімнасцёрку жанчына. Рука незнаёмай абдымала яго за спіну, а гарачыя ногі былі выцягнутыя ўздоўж яго ног. Батарэец выразна адчуў, што жанчына не спіць, нечага чакае і добра ведае, што не спіць ужо і ён. Памалу, не кажучы ні слова, ён стаў нібы нацягваць жанчыне на спіну край шыняля і сваю далонь перавёў непрыкметпа ёй на плечы.
Жанчына не толькі яго не адштурхнула, а прытулілася яшчэ больш.
I батарэец, адчуваючы ў сабе раптоўны выбух дрыжыкаў, даў волю сваім рукам, адначасова не забываючы, што яму нельга прыўставаць, бо зверне ўвагу людзей на вагоне, злуючыся на якар-мяшок, што скоўваў яго рухі.
— Не рві-і, я сама-а! — нібы з таго свету, раптам пачуў ён ля вуха ўсхваляваныя словы маладзіцы.
Праз хвіліну батарэец ужо ляжаў без руху. Было такое ўражанне, бытта ён доўга цярпеў смагу, але вось дапаў да халоднай крыніцы і цяпер яе жыватворчая сіла разыходзілася па яго жылах у кожную клетачку спрагнёнага цела, даючы шчасце асалоды і моц. Па-ранейшаму трымаючы адну руку на плячы жанчыны, ён маўчаў, а маладзіца ляжала спакойна і таксама маўчала.
Эшалон набіраў хуткасць з гары, паравоз, чуваць было, ехаў на халастым ходзе, навокал перагаворваліся жанчыны.
А нех яго! — пачуў ён раптам бясхітрасную скаргу маладзіцы.— Як прывыкнеш дома ўжо да гэтага, так і ў дарозе, калі прыйдзе той час, табе ўжо здаецца — аніяк не абыдзешса!..
Ёй было сорамна — яна так апраўдвалася. Яшчэ ён па гаворцы распазнаў у ёй тутэйшую маладзіцу з-пад Беластока — дакладна такую самую, якія яму не раз давалі ў партызанах есці, хавалі, мянялі бялізну ці вішчалі ды лямантавалі, каб ён з сябрамі хутчэй уцякаў, пашкадаваў яе дзяцей, бо унь, за ўзгоркам, пруцца на «равэрах» немцы. Трэба было з удзячнасцю падтрымаць яе хлусню ці хоць крыху прылашчыць, ды размовы весці ён не ўмеў, а хлусіць — тым больш не збіраўся.
Тым часам маладзіца разумела яго таксама і нічога не патрабавала. Раптам рука яе пад гімнасцёркай намацала правал пад лапаткай, і жанчына стрымала дыханне.
Бе-едны! — пачуў ён праз хвіліну яе сардэчнае спачуванне.— Ну, паспі-і, паспі-і шчэ, табе мо-ожно, а мне — пара
Яна адхілілася, надта чула і старанна падаткнула пад яго шынель, прыкрыла твар каўняром, паправіла на сабе адзенне, села ды, прытворна пазяхаючы, пракрычала камусьці ў цемру:
— Броня, ужэ Фасты праехалі, трэ збірацца! Пасядзім на вакзале, покуль каменданцкі час пройдзе, як думаеш. Досыць вылежвацца, рыбачка, паднімай нашых бабаў!..
На даху раптоўпа загрукатала, бытта на яго ўзвялі падкаваных коней; пачуўся скрыгат — цягнулі нейкія скрыні, мяшкі ды чамаданы.
8
Прыбылі яны на станцыю Беласток-Цэнтральны яшчэ зацемна. Гурба баб з мяшкамі і рукзакамі на спінах паваліла на вакзал. Як ён ні прыглядаўся, але ў натоўпе, асветленым цьмянай лямпай на слупе, спадарожніцы сваёй разгледзець не змог.
У бок Ваўкавыска, куды яму трэба было адпраўляцца, поезда пакуль што не было. Ісці ў горад? Панаваў яшчэ каменданцкі час, і з патрулямі лепш было не звязвацца. Ля кубавой нейкія мужчыны палілі са старых шпалаў вогнішча, салдат падышоў да іх, прыслухаўся. Пажылыя і юнакі караталі сабе час, успамінаючы выпадкі з вайны. Дзівакі, яшчэ мала ім?! Перасычаны ўсё тым жа адчуваннем здавальнення і бадзёрасці ва ўсім целе, салдат пакрочыў на вакзал. Яго як магнітам цягнула зірнуць на спадарожніцу пры святле.
Яе батарэец заўважыў здалек. У заваленай мяшкамі ды чама-данамі пачакальні сядзела мноства жанчын — хто з іх драмаў, хто браўся за снеданне, хто застыў, згорблены, у тупым забыцці. Яна сядзела ў цэнтры на белым мяшку і некага выглядала, вочы яе аж гарэлі. Спаткаўшыся нарэшце з ім позіркам, шчасліва ўзрадаваная маладзіца запрамянела яшчэ больш ды аблашчыла яго вачыма, поўнымі мацярынскай ласкі і спагады. Ён толькі на секунду затрымаў свой позірк на гэтым багацці прыемных адценняў ды адчуў, як душа яго поўніцца ўдзячнасцю да гэтага чалавека. У батарэйца нібы выраслі крылы: ён зрабіў энергічнае — кругом! — і пакрочыў назад.
Пачынала світаць. Ля вогнішча даўно не голены дзядзька з захапленнем казаў:
— А Саколе як яны файно раскалашмацілі! Захапілі станцыю, варту звязалі, а поезд разнеслі мінай ушчэнт! Немцы перлі якраз на фронт зброю; яны падагналі сотні дзве фурманак, наладавалі аўтаматаў, кулямётаў, гранат. Спалілі станцыю і — у лес! Шчэ і запіску пакіпулі з намаляванай фігай!..
Батарэец спахапіўся, што апавядаюць якраз пра яго партызан-скія прыгоды. Толькі на самой справе ўсё было не так. Саколе не станцыя, а — паўстанак. Пад поездам пералажылі стрэлку, і эшалон усяго саскочыў з рэек. Варты тады вязаць не трэба было, бо тры немчыкі з «вахі», пачуўшы партызан, уцяклі. Ніякай і зброі тады не здабылі — вагоны былі з параненымі. Паўстанак жа толькі падпалілі — у хлопцаў не хапіла бензіну. Не фігу, а цэлае пісьмо вывелі крэйдай на дошцы для немцйў...
«Ладна, няхай так будзе! —пасмяяўся салдат у душы.— Але ж — ты глядзі, людзі ўжо стварылі легенду!»
Ён раптам адчуў сябе шчаслівым, яму зрабілася ўсё ясна і стала зразумела, як жыць. Не ўвязваючыся ў размову, напоўнены радаснай энергіяй, салдат закінуў рэчавы мяшок на плечы ды энергічна пайшоў яшчэ раз шукаць поезд. Разглядаючы ў бадзёрым бляску раніцы знаёмыя сілуэты будынкаў і вакзальных таполяў, батарэйцу ўжо здавалася, што адгэтуль на фронт ён і не ад'язджаў, а ва ўсім целе адчуваў такую мускульную радасць, што пра сваю рану забыўся зусім.