— Ну, як паны — не замэнчылі цябе там вельмі, не замардавалі? — са скупой мужчынскай цеплынёй спытаўся апостал, аддана заглядваючы прароку ў вочы.
Прарок быў не ў гуморы і адказаў пытаннем на пытанне:
— Пыцель у вятрак Піня прывёз?
— Прывёз, а як жа, шчэ пазаўчора! — запэўніў яго Аляксандар.
— А крупарушку?
— Устанаўліваюць якраз майстры!
— Не параскрадалі, пажару ніякаго там без мяне не нарабілі?!
— Знойдзеш таксамо, што спытаці, Ілья Лаўрэнцьевіч!.. Крыўдно аж слухаць!.. Усё ў парадку!.. У царкву толькі раз мы заходзілі, а то ўсё цябе чакаем ды выглядваем!.. I Фёкла Мартынаўна вельмі чакае цябе...
— Чакае, гаворыш? — выбухнуў стары.— То дачакаецца!.. Нагі гэтай сукі не будзе больш у Грыбоўшчыне, хай толькі да яе я дабярусо!..
Агледзеўшы ўпалыя бакі буланчыка, прарок ужо наваліўся на сябра:
— Ты што так каня змардаваў, нашто гнаць трэ было гэтак?! Пакінь вас адно на пару дзён, усё на ніц звядзеце адразу!.. Нават не мог яму хвост падвязаць?! Цяжка табе было закілзаць?.. Во, вандзідла паржавелі нават!..
Сунуўшы каню ў зубы цуглі, зрабіўшы з хваста фарсісты вузел, Альяш нарэшце забраў у Давідзюка вяровачныя лейцы і палез у свой вазок.
— Ну, чаго стаў як слуп — пайшоў! — крануў лейчынай прарок каня, не надта клапоцячыся — паспеў Давідзюк узабрацца ў вазок ці не.
Даехалі яны да Грыбоўшчыны, не прамовіўшы адзін да аднаго больш ні слова.
...Не азваўся Альяш ні да каго і ў вёсцы. Маўчаў гэтак цэлы месяц. Дзядзька сам на сябе наклаў пакаранне — чатыры тыдні вымальваў цяжкія грахі перад абразамі, а ў гэты час Тэкля каля яго хадзіла на пальчыках ды не дыхала.
6
Толькі і апошняе здарэнне зноў нічому не навучыла. Дзіва, да чаго дасягае захапленне цёмнага натоўпу ўяўнымі аўтарытэтамі.
Цяпер нібы хто развязаў вялізны мех, і па вёсках шугануў магутны пратуберанец яшчэ адной неверагоднай легенды —цяпер ужо пра тое, як папы, архірэі ды іншыя ворагі «новага вучэння» захацелі зжыць са свету прарока.
Легенда даляцела і да маёй вёсачкі.
— Падумаць толькі, да чаго дайшлі Альяшовы ворагі! — з абурэннем гаварылі нашы цёткі.— Так усё падстроіць!.. Гэта ж выкапалі на могілках якогось пакойніка, разулі, і раздзелі дагала, ды падкінулі цела Ільі пад самюткі парог! Выходзіць ён рана на двор — чалавек якісь ляжыць нежывы!
— Нават шчэ разбілі яму чэрап ды палено падкінулі папэцканае крывёю!
— Курыцу солтыс зарэзаў і папэцкаў, бо злы на яго быў, што Альяш грошай не дае!
— Знайшліся і сведкі!
— Бо заплацілі ім добро архірэі з папамі!.. Грошай у іх без ліку, а е такія людзі, што нават на роднаго бацьку табе набрэшуць, толькі заплаці!
I далей ужо з расшыранымі ад узбуджэння вачыма перадавалі адна адной фанатычныя бабкі, як крынкаўскія паліцыянты прывезлі закаванага ў жалезныя кайданы прарока ў Саколку, як кінулі яго там у халодную, а ён раптам засвяціўся незямным ззяннем.
— Альяш скінуў свае кайданы ды, бытта праз павуцінку, прайшоў праз жалезныя краты і цэментовыя муры! — малявала цётка Кірыліха.
— А паліцыянты, што яго вартавалі, убачылі цуд і аслеплі! — дабавіла Клемусава нявестка.— I цяпер лепшыя дахтары іх ужэ не могуць выратаваць!
— Проці нябеснай сілы не папрэш! — згадзіўся і яе мужык Сцяпан.
Пераязджаючы на хутар, Клемусаў сын прадаў хату і пасяліўся ў зямлянцы.
— Нічого. Збярэмся з сіламі, то шчэ хату пабудуем прускім мурам! — цешыў ён сваіх.