Махахею чырвона зрабілася ўваччу, ён кінуўся, бы пайшоў урукапашную на таго ярша, садраў яго з кручка і хацеў ужо жахнуць на пясок і таптаць, таптаць яго нагамі, але адчуў раптам пякучы боль у пальцы. Раззлаваўся па ярша і. здзівіўся, колькі болю можа таіць у сабе гэты ёрш, гэтае нішто, дзе ён толькі хаваецца ў ім, дзе, калі ён адчуваў боль увесь той дзень, і сёння, калі мінула амаль што паўстагоддзя, не адышоў ён. Вось дык дробязь, вось дык пусцяковіна, смаркаты ёрш, нямее, адымаецца палец на правай, рабочай руцэ.
Яны ж, хлопчыкі, тады, паўстагоддзя назад, нядобра, брыдка абышліся з тым яршом, утапталі, умясілі яго ў пясок, замучылі, засыпалі ў пяску, распнулі, як Хрыста, па пяску, шалеючы ад радасці і захаплення, адмаўляючыся прызнаць у ім жывога і мёртвага, бачачы адну толькі прыкрую нікчэмнасць і недарэчнасць, адыходы жыцця і вады. Але ў гэтым смецці існага, мабыць, ёсць яшчэ і памяць. І яшчэ нешта, акрамя памяці, параднёны гэты ёрш-пусцяковіна з ім, не з ім асабіста, а з тым, хто над ім, хто нябачны ў ім і не зусім мо зразумелы яму, пад чалавечым у ім, у Махахею. Махахей дапускаў у сабе прысутнасць некага іншага. І гэты іншы ўсё жыццё быў у ім: вока нейкае, што ўсё бачыла і судзіла яго, ці чалавек нейкі, што жыў даўным-даўно і даўно памёр, але ўваскрэс потым у яго, Махахея, зямной абалонцы, у яго плоці і крыві, а мо і той чалавек, які нават не нарадзіўся яшчэ, што толькі прадчуваў яшчэ сваё будучае параджэнне, і ў гэтым сваім далёкім прадчуванні ён ушаноўваў і аберагаў сябе і яго, Махахея, як свайго прабацьку і як сваё будучае дзіця ад усяго, што здавалася яму недастойным і брыдкім, чаго ён саромеўся б, ад чаго было б сорамна і Махахею. Гэтае вока, што ўсё бачыла, ці чалавек судзілі Махахея, яго жыццё, яго ўчынкі і нават думкі, не дазвалялі яму схітрыкаваць там, дзе можна і дазволена было хітрыкаваць у будзённым, звычайным жыцці, не дазвалялі яму, Махахею, заступіць за тую рысу, па-за якой ён ужо быў не самім сабою, не Махахеем-княжборцам і палешуком, а нейкім іншым, пабочным і непатрэбным ні Княжбору і яго людзям, ні сваім нават дзецям. Гэты чалавек увайшоў у Махахея яшчэ ў дзяцінстве, і не заўсёды ладзіў з ім Махахей. Выпадалі між імі і крыўды, і спрэчкі, здаралася, што іншы раз той пакідаў яго, ненадоўга, але пакідаў. У вайну было, у роднай вёсцы. Але пра тое не ведае ніхто, нават яго баба Ганна не ведае. Не варочаецца ў яго расказваць пра гэта язык. Спрабаваў расказаць дзіцяці, сіраце, як рос некалі і сам, Мацвею Роўду, ды нехта ўсё ж параіў спыніцца. Не дзіцячая то была гаворка, не для Мацвея Роўды, тым больш такога, якім ён зрабіўся сёння. Гэта тады, пасля вайны, Мацвей пачынаў сваё жыццё, як пачынаў яго некалі і ён, падпаскам. Мо гэта і вымусіла яго распачаць тую гаворку, але нехта абярог тады яго. Той, іншы ў ім, і паспрыяў яму: не ўсё і не ўсім жа трэба ведаць пра цябе... У палон здаўся, трапіў ён, Махахей, да немцаў. Сам рукі падымаў. Пад аўтаматам, праўда, але падняў. Падняў угару рукі, ведаючы, што робіць, і таму да скону, пэўна, ужо наканавана яму памятаць пра тое і пакутаваць. Сядзеў ён, хаваўся ў жыце каля Княжбора, калі першыя немцы наскочылі ў вёску і забілі таго бусла, аб якім на Палессі складзена паданне. Упаў бусел, устаў з жыта Махахей. А перад ім стаіць ужо немец, аўтамат ад сваіх грудзей у грудзі яму скіраваў. I вось-вось, здаецца, выскачыць адтуль чорцік і скончыцца гэтым чорцікам яго, Махахея, жыццё. Ведае аб гэтым немец, ведае аб гэтым Махахей, і чорцік ведае, пасміхаецца з чорненькай дзірачкі аўтамата. I немец усміхаецца: ком-ком, зольдат. А Махахей апрануты ў світку сялянскую, а абмоткі і галіфэ па ім — вайсковыя. I не ведае яшчэ, ці то жывы ён, ці то ўжо не, ён толькі што ўпароўся ў гэтае жыта, прыджгаў сюды з бою, семдзесят, лічы, кіламетраў, як урэзалі ў першым жа баі немцы, дык хто толькі куды, ён да самае хаты апамятацца не мог. Але з таго бою ён бег, амаль што не ведаючы, куды і ад каго бяжыць, усе бягуць, ну дык і ён не дурны адставаць. А тут перад ім быў ужо бачны вораг. Тут ужо на ўсіх не зваліш і не спішаш. I стаялі яны адзін перад адным, твар у твар. І твар чужы, нямецкі, не ўдаваў Махахею ні на чужы, ні на нямецкі, па свайго, вясковага, быў падобны той яго немец, па Аркадзя Барздыку, толькі з твару, здавалася, быў ён больш лагодны, больш памяркоўны і дагледжаны, чым Аркадзь Барздыка. I задаволены такі, такі задаволены. Гэта ён радуецца, што ўзяў мяне ў палон, здагадаўся Махахей і зазлаваў: Аркадзя Барздыку ён кідаў цераз сябе, клаў на абедзве лапаткі, і ў валейбол гуляў лепш за яго, біў, што з гарматы, і справа, і злева.
Невядома чаму, навошта згадаў ён пра той валейбол, мо таму, што перад Вайной усе ў вёсцы захапіліся ім. Гулялі паміж сабой, гулялі з пагранічнікамі. Прыходзілі вечарам, ледзь ногі цягнулі, а беглі да пляцоўкі, як сёння да магазіна шыбуюць. Але немец не вельмі быў схільны, каб доўга ён думаў пра гэты свой валейбол. Аўтамат яго быў напагатове і злосны, куды больш злосны за гаспадара. Уладарна здрыгануўся ствол яго, хіснуўся з боку ў бок і зверху ўніз, крыжык як бы ў паветры намаляваў. I Махахей зразумеў, што гэта сапраўды крыж, магіла. I, паволі, сам дзівячыся з сябе — што ж гэта ён робіць,— паднімае рукі. Рукі падымаліся самі, хоць і не спрактыкаваныя яшчэ, хоць і не здагадваліся яшчэ, чаму гэта і навошта яны падымаюцца. Жыць хацелі рукі, хаця ён сам і адмаўляўся жыць — паланілі ж яго, забіралі з ганьбаю ў палон пад прызбаю, лічы, роднае хаты. Не прывядзі гасподзь, выскачыць яшчэ хто і ўбачыць гэта. I той ваенком, што адпраўляў яго на фронт, убачыць. Ён жа паверыў яму, абраў яго сярод іншых у вёсцы, абраў, нягледзячы па тое, што цётка нейкая яго за мяжою апынулася. Цётка, пра якую ён ні сном, ні духам, ён яшчэ не нарадзіўся, калі яна пайшла замуж у суседнюю вёску. А вёска тая апасля ўжо адышла да Польшчы. Ён не ведаў аб гэтым, а іншыя ведалі. Прызвалі і ў ваенным білеце адзначылі: «палітычна ненадзейны». I цяпер ён як бы спраўджваў тую адзнаку. I порсценька, хуценька шукаў у памяці, як абяліць сябе. Знайшоў, апраўдаўся: на мне ж світка, а калі світка, значыцца, адпусцяць, паглядзіць во зараз ды і адпусціць. Вінтоўка ж мая ў хаце прыхавана, аніякіх жа пры мне дакументаў няма. Смертнік адзіны, дык ён жа ў патайной кішэньцы, немец яго не знойдзе, не. Які ж я малайчына, думаў ён сам пра сябе, што заскочыць паспеў у хату, і добра, што хата пустая была, і вінтоўку паспеў схаваць і нацягнуць паверх гімнасцёркі світку. Світка і выратуе... I рукі яго ўжо былі ўзняты над галавой, вольныя і расслабленыя, толькі галава, шыя нешта касабочыліся, як вязы, пакрывіліся. I ў немца таксама, калі Махахей падняў ужо рукі, шыя скасабочылася, ён ляпнуў Махахея для прыліку, адвёўшы ўбок вочы, па кішэнях, па грудзях, пагнаў перад сабою ад вёскі, ад хат на дарогу, чаму Махахей надта ўжо ж быў рады: не цяпер, дык пасля адпусціць, галоўнае, ніхто яго сораму і ганьбы не бачыць.
Верыў, усё ўпарадкуецца само па сабе, па закону. I толькі раніцай гэтай веры настаў капец, калі да яго дабавілася яшчэ каля дзесяці нашых салдат і ўсіх іх строга пералічылі і прыставілі вартавых. Толькі тады ён пачаў думаць, як бы гэта ногі ў рукі ды і лататы адсюль, зразумеў урэшце, што гэта адбылося з ім. I ўцёк на трэці дзень. У прыбіральні распрануўся, утапіў абмоткі і галіфэ, застаўся ў споднім, што мала чым рознілася ад сялянскага адзення, прыбіўся да калоны вяскоўцаў, што гналі немцы на рамонт дарогі. У калоне той, праўда, таксама ўсе былі па ўліку, ён наламаў той улік, бо лішні быў. I знайшоўся паршывец, што, аж упадаў, хацеў выслужыцца немцам, хацеў выкрыць, выдаць яго немцам: не наш ён, не наш, салдат ён. Махахей ужо быў гатовы і да смерці, але яна абмінула яго. Немцам, пэўна, вельмі пільна была неабходна тая дарога, і раніцай яны не сталі разбірацца, хто ды чаму сярод тых, што будуць рамантаваць дарогу, лішні, а вечарам ён ужо быў далёка, ішоў на ўсход, I двойчы яшчэ трапляў у палон. Першы раз уцёк, другі — нейкая баба выкупіла яго ў немцаў за кабанчыка. Ад той бабы таксама ўцёк. А ў Смаленску... Але пра гэта Махахей не хоча ўспамінаць. Той, другі ў ім, што як бы робіць пры ім пракурорам, мо сам Жалезны Чалавек, а Махахей, калі б сказаў яму хто, што Жалезпы Чалавек жыве ў ім, паверыў бы, дык вось той пракурор дараваў яму ганьбу, не вельмі скора, але ўсё ж забыў, што ён некалі падпяў перад немцам рукі. А сам ён, Махахей, ніколі нікога не судзіў: будзь сам добры другім і другія будуць добрымі табе. Гэта ён засвоіў яшчэ ад бацькі. Не расстралялі яго, і добранька, і ладна, і за тое дзякуй. А расстраляць жа маглі, і нават вельмі проста ў той неразбярысе і блытаніне, што тварылася тады пад Смаленскам, усё было проста: і памерці, і выжыць. Ён выжыў. Больш таго, пад Смаленскам з'явіўся зноў той, другі, што пакінуў яго ў роднай вёсцы, калі ён падпяў рукі. Не хочацца сёння Махахею ўспамінаць аб мінулым і цяжкім, але і не можа не ўспамінаць, такі ўжо дзень, пэўна, па крузе дарога, а ў адваротны бок кружацца думкі. I не толькі думкі, усё ў адваротны бок. Вось і з рыбалкай гэтай — здзяцінеў зусім: у рэчцы, якой ужо няма, спрабуе спаймаць рыбіну, што таксама ўжо звялі, пешта рассыпанае ўжо даўно і даўно замеценае, пахаванае ловіць у мінулых гадах па зямлі, якой таксама ўжо няма, інакшае месца, інакшая зямля перад ім, жыццё на ёй інакшае, незнаёмае. I дзіўна яму і ніякавата, не, не толькі ад гэтага незнаёмага жыцця, а ад таго, што перажыў ён сваю зямлю, сваю рэчку, сваю рыбіну. Непрыкаяна, хоць і маўчыць ён, сцяўшы зубы, аб гэтай сваёй непрыкаянасці. Маўчыць душа яго. Яна, душа, праўда, прывыкла маўчаць, прывыкла да зацятасці, ніколі не была гаваркою, а калі і гаварыла што, то не зусім тое, што было ў яе на языку, ці толькі вельмі трошкі з таго, што па языку: дурны не здагадаецца, а разумны... Нават баба Ганна не заўсёды ведала, што ў яго на душы, хаця і чула гэтую яго душу, як ён пі душыў яе. Душыў, а яна ўсё роўна пры ім заставалася, не так, як той, другі, незгаворлівы ў ім. Той адразу ж пыхаў і пакідаў яго, і даводзілася яму, Махахею, ужо бегчы з хаты, з сяла, у гэтае ж поле, у гэтую ж сваю дуброву. I сярод дрэў і траў зацятая, аглухлая душа пачынала ажываць, пачынала гаворку з тым, незгаворлівым і непрымірымым, даводзіла яму, што вонкава яна, душа, хаця і згаворлівая, усярэдзіне такая ж дакорлівая, пакутная, толькі ніхто не бачыць, як яна кроўю абліваецца, бо нікому нічога няма да яе, вось і вымушана яна хавацца. Вымушана застойвацца, як і няма яе, хаця сам ён, Махахей, адкрыты, шчыры, увесь навідавоку і... у прыцемку ўвесь: відзён, каб быць нябачным, адкрыты, каб за сябе ж, за гэтую адкрытасць, шчырасць сваю і схавацца. Слоў жа па свеце шмат, але ж ці кожнае трэба выцягваць па святло. Іншыя ж з гэтых слоў, і такіх вялікае мноства, затым і створаны, каб мог чалавек, душа яго, пайсці ў гэтыя словы, як у лес, і, як за лесам, знікнуць у іх. I чым менш мы гаворым, тым менш даводзіцца хавацца душы, тым цэласней будзе яна. Яго палеская, княжборская зямля таксама не з гаваркіх, нямая нават, чужому нямая, таму, хто не народжаны ёю, хто не жыве на ёй, не дае ёй свайго голасу. Чужынец, той можа прыйсці сюды і ціхамірна, і з благім намерам, можа нават здзекавацца і мучыць яе, але наўрад ці выб'е слова, калі сам ён і ніхто з яго радні не падаў тут, не адыходзіў назаўсёды ў гэтую зямлю — ніхто і не адзавецца яму, ніхто не адгукнецца. Няма і не можа быць аніякай гаворкі, калі ты не даў гэтай зямлі сваёй крыві, не папаіў яе сваім потам, не кінуўшы нічога паперадзе сябе, нічога не знойдзеш і адзаду. Ні Галоскі-галасніцы, ні Жалезнага Чалавека. Дурніцай-трактарам успароць зямлю канавамі, выкарчаваць, прыбраць усё, што на тваё вока здаецца лішнім, не так ужо і цяжка. Невялікі розум трэба мець, каб абязмовіць яе, але вось каб зноў даць мову, язык, навучыць размаўляць нямога — да такога не спадобіўся яшчэ ні адзін з тых, хто жыве на зямлі. I побач з нямым нямее і той, з языком. Што можа сказаць гэтае роўнае поле, па якім ён, Махахей, зараз ідзе, таму, хто стварыў яго, яно ж жыве толькі імгненне і ведае толькі адно імгненне — дзень свайго стварэння. Так было, праўда, заўсёды, з імгнення, з дня стварэння пачыналася ўсё існае і з таго ж дня пабывала сваю радаслоўную, працяг яе. I ў працягу і крылася мужыцкая, сялянская моц, здабытак і шчасце на стагоддзі. А тут, па яго, Махахея, разуменні, у міг стварэння адбываецца і забойства, бо занадта пагрозлівае і незваротнае гэтае стварэнне, у гэтага ж поля адсечана памяць, і стварэнне падобнае на забойства. Не можа быць не падобным, калі, ствараючы адно, нішчыш другое. А па слязах другога ніколі шчасця не здабудзеш. А плача ўжо ўсё вакол. Адплакаўшы ўжо сваё і слязьмі сваімі ні рэчкі, ні возера не аднавіўшы, пайшлі адсюль бабры. Не былі на гэты раз слёзы баброў слязьмі замілавання, хаўтуры спраўлялі яны, хаўтуры па сабе і сваіх хатах. I пайшлі яны, як бежанцы, назаўсёды ўжо прэч адсюль. У прочкі падаліся. Хаўтурамі, сыходам разлічылася з жыццём нават рэчка. Глыбокай ноччу, у цемрадзі, захоўваючы ў тайне свой сыход, пайшлі ад сваіх абмялелых азёр і старыц, ад нор, над якімі ўжо не было вады, і ракі, пайшлі па-рачынаму, маючы ўвесь час перад сваім вокам свае хаты, мо і рачыная сляза хісталася на тым воку, мо яны не першы раз так пакідаюць свае хаты, таму і хада іх такая рачыная. Грымелі ў цемрадзі, шкраблі цемрадзь панцырамі ракі, упаўзалі з іх княжборскай рачулкі ў раку, асірацілі, пэўна, ужо назаўсёды, сваім сыходам Княжбор. Нядобра ім стала ў Княжборы. А нядобра зверу, казюрцы, нядобра і чалавеку, будзе нядобра. Бо ўсё жывое — радня чалавеку. Родным даводзіцца яму, Махахею, і гэтае поле. Там, наперадзе, відно ўжо Воўціна. У тым Воўціне немцы ў вайну жыўцом спалілі сто сорак душ, і хто здагадаецца, хто падумаць можа сярод такой роўнядзі, як гарэлі тыя душы, як попелам рассейваліся па зямлі. Хто можа падумаць, што тут, дзе цяпер стаіць ён, Махахей, таксама магілка. Чужая магілка, а за малым богам і яго магла быць. Трыццаць — сорак гадоў ляжаў бы ён ужо тут і парыў зямлю. Але ляжыць другі. I ён стаіць на магілцы таго другога, і нішто не здольнае сёння выдаць ужо гэтай магілкі, толькі ён сам, Махахей, ведае аб гэтым, толькі памяць яго падказвае, што адбылося ўсё прыкладна тут. Ходзячы яшчэ ў падпасках, гнаў ён тут скаціну з пашы дамоў, сустрэў чужога. Сустрэў, кінуўся на заставу, прывёў пагранічнікаў. Разам з пагранічнікамі прыбеглі і княжборцы. Збіліся з ног, але нікога не знайшлі, следу нават не пабачылі і ўжо на яго, падпаска, пачалі скоса пазіраць, што ўзняў сяло: маўляў, выдзеліцца захацеў, шпіёна захацеў злавіць. I ён ужо і сам сумняваўся: ці бачыў каго, ці не. Не мог жа чалавек скрозь зямлю праваліцца. Адышоўся ў бок ад усіх, да старыцы. I там, каля старыцы, за кустамі пачуў, як цурчыць вада, прыгледзеўся і ўбачыў у вадзе чалавека.
— Сюды, сюды! — закрычаў,— Тут ён!
Прыбег на яго голас сам начальнік заставы, капітан Фурсаў: «Граніца на замку, а ключ у мяне ў кішэні».
Парушальнік знік. Зноў як скрозь зямлю праваліўся. Толькі ж што бачыў яго Махахей — і ўжо няма. Спрытныя шпіёпы пайшлі, сапраўдныя шпіёны.
— У капелюхах сядзіць, там ён, стаіўся і праз чароціну дыхае.
Так яно і было. Прачакалі яны яшчэ хвіліны дзве-тры, капялюх, ліст белых і жоўтых гарлачыкаў, загойдаўся, заварушыўся, чароціна, што тырчала з вады, пачала расці. Фурсаў падзёрся скрозь кусты да старыцы. За ім пацягнуўся і Махахей. Два стрэлы прагучалі — як адзін, спынілі яго. Нешта цененька, камарыкам піскнула па-над вухам, і чужынец пачаў асядаць, завальвацца ў ваду.
— Граніца па замку, а ключ у мяне ў кішэні,— хаваючы пісталет, сказаў Фурсаў.— Дзякую, малайчына.
I ўсё. Чужака тутака ж, каля старыцы, і пахавалі. Час зраўняў з зямлёю яго магілу. А праз нейкі час кіламетры за два адсюль, каля самай заставы пахавалі і Фурсава — «граніца на замку, а ключ у мяне ў кішэні». Добры быў чалавек, Махахей будзе памятаць яго ўсё жыццё, дзякуй яму. З усіх начальнікаў заставы быў начальнік. Пашкадаваў яго бабу Ганну, не аддаў на згубу, накінуў яе Махахею, каб яна стала яму жонкай, параджала яму дачок. А магло стацца, што аніякіх дачок у Махахея з ёю і не нарадзілася б. Ішла яго баба Ганна з другімі княжборскімі дзеўкамі. з лазы тутачкі во, берагам рэчкі. Гаманілі яны паміж сабой, колькі хто сёння зарабіў у калгасе і атрымае за лазу. У калгасе ў той час працадзень важыў паўтары капейкі, столькі ж каштавала і кожная зрэзаная лазіна, якую прымалі нарыхтоўшчыкі, каб вязаць ёю плыты: пятнаццаць рублёў — тысяча лазін. I яго баба не ў пару ўзяла ды сказала Царыцы:
— Нешта ў цябе жывот тоўсты, Маруся.
— А я сёння капусты пад'ела,— незадаволена, але ўсё ж адказала Царыца.
А ад ракі, з процілеглага, чужога берага, мужчынскі голас, здаецца, не варожы, як каялася ўжо крыху потым яго Ганна, як у Княжборы іх той жаўнерчык парадзіўся:
— А з чым капуста ваша, дзяўкі?
Дзяўкі як ішлі, так і паселі ў траву, горача ў ногі стала, і адказаць боязна і маўчаць боязна, ды і гаварыць няма чаго: з чым іх капуста, калі не з капустай толькі. I бабу Ганну як чорт пацягнуў, па яе бяду, за язык:
— А ў полякаў што, да капусты яшчэ і мяса ёсць?
— Ёсць і мяса. А вы што, нішчымную едзіцё?
— Чаму гэта нішчымную? А хоць і нішчымную, але сваю...
Вось і ўсяго, што сказала баба Ганна, а справа завярцелася, хоць у кусты, у лазу ёй бегчы. Толькі куды пабяжыш, пры заставе і пасадзілі яе, замкнулі. I мо адправілі б у горад, але вызваліў усё той жа Фурсаў. I пакрычаў яшчэ на нейкае начальства, на таго, хто браў і садзіў яе, хаця потым, як чуў Махахей, супраць яго ж той крык і павярнулі...
Махахей азіраецца: застава ўжо, ужо рэчка вялікая, сапраўдная відаць. Павінна тут быць і магіла Фурсава, а яе няма, ні следу, ні знаку ад яе, як і ад той, чужой магілы. Нібы і не ляжыць у іх зямлі, ніколі не падаў тут начальнік заставы капітан Фурсаў — «граніца па замку, а ключ у мяне ў кішэні». Вясёлы, высокі Фурсаў альбо з Разані, альбо з Яраслаўля прыехаў сюды, каб замкнуць на замок граніцу і з ключом ад гэтай граніцы пайсці ў зямлю, якую сцярог. Пайсці і нічога пасля сябе не пакінуць. I ў гэтую бясследнасць якраз і не верыцца Махахею. Мацвей Роўда, ён жа княжборскі, а значыцца, не чужы і яраслаўцу ці разанцу Фурсаву. I Махахей бездапаможна кружыць на месцы, адступае назад, як адступалі ракі, накідаючы Княжбор, вытанцоўвае буслам, што кружыў тут мінулаю вясной, калі прыляцеў з выраю да сваёй буслянкі на старой застаўскай бярозе і не знайшоў ні буслянкі, ні бярозы. Ёсць зараз і ў Махахею нешта адначасова і згублена птушынае, і зняважана рачынае, і хочацца яму, як бабру, пусціць слязу невядома па кім, невядома з-за чаго. I сляза гэтая звярыная, цёплая і мяккая, недзе ўжо коціцца ўсярэдзіне, запасіцца ў грудзях, але да вачэй не прабіваецца. Гакі знайшлі выйсце, сышлі, бусел паляцеў, бабры сплылі. Але ён, Махахей, не звер, не птушка і не рак, і ні назад, і ні па небе, і ні па вадзе яму хады няма, не сысці яму з гэтых мясцін. Ніхто і нідзе не чакае яго, нідзе і не здольны прырасці ён і прыжыцца, хоць і вялікая зямля, але родныя яму, кроўныя на ёй толькі два сажні. I ад гэтых сажняў нікуды няма дарогі. Як і родная зямля, вялікі белы свет, паглядзіш ноччу на неба, зорак там процьма — іншых светаў, іншых зямель, ало ніхто яшчэ не спадобіўся пераскочыць у тыя іншыя землі, хоць і лятаюць людзі па ракетах лепш за птушак і згараюць, як птушкі, на сонцы, але за зямлю, за гэтыя два вечныя сажні, за жменьку, а не жменьку, дык пылінку на падэшве, пясчынку астатняга кроку маючы пры сабе з гэтых двух сажняў, без гэтай пылінкі, без гэтай пясчынкі няма і не можа быць чалавека — ні лётчыка, ні касманаўта, ні мужыка. Маленькая, малюпасенькая гэтая пясчынка, мо толькі ў мікраскоп і разгледзець яе, але ёсць жа, кажуць, умельцы, што прымудраюцца кніжку на рысавым зерні запісаць. Так і на той пясчынцы, па самай малюсенькай пылінцы запісана ўжо ўсё пра зямлю і пра чалавека на ёй. I гэты запіс кожны раз аднаўляецца нанава, варта толькі кінуць зерне ў зямлю. I зямля, і зерне ўжо самі ведаюць, як ім быць, што рабіць і што пачаць. Пачынаецца круг з зерня і пясчынкі, працягваецца коласам і чалавекам, смерцю і адраджэннем: раз нарадзіла маці, то трэба і паміраці, але і жыць жа трэба. I зямля, пясок, на якім ён, Махахей, зараз стаіць, памятаюць і вечна ўжо будуць памятаць Фурсава, хаця самі людзі мо і забудуць пра яго. Забудуць, як толькі адыдуць з жыцця тыя, хто ведаў яго. Але ці можа зямля дараваць людзям забыццё чалавека, якога яна адрадзіла ў коласе, з зерня якога выпекуць потым хлеб. Ці палезе той хлеб у рот, ці не будзе дзерці, ці не стане папярок горла другому чалавеку. У ім, хоць і прапушчаным праз жорны, будзе прысутнічаць памяць таго, каго даўно ўжо няма, таму што яна, памяць гэтая, нікому ўжо асабіста не належыць, а гэта значыць — належыць усім. I ці не закрычыць, не завые смертна нехта, аб'еўшыся таго хлеба, насыціўшыся чужой памяццю, ці не загалосіць Галоскаю-галасніцай па нованароджаным ці не народжаным нават яшчэ дзіцяці, а мо аб'явіцца на свет атручанае дзіця, атручанае злою слязой няўдзячнасці за таго ж Фурсава, мо ў ім абудзіцца і тое не зусім добрае, што было ў Фурсаве, з чым ён здолеў саўладаць нры жыцці, але ці саўладае, калі памрэ. I тады зноў нованароджаны, і не адзін, а вялікае мноства іх, што ўкусілі ад хлеба забыцця, пойдуць жалезным поступам. Жалезнага Чалавека помсціць нашчадкам тых, хто паквапіўся замахнуцца па безабаронныя магілы. Нішто без ніякага знаку не даецца нікому, ні добрае, ні дрэннае. Плача ж над Княжборам ці то можа ўжо і па Княжборы Галоска-галасніца. I ўжо ходзіць па княжборскіх вуліцах Жалезны Чалавек. З'явіліся ў Княжборы ўжо богавы вандроўнікі — баптысты, штунды ўсякія. Век не ведаў такой заразы іх Княжбор. А гэта, хоць і нядобра так думаць і гаварыць аб людзях, усё ж зараза. Прыстала яна да іх вёскі, збегшы з вёсак, дзе асушэнне пачалося раней, чым у іх Княжборы. Прыціснулі іх там камяніцамі, кінуліся яны па глухіх кутках, дзе пуставалі хаты, пачалі купляць гэтыя хаты. Спачатку Махахей адносіўся памяркоўна да іх: людзі і людзі, а да таго ж і вераць яшчэ нечаму. Чужую веру, хай і няправедную, ён паважаў, бачылася яму заўсёды за гэтым нешта моцнае і трывалае. Але, калі прыгледзеўся, нічога, акрамя ўдаванай ціхамірнасці, за гэтымі баптыстамі ён не знайшоў. На словах яны былі толькі ціхія ды рахманыя, а калі ж тычылася нечага сур'ёзнага... Андрэй Вырастак, малады і прыгожы хлопец з баптыстаў, што запаланілі вёску, чацвёртай княжборскай дзеўцы галаву кружыць: запішашся ў секту — вазьму замуж. Тры дзеўкі ўжо яму паверылі, запісаліся, чарга чацвёртай ужо. Вось табе і вера, і не падмані, і не ўкрадзі. Бугай на прыманцы ў ціхіх веруючых. I людзі з тых вёсак, з якіх з'ехалі баптысты, шчыра радаваліся: «А вы думалі, да вас нешта людскае паехала, хто мяняе, у таго заўсёды хамут гуляе». Праўду казалі, людскага мала да іх прыехала. «Мы падманем, украдзем, мы ў бога і дараванне вымалім». Добры бог, калі яго на што хочаш падгаварыць можна. У яго няма такога бога. Толькі пракурор, калі што не так — адразу за каршэнь. I цяпер ён ужо караў Махахея за тое, што той так кепска думае аб людзях, аб тых жа веруючых і аб тых, што зааралі, зраўнялі з зямлёю магілу капітана Фурсава, і нават аб не народжаных яшчэ. Нагаворваў: адкуль, маўляў, табе, Цімоху Махахею, ведаць, якімі будуць тыя, што з'явяцца на свет пасля цябе. Ды, можа, у дзесяць разоў лепшымі будуць за цябе. Ты трымаешся за сваю хатку, соткі, жонку сваю, а яны за ўвесь белы свет будуць так трымацца. Вось дзед Саўка, бацька Аркадзя Барздыкі, калі пачалася вайна, прыйшлі немцы, залез на сваю печ і не злазіў, пакуль не прыйшлі ў хату партызаны разам з дзедам Дзям'янам і не пабудзілі яго. «Ты чаму, Саўка, не ваюеш?» — спытаў яго дзед Дзям'ян. «А няма дзе ваяваць»,— адказаў Саўка і павярнуўся на другі бок. Падумаць, дык, здаецца, і праўду сказаў: ні ў хаце, ні па сотках дзеда Саўкі ворага — немца не было. Але ўнук яго, Васька Брытан, пэўна, так ужо не адкажа. А меліяратары, той жа Мацвей Роўда, далі Княжбору зямлю, дадуць яму зямлю, якой ніколі не меў Княжбор, аб якой толькі марылі княжборцы. Расказваюць, калі перабраліся яны сюды з-за рэчкі і пачалі дзяліць з суседнім сялом зямлю, суседзі выставілі такую ўмову: вось наш мужык, вось ваш, пракрычаць апошнія пеўні — пабягуць яны, і дзе збягуцца, дзе стрэнуцца, там і мяжа між нашай зямлёю будзе пракладзена. Кпяжборцы не вытрымалі, выпхнулі свайго бегуна яшчэ недзе да першых пеўняў. Апошні ж намерыўся толькі голас падаць, а ён ужо пад хатаю таго бегуна з суседняга сяла. Раззлаваліся суседзі, што парушаны дагавор, і сказалі: прабег ты добра, а цяпер нясі яго назад, і, дакуль данясеш, там і межавацца будзем. А дакуль ён здолеў данесці, калі ўсю ноч бег. Пастанавілі тады суседзі абрэзаць княжборцаў па самыя хаты. Так і зрабілі. I сёння было б так. А цяпер дай бог рук набрацца, каб управіцца з той зямлёю, што будзе ў іх. З усіх чатырох бакоў стаіць голы Княжбор, глядзіць на поле, ужо амаль што яго поле. Якой жа трасцы яшчэ трэба табе, Махахей?
Так угаворваў Махахея той, што быў пад ім. I ўпершыню Махахей не згаджаўся з ім. Атрымоўвалася нешта дзіўнае і незразумелае Махахею, як не сам-насам стаяў ён на магілцы таго, што маўчыць ужо каля сарака гадоў, гаварыў не самому сабе, а выступаў перад людзьмі на сходзе, і людзі прыглядваліся да яго, і яму трэба было паказаць сябе. I Махахей адчуў сорам, яму здавалася, што Фурсаў, якога ўжо не было, які ўжо павекі зліўся з зямлёю, пяском і травамі, ветрам і сонцам, наракае па яго, што ён чакае ад яго па сваёй магіле зусім іншага. I Махахей, адчуваючы, як нібы свінцом наліваюцца ногі, бы нехта трымае яго за ногі, заспяшаўся прэч, да рэчкі, дзе можна было адпачыць і падумаць пра што-небудзь іншае, больш прыемнае, увайсці ў цішыню і адзіноту снегу, што зіхацеў і пераліваўся па сонцы, у плынь вады, што пад ільдом не мазоліць вока, у думкі дрэў, што растуць на беразе рэчкі.
Але дрэў, да якіх ён прывык, каля рэчкі не было, стаялі толькі пні, магутныя, як тром чалавекам абхапіць, і ў рост чалавека. «Хто ж сатварыў вас, пні?» — не наважваючыся падысці да іх, прыпыніўся, замёр нават Махахей каля пакінутага гадоў пяць назад на беразе буксірчыка, пакінутага таму, што быў ён ужо вельмі стары і нікуды не варты, ці то таму, што абмялела іх княжборская рачулка, па якой ён не здолеў падняцца ўверх і, падобна на тое, не схацеў спускацца ўніз, выходзіць вусцем на вялікую рэчку, застаўся на мелкім, што стала апошнім яго прытулкам. Махахей добра ведаў, што парубкі па беразе рэчак забаронены, апрача так званых санітарных. Але што тут тыя санітары-леспрамгасы маглі ўзяць, тут яны сваё адсанітарылі ўжо, спляжылі ўсё, што можна было спляжыць, упісаць у план, вольха ж, якая ў план непрыгодная была, скончылася сама. Засталіся толькі. дубы пры самым беразе, вось гэтыя самыя, ад якіх цяпер адны толькі пні, хоць помнікі ўсцягвай на іх і расстаўляй уздоўж берага. У каго ж гэта толькі паднялася рука на гэтыя дубы...
Выходзіла на тое, што ў саміх леснікоў, з-за іх ненажэрнай глоткі сканалі тут дубы. Зразумела цяпер, чаму ён за ўсю зіму ані разу не бачыў цвярозым Сідара Шчура, усё як ні сустрэне — п'яны і п'яны, да таго дайшоў, што неяк патрабаваў, каб ён, Махахей, паставіў яму бутэльку. Вёз Махахей дамоў на дровы сухастоіны, вольху, мо нават і пара бярозак была, з брацкіх магілак браў, з поля ўжо, а не лесу, з ляда, што звёў Мацвей Роўда,— браў без разбору, гарэць будзе — і добра. Здалёку, з другой нават дарогі., замахаў яму Сідар Шчур, заварочвай, маўляў, сюды. Махахей не паслухаўся: трэба табе, дык і сам падыдзеш, не вялікі начальнік. I Сідар з цяжкасцю, але ўзбіўся па цаліку да яго, на нагах не трымаўся: «Білет табе трэба выпісаць, Цімох.— Вочы пасалавелі, і падняць ён ужо іх не можа, і морда шызая, што зямля.— Я падыду да цябе, Цімох».— «Дарэмна ногі патраціш, Сідар,— адказаў Махахей.— Не з твайго лесу гэты алешнік. Лесу, лічы, у цябе ўжо няма».— «Ёсць,— набычыўся Сідар.— Ёсць ляснік, павінен быць і лес».— «Пахмяліся, зірні вакол — дзе той лес?» — «А я ўсё роўна ляснік, і білет табе трэба выпісаць, а не, дык акт складаць будзем»,— вачэй ад зямлі Шчур так і не падняў, так і не зірнуў у твар яму, Махахею. «Складай акт, абавязкова акт»,— сказаў Махахей і панукнуў коніка. Вось па гэтыя «акты» Шчуру, складзеныя ў карчме Лявона Цупрыка, і пайшлі тыя дубы, што стаялі тут. Усё пад актам, і ўсе пад актам, на ўсё ёсць адпаведная паперка, толькі няма ўжо нічога, няма дубоў, аголеная зямля, аголенае неба пад галавою.
I Махахей узняў галаву і паглядзеў на гэтае неба, і яно падалося яму зусім не тым небам, якое ён з дня па дзень прывык бачыць пад сабой. Нечага сёння ўжо не ставала ў тым небе, нешта ўжо было там не на месцы, хаця і сонца было, і месяца агрызак боўтаўся, як боўтаецца ў вадзе надкусаны яблык. Але не адчувалася ў гэтым вясновым сонцы, як гэта было раней, маладой вясенняй моцы і задзірлівасці, і вісела яно, здаецца, не там, дзе б належала яму зараз вісець. Махахей успомніў, што і падымалася яно таксама неяк нязвыкла. I на самой рэчцы ўсё было перайначана, хаця яна, рэчка, здавалася, была такою ж, як і раней, нічога не змянілася ў яе берагах, у яе старыцах, як і раней, правы бераг — пакаты, левы — стромы, круты. I з круч звешваліся на раку ледашы, капала з гэтых ледашоў светлая вада, і светла, як крык вясновай птушкі, сквірчэў, размякаючы ад гэтай вады, лёд, заклікаючы яго, Махахея, да асцярожнасці: вясна, маўляў, хоць і не трашчу, а ўпушчу. I ён запацюкаў перад сабой сякеркаю, спрабуючы трываласць лёду, правяраючы, ці няма прамоіп. Лёд падымаў яшчэ паўсюдна; мо ён бы так і краўся, пацюкваючы, да самай лазы, да правага пакатага берага. Але тут з левага з'ехаў на рэчку параконны і парасанны поезд. Незнаёмы Махахею чалавек вёз гэтым поездам з боку яго Княжбора пяць дубкоў, нятоўстых, але добрых ужо, гонкіх і каржакаватых адначасова.
Махахей падзівіўся з такога дзіва і не вытрываў, спытаў:
— Дзе ж гэта ты ўзяў столькі дубоў?
— Дзе ўзяў, там ужо няма,— і задаволена, п'яна рагатнуў: — А ты вось, рыбак, рыбку ловіш.
— А я вось рыбку лаўлю.— У словах гэтага чалавека Махахей пачуў не толькі задавальненне, але і пагарду нейкую, што займаецца ён пустым, бавіць толькі час. I таму ён хоць і не дараваў гэтаму чалавеку крадзяжу дубоў, але асуджаць яго не спяшаўся, хаця быў на ўсе сто ўпэўнены: дубы гэтыя — крадзеныя, несумленныя, глотачныя, калі і не ў Сідара Шчура, то ў некага іншага, падобнага па яго, за гарэлку купленыя. Мужыку прыперла, ён і купіў, як мог бы купіць і ў дзяржавы. Уласна кажучы, той жа Шчур быў яму дзяржаваю і нават, пэўна, больш, чым толькі дзяржаваю, яна ж паставіла яго адказным за той жа дуб, дуб быў у Шчура і пад Шчурам, такім чынам, здаецца, не меў ужо да дзяржавы ніякіх адносін. I да таго ж чалавеку гэтаму было са Шчурам прасцей, ён ведаў, як яму да яго падысці, колькі даць, каб без валакіты выбраць, што яму трэба, і з дапамогаю таго ж ІІІчура ссекчы, пагрузіць і павезці. Хіба ж дзяржаве было пад сілу такое. Звярніся да яе чалавек па эшалон лесу, таго ж дубу, тут бы яна пайшла насустрач, з запаведніка, але вытралявала б той эшалон, хоць на мясныя калоды для Сібіры, хоць і за Сібір — куды хочаш: для кабінетаў і ідалаў усякіх дубовых, за мяжу. Пра ўсё гэта Махахей водаў добра, таму што сам будаваўся, нахадзіўся, папрасіўся і паслухаўся. I таму ён асудзіў гэтага чалавека не за крадзеныя дубы, а за іншае.
— Як жа ты наважыўся па такой рацэ ехаць? — сказаў ён з папрокам.