— А ты звер, бярэш столькі, сколькі і не панесці...
Вось толькі пасля гэтых слоў Махахей зразумеў, хто з гэтых двух, што ўзялі адзін аднаго загрудкі, рыбінспектар, а хто браканьер.
— Я... Ды я чатыры гады ў пяхоце, я на пузе ўсю радзіму-маці... Хлопцы, бі яго...
I яны спляліся зноў і, як паспеў убачыць Махахей, так, як спляталіся там, даўно. Ён жа таксама быў у пяхоце, бачыў вочы і адчуваў цела, калі яно вось так, па-смяртэльнаму.
— Мужыкі, мужыкі, што ж гэта вы, пехацінцы,— ён кінуўся разнімаць іх. I яшчэ нехта кінуўся, толькі незразумела, разнімаць ці біць. Замільгацелі кулакі і буры. Уздрыгваў і калоўся лёд. Біліся ўсе, хто апынуўся ў натоўпе, адны, каб выбіцца з натоўпу, а другія — таму што ішла бойка, а хлопец, што лавіў ляшчоў зубамі, проста так, каб сагрэцца. Ён і пусціў Махахею юшку, садануў кулаком так, што сонца з вачэй бліснула. I да чаго б давяло іх тое лядовае пабоішча, невядома, як-ніяк, а но з голымі ж рукамі, у кожнага нешта ды ёсць, ало тут зноў загалёкалі, загаласілі:
— Міліцыя, міліцыя!
Крык не спыніў бойку, але адразу ж за ім, як нехта галінку надламаў, трэснуў стрэл, і рыбакі пасыпаліся хто куды як гарох. Але ўсё ж нехта і не пабег, застаўся ляжаць на лёдзе, гэта Махахей прыкмеціў ужо краем вока, калі адчуў, што няма ўжо ў руках яго ні сякеркі-самакованкі, ні торбачкі на шыі няма. I хоць шкада яму было і самакованкі, і торбачкі, і дзесьці нават рыбы, пыніцца ён не стаў. Харкнуў па бягу ўжо крывёю і паддаў яшчэ хутчэй: хопіць, налавіўся, наеўся на ўсё жыццё і ўнукам закажа...
Пачатак гэтага верша Махахей прапусціў, ці то баба пратараторыла яго, ці то з-за таго холаду напачатку не кранула і не сагрэла яго тая халодная зорка. Але далей, калі верш ужо канчаўся, ён раптам схамянуўся і, адарваўшыся ад гармоніка, слухаў, аж вочы рэзала.
Забор той, плот жалобны быў таксама не з яго жыцця, чужое слова ўпісаў тут Ясенін, але ён дараваў яму гэтае слова за два апошнія радкі:
Во сказануў дык сказануў, як ніхто сёння не гаворыць, урэзаў ужо дык урэзаў,— пацішыла голас баба Ганна, уздыхнула: — То ж трэба так сказаць: так любіць землю, як п'яніца гарэлачку. Мужык Ясенінаў паш, як і мы з табою, дзед. I пра цябе, і пра мяне ўсю праўду сказаў.
Трошкі памаўчала, бы вывяраючы гэтую праўду з тым, што было зараз у ёй і яе чалавеку, у тых гадах, што пражылі яны разам, яшчэ раз уздыхнула і пачала чытаць далей:
— Усё,— сказала баба Ганна.— Пад капец сапсаваўся, спаганіўся Ясенінаў. Добра, добра пісаў, усё пра людзей, а тут пра сабаку пачаў, ды абы-што. Пра сабаку чытаць не буду. Ну што ты, дзед, маўчыш, увесь вечар голасу мне не падасі. Не буду, кажу, пра сабаку чытаць, ды яшчэ не рускага.
— Не чытай, баба, пра сабаку.
— Ага, табе каб толькі адвязацца. Чытай не чытай. А мо то добры сабака быў.
— Сабакі нядобрымі не бываюць.
— Ой, ведаеш ты што пра тых сабак. У майго бацькі ўжо такі быў сабака, такі дабрачы сабака, прайдзісвет. На грушу лазіў і грушы калаціў.
Пра таго сабаку, што лазіў грушы калаціць, Махахей ужо чуў незлічона колькі, але ўсё ж усумніўся, ці было такое, удавана ўсумніўся: каб не чапала яго баба Ганна, выгаворвалася сабе і но перабівала яго думак. А думаў ён аб тых, што засталіся ляжыць на лёдзе; пехацінцах — інспектару і браканьеру. I сорамна яму было за сябе, што збег, не ўпэўніўся — жывыя яны ці не. Па ўсім, нічога з імі не павінна было здарыцца, проста іх павалілі з ног. Уцякаючы, ён, здаецца, і бачыў, што варушыліся яны. Але на душы ўсё роўна было моташна, як сабака памачыўся на гэтую душу. Чаго ён пабег: ні рыбы ў яго, ні віны за ім аніякай. А вось пабег, і ўсё. I доўга яшчэ мучыцца яму з-за гэтага. А яшчэ ж баба Ганна торбачкі хопіцца...
— Ты но слухаеш мяне, а я табе бітую гадзіну расказваю.
— Слухаю, Гана, пра сабаку ты расказваеш, што ў вуллі па вашчыну, па мёд лазіў.
— Якія гэта вуллі яшчэ?
— Ну што на грушы былі.
— Ой, дурыла ты глухое, пянёк ты стары. Я табе пра Надзьку, пра дачку тваю. Гавораць, спуталася яна там з Брытанам рыжым.
— Рыжы ён, ну і што з таго? Вінаваты ён, што рыжы? Добры хлопец, не ў Барздыкаву пароду пайшоў.
— Табе ўсе добрыя, а аб дачцэ сваёй ты і не дбаеш. Тутачкі ж у яе Мацвей Роўда.
— Хто гэта табе сказаў?
— Хто сказаў... Во бацька, аб усім апошні дазнаецца... Вось Роўда хлопец добры, з галавою і адукаваны, і колькі ўжо ў халасцяках ходзіць...
— Ой, баба, здай назад, спыніся.— Махахей злосна рыпнуў гармонікам і паклаў яго на стол.— Каб я ў апошні раз у сваёй хаце пра Роўду чуў, ясна? Во парода, усіх ёй сасватаць і перажаніць трэба. Давай, толькі не Роўду. Сама ведаеш, што тут і да чаго.
— Ну, тушы тады святло, спаць будземо,— пакрыўдзілася баба Ганна.— Нешта ты пасля сваёй рыбалкі як з таго свету, і слова табе папярок не скажы.
— Кажы,— дазволіў Махахей.— А Надзьцы я напішу.
Але баба Ганна нічога яму не сказала, палезла на печ і яшчэ доўга масцілася там на чарэні, шамацела, шастала кухвайкамі, совала падушкаю. Цімох жа патупаў па хаце з кутка ў куток, дастаў з-за бажніцы пачак віншавальных адкрытак — на ўсе выпадкі, святы і даты: з днём нараджэння, вяселлем, Кастрычнікам, Першамаем, Новым годам і днём Восьмага сакавіка, проста так, без усякай даты. Віншую, і ўсё. Пералічыў, восенню купляў адразу ці не сотню, а цяпер засталося семнаццаць. Ён прыкінуў, што там за ўрачыстасці наперадзе, і рашыў: павінна хапіць. Нацягнуў на нос акуляры бабы Ганны і не зразумеў, ці то праясніла, ці то затуманілася ўваччу, паверыў: калі ў акулярах, павінна праясніцца, а тое, што плыве і мільгаціць нешта перад вачыма, гэта не ад акуляраў, яны тут не дапамогуць, гэта дзень, які пражыў ён сёння, не ўлёгся яшчэ, хістаецца, зыбаецца і плыве: «Дай, Джим, на счастье лапу мне... давай с тобой полаем при луне...» Быў у яго адзін знаёмы чалавек, імя якому Джым, дзе ён цяпер. У Амерыцы, кажуць, неграў вешаюць.