1.
Балота кранулася ў дарогу, як толькі асушылі Чортаву прорву. Ало калі яно зрабіла першы крок, ніхто не прыкмеціў. I як было прыкмеціць: першы год сваіх блуканняў яно нічым — ні багнай, ні тванню, ні вадой, ні трыснягом — так і не выкрыла сябе. Падкралася да дамбы, да той новай дарогі, што была цяпер пракладзена да Балоні і далей, па Воўціна, падкралася і замерла каля дамбы, ля насыпу, радуючы вока жоўтымі ірысамі, што зацвілі не ў пору, праўда, ужо недзе па восені. Потым ірысы адцвілі, прыйшла зіма. I зімой, нябачнае над снегам, балота прашылася праз насып. I цяпер ірысы зацвілі вясною, як і павінна тое быць, але па другі ўжо бок насыпу. I толькі зацвілі, а адцвісці ім не дадзена было. Што за работа ішла там, пад зямлёю, што за буча кіпела там, таксама невядома. Нічога на паверхню, на святло з глыбі сваёй зямля не паказвала. Здавалася, і няма нічога там, углыбі, патаемнага, усё навідавоку. I навідавоку ўсё было, як і дагэтуль, зелянеў Махахееў дубняк, яго хоць і моцна пашчыпала, але ён усё ж ацалеў, пакорліва, зрэзаная канавамі і прамавугольнікамі, ляжала ўтаймаваная Чортава прорва, ярыліся ў гэтых прамавугольніках і квадратах пшаніца і жыта, выганяючы на радасць людзям буйны і важкі колас. Усё было па радасць, усё было дарэчы чалавеку, Мацвею Роўду. Усё вакол было не толькі пераўтворана, але і ўпрыгожана хлебам, тая самая клятая і гібельная зямля, якой і пазвы іншай не знайшлі, як толькі Чортава прорва.
Але разам з гэтым прыемным і зразумелым адбывалася на гэтай зямлі і нешта непаразумелае. Недарэмна кажуць: агонь цар, ды царыца вада. Пасля дажджоў, што прайшлі ў маі і зноў жа радавалі, балотца, што ўтварылася нечакана па другі бок насыпу, раптам знікла, вільнула ўбок, так што ў ірысаў і насенне не выспела, а балотца, калі ўжо выявіла сябе, пакрочыла ўжо больш бойка, пакідаючы за сабою цяпер ужо і сляды. Сляды гэтыя хаця і не пагражалі вялікімі стратамі ўраджаю, былі бачныя на полі, там-сям бачныя былі і правалы, і зрушэнні, і белыя праплёхі сярод тлустых тарфянікаў, нібы скрозь гэтую збажыну пратачыўся і лена сцёгся да дубнякоў невялікі паўпадземны ручай. Сабраліся разам падземныя воды па расінцы, па дажджынцы і дамовіліся паглядзець, памацаць, ці моцнае гэтае створанае чалавекам поле, прайшліся па ім, дзе бачна — паверсе, і там засталіся прамыіны, а дзе нябачна, сваімі прыхаванымі ў зямлі хадамі, жыламі-праточынамі,— там цяпер чарнелі прасадзіны. Але на бачны і нябачны ход вады нікому з людзей паглядзець не давялося, ці то адбылося ўсё гэта ноччу, калі яны спалі, альбо так ужо непрыкметна, што людзі. ўбачылі толькі вынікі той працы: сапраўднае ўжо балота, гразкае і з тванню, з трыснягом. Яно спынілася і замацавалася, здаецца, у самым нязручным для сябе месцы, куды не кожную вясну і паводка дасягала, дзе здаўна было цвёрда, куды вясною ў паводку ўцякалі з урокаў школьнікі, гулялі там у ножык, і тыя, хто прайграваў, елі, зубамі грызлі тую дубняковую цвердзь, таму што ім за пройгрыш свой трэба было выцягваць з зямлі калок. Шчасце было пераменлівым, і зямелькі той дубняковай хапіла на ўсіх. Цяпер жа яе больш не было, там, дзе колісь быў тачок і забівалі ў зямлю колікі, цьмяна паблісквала зялёным пупком трыснягу балота. Перабраўшыся цераз насып, балота пакружыла па палях і прыбілася да дубняку. I дубняк на вачах пачаў чэзнуць, марнець, у лістоце яго, сярод каранёў, што гнілі і адміралі, раптам з'явілася вялікае мноства камароў, мошак і іншай погані. I камары ўсе былі вялізнымі, што бамбавозы, але і спрытнымі, лёталі бязгучна і не кусалі, а джгалі. I не кожны цяпер наважваўся зазірнуць у дуброву. Хаця, прынамсі, нечага цяпер і рабіць было там людзям, грыбы ў дубняку звяліся, суніца вырадзілася ў нейкую даволі брыдкую і агідную траўку, на якой пі ягады, ні ліста, адзіная толькі голая і чорная сцяблінка, у такія ж голыя і непрыемныя воку сцяблінкі вырадзіліся ўсе цяпер і ягады, і травы ў дубняку. Адно толькі калючае і ўчэпістае сцябло засталося і ад ажыннікаў, якімі некалі быў славуты дубняк. А цяпер жа гэтых ажыннікаў баяліся і пагарджалі імі дарослыя і дзеці. Была непрыемная і жахлівая іх нейкая амаль што жывая ўчэпістасць, як яны, непазнаныя, з нейкім запалам хапаліся за цела і вопратку, бы страшыдлы марскія ці тагасветныя, як засохлыя васьміногі ці спруты, і людзі грэбліва і з цяжкасцю вызваляліся ад іх. Птушкі таксама грэбавалі дубняком, яны пакінулі яго, пайшлі з яго моўчкі, без песняў і крыку. Але гэтага сыходу птушак людзі ўжо не прыкмецілі. Ім было не да балотца і. дубняку, у іх быў свой клопат.
Балотца, што пачало вандраваць, было літасцівым да пшаніцы і жыта. Вада-царыца мудра і ашчадна абышлася з хлебам, яна ўзяла толькі тое, што неабходна было ёй, каб прайсці, прарвацца да дубняку. Але, ідучы на гэты свой прарыў, змагаючыся за сваё жыццё, яна мілавала, шкадавала зямлю, ушаноўвала тое, што на ёй расло. I пшаніца, і жыта стаялі сцяной, на іх княжборцы хадзілі глядзець, як на дзіва нейкае.
— Мо табе, Мацвей, ужо Героя дадуць,— гаварыў дзед Дзям'ян свайму ўнуку.— Не медальку, як раней, а зорачку.
— Дадуць, дзед, дагоняць і яшчэ дадуць.
— Гэта ў нас могуць,— дзед Дзям'ян як аддаляўся ад сваіх слоў і Мацвея, увесь, пэўна, у сваіх даўніх вёснах, узважваў на далоні цяжкі колас, вылушчваў з яго зярняты, лічыў іх, пераводзіў у грамы, цэнтнеры і тоны, але збіваўся і губляўся перад амаль што фантастычнай яму неахопнасцю лічбаў. З такімі лічбамі дзед Дзям'ян на сваім вяку справы не меў і хітрыў:
— Не, калі па мне, дык я б табе даў Героя. Цэнтнераў яга дваццаць пяць возьмеш з гектара?
Мацвей пасмейваўся толькі, ён ведаў аб замілаванасці і ўлюбёнасці дзеда Дзям'яна менавіта ў гэтую лічбу. Вышэй за яе ён не рызыкаваў падняцца і калі меў справу з грашыма, дваццаць пяць — гэтай лічбаю ён вымяраў пражытае, атрыманае і аддадзенае. Калі яму споўнілася дваццаць пяць гадоў, толькі тады ён і ажаніўся, толькі па дваццаць пяць рублёў ён пазычаў людзям і прымаў ад іх. толькі адзінаю паперкаю. I княжборцы яшчэ і сёння з усмешкаю згадваюць, як ён у свой час, калі быў старшынёю калгаса, страшыў калгаснікаў штрафамі за патраву і самавольныя парубкі. З цяжкасцю разбіраючы пісанае ці друкаванае, але вельмі пры гэтым сур'ёзны, ён браў ручку ці аловак, клаў перад сабой чысты аркуш паперы, нешта крэмзаў на ім, бы акт усё роўна складаў. I, склаўшы, абвяшчаў: «У выніку будзе з цябе дваццаць пяць рублёў». Патраўшчык ці парубшчык роблена палохаўся, пачынаў таргавацца, збіваючы дзеда Дзям'яна па іншую лічбу. А таму як для дзеда Дзям'яна іншых лічбаў не існавала, то ўсё заканчвалася выгнаннем вінаватага, вялікай крыўдаю і вялікім сумам старшыні на самога сябе, што ён непісьменны, што ні літары, ні лічбы не падуладныя яму.
— Дваццаць пяць цэнтнераў — гэта не ўраджай,— уядаў цяпер дзеда і ўнук.
— А колькі ўраджай?
— Думаю, што за сорак будзе.
— Два разы, значыць, па дваццаць пяць,— знаходзіўся дзед і пераможна пазіраў на ўнука: не думай, што мы зусім дурныя.
I Мацвей больш не пярэчыў дзеду, то былі самыя шчаслівыя ў іх жыцці імгненні. Стары радаваўся новаму і бласлаўляў неба, што дазволіла яму дажыць і сваімі вачыма паглядзець на гэтае новае. Скажы яму хто-небудзь раней, што яго зямля можа так радзіць, ён бы не паверыў, хаця і прывык верыць сваёй зямлі, як самому сабе. Але верыў не ў казачнае на гэтай зямлі, што магло быць, а ў сапраўднае, устойлівае і пастаяннае, якім быў ён і сам, і таму ўстойліваму і пастаяннаму ён уручаў і самога сябе. I як нешта звычайнае, як нараджэнне чалавека і таксама звычайнага, не волата і не правідца, прызначэнне якога не неба, а зямля, Палессе, Княжбор, так успрымаў ён і тое, што давала зямля,— бульбу, жыта, траву, не патрабуючы ад яе, як не патрабуюць ад жанчыны, большага, чым ёй пад сілу, не гонячыся за гэтым большым нават у думках, каб толькі хапіла хаце, сям'і па круг, устаноўлены прыродаю, ад восені да лета, каб не збіваць зямлю з пастаянства, бо заўсёды ж следам за адным хлебаробам ішоў другі, якому ж таксама трэба было нешта пакінуць. Адзін падаў у разору, другі падхопліваў ручкі плуга, і гэтак бясконца. I зарукай гэтай бясконцасці было не тое, што ён мог ухапіць, адламаць за адзін дзень ці год, быў здольны з'есці за адзін дзень, а размеркаванасць усяго, што можна ўзяць сёння, на ўвесь век-тэрмін і на век-тэрмін усяго сутнаснага, каб у час разліку за ўсё, што ты ўзяў, ніхто не папікнуў, бы ты з'еў чыйсьці век, узяў і з'еў чужы кусок, таму што ён ведаў і верыў у тую сялянскую вышэйшую праўду: няма найвялікшага граху за той, калі ты абкрадзеш мёртвага і ненароджанага альбо таго, хто толькі-толькі нарадзіўся і яшчэ не здольны адстаяць сябе. Мо б ён і не дадумаўся да гэтага, але ўсё гэта ўжо было ў людзях яго зямлі, у крыві, у самой зямлі быў той жа самы запавет, таму і спрадвечным было яго Палессе і аніякая навала — ні агонь, ні вада, ні жалеза — не магла змесці з гэтага маленькага, блакітнага і зялёнага лапіка зямлі, з гэтых расчыненых заўсёды насцеж варот вайны ні дзеда, ні прадзеда, ні самога Дзям'яна, таму што ўсе яны належалі толькі сваёй зямлі і нікому болей, толькі ёй, хаця над імі і над іх зямлёй часам быў і нехта другі, але таму, другому, веку была адпушчана хвіліна, Часцяком яна была і крывавай, але кожны раз адыходзіла ў небыццё, а дзед Дзям'ян заставаўся, бурчаў, крахтаў, наракаў і нёс свой крыж. Даставалася ад дзеда Дзям'яна і ўнуку, Мацвею, хоць за што шкаліў яго дзед Дзям'ян, грыз, еў поедам апошнія тры гады, Мацвей так і не зразумеў, лічыў гэта ўсё за дзівацтва і капрыз: раней было так, а цяпер не, не тое. Вельмі старадаўняя песня старых людзей, якія страцілі ўжо сілу, але яшчэ памятаюць сябе дужымі і моцнымі, дзяцінства і маладосць свае памятаюць. I таму ва ўсім вінаватыя маладыя, што не падобныя на іх, вінаватыя ў тым, што дождж і слота на дварэ і сонейка свеціць, у тым, што гэтыя маладыя рана і позна жэняцца, раджаюць і не раджаюць дзяцей, усё па-свойму наровяць, зямлю і тую кінуліся пераніцоўваць. Але ж хлеб, што рос на новым полі, прымірыў унука і дзеда. Стары і малады глядзелі на гэтае поле аднолькава, як аднымі вачыма, і бачылі адно — бачнае і асязальнае, што можна было і памацаць, тое, што раней дзед Дзям'ян мо толькі сніў у самых смелых сваіх снах. I кожны з іх ужо прыкідваў, колькі ж гэта пароду можа накарміць іх княжборскім хлебам і чаму зямля хавала гэты хлеб ад іх раней, калі яны былі малымі і калі так хацелася есці, калі за чорны жытны акраец можна было паўжыцця аддаць, аддавалі за яго і жыццё. I балотцу, што ўжо вельмі выразна праявілася ў дубняку, ніхто — ні Мацвей, ні дзед Дзям'ян, ні княжборцы — увагі не аддаваў, як таксама ж не аддавалі ўвагі таму, што сохне дубняк. Яны з маленства прывыклі мець самае большае дзесяць — дванаццаць цэнтнераў з гектара і цяпер былі ўражаны да сэрца, і не толькі небывалым ураджаем, а таксама і ўласнымі сваімі адносінамі да таго, як рыхтаваўся гэты ўраджай, і як жа гэта і за што было наракаць на Мацвея, калі ён цудатворца. Паламаць тое, што складвалася стагоддзямі, парушыць пастаянства самой зямлі — хто яшчэ быў здольны на такое. I шмат каму ўжо мроіліся ўраджаі яшчэ большыя, багацце неверагоднае ўжо мроілася. I гэта былі не сквапнасць і не забыццё саміх сябе, таго, што яны ведалі аб гэтым жыцці, як разумелі гэтае жыццё, іх закалыхала тое, як надта ж, здаецца, лёгка атрымалася ўсё, і гэтая лёгкасць абяцала ў будучым даброты куды большыя. I ўжо Аркадзь Барздыка запасіўся дрэнажнаю трубкаю, цягаў яе паціхеньку і складваў у хлеве, каб распачаць уласную меліярацыю. Мацвей ведаў пра ўсе яго соткі і пра тое, што ён крадзе дрэнаж, але да нары да часу маўчаў, бы ціха помсціў Княжбору за тое, як некалі яго сустрэлі тут. Забылася ці то адышла на нейкі час горыч аб страчанай рэчцы, княжборцы цяпер не наракалі, што іх можна было называць ужо не палешукамі, а стэпавікамі. Усіх аб'яднаў і памірыў хлеб, які сапраўды ўсяму галава, і ён дзяржаўна і непадступна калыхаўся і шумеў за вёскаю, пераменлівы, як мора, і бясконцы, як мора. I былі ў ім сіла і праўда. Гэтыя сіла і праўда дапамаглі. Мацвею на нейкі час зноў адчуць сябе княжборцам. Пад прыкрыццём гэтага хлеба ён, здавалася яму, не быў больш чужым роднай вёсцы, адным летам яму шмат чаго было даравана, калі не ўсё. Ніхто сёння з княжборцаў, калі бачыў яго па вуліцы, не адварочваўся і не пераходзіў па другі бок. Наадварот, кожны хацеў не толькі проста даць дабрыдзень, але яшчэ і парукацца з ім і пагаварыць аб надвор'і і палітыцы, хаця нейкія два-тры месяцы да гэтага больш чым абыякава пагадзіліся абраць яго старшынёю іх калгаса. У Кпяжборы: да Мацвея было мноства старшынь, амаль што кожны дарослы і сталы княжборац пахадзіў у начальстве, панасіў у сваёй кішэні пячатку, такім чынам, можна лічыць, што радавых калгаснікаў у Княжборы не было, і таму яны так раўнадушна аднесліся да яшчэ аднаго кандыдата ў начальнікі.
I яшчэ недзе напрадвесні Мацвей Роўда здаў упраўленне свайму ж таварышу, з якім некалі «лягчаў» трутняў, Сямёну Рачэўскаму, а сам прыняў калгас, які быў створаны, можна лічыць, ім жа. I хаця тое, як адбылося гэтае яго новае назначэнне, было што дзве кроплі вады, падобным па ранейшае, калі ён стаў меліяратарам, Мацвей уздыхнуў з палёгкаю. Ён прадчуваў, што рана ці позна, а ўсё ;к прыйдзецца яму быць старшынёю калгаса, яшчэ з таго дня, калі разам з Шахраем і сакратаром абкома ездзіў па Палессі. Але ён не думаў, што ўсё адбудзецца так лёгка і непрыкметна. У тую вясну ён рыхтаваўся працягваць меліярацыю, паабяцаў сабе, што сёлета будзе рабіць ужо зусім інакш, зусім не так, як у мінулым. Будзе рабіць урэшце і для сябе, а не толькі дзеля плана, каштарысу, самаакупляльнасці і г. д. Ён возьме сябе за глотку, стане на нажы з Шахраем, але дабудуе вадасховішча. Гэтае вадасховішча было як стрэмка ў яго сумленні. Мац вей не ведаў, ці так яно ўжо неабходна тут, але памяць аб тым, як усё адбылося з тым вадасховішчам, была вельмі балючай яму, ён нібы прадаў сам сябе, пайшоў на змову з Шахраем пад уплывам хвіліны, гонячыся за жоравам у небе, адмовіўся будаваць яго, схаваўся за чырвоным алоўкам Шахрая. Цяпер жа ён адчуваў, што ёсць рашучасць і моц вярнуцца назад і выправіцца. Але, як часта гэта здараецца, атрымалася так, што ён спазніўся выпраўляцца: што зроблена, тое ўжо зроблена, і ні чорт і ні бог не дапаможа што-небудзь змяніць. На пленуме райкома напярэдадні сяўбы Мацвея адарвалі ад гэтых меліярацыйных разважанняў, паднялі і спыталі: каго б ён мог рэкамендаваць старшынёю калгаса ў Княжбор. Ён нікога не мог рэкамендаваць, бо ніхто і не даручаў яму гэтага, а сам ён і ў думках не мог дайсці да таго, што гэта будуць спаганяць з яго. Спаганялі, і не толькі спаганялі, прыйшлі нават да высновы, што пытанне гэтае ім не падрыхтавана, а таму быць старшынёю княжборскага калгаса яму, Мацвею Роўду: не ведаеш — навучым, не хочаш – прымусім. Мацвей абурыўся, але неяк не вельмі натуральна: ён адчуў за ўсім гэтым іншую, не раённую руку, і руку самога Шахрая адчуў. Усё было зроблена ў яго стылі — мякка, нават з нейкім гумарком, але няўхільна і непахісна. I Шахрай перад гэтым, у перапынку, падыходзіў да яго, пытаўся, ці гатовы ён, не ўдакладняючы, праўда, куды і навошта гатовы. Але Мацвей успрыняў яго пытанне як нешта такое, да чаго не патрэбны тлумачэнні, і адказаў, што, канечне, гатовы, маючы на ўвазе сваё ўпраўленне ў Княжборы. I тое-сёе яшчэ маючы на ўвазе: свой намер пайсці насуперак Шахраю, паказаць нарэшце, што і ў яго ёсць характар, і таму прамовіў з націскам:
— Папрацуем, Алег Віктаравіч, планы ў мяне вялікія,— і зазірнуў Шахраю ў вочы, ці разумее той, што за гэтымі словамі. Шахрай, здаецца, зразумеў, пацягнуўся да радзімкі на шчацэ, бы ўкалоў яго хтосьці ў тую радзімку.
— Рады за цябе, Мацвей, шчыра рады, малайчына,— невядома за што ўхваліў Шахрай Мацвея, але адразу і ўшчыкнуў: — А начальства ўсё ж трэба любіць.
— Як гэта? — не зразумеў і нават трохі разгубіўся Мацвей.
— Начальства — гэта ж твая справа, твая праца. Не паважаеш, не любіш начальства — не любіш і сваю працу.
— Не разумею, Алег Віктаравіч, начальства і праца, здаецца мне, зусім розныя рэчы.
— Адчуваю, бачу, што не разумееш. Але якія твае гады, зразумееш яшчэ і ўспамянеш мяне. Колькі ўжо табе, дарэчы?
— Ды добра ўжо, да трыццаці набліжаецца... Толькі навошта вам гэта?
— А-а, так проста. Я ў твае гады разумнейшы быў.
— Ну дык і ўзляцелі вышэй.
— Не падымай пер'я і не рабі хвалі,— спыніў яго ІІІахрай.— - На вяселле хоць паклічаш. Жартую, жартую, потым дагаворым,— і Шахрай знік. Мацвей не ведаў, што і падумаць: навошта падыходзіў, чаго хацеў?
I вось усё высветлілася. I яны працягвалі гутарку, што пачалася яшчэ там, у перапынку на пленуме, ужо ўсведамляючы, што хаваецца за словам кожнага.
— Пазбавіцца ад мяне пажадалі, Алег Віктаравіч,— сказаў Мацвей Шахраю адразу ж пасля пленума.— Толькі-толькі я петрыць пачаў, што і да чаго, як вы мне па шапцы. Маладога, пэўна, прыглядзелі, залыгалі ўжо больш згаворлівага.
— А ты што, лічыш сябе незгаворлівым? — Шахрай паглядзеў на Мацвея, бы запрашаў ці нават вымушаў яго прыгледзецца да самога сябе. І Мацвей паглядзеў і нічога не адказаў, таму што сапраўды адказаць было нечага.
— Не хвалюйся,— адразу ж і злітаваўся Алег Віктаравіч.— Нам яшчэ нямала брыдоты адзін ад аднаго пачуць прыйдзецца. I ты толькі не надстаўляйся сам. Усё роўна адзін воз цягнуць. Ты што, думаеш, я не разумею цябе? Мы так падобны з табою, таму мо я і ўратоўваю цябе, хочу засцерагчы цябе ад тваіх памылак, тваіх і маіх.
— А яны былі ў вас?