Дзяўчыну раптам агарнуў панічны страх. Яна заляманта-вала не сваім голасам:
— Ой, ой, што ж гэто я нарабі-іла, дурна-ая!.. Не пайду-у, цётачку, хібо я здурэ-эла?!
— Ну, будзе, бу-удзе табе, Нюрка, вытрыса, на, хутчэй, нас там чакаюць!..
— Я баю-усо вельмі!.. Я ж — грэшная!.. Хібо я раджу божаго сы-ына?! Куды мне, цётачку, учыніць такое, недастойнай?! Мамо-о, скажыце вы-ы мне!..
5
Неўзабаве Хімка ўжо вяла будучую мацер божую ў асобны домік ля царквы.
У той жа сукенцы з малінавага бархату, у цесных чорных лакіроўках на босую нагу Нюрка ішла, бы па дроце, і сарамліва апускала вочы. Натоўп жанчын расступіўся перад ёй неахвотна. Зайздросныя бабы бесцырымонна разглядалі яе ўбор, стараліся да чаго-небудзь прычапіцца і зусім не зважалі на тое, што Нюрка бачыць ды чуе.
— Ці не замаладая надто? — з помслівым абурэннем абменьваліся заўвагамі.
— Дваццаць два ёй, не болей!..
— I я кажу!.. Дзева Марыя павінна быць ужэ файная баба ды высокая, а гэта — бы пянёк сасновы!
— У самы раз! — стрымлівала іх Хрысціна.
— Кажуць, ніхто не згаджаўсо!
— Няпраўда, бабы! Было ахвотніц много! Альяшоў крыж на гэту паказаў!
— Азначана святым духам!..
— I пасціласа кожны раз, і моліцца як трэ!.. I бацькі яе таксамо бедныя!..
— Але, гляньце, сукенка як тапырыцца!
— I лякеркі абула, бы на які вялікдзень!
— Шчэ ніткі тырчаць якіясь!..
Руселіха прызвала да парадку:
— Ай, не чапляймосо, бабы, ёй і так страшно! Бач — спацела як, бедная!
— А ты не баяласа б, думаеш?!
— Не барані, Хрысціна, ведала, на што ішла!
— Каб толькі ўсё было добро!..
— Дзе той хлапец, чаму не ідзе ўжэ?!
— Унь, а малыя, а малы-ыя — платы як абляпілі!..
— Дзеці, марш дахаты!.. Ну, каму сказала?!
— Ага, так яны цябе і паслухаюццо — не тыя цяпер дзеці! Сабак каб нацкаваў хібо!..
Гэтым часам Хімка з Нюркай зніклі ў доміку, і напружа-насць адразу спала.
На цвінтары жанчыны паспелі зацягнуць ужо новы гімн, але нарэшце з'явіўся прарок, і цёткі раптоўна прыціхлі.
Побач з Альяшом — не то з цынічнай, не то з легкадумнай усмешкай на скуластым твары добра харчаванага малатабойца вясковай кузні, з запраўленымі ў высокія халявы нагавіцамі-клёш замест ірвання, з кепкай набакір, пружыністай хадой крочыў «Архіпатрыцый» — рослы крэўскі каменячос,— ён хвацка перакатваў між вуснаў цыгарку.