Махахей крадком прайшоўся ад стала ў куток, дзе стаяла скрыня старой яшчэ работы, акутая з бакоў жалезам, аздобленая ўзорамі. У той скрыпі быў самы дарагі іх з бабаю набытак, нічога, зразумела, каштоўнага, мо каму нават і проста рыззё. Але яны ішлі ад адной рэчы, што знаходзілася ў скрыні, да другой, як ад вяхі. да вяхі, і ляжалі. яны ў старой той скрыні, як пласты ўзаранай зямлі, захоўваючы ўсе прыкметы і нават пахі часу: іх маладосці, калектывізацыі, вяселля, вайны і міру, сённяшняга жыцця і падступаючай смерці. Наверсе цёплая ваўняная хустка бабы Ганны, састарэла мо нават таму, што не вельмі часта выпадала бабе Ганне ўбірацца ва ўборы. Вось і пажаўцела яна ў скрыпі і доўга яшчэ будзе ляжаць і жаўцець, бо цяпер такіх не робяць і не прадаюць. Яго, Махахея, дыяганалевае галіфэ, гімнасцёрка, у такіх цяпер таксама ніхто не ходзіць, і ён іх надзяе толькі на Дзевятае мая. А сёлета дык баба Ганна не дазволіла і са скрыні дастаць. Дзевятага мая ён зашыўся з мужыкамі ў бэз пад хатамі, дзе куры корпаюцца. Раз ды два наведаліся да Цупрыка, хораша. У каморах ды ў сцёбках пакалупаліся — яшчэ лепей, песню ўжо кінуліся спяваць. Раптам чуюць нейкі гвалт. Выскачылі з бэзу, па табе, жанкі на чале з бабай Ганнай, як чорт іх навёў.
— А вось ты дзе, і ўжо цёпленькі. I не сорамна, і вачэй не хаваеш. А мы з жанкамі ўжо стол на вуліцы накрылі. Думалі разам з салдацікамі сваімі пасядзець, а салдацікі ўжо даўно праз Цупрыка да Берліна дайшлі... Ой, вочы б мае на цябе не глядзелі...
— Мы зараз, мы заўсёды напагатове,— выйшлі з бэзу, не сталі таіцца і іншыя франтавікі.
— Не пусцім,— сказала баба Ганна,— нябрытыя, мурзатыя...
— Пабрыемся, памыемся, ванну нават прымем.
— А я ўжо галіфэ пабег надзяваць,— думаў улагодзіць бабу Ганну Махахей. А яна яму дулю, а ў дулі той і ключ ад скрыпі:
— Во што ты ў мяне, галубок, вып'еш і закусіш.— Так і но дала ў святочнае ўбрацца.— Самі. піць будземо, мы таксама ваявалі. Так, жанкі, не пусцімо?
I не пусцілі. Спачатку, праўда, толькі не пусцілі за стол, пакуль у іх да песні не дайшло: «Вы служите, мы вас подождем...» Заспявалі яны гэтую песню, палагоднелі. I салдацікамі, і галубкамі ўжо без кпінаў клікаць пачалі. I можна было ўжо гаварыць з імі ў будзёным, не поручыся ў тых скрынях, не дастаючы галіфэ і гімнасцёрак, і без гэтага чарку падносілі.
Махахей пашыўся, абмінаючы хустку, галіфэ, андаракі, клункі са смертным, да самага дна скрыні, дзе пад усім гэтым начыннем хавалася яго ваенная, амаль афіцэрская, планшэтка з добрай цялячай скуры і ўстаўным лістом цэлулоіду. Планшэтка гэтая служыла яму не толькі па вайне, спатрэбілася яна яшчэ і міру — яго дзеўкам, у бойку кідаліся, па чарзе ў школу з ёю хадзілі: і Света, што цяпер у Карагандзе, і Марыя, што ў Маскве, і Алена, што ў Мінску. Надзька толькі тры зімы прахадзіла з планшэткаю, а потым нос угару: партфель купляйце. А планшэтка зноў зрабілася вайсковаю. Махахей пазбіраў і склаў у яе, што беспрытульна валяліся ў шкапу, скрыні і нават на гарышчы, свае вайсковыя паперы, медалі, што меў у асноўным за гарады: Варшаву, Будапешт, Берлін, кіпу пажоўклых, разлахмачаных падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Сярод гэтых паперак, падзяк, медалёў было і некалькі фотакартак, на якіх, хоць і з цяжкасцю, можна было пазнаць яго, маладога Цімоха Махахея, дзе-небудзь збоку, з-за галавы каго-небудзь выглядваў і ён паловай твару. I толькі на адной з гэтых фотакартак быў ён цалкам і на ўвесь рост, праўда, таксама да неверагоднасці збянтэжаны і разгублены, таму што побач з ім стаяў негр, а падтрымліваў таго негра рукамі і галавой ён, Махахей. Сам Джым стаяць не здолеў. Махахей адшукаў таго негра сярод труб і нейкага начыння ў прыбіральні. Амерыканцы прыехалі ў іх часць, каб уручыць нашым салдатам і афіцэрам свае ўзнагароды. Пасля ўручэння ўжо разам, як водзіцца ў добрых людзей, селі за сталы. Махахею і тут не пашанцавала, усе пілі, елі, а ён стаяў па пасту і слінку каўтаў, пазіраў на ўсіх. На Джыма і пазіраў, які ён вялізны і губаты, і рукі яго якія вялізныя і нязграбныя, а чарку падымае спрытна, і сам чорны, а зубы белыя. I калі ўсё паелі ўжо і папілі і пачалі амерыканцы ад'язджаць, Махахей убачыў, што негра сярод іх нямашака. Такі вялізны, і трэба ж, здараецца ж такое, забыліся пра яго, згубілі. А негр, гэта Махахей добра памятаў, пайшоў у прыбіральню і з прыбіральні не вярнуўся. Махахея змянілі, але ён яшчэ гадзіны дзве поркаўся ў прыбіральні, але дамогся свайго, выцягнуў вялізнага Джыма, які спаў па нагах, але не сунімаўся, патрабаваў: рашэн вотка. Негру гарэлкі далі, Махахею — не. Яго толькі сфатаграфавалі разам з Джымам. I Джым пакінуў яму свой адрас, узяў адрас Махахея, абяцаў прыехаць да яго ў Княжбор на «рюські вотка». Ці жывы ён цяпер, мо ўжо даўно лінчавалі. Цікава было б напісаць яму — няўжо адказаў бы? Махахей пачаў выбіраць адкрытку, на якой можна было б напісаць Джыму, перагледзеў, перабраў усё тройчы, але такой, каб адпавядала і падыходзіла, як заўсёды, у яго не знайшлося: з Крамлём не пашлеш, і з «Аўрорай» таксама, капіталіст жа, а проста «віншую»... што гэта яшчэ такое, каго гэта ён улягае так віншаваць. Атрымаецца яшчэ як з той цёткай, падумаюць яшчэ, што Джым ніейкім родзічам яму даводзіцца. I Махахей адсунуў адрас негра ўбок і пачаў пісаць сваім. Браў з планшэткі то канверт з адрасам, то пажаўцелую ўжо выразку з газеты — а пра яго, Цімоха Махахея, таксама пісалі ў газетах: «Геройский подвиг рядового Махахея». А нічога геройскага і не было тады, настрахаўся толькі, гэта было, было. Намуляў ён вочы ротнаму свайму, лейтэнанту Сяргею Пятровічу Былічу, а ўжо к капцу ўсё ішло — натрапіў не ў час, той і рыкнуў:
— Надакучыў ты мне, Махахей, рота ўжо тройчы памянялася, а ты ўсё такі ж, як дзеўка, некрануты, ніводнага ж разу не раніла цябе, Махахей?
— Так, таварыш лейтэнант, шанцуе.
— Шанцуе... А другім вось не шанцуе. Колькі ў цябе другіх нумароў за гэты тыдзень памянялася?
—Трое, таварыш лейтэнант, двух забіла, адзін — паранены.— Махахей быў кулямётчыкам, першым нумарам ад самага Смаленска, як загаварылі яго. I пад танк трапляў, і зямлёй закідвала, і кантузіла, а каб куля ці асколак закрануў — не. У другія нумары ніхто з роты і ісці да яго не хацеў, баяліся, усё з папаўнення ставілі. I было Махахею ўжо няёмка перад сваімі другімі нумарамі, ведаў — раней ці пазней, але загіне той яго другі нумар. Было няёмка яму перад ротным, што як вечны ён, сапраўды як загавораны. А Махахей ужо сам паверыў у сваю вечнасць і загаворанасць.
— Пойдзсш у разведку, Махахей, па языка,— сказаў ротны.
— Ёсць у разведку...
I пачаў збірацца, хаця што збіраць: голаму апрануцца — толькі падперазацца. Але пайшлі салдацікі, пачалі дзяліцца ўсім, што хто меў. Той сухарык, той махоркі, а той — ножык-фінку. Спачувалі яму салдаты, шкадавалі яго, а ён жа думаў, яны радыя будуць, што не ім выпала па таго языка ісці. А яны шкадавалі... I больш таго, хацелі ісці да ротнага прасіць, каб адмяніў ён свой загад, бо нельга яму, Цімоху Махахею, гінуць. Прыкмета нядобрая для ўсёй роты, прывыкла яго рота бачыць жывым і здаровым. А Махахей спачатку не без задавальнення прымаў паднашэнні, слухаў, што пра яго гавораць: а як ды папраўдзе пашанцуе яму і зараз, угавораць ротнага адмяніць загад. Але калі яго ж другі нумар, з якім Махахей павінен быў ісці ў разведку, выцягнуў з кішэні кісет з паркалю ў гарошак, які па пошце на фронт прыслала яму дачка, пакрыўдзіўся страшэнна:
— Вы што, маёй смерці жадаеце, на смерць мяне рыхтуеце? Забірайце свае транты, папалю. Усё роўна вярнуся.
Але, калі папраўдзе, ён да самага апошняга, пакуль не перапаўзлі нейтралку, не верыў у сваё вяртанне. Толькі калі перапаўзлі, калі ўбачыў перад сабою таго немца, унтэра, што зноў жа як дзве кроплі вады паходзіў на Барздыку, і на таго немца, які паланіў яго пад Княжборам, пад яго ж хатаю, паверыў: чорцяго што з ім будзе, жыць будзе, у зубах, але прыцягне гэтага немца да сваіх. I імгненне нейкае Махахей і унтэр глядзелі адзін па аднаго. Махахей — недзе спадзеючыся, што ўспомніць яго немец і спалохаецца, але той, пэўна, не ўспомніў, пільнаваў яго вачыма, чакаў імгненне, калі можна будзе ўхапіць шмайсер і разрадзіць яго ў Махахоя. Махахей не даў яму дацягнуцца да аўтамата, і сам не ведае, але нешта спрацавала ў ім, узняло яго і кінула на немца, той толькі скрабануў кіпцюрамі па аўтамаце, а Махахей дапаў ужо рукамі да яго глоткі. Да аўтамата немец не дацягнуўся, але ножык, кінжал з-за халявы паспеў выхапіць. I добра, што Махахей быў у бушлаце. Кінжалам немец успароў яму рукаў бушлата, абадраў скуру на руцэ. I тут падаспеў, наваліўся на яго другі нумар Махахея Яўхім Целякоў з Нежына. Гуркі добрыя ў тым Нежыне растуць. Надзіва гуркі такія ж цяпер і ў Княжборы. Яўхім прыслаў насення, а баба Ганна разнясла па ўсім ужо Княжборы. Толькі ў госці адзін да аднаго ні Целякоў, ні Махахей не выбраліся. Усё збіраліся, збіраліся, спісваліся, дамаўляліся, дый... Памёр Яўхім Целякоў. А з разведкі прыйшоў — і валасінкі з галавы не ўпала, дайшоў да канца вайны. Выйшаў на пенсию ў сваім Нежыне. Адзін-адзіны толькі раз паспеў і атрымаць яе. I ўсё. Махахей адкладвае ўбок канверт з адрасам Целякова. А вось Былічу ён напіша. Быліч яшчэ жывы, робіць на чыгунцы ў Сухінічах, гэта недзе пад Масквою, каля Калугі. Яры, равы яшчэ там вялікія, а лесу няма. А так добрыя людзі жывуць, калі меркаваць па Былічу. Кожны год Быліч акуратна віншуе яго з Дзевятым маем. А тады, калі ён, Махахей, вярнуўся з языком, ледзь не заплакаў, абдымаць пачаў, цалаваць, прабачэння прасіў, дзівак-чалавек.
— Я памінкі па табе ўжо спраўляю, Цімох. Ты даруй мне, даруй.
— I вы мне даруйце,— апусціў вочы Махахей, бо не ведаў, як адказаць, што гаварыць.
— А чаго гэта ты ў мяне прабачэння просіш, Цімох? Чым жа ты правініўся перада мной?
— Не ведаю,— сказаў Махахей.— Мо падумаў што не так, паглядзеў калі-небудзь не так. Жыццё, усякае бывае.
— Ах ты,— толькі і адказаў яму Быліч, і, што было за гэтымі двума словамі, Махахей не вельмі і зразумеў, бо далей пайшлі такія мацюкі, у пяць радкоў друкаванымі літарамі не ўбярэш. I ў гэтых радках нічога пра яго, Махахея. Яму, Махахею, толькі алюмініевы карэц гарэлкі:
— Пі, Цімафей Ягоравіч, да дна за свае памінкі. Жыць будзеш вечна. Пачакай, дарагі мой, ты не паранены?
— Ніяк не, таварыш лейтэнант,— аб той сваёй драпіне ён не сказаў нікому, ні Былічу, ні Целякову. Сорамна было. I тут не ўсё як у добрых людзей. Быліч і напісаў гэтую «стаццю» «Геройский подвиг» — дваццаць пяць радкоў роўна разам з подпісам: «С. Былич, командир роты, гвардии лейтенант». I цяпер Махахей пісаў яму, адну адкрытку запоўніў першамайскую, павіншаваў свайго камандзіра з Першамаем. Пачаў выбіраць і другую, каб адразу павіншаваць і з Дзевятым маем. За пісаніну гэтую Махахей садзіўся зрэдку, але калі ўжо садзіўся, то надоўга, на ўсю ноч, улічваючы на паўгода ўперад усе святы і даты, таму і купляў адразу капу адкрытак, каб запаўняць іх у запас, нікога не абысці, не пакрыўдзіць няўвагай. У жыцці яго з бабаю Ганнаю і маці аніякіх асаблівых падзей не было: вясна, лета, сяўба, сенакос, уборка. Але аб гэтым ён таксама не пісаў, каму цікава, што ён пасеяў, што сабраў. «Жывём добра» — і гэта настолькі шматзначна, што хоць галаву набок скруці, а лепш не напішаш, гэта значыць, што ён яшчэ сапраўды жывы і, гледзячы на пару года, адсеяўся, ці ўбраўся, накасіў сена, выкапаў бульбу. «Здароўе, слава богу, добрае» — і гэта было не менш ёміста і само па сабе сведчыла, што ён яшчэ тупае, ідзе па крузе, што заведзены яго дзедам і прадзедам. I будзе тупаць далей, сеяць, касіць і збіраць, было б толькі што. «Жадаю і вам здароўя, вялікага сямейнага шчасця. Вёска Княжбор. Цімох Махахей».
Ёп пажадаў Былічу вялікага сямейнага шчасця ў гонар Першамая, а потым і ў гонар Дзевятага мая. Разахвоціўся, хацеў пажадаць і трэці раз, але адкрытак з Кастрычнікам, з грознаю «Аўрораю» ў яго не знайшлося, усе ўжо выйшлі, а тыя, што ў яго былі з кароценькім і сціплым «віншую», з сіненькімі і блакітнымі кветачкамі ўнізе, ён не хацеў траціць, ды і куды ж гэта годна, камандзіру — і кветачкі. Да таго ж адкрытак магло і не хапіць. Людзей у яго планшэтцы заставалася яшчэ шмат, хаця і меней ужо, куды меней, чым такой жа парой на мінулы год. I дзевак сваіх трэба было не абысці. Махахей раскінуў веерам карцінкі, што засталіся яшчэ ў яго, як карты, пачаў іх сарціраваць, адбіраць, каму якую прызначыць, каму Крэмль заснежаны: і з яловаю галінкаю, каму тыя ж кветачкі, а каму і зайчыка-барабашнчыка альбо вожыка-скрыпача — дочкам, тыя не пакрыўдзяцца. Не бянтэжыла яго і тое, што гэтыя зайчыкі і вожыкі выпадаюць кожнай дачцэ, па два, а то і тры разы на адзін год: пакуль адно свята пройдзе, другое паступіць — яны ўжо і забудуць, што бацька ім прысылаў. Ды і дочкам ён будзе пасылаць не пісьмом, а пасылкаю. Ладны шмат сала, круг дамашняй кілбасы, гарбузікаў жменька, торбачка сушаных яблык, а паверх ужо адкрытка: «...I вялікага сямейнага шчасця. Вёска Княжбор. Цімох і Ганна Махахеі. Вашы бацькі». Баба яго Ганна ляжала зараз на печы і вадзіла яго рукою, выпісвала разам з ім літаркі. Шчыравалі, працавалі ў сцяне тачыльшчыкі, падпяваў ім, пстрыкаў капейкамі электралічыльнік, стаіўшыся, спаў пад сталом кот, якога пусцілі нанач у хату, нядрэмным вокам сачыла з свайго кутка за Махахеем і багародзіцаю старая, маці Махахея, забірала маладым марозам шыбкі ў акенцах. Усё паказвала на вясну. I пяро рыпела радасна, як бы там ні было, вясна — не зіма.
Так нагаворваючы гэтыя вершы, трымаючы ўвесь час іх перад вачыма, ён запаўняў адну адкрытку за адной, светла і радасна выводзіў у канцы кожнай: «I вялікага с мейнага шчасця». I здавалася яму, што недзе звініць песня, спявае шпачок. Бусла ён так і не бачыў сёння, а вось шпачка ўгледзеў. Хадзіў далёка, а ён быў побач, сядзеў на чаромсе яго, Махахея, той самай чаромсе, што засохла, сядзеў і. перабіраў дзюбкаю пер'е, аблашчваў, наводзіў бляск.
— Шпакі ўжо сёння прыляцелі,— бы падслухаўшы яго, сказала, не адрываючы вачэй ад багародзіцы, старая Махахеіха.
— Калі, калі яны прыляцелі? — падхапілася, села на печы, звесіўшы долу босыя ногі, Ганна.
— Сёння і прыляцелі.