Пасля канца свету грыбоўшчынскаму Вершаліну богам назначана пераўтварыцца ў рай, дзе будуць жыць вечна тыя, хто прызнаў Альяша і яго «новае вучэнне».
«Благими намерениями вымощенная дорога в ад». Валасы дыбам становяцца на галаве, як падумаеш, да чаго прыводзіць цемрашальства, калі адно даць яму волю! Увайшоўшы ў сілу, яно адразу спрабуе ашчаслівіць чалавецтва. Звычайна за такую справу бярэцца той, хто ніколі не любіў ні аднаго бліжняга: абстрактная любоў да людзей — мацёры эгаізм і блеф.
Увесь свой аграмадны капітал, які Альяш паспеў накапіць к таму часу, прарок вырашыў пусціць на пабудаванне славутага Вершаліна, і за справу ўзяўся дзед з размахам.
У бліжэйшай вёсачцы, у Лешчыной, Альяш закупіў сорак гектараў зямлі.
На гэтым абшары дзядзька пачаў разбіваць садок. З Супрасльскай «школы ральнічай» ён стаў завозіць сотні сажанцаў, разбіваць загоны трускавак. Зараз такім абшарам садавіны ці агародніны не здзівіш ні адзін калгас, але ў тыя часы — саракагектарны садок мог сабе завесці не кожны і абшарнік, таму слава аб ім адразу ўскружыла галовы сялянам-багамолам.
Было куплена ім шэсцьсот кубаметраў лесу, дзвесце тысяч цаглін, жалеза і шкла.
Яшчэ Альяш загадаў запрудзіць крыніцы, выкапаць сажалкі.
Ветраку, які пачаў будаваць ля Грыбоўшчыны, адвёў месца за лагчынай на ўзгорку.
Затым у глухую вёсачку, якую цяпер знойдзеш хіба толькі на вайсковай карце-кіламетроўцы, сярод пясчаных і камяністых узгоркаў ды хмызнякоў, пацягнуліся сотні фурманак з лесам, цэглай, кафляй, валунамі, шклом ды вапнай.
Яго цэркаўка атрымалася няўклюднай, цяпер Альяш улічыў і гэта — наняў самых лепшых майстроў.
I вось зацюкалі тапары, зашоргалі пілы, застукалі жалезныя молаты па клінках, якімі калолі граніт на фундамент, і пранізліва зазвэнгала жалеза, з якога на самай макаўцы ўзгорка скляпалі каркас пад ветраны млын...
Мабыць, даўно на Прынёманшчыне ў вёсках не будавалі нічога ў такім тэмпе і не раслі будынкі, не з'яўляліся калодзежы з такім размахам, не цікавіліся будоўляй гэтак масы люду, не транжырылі попусту сілы, матэрыял ды свой талент — слонімскія пільшчыкі, беластоцкія цесляры, ваўкавыскія бляхары ды каменшчыкі са старажытнага Крэва...
3
Дзень за днём рос новы пасёлак. Мужчыны з навакольных вёсак тлумам сыходзіліся глядзець на работы іншых майстроў, бы на якое дзіва! Прыбег аднаго разу ў Грыбоўшчыну падзівіцца і я з братам.
Страшаўцы, з якімі мы прыбеглі на пагорак, ужо бытта забыліся для чаго ўсё гэта будзе служыць — іх захапляла майстэрства ды пафас будаўніцтва. Дзядзькі прыглядаліся, разглядвалі ліштву з узорамі, якой цеслі ашалёўвалі вуглы, і аканіцы, ды ганачкі, ківалі галовамі, цокалі языкамі ды хвалілі:
— Цюк-цюк і — гатово, от, хале-ера!.. Не кожная табе баба вышчыкне такі ўзор з паперы і ножніцамі, як яны, ліхо на іх, выцяшуць сакерай!
— А кавалі унь там, паглядзі,— голку табе выстукае молатам па накавальні!
— Фахо-овец!..
— Пайшлі прускі мур паглядзім!.. Пазбаўленая натураль-ных перашкод, адкрытая і даступная для ўсіх плоская раўніна, Прынёманшчына, каго толькі не перацярпела. За адно чатыр-наццатае стагоддзе крыжаносцы палілі Ваўкавыск восем разоў, за кожным разам дачыста забіралі ў навакольных вёсках быдла, коней, а мужчын вывозілі ў Прусію. Людзі ўцякалі потым з няволі, прыносілі новыя словы, звычкі.
Такім самым шляхам пранік да нас нямецкі стыль будаўніцтва, і цяпер я да яго меў магчымасць прыгледзецца зблізку. На фундамент мацавалі крыж-накрыж, а тады — папярок сасновыя бэлькі ды закладвалі між імі на вапне цэглу.
Прускім мурам я быў нават расчараваны. Бы воск у пчалінай рамцы тырчала цэгла ў ім. Здавалася — штурхні добра кулаком у такую сцяну і выдавіш яе!
Найбольш выстойвалі нашы мужчыны ля крэўскіх каменячосаў.
Славутую на ўсю Еўропу крэпасць у свой час будавала не адно пакаленне беларусаў. Ад яе недзе там, на далёкай Смаргоншчыне, засталася толькі замшэлая, вышчарбленая каменная сцяна, а па вёсках Прынёманшчыны праклён: «Каб цябе павялі ў Крэва камні біць!»
I вось перад страшаўцамі — два нашчадкі тых катарж-нікаў. Аднак на заморкаў яны зусім не выглядалі.
Хлопцы толькі што развалілі стопудовы валун на дзве палавінкі. Яны не без здавальнення правялі рукой па яго шарахаватых, з агністымі іскрынкамі кварца, шнітах ды толькі тады сталі са страшаўцамі закурваць. Здаровыя маладыя хлопцы загарэлымі па локці, прыпудранымі каменнай мукой рукамі круцілі з газеты цыгаркі, а вачыма ўжо выбіралі валун другі. Па ўсім было відаць — ім прыемна адчуваць сваю сілу, яны аж гараць да сваёй работы, якая пружыніць цела ды пры-носіць такую ап'яняючую мускульную радасць, што прымушае забываць аб усім на свеце.
Салвесь дапытваўся ў дзецюка:
— Гэта ж — граніт! Ён цвёрды, як жалезны, а ў цябе, халера, трэснуў, бы асінавае палено! Агнём накаляеш, каб трэснуў, ці што другое яму робіш, прызнайса!
З хлапечай бянтэжлівасцю дзівіўся і я:
— Гляньце, дзядзьку Салвесь, дзеравянымі клінкамі колюць! Хібо дзераво бярэ камень?
Вышэйшы ўспатнелы каменячос ссунуў замусоленую кепачку набакір і ўсміхнуўся, паказаўшы нам мокрыя ды белыя зубы, якімі смела можна было адшчыкваць дрот.