Але яны гэтае яе «толькі» ўжо і не чулі. Не да яе «толькі» ім было. За гэтым «Пятром Першым» яны раптам як зрок набылі, убачылі бясконцасць гэтага свету і часу і як з галоднага краю апынуліся рантам па гэтай зямлі і прагна накінуліся па ўсё, што мелася ў шкапах у Цупрычыхі. Чыталі пра вайну і пра каханне, пра заводы і фабрыкі, і пра капіталістаў чыталі. Не прызнавалі толькі кніжак пра сябе, пра вёску і вясковае калгаснае жыццё.
— Ой, кінь, надакучыла,— плявалася баба Ганна, як толькі Махахей браў у рукі кніжку аб вясковым жыцці.— Ці то я пра кароў яшчэ не ўсё ведаю альбо смуроду таго, гною яшчэ не нанюхалася. Во як людзі жывуць, булкі з макам кожны дзень ядуць — гэта цікава. А пра пас з табой хай яны нам не брэшуць. Я пасівела ўжо байкі іхнія слухаць.
Але адбівалася баба Ганна ад кніжак пра сябе толькі ў бібліятэцы, а калі выпадкова ці падманам Махахей прыносіў у хату кніжкі аб вясковым жыцці, іх таксама чыталі ад назвы да закліку прысылаць водгукі. I якім бы цяжкім ні быў дзень, вечарам баба Ганна прыбірала ўсё са стала, ледзь не з мылам мыла цырату, засцілала яе раённай газетай і на газету клала перад сабою кніжку. Вёска ўжо смяялася і звягала: што гэта з імі здарылася, не інакш, у акадэмію рыхтуюцца. I Ясеніна Цупрычыха падсунула ім, каб пакпіць з іх:
— Маладым вершыкі падабаюцца. Мо і вы знойдзеце што-небудзь сабе... пісьменнікамі ў нас будзеце...— Пад Ясеніпа запісала ім яшчэ кніжкі тры ці чатыры: «Трусагадоўлю», біяграфію нейкага чалавека і яшчэ нешта, цененькае, праўда. Растлумачыла: — Гэта мне да плана ўжо.
— Ты што, Верка, з глузду з'ехала? — Не пераносіла Ганна Цупрычыху і тут не вытрывала.— Я не да Лявона твайго ў лаўку прыйшла, а да цябе ў бібліятэку. Што ты мне непатрэбства ўсякае сплаўляеш?
— Гэта кніжкі, а не непатрэбства,— і з націскам, каб зусім ужо дабіць Махахеіху:— Грамадска-палітычная літаратура. Кніжкі чытаеш, а цёмная. Лявон мой пры пасадзе і дзяржаўнай справе — яму план спускаецца. Я таксама пры дзяржаўнай пасадзе, і мне не толькі грошы плоцяць, але і план даводзяць.
— Ой-ё-ёй, што ж гэта робіцца,— здаецца, спалохалася баба Ганна.— На чытанне і то план... Дык табе ж, Верка, план спушчаны, табе ж, сама кажаш, грошы плоцяць, ты і выконвай.
— Я, баба Ганна, толькі забяспечыць гэта тут пастаўлепа. А выконваць павінны вы.— Цупрычыха як не ў пояс пакланілася Махахеям.— Ну дык як? Будзеце выконваць?
— Будзем, будзем,— сказаў Махахей. I яны ўзялі ўсё, што ім прапанавала Цупрычыха, для сябе і для яе плана. I каб не было падману, усё і прачыталі, усё дарэшты, апрача «Трусагадоўлі». Спрабавалі чытаць і «Трусагадоўлю», але яна не пайшла, не па іх інтарэсах. Інтарэс жа іх быў хоць і невыразны, яны не абгаворвалі яго, але разумелі без слоў, што ім трэба. У новую хату Махахей так і не ўлез, хаця накрыў. Надзька з'ехала, і ў старой хаце ім было няўтульна і адзінока, яны як бы раптам асірацелі, бы ў іх хаце замест дачкі, што з'ехала, пасяліўся нехта чужы. I гэтым чужым была маркота, што хапала за сэрца, не тая туга і маркота, якая ад беднасці і нястачы альбо якога-небудзь іншага гора, пра якое ўсе ведаюць і якое ва ўсіх навідавоку, туга і маркота нябачныя, неўсвядомленыя і таму асабліва цяжкія. Падлога ў хаце і тая пачала марнець, пачарнелі пафарбаваныя маснічыны, бо цяпер мала і рэдка хто ступаў па іх, мо нават і ад таго, што гаспадары цяпер глядзелі на іх іншым, непрыветным вокам, не адчувалася ўжо той былой сувязі і прыязнасці, што існавала паміж гэтымі маснічынамі і людзьмі, якім яны дагаджалі. I маснічыны, што, здавалася, ужо даўно павінны былі ўлежацца, раптам павяло, пакурчыла, скасабочыла. А ў сценах, у бярвенні, прачнуліся і шалёна запрацавалі тачыльшчыкі, засмецілі падлогу жоўтай парахнёй, як кветачным пылком. I пылок гэты, парахня, сачыўся і сачыўся з нябачных дзірак і шчылін, нібы дом плакаў пылам, жоўтымі слязьмі, сам сябе жэр і плакаў. Адчувалася ў ім ужо нешта нежылое, адмерлае. Адзнака гэтага адмерлага адчувалася і на іконе святой багародзіцы, што цьмяна паблісквала сусальным золатам у красным кутку. I сама багародзіца ўжо счарнела і пацьмянела так, што не згадаць было ні адзення яе, ні твару, жылі на іконе адны толькі вочы, як і ў старой Махахеіхі, якой і належала гэтая ікона. I яны, багародзіца і старая Махахеіха, цяпер былі вельмі ж падобнымі адна на адну, з адной і той журбою, і пазірала кожная з свайго кута адна па другую, бы пытала: а што далей? Моўчкі любілі і моўчкі ненавідзелі адна адну.
З надыходам зімы, калі ўжо лёг снег і стала рэчка, маці Махахея як легла на палаці, так і не ўставала з іх, толькі калі ўжо трэба было ёй на двор. Але калі хадзіла яна на двор, пі Цімох, ні Ганна не бачылі, старая хавалася, што кошка, як і не было яе ні ў хаце, ні на свеце, бы растала яна ва ўсіх гэтых рэчах, што так хутка пачалі старыцца,— у зжаўцелых ручніках, накрыўках і вышыўках, што развешаны па сценах і над іконай, у павуцінні, якое завялося па столі і па кутках. Газам са старой нечакана падалася і печ, да якой яна была прыкута палацямі. Карабель яе, здавалася, па цаглінцы злеплены, складзены на вякі, які займаў амаль што паўхаты, карабель амаль што неверагоднай трываласці раптам як пачаў цякці і хіліцца. Так, печ пахілілася, бы рашыла выйсці з адведзенага ёй кутка і выйшла. I цяпер вось мучылася і пакутавала, ганіла сябе, што яна такая непаслухмяная, кланялася, прасіла прабачэння ў хаты, у людзей, якія жылі ў ёй. А з падпечча цягнула скразнякамі, бы атабарыўся ўжо там нехта іншы, дыхаў там, самаўладны, халодны і злы. I дыханне яго халоднае, паміранне старой хаты адчувала і хата новая, у якой яшчэ ніхто, акрамя буслоў, і не жыў, але якая, здаецца, таксама памірала ўжо, так і не прыняўшы, не пусціўшы людзей. I ў той новай хаце ўсё счарнела і жоўта загнаілася ад нежыці, ад таго, што вельмі доўга будавалася яна, ад халоднай і з дажджом восені, а больш, пэўна, ад усведамлення, што ніхто так і не зойме гэтую хату, ніхто не паселіцца, не пашкадуе, не сагрэе, ад тугі і маркоты гаспадароў, якія ўрэшце перадаліся і хаце. Асірацінелі абедзве хаты Махахеяў, і, здаецца, сам Княжбор асірацінеў, і сонца над ім стаяла хаця і ласкавае, цёплае, але нейкае сірочае, такія ж беглі і дні. Клопаты і турботы былі такімі ж, як і раней, але не ставала ўжо ў гэтых клопатах і турботах былой цягавітасці, толькі вымушанасць, заведзенасць. I таму цяпер так пільна прыглядаліся да кожнага друкаванага слова Цімох з Ганнаю, давяраючы больш яму, больш давяраючы пісьменным і вучоным людзям, чым самім сабе: ці было ўжо такое з людзьмі, ці ламалася ўжо так іх жыццё, ці гэта з імі толькі так...
Чытала баба Ганна, а Махахей іграў на гармоніку і думаў, што ўсё ўжо было па гэтай зямлі, і гэтае былое кожнаму па зямлі ўсё роўна нанава, нанава, хоць паўторыцца і дзесяць, і дваццаць разоў, паўтараюцца мо нават і не справы, а людзі, чалавекі. I нечага ківаць і наракаць на справы — яны спрадвечныя. Але як усё ж дапусціцца да такога, што ён бачыў сёння, як можна чалавеку нават быць сведкаю такому. Вось ён грае цяпер па гармоніку, як нічога і не было. А было ж, было ж. I ці можна пасля таго ўсяго, што было, граць на гармоніку, як не рассыплецца гэты гармонік, як ён церпіць чалавека, яго, Махахея, церпіць і не гарыць у яго руках. Павінен гарэць, палаць, бо не мае ён моцы і смеласці прызнацца, што ўсё бачанае ім было яваю, а не сасніў ён гэта.
Сёння з раніцы ён надумаўся пайсці па рыбалку. Усё роўна рабіць дома не было чаго, а бралася ўжо на вясну, і дні стаялі такія доўгія, што хоць у баптысты запісвайся і вучыся малітвам. Уставалі ж яны, Цімох і Ганна, па даўняй, маладой яшчэ, завядзёнцы, калі, акрамя парасяці ды гусей з качкамі і курамі, былі ў іх яшчэ і кароўка, і бычок альбо цялічка каля гэтай кароўкі, у пяць раніцы. Уставалі і завіхаліся да самага позняга. Цяпер можна было і выспацца, даць сабе перадышку, але сон ужо не браў іх. Ляжаць з расплюшчанымі вачыма і слухаць тачыльшчыкаў было невыносна, бы нябожчык у хаце ляжаў, здавалася, што гэта самі яны нябожчыкі, адпачываюць ужо па тым свеце. Уздымала з цёплых і мяккіх ложкаў нешта невядомае ім самім, рукі паднімалі, прасілі, каб іх хоць зашчамілі куды, задзелле хоць якое далі. Баба Ганна хацела ўжо зноў ісці, на ферму, прасіцца ў даяркі, але Цімох не пусціў яе:
— Унё, што прыдумала, альбо то на розных работах горш. Розная работа не сцягваецца ж так.
— Не сцягваецца вам, мужыкам. Нарадная ля Цупрыкавай карчмы. Цупрык адчыняе сваю карчму, і вы па парад. Канечне, вам не сцягнецца.
— Нам не сцягнецца,— пакрыўдзіўся нават Цімох на сваю бабу і адпомсціў ёй.— Толькі калі ў даяркі табе зноў, дык у хлеве ў нас пуста, сена няма.
— У нас у хлеве няма, а ў калгасным ёсць, нарабілі.
— Рабілі сена заўсёды ў калгасе, толькі ты, баба, забылася, як сваё посцілкамі калгасным каровам цягала.
— Цягала,— тужліва пагадзілася баба Ганна,— а больш не пацягну, няма чаго цягаць.
— Дык вось і сядзі на печы.
Сядзелі абое і папускацца нават пачалі ўжо, каб не так маркотна было, пачалі нават ката нанач у хату пускаць, хаця і папікалі сябе, гаварылі кожны раз: то не кот, што паперад хазяіна ў хату бяжыць. Але што зробіш, шмат чаго змянялася, свет перайначваўся, трэба было перайначвацца і ім. Жыццё іх палягчэла, і яны прыстасоўваліся да яго, не ведаючы, як выскачыць з яго, чым абцяжарыць, і абцяжарвалі, запаўнялі драбязой і глупствам, з чаго раней першыя кепікі пачалі б строіць. Баба Ганна, як і папраўдзе з глузду з'ехала ад тых кніжак, пачала сама нешта запісваць у старыя сшыткі дачок, што былі не дарэшты яшчэ спісаны. Сшыткі гэтыя былі складзены ў куце, і іх ніколі не выкідвалі. Папера і газеты, як, прынамсі, і ўсё іншае, што трапіла ў іх хату, захоўвалася ў ёй ужо свята і вечна, так вось і гэтыя сшыткі. Аднойчы Цімох зазірнуў у адзін з іх: што там драпае, як кура лапаю, яго баба. Зазірнуў і прачытаў: «Сёдні серада. Ідзе снег». «Пайшла восьмая нядзеля ад ражджаства. Павінны прыляцець буські. Скучыла без буськаў. Гуска знесла першае яйка. Села на старое месца. Гусак ждаў і сцярог». «Восем нядзель роўна ад ражджаства. Буськаў няма. Мо то і не прыляцяць у етым годзе. Дзе сяліцца ім, бедным...» Махахей уздыхнуў над крывымі, але старанна выведзенымі літаркамі: пражыў век з бабай, а ведаць яе не ведае. Хто б гэта здагадаўся прыдумаць, што яна чакае тых буськаў, свет прахам ідзе, мароз лютуе на дварэ, а ёй буслы паўме. I яму самому захацелася нечым дагадзіць і жонцы, і буслам. Тады ён і прыдумаў выстаўляць нанач у сенцы вядро з вадою. Калі не замерзне талі, у сенцах, вада, значыць, адліга і можна выходзіць глядзець буслоў. Але вада кожны ранак замярзала, да сённяшняга дня. Сёння ўпершыню вада ў вядры не схапілася лёдам. Ён адчыніў сенцы, неба замазана хмарамі, але неяк па-вясноваму сіне-святочнымі. Вось і рашыў ён выправіцца парыбачыць, паглядзець, ці не з'явіліся ўжо на Балоні, у дуброве альбо Храпчыне буслы. Узяў у каморы бутэльку, дастаў з печы чыгунок, у якім адтоплівала баба Ганна кіслае малако, пачаў зліваць з чыгунка ў бутэльку сыроватку і не прыкмеціў, што бяжыць яна не ў пляшку, а ў паганае вядро: горка яму было— не сваё малако, не свая сыроватка. Ненене давала ім малако, як ні цяжка ёй было, а яна ўсё яшчэ трымала карову, двух бычкоў здала калгасу за сена.
— Куды іллеш, куды іллеш, — забуркацела, падхапілася з ложка баба Ганна. Махахей адразу і не ўцяміў, чаго гэта яна, потым ужо цюкнула: што гэта ён як не хадзяін у сваёй хаце, над паганым вядром сыроватку ў пляшку налівае. А баба Ганна ўсхадзілася не на жарт:
— Як яны, што меліяратар, пачаў, што Мацвей Роўда. Я кожную крошку кабану, а ён на вецер.
— Дзве кроплі ўсяго не туды і пабегла,— збянтэжана пачаў апраўдвацца Махахей, разумеючы, што нечага яму тут апраўдвацца. Сапраўды як той меліяратар — і сваё сваім не лічыць. Тыя ні аб чым не дбаюць, чужое ўсё ім.
I бачком, бачком пасунуўся моўчкі з хаты, каб не выйшла яшчэ большай спрэчкі, каб спакойна і з ціхамірнай душой лавіць тую рыбу, хаця і не надта верылася яму ў тую рыбу, хаця і лічыў ён зімнюю рыбалку так, забаўкай, і не толькі забаўкай, а і нечым не зусім дазволеным: як ёсць звер, што па сваёй прыродзе павінен узімку спаць, так павінна ўзімку адпачываць ад чалавека і рыба. I не варта яе дражніць. Княжборцы ніколі зімой яе не дражнілі. Зрэдку хто з іх ставіў на рэчцы ў такі час жакі, больш ішлі на азёры, на адрэзаныя ад праточнай вады старыцы. I промысел там быў на карысць не толькі чалавеку, але і возеру, рыбе, што жыла ў ім. Высякалі лёд, ставілі ў азёрах рэшаты, плеценыя з лазы. На свежае паветра лезлі ўюны, траплялі і ракі, плоткі, шчупачкі, падлешчыкі, але больш за ўсё — уюны, нашывалася іх іншы раз як панесці вядро, а то і два. Ракаў выкідвалі адразу, грэбавалі імі ў Княжборы, лічылі паганымі, а ўюноў сушылі ў печы і па нечы, набівалі мяхі і торбы, каму колькі трэба. Ставілі і вешалі гэтыя мяхі і торбы ў каморах і расцягвалі па жменьцы па кішэнях за зімку, вясну, лета. Хрумкалі імі, як гарбузікі лускалі. Летам, калі не ставала мяса, варылі суп і юшку. Не сказаць каб вельмі ўжо княжборцы ўшаноўвалі гэтых уюноў, не лічылі іх пі рыбай, ні мясам, бо хапала і сапраўднай рыбы, было і мяса. А ва ўюнах бачылася аднавяскоўцам Махахея таксама нешта трохі і брыдкае, вужынае. I ўюны, бы адчуваючы такую правіну за сабою, хаця і не зводзіліся з княжборскіх балот, было іх там процьма, але, акрамя як зімой, на вочы чалавеку і на яго рыбалоўныя прылады не траплялі. А цяпер ужо гады тры, пачалася меліярацыя, і зусім зніклі. Спачатку пайшлі, пашыліся ў зямлю, у гразь, папляміўшы гэтую гразь кропкамі свайго сыходу. Хлапчукі капалі іх лапатамі, выцягвалі з гразі і рукамі, зводзячы пальцы ў замок, каб не выкруціцца ўюну, узяць яго мёртва, і, што наспелі, што можна было, выхапілі з гразі. А потым гразь гэтая акамянела, і ўюны ці то згінулі разам з ёю, ці то пратачыліся ў падземныя азёры і воды, калі яны яшчэ меліся ў Княжборы, не перасохлі. I, хочаш не хочаш, вымушаны быў Махахей пераходзіць з рэшатаў на дрыгалку — рыбачыць блясёнкай. Не сказаць каб вельмі ўлоўная прылада, ды і часу, цярплівасці на яе запасіцца трэба было, але работа, гаспадарка цяпер ужо не трымалі і не пынілі яго так, як раней. Можна было дазволіць сабе і пазабаўляцца. Ён выходзіў на гэтую забаўку некалькі разоў да гэтага дня, але ўсё не ў час. То быў маладзік, і рыба стайвалася, то наадварот — поўня, ну і, канечне, рыба разбягалася. А апошнім разам, калі, здаецца, усё павінна было спрыяць рыбалцы — і месяц, і надвор'е, і шчупак павінен быў «памяняць зубы»,— не пашанцавала зноў: трапіў па так званую п'етру. Што гэта такое, ведаў толькі адзін Махахей ды сёй-той яшчэ з рыбакоў Княжбора. Калі рыба зімою не бярэцца, значыць, настала п'етра: вада пасля марозу ўпала, адышла ад лёду, паміж лёдам і вадою ўтварылася паветраная падушка, і хутчэй можна злаўчыцца і ўкусіць сябе за локаць, чым спаймаць якую б то ні было рыбіну. I перад новым сваім паходам Махахей доўга чакаў, калі месяц павернецца і стане, як яму належыць, і ўстаіцца падвор'е, калі знікне гэтая п'етра. I дачакаўся, калі пайшло ўжо на вясну, надвор'е стаяла мяккае і роўнае, выграбся з хаты яшчэ ў прыцемках і адразу — да адзінага ацалелага каля Княжбора азярца — да Вясковага. Да святла ўздоўж і ўпоперак пацюкаў гэтае Вясковае сякеркаю, але каб што дзыбнула, так і не дачакаўся, ні адзінага акунёвага ўдару, хаця махаў той дрыгалкай, дрыгаўся сам, як штунда-трасун, упрэў ад той работы. Хацеў ужо на ўсё плюнуць і шыбаваць дамоў, але заела: не можа такога быць, каб ён, ды ў сваёй вадзе, ды не спаймаў ані жабы, ані рыбіны.
Махахей, ахаланаючы, уладкаваўся на паваленай, умерзлай у лёд асіне, прыгадаў, дзе можна пэўна спадзявацца, што нешта зловіцца. Мясціны ўсе, усе яміны, віры, завоіны ён ведаў напералік, але цяпер успамінаў аб іх, як успамінаюць нябожчыкаў. Абрамчукову яміну на рэчцы абрэзалі, калі спрамлялі рэчку, абрэзалі і па векі вечныя засыпалі той яміне вочы, тое ж было і з вірам каля бабскага пляжа. Сёння не было ўжо знаку і ад самога пляжа. Віры каля Свілёва перасохлі, дзе раней была круча, завоіна, цяпер... дуля там з макам. I выходзіла па тое, што рэчка яго цяпер ужо не рэчка, яму не рэчка. Мо хто яшчэ і назаве яе рэчкай, але, пэўна, гэта будзе толькі той, хто народзіцца пасля яго, хто не бачыў і не ведаў, што такое сапраўдная рэчка, у яго язык не павернецца, каб абразіць сваю памяць і памяць рэчкі. I, такім чынам, у прыбытку заставалася тая ж самая дуля, да самага Храпчына, да вялікай ракі, на якую сёння ў Роўды не стае яшчэ моцы, няма чаго і рабіць, не варта і размотвацца. I Махахей, усё яшчэ распалены, скінуў шапку, бы не яго рэчка і не яго Вясковае возера, не яго зямля былі перад ім, а стаяла труна і ён развітваўся з тым, хто ляжаў у гэтай труне. Наскочыў вецер, раскідаў і высушыў яго сівыя і рэдзенькія ўжо валасы, студзіў, сіверыў галаву і лоб, але ён нібы не адчуваў холаду, не баяўся прастыць. Не паднімаючы галавы, падняўся з асіны і, не выбіраючы дарогі, пабрыў спачатку Вясковым, потым рэчкаю да Храпчына. Шыбаваў Свілёвам і Балонню, праз сваю дуброву, няўтульную і зябкую без падтрымкі іншых дрэў і кустоў, ішоў, паглыбіўшыся ў сябе, бы на самай справе развітваўся з усім, што бачыў, з кожным дрэвам, кожнай купінай і кожнай лагчынкай. I, развітваючыся, непрыкметна раставаў і саграваўся, таму што паступова набываў іншы зрок. I паўставала перад ім не толькі тое, што было тут цяпер, але і тое, што было раней, і такім, як гэтае былое запала некалі. ў душу, легла на душу. Дзівіўся, жахаўся з сваёй памяці, разумеў: нішто з таго былога незваротнае, і шкадаваў, але не сябе, не мінулае, што прарастала перад ім дубняком, клубілася стагамі сена, што беглі ўдалячынь, і пад зямлёю бруілася крыніцамі, шкадаваў і не гэтую невядомую яму зямлю, якую і хацеў, але не здольны пазнаць і прыняць, лічыць сваёй, а ўсё таго ж пабочнага, чужога, які сёння мо яшчэ і не нарадзіўся, але які абавязкова народзіцца, і прыйдзе, і з'явіцца. I што ж ён убачыць, як і на якой мове загаворыць з ім, з Махахеем, ужо мёртвым, ці зразумеюць яны адзін аднаго, паляшук палешука, ці не перавернецца ён у трупе, ці не выцягнуць яго з труны і не развеюць прах яго па ветры. Ці прызнае той, невядомы сёння яшчэ свету, гэтую зямлю, ці палічыць яе сваёй, ці зразумее, чаму яго дзяды і прадзеды і ён, Махахей, на краі жыцця, на краі сваёй магілы прымаюць усё — як ёсць; і як будзе — таксама ўсё прымаюць, таму што ён і іншыя ведаюць і бачылі не толькі, як ёсць і як будзе, але і як было. Бачылі і адстайваюць гэтае як было. Сённяшняе, цяперашняе як ёсць замешана, учынена на яго поце і крыві, ён чуе і адчувае гэтыя свае пот і кроў. А ці будзе адчуваць той, што ідзе за ім, калі ён, Махахей, і следу, і знаку ад гэтага следу яму не пакінуў, калі вакол толькі палі і налі — і на гэтых палях і вакол іх усё толькі для патрэбы, для жывата. Ці не заные, ці не занудзіцца душа ў таго, які яшчэ не радзіўся, ці не паўстане ён, хаця яго яшчэ, зразумела, няма, але душа яму ўжо створана і створана, складзена, злеплена сёння і з таго, што ёсць сёння, чым жыве гэтае сёння і чым жывуць ён сам, Махахей, і баба яго Ганна. I не з хлеба яна і булак, не з гарэлкі і віна, не з прысмакаў і ласункаў адных, а і з самога Палесся трохі, з лясоў і балот яго, з рэчак і ручаёў, з вады — з дрымучасці і глухамані складвалася і нараджалася яна, ажыла, увайшла ў чалавека і разам з ім пайшла па белым свеце і прыняла яго, прызнала, бо няма нічога — няма і душы, абсечаны карані — засохла і дрэва. I тады, каб неяк выратавацца, падоўжыць не жыццё, а паміранне, застаецца адно: ні па што не зважаючы і не азіраючыся, ні чужых, ні сваіх не прызнаючы, маючы адну толькі думку, адно жаданне: чаго б тое пі каштавала, ды толькі выжыць — грабці і грабці ўсё пад сябе, бо на ўсіх усё роўна ж не хопіць. Вось і ён ужо шыбуе па чужога, па ёршыка, які яму не належыць. Ёршык той, канечне, не крадзёж, дробязь гэта, пусцяковіна, але ж не яго дробязь, не яго пусцяковіна, яго ёрш плаваў, гуляў пад яго ж хатай і быў сто год не патрэбны яму. Не патрэбны да той пары, пакуль не стала гэтага ёршыка смаркатага, пакуль не звёў ён яго. Як толькі звёў — спатрэбіўся. За шэсць кіламетраў бяжыць ён на яго і галосіць: вярніся, вярніся, ніколі не абражу цябе, не назаву смаркатым, не выкіну на сонца, на пясок паміраць на беразе, патрэбны ты мне — неабходны, хаця карысці ад цябе аніякай: хвост ды калючкі. Але, акрамя хваста і калючак, ёсць у гэтай нікчэмнай рыбіне нешта і іншае, што Махахею цяжка і вызначыць, як радня яму той ёршык, блізкая ці далёкая, бы некалі таварышавалі яны і сябравалі, толькі нечакана скончылася гэтае таварыства і сяброўства. I як толькі скончылася, пачалі яны слаць адзін аднаму праклёны і клялі адзін аднаго мо за падобнасць, бо абое рабое: калючыя, яршыстыя, непрыкаяныя ў вадзе і па зямлі, не патрэбныя адзін аднаму. А цяпер Махахей адчуў, што гэта зусім не так, што не могуць яны адзін без аднаго, як баба без мужыка, а мужык без бабы. Адчуў сваю падобнасць і еднасць з гэтым ёршыкам, і адразу ж знямеў вялікі палец па правай, рабочай руцэ, адымацца пачаў палец, бы пакідаў ён руку, сыходзіў у прочкі ад яе. I Махахей успомніў, што менавіта гэты палец укалоў некалі ёршык, даўно, калі далонь яго яшчэ не мела такіх мазалёў, такой брані, і боль быў тады не цягучы і нямы, як зараз, а колкі, востры. Ён успомніў і самога ёршыка, які ўчыніў такі боль, малюпасенькага і сапраўды бясконца смаркатага, дакладная копія самога яго, даўняя копія партрэта, які даўно ўжо сцёрся і аднаўленню не паддаецца, хаця мо ва ўнуках, ва ўнуках... Ёршык той быў хоць і малюпасенькі, смаркаты, але ж і надта ваяўнічы і рашучы, выхапіўся з вады, такі задзірысты, на ўвесь свет растапырыў калючкі...
Вясной, у час паводкі, было гэта. Вада перла яшчэ з усіх бакоў, але ўжо ішла на спад. На раку нечага было і выходзіць, ён сядзеў з вудаю на востраве каля возера, пад дубам. Ні возера, ні дуба таго ўжо няма, але ёсць Аркадзь Барздыка, які таксама быў тады з ім. Быў яшчэ Антон Роўда, нябожчык ужо. Брат яго Васіль, таксама нябожчык... Палавіна вёскі нябожчыкі — усіх прыбрала вайна. А тады яны былі жывыя і не здагадваліся, што па іх долю выпадзе вайна, што на іх жыццё ўжо адліваюць кулю. Рыбалілі сабе ў ахвотку, палілі агонь пад дубам, пражылі сала на дубцах. I такое сонца было! I не на небе, а ў вецці дуба, і цішыня, цішыня, чутно, як сыходзіць вада, калыша і шапоча ў затоцы капаплянікам. Вуда ў Махахея бацькава, з конскага воласу ў шэсць столак сплеценая, ды так, што аніводнага вузельчыка. А вось, халера, не клявала і на бацькаву вуду. Ён пакінуў яе, забавіўся з салам, Антон Роўда загукаў:
— Дзыбае, дзыбае нехта, Цімох, вуду тваю.
— Хлопцы, лешч, нішкні,— шэптам выціснуў ён з сябе, замёр, сочачы за паплавам.— Там у мяне такі чарвяк, такі чарвяк, што драбяза і не падыдзе, збаіцца...
— Чарвяк і сапраўды быў вялізны, выпаўзень — расавік. I нехта, далібог, як лешч, смактаў гэтага выпаўзня: наплаў то ледзь-ледзь прытапляўся, то цалкам вынырваў з вады, клаўся набок і адплываў крышку ўбок. Паўвёскі хлапчукоў, аднагодкаў Махахея, будучых нябожчыкаў, стаяла за яго плячыма, нецярпліва сукала нагамі. Раілі хорам і падсякаць, і не спяшацца. Ён падсек, выцягнуў свайго расавіка некранутым. Закінуў зноў, праклінаючы парадчыкаў: а раптам ды не падыдзе больш лешч, напалохаў ён яго. Але клявала зноў і зноў асцярожна, памяркоўна, як клюе толькі добрая, ладная рыбіна. I ўсе паверылі ўжо ў добрую рыбіну. I Цімафей папяўся, чакаючы небывалага супраціўлення рыбіны, і падсек зноў. Супраціўлення не адчуў, ён шморгнуў леску так, што яна ўзвілася ў неба і заблыталася ў дубовым голлі, а па кручку біўся ёршык, у два разы меншы за чарвяка, дзе такі толькі вырас, з якога галоднага краю прыбег толькі сюды такі аглаед. I якім аглушальным рогатам сустрэлі яго бераг, дуб і сонца ў яго вецці.
— Лешч, лешч, ой, трымайце мяне, утаплюся...