Аляксей Карпюк
Выбраныя творы ў двух тамах. Том 2
Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Раман-быль. Апавяданні.— Мн.: Маст. літ., 1980.— 448 с.
Раман-быль «Вершалінскі рай» аўтар пачаў пісаць у 1970 г. Першы варыянт твора надрукаваны ў часопісе «Маладосць», № 3-5 за 1972 г. «Вершалінскі рай» выдаваўся на рускай мове. У гэтым томе «Вершалінскі рай» друкуецца значна дапраца-ваным.
«Рэпартаж з перона» (з дзённіка загадчыка агенцтва «Інту-рыст») упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя», № 11 за 1962 г.
Апавяданне «Афіцыянтка» ўпершыню надрукавана ў часопісе «Маладосць», № 3 за 1954 г.
Казка «Дзве сасны» ўпершыню надрукавана ў часопісе «Ма-ладосць», № 6 за 1953 г.
Апавяданпе «Пераможца» ўнершыню з'явілася ў часопісе «Полымя», № 6 за 1977 г.
Апавяданні неаднаразова ўключаліся аўтарам у свае зборнікі.
© OCR: Камунікат.org, 2011 год
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год
ВЕРШАЛІНСКІ РАЙ
ПРАЛОГ
1
У вёсачцы Грыбоўшчына праваслаўныя жылі побач з католікамі. Адны і другія гутарылі тым самым, што і ў маім Страшаве, беларускім дыялектам са значным унлывам украінскай і польскай моў, густа перасыпаным германізмамі. На пытанне ж — беларусы яны ці палякі, упэўнена заяўлялі:
— Не-е, мы тутэйшыя! Нават гаварыць ні па-польску, ні па-беларуску не ўмеем! Па-просту гаворым! Гэта за каралём нас пісалі палякамі, за царом — рускімі; халера іх бяры, няхай сабе так і пішуць — абы нас не чапалі!
Паміж халупкамі Чарнецкага і Аўхімюка, якраз пад Станкевічавымі вокнамі, буяў пышны куст бэзу, а ля плота ляжалі валуны. Вечарамі прыходзілі сюды мужыкі з навінамі. 3 аднолькавай прагнасцю і ажыўленнем ад добрых навін і кепскіх слухалі яны і самі. Цёмных і забітых, але здаровых натурай людзей хвалявала галоўным чынам цячэнне быцця, яго падрабязнасці і перыпетыі.
Сёння за дзень сабралася навін шмат,
Карова Чарнецкіх прапарола сабе дручком бок.
На Алекшыцкай грэблі чорт завалок Вінцука ў дрыгву і утапіў чалавеку каня.
Гродзенскі губернатар Сталыпін прыдумаў рассяляць мужыкоў на хутары.
Крынкаўскі аптэкар уставіў сабе жалезную сківіцу.
— Учора аптэкар пасварыўся з дзяцьмі, і сын паабяцаў пабіць бацьку зубы,— апавядаў Чарнецкі Банадык, які днём ездзіў у Крынкі карове за карболкай.— Аптэкар кажа: «От напалохаў — аж да пят гарачэ стало!..» Тады выняў сківіцу, паставіў яе на стол і гаворыць: «На, сынок, бі!..»
Мужыкі сабраліся выбухнуць рогатам, ды з суседняга падворка азваўся плаксівы голас:
— Банадык, каб на цябе халера, што ты сабе думаеш?! Ці не абрыдне табе палітыкаваць там? Раскалі ідзі унь палено, бо сама рады не дам, чым варыць вячэру?! I кабыла звоніць зубамі аб пусты жолаб!..
— Брашы там, брашы, а скончыш, то мне скажаш, добро?!— агрызнуўся на голас Банадык і пачаў апраўдвацца перад сябрамі: — Заразныя бабы так параспускаліса, што чалавеку і дыхнуць не дадуць! У Крушынянах адная таксамо прычапіласа да свайго, што ніколі вады не прынясе. Мужык пабраў вёдры, прывалок поўныя і лінуў праз парог. Тады прынёс другі раз і зноў — плюх!.. Восем разоў схадзіў да калодзежа, покуль яна не здагадалася падперці дручком дзверы!
На гэты раз ніхто не засмяяўся. Устанавілася няёмкая паўза. Было чуваць, як маладзіца няўмела цюкае сякерай і кляне, а ў хаце лямантуе дзіця.
Вяртаючыся да ранейшай тэмы, азваўся сур'ёзна Галамбоўскі:
— Пайшла цяпер мода такая. Настаўніку царкоў-напрыходскай школы Паўтарак выпараў вока, то настаўнік уставіў сабе шкляное, і не пазнаць ужэ, халера на яго, на якое чалавек сляпы!
— Але ці будзе ім бачыць? — усумніўся Базыль Аўхімюк.— Школі не паверу ў гэто! Шкляное — не сваё, што б ты мне ні казаў!
— Вядома! — падхапіў Майсакоў Пятрук.— Во, Хрыстос ні парашкоў не ведаў, ні пілюляў ніякіх, а сляпых рабіў відушчымі! Цяперака і лекараў столькі развялоса, і грошы дзяруць бязбожныя, а не чуваць штось, каб хоць адзін зрабіў такі цуд!