— Ты ж сёння і з хаты не выходзіла, мама.
— Не выходзіла, а ведаю, чую... У гэтым годзе я яшчэ шпакоў убачу, а ў будучым ужо не давядзецца, донька.
Махахей хацеў пакрычаць на старую, каб яна не брала ў галаву чаго не трэба, але стрымаў сябе. Яна бачыла і разумела больш, чым ён, калі, не выходзячы з хаты, адчула, што прыляцелі шпакі. У яго быў свой клопат. Трэба было нечым замяніць тую засохлую, знішчаную чаромху. Не простае ж гэта было дрэва, а як бы абяцанае. У красавіку шпачкі збіраліся на ім чародкамі з усёй вёскі, а мо і з суседніх вёсак зляталіся. Зляталіся і як вяселле там адно вялікае шпачынае правілі альбо нараду праводзілі. Дзень скакалі з галінкі на галінку і чубіліся, гаманілі, а вечарам знікалі. I гэтае дрэва было як пасаджанаю маці ім ці бацькам — як буслам Балонь, яго, Махахеева, дуброва, жаваранкам — возера Вясковае.
Нібы кропля вады, лапік зямлі, адно-адзінае дрэва, куст чаромхавы былі іх бацькоўскаю хатаю — бацькаўшчынай. Скажы каму чужому — не павераць. Але ён бачыў сам. Аб тым, што чаромха яго незвычайная, пра адметнасць Балоні, дубровы ведае ўся вёска. Толькі кожны да таго прыгледзеўся ўжо, што і не заўважае нічога. Не заўважаюць, што ў Вясковае ўлюбёныя жаваранкі. Таксама з усіх бакоў, толькі крыху прыгрэе сонца, ляцяць яны туды, бы азярцо тое, сподачак крынічнай вады, бласлаўляла іх пладзіцца і множыцца і берагчы яго, берагчы зямлю, той самы лапік ці грудок, з якога яны ўбачылі белы свет, сталі на крыло, спазналі неба. I жаўранкі як клятву давалі на Вясковым, што піянерчыкі, адпівалі яны па глытку вады з Вясковага, мачылі дзюбкі, і салавелі іх вочкі, бы гарэлачкі каўтнулі яны,— спявалі дзень напралёт, а вечарам знікалі з Вясковага да будучай вясны. Цяпер знікла само Вясковае, і няма больш ні буслоў, ні шпакоў, ні чаромхі. I не здолеў Махахей дапамагчы ні буслам, ні жаваронкам, не пад сілу яму было стварыць новае Вясковае і новую Балонь, але дрэва пасадзіць ён мог. Толькі ці прымуць тое дрэва шпакі, ці прызнаюць яго за маці, у чалавека маці адна, а ў птушак колькі? Ці будзе трывалым сямейнае шчасце на новым дрэве?
ДВОЕ Ў СТУДЗЕНІ
Снег пайшоў, як хтось нагадаў, апоўначы, роўна ў дваццаць чатыры гадзіны старога года ці нуль-нуль новага, калі ім і ўсяму савецкаму народу па радыё і тэлевізары аджадалі і ўжо ўсяго самага-самага, калі танцы ў клубе Васькавага тэхнікума пазбавіліся ўжо чыннасці і кантролю: выкладчыкі паціхеньку, па адным і парамі, пачалі знікаць з вечара, а студэнты засталіся амаль што адны. Вось тады і прыспеў час ісці снегу, апошні раз ударылі куранты, яшчэ не знікла рэха, як зямля злавіла ў свае прамарожаныя далоні першую сняжынку. Яна лягла на асфальт і ўвачавідкі растала, апляміла яго цёмнай уначы кропкай. Але ў забеленым, нібыта малаком, аціхлым небе ўжо кружылася мноства іншых сняжынак. Яны віліся, раіліся спачатку каля ліхтароў, нібыта збегліся на святло, і толькі тады, калі назбіралася іх там такое мноства, што яны не здольныя былі ўжо размінуцца, пачалі спускацца па зямлю. Адразу ж стала ціха, цішыня, здаецца, абрынулася на горад разам са снегам, вакол усё праяснілася: выйшлі з цемры паглядзець на першы снег дамы, дровы і людзі, што да таго нябачна сумавалі ў голым і халодным снежні. Дарослыя, як дзеці, лавілі снег далонямі, здымалі перад ім шапкі, падхоплівалі ў палёце яго языком, як птушкі хапаюць мух і камароў, нібы смакавалі, і не снег, а само свята, Новы год.
Святочна было на душы ў Надзі і ў Ваські., хаця толькі што, на танцах пад духавы аркестр і радыёлу, ім здавалася, што Новага года для іх не будзе. Яны нібы і не святкавалі, а выконвалі праз сілу нейкую цяжкую працу, што даўно ўжо змучыла іх, адчужыла, і толькі прыродная іх працавітасць перашкаджала ім плюнуць на ўсё і ціха- мірна разысціся. Гэта была не першая іх сустрэча ў горадзе, бачыліся яны і раней, але як бы незнарок, не згаворваючыся. Васька ў выхадныя разам з хлопцамі са сваёй групы хадзіў на танцы да заатэхнікаў. Надзя разам з дзяўчатамі таксама забягала ў клуб да іх, леснікоў. Толькі вытрымлівалі яны адно аднаго на гэтых вечарах на дыстанцыі, нібыта прыглядаліся, чаго варты кожны з іх тут, не ў родным Княжборы, дзе ніхто не спакушаўся на іх першынство, а сярод мноства іншых, падобных ім, заўсёды першых. Перад самым жа Новым годам гэтае прыцэньванне і прыглядванне, прыстрэлка вачыма праз увесь клуб скончылася. Васька сам аднёс Надзі запрашальны білет на вечар у яго тэхнікум. Першы білет, зроблены не абы-як, ад рукі, а надрукаваны ў гарадской друкарні, у якім усё як і належыць — запрашэнне, і не проста на вечар, а на навагодні баль-маскарад, і ёлка, і нават зялёная галінка з формы будучага лесатэхніка, і Дзед Мароз.
— Умора,— прымаючы гэты білет, сказала Надзя.— А калі, Васька, я не прыйду, калі я ўжо запрошана на баль-маскарад?
Васька зразумеў: Надзя блазнуе. У гэтым горадзе няма куды больш пайсці ў навагодні вечар. Хіба толькі ў РДК. Але патрапіць у гэты РДК і ў звычайныя выхадныя не надта проста, хаця самому Ваську не вельмі там і падабалася, як мухі на мёд, зляталіся туды ўсе гарадскія «хіпі», заманьваў цыганскі аркестр, што даводзіў іх да шаленства і беспрытомнасці. Цыганы з'явіліся ў іх горадзе не так даўно, не так даўно змянілі шатры і павозкі на хаты і кватэры, і ім, пэўна, часова, каб яны звыкліся з новым жыццём, шмат чаго дазвалялася: гадаць і гандляваць на вуліцах, цягнуць усё, што дрэнна ляжыць, трымаць коней, бубнамі і скрынкамі выводзіць горад з раўнавагі. Пра цыганоў, вольных птушак палёў і лясоў, якія раптам кінуліся ў гандаль, вершык нават быў складзены. Васька нагадаў гэты вершык, і, хоць і не паверыў, што Надзька будзе на Новы год скакаць пад цыганскі бубен, усё ж сумеўся, але марку вытрымаў:
— Як ведаеш, было б прапанавана, а там як атрымаецца. Я таксама яшчэ не ведаю: у сябе ў клубе буду ці ў РДК падамся.
— Ты мяне і ўгаворваць не збіраешся?
— Не збіраюся.
Надзька туды-сюды вільнула перад ім, прайшлася па пакоі, нібыта прыбірала нешта. Хаця, што ў ім было прыбіраць: сябе больш паказвала, пацвельвала яго — глядзі, маўляў, чым ты пракінуцца можаш. Во я якая, бачыш. Во якая я спрытная, лёгкая, гнуткая. Во якія ў мяне ногі... Глядзі, хлопча, глядзі. I Васька вымушаны быў зажмурыцца. Надзя адчула гэта.
— А шкадаваць не будзеш? — стала перад ім і нагой прытупвае.
— Ты будзеш шкадаваць,— ён намерыўся ўжо абысці яе і — ногі ў рукі, але Надзька не дала яму збегчы, змяніла тактыку:
— Мо чаю пап'еш? Чаму гэта я, Васька, павінна шкадаваць? Ці не занадта высока ставіш ты сябе?
I ён застаўся, толькі не дзеля таго чаю, а каб пагаварыць з Надзяй, давесці да розуму ёй, як ён сябе ставіць і чаму яна будзе шкадаваць. А пагаварыць ім не далі, наляцелі сяброўкі Надзі, дзяўчаты, з якімі яна жыла ў адным пакоі, адрэзалі яго ад дзвярэй, позіркамі вывучальнымі прыбілі да падлогі, як у ланцугі закавалі. Позіркамі пыталі і ў Надзі: гэта ён? I Надзька, фафура, у адказ ім зялёнымі сваімі светафорамі: ён, ён, ён. Камандаваць ім кінулася, каб дзяўчаты лепш разглядзелі яго, пераканаліся, як яна вяроўкі з яго можа віць: прынясі свежай вады, умывальнік прама-прама па калідоры і направа, уключы плітку і пастаў чайнік, вунь разетка. I Васька паслухмяна прынёс, уключыў, паставіў. I, нічога не скажаш, яму недзе нават было прыемна выконваць усе гэтыя загады, хацеў ён дагадзіць Надзі, таму што да гэтага ніколі дагаджаць не прыходзілася ні дома, ні па-за домам, дагаджалі больш яму, але ён прымусіў сябе пакрыўдзіцца і адмовіцца ад чаю, ускіпеў трошкі раней, чым чайнік — і хуценька за дзверы. I за дзвярыма пачуў ужо смех у спіну, і гучней за ўсіх і радасней смяялася Надзька, так, што і сам ён немаведама чаму вымушаны быў засмяяцца.
Але сустрэў ён Надзьку, калі павінен быў пачацца ўжо навагодні баль-маскарад, насцярожана і стрымана, Стрыманасці гэтай, праўда, была свая прычына, і яна не датычылася Надзі. Напярэдадні свята, галава яловая, стукнула яму зрабіць сабе маску і касцюм. Маскі і касцюмы да Новага года рыхтавалі. сабе ўсе хлопцы з Васькавай групы, акрамя самога Ваські. Мо і ён быў пачаў рабіць, ды не хапіла прыдумкі. А тут сябра яго, як за язык таго хто цягнуў, выказаў, што ён будзе на навагоднім маскарадзе ні менш ні больш як статуяй.
— Статуем,— паздзекаваўся яшчэ з яго Васька.
— Не статуем, а статуяй амерыканскае Свабоды,— не пакрыўдзіўся той.
Васька ўявіў сабе гэтую статую амерыканскай Свабоды і захапіўся, загарэўся грандыёзнасцю думкі сябра, пашырыў гэтую думку, пераканаў сябра, што побач з амерыканскай Свабодай павінен знаходзіцца і паліцэйскі, палісмен па-амерыканску. I ён, Васька, згодзен быць палісменам, што гэта будзе ўжо не проста маска, касцюм, а карціна цэлая, дзеянне з акрэсленай і вельмі сучаснай ідэяй: як жа гэта, амерыканская Свабода і без палісмена, не ўсякі здагадаецца, што гэта такое. А з палісменам усім адразу стане ўсё зразумела. Ён, Васька, прапаноўвае, каб на гэтую Свабоду, на вусны ёй,— замок, гэта сябру, а яму, Ваську-палісмену,— у рукі паліцэйскую дубінку. Свабода будзе маўчаць, а палісмен усё растлумачыць тым, хто сам нічога ўжо не цяміць. I першы прыз, лічы, у кішэні.
I Васька яшчэ ў цывільным, не ў маскарадным, касцюме сустрэў і хуценька дапамог распрануцца Надзі, здаў яе паліто ў гардэроб — у іх, у студэнцкіх пакоях, дзяўчатам забаронена было распранацца,— пабег да сябе, каб з'явіцца перад Надзяй ў касцюме палісмена. Надзя на вечар, як і водзіцца за дзяўчынай, крышачку прыпазнілася, і сябра Ваські ўжо хваляваўся, каб увайсці ў ролю, ён быў ужо з абеду ў адзенні Свабоды, цяжкай, што латы рыцара. Акрамя рагоў на галаве і факела ў руках, цераз плечы і грудзі яго быў перакінуты яшчэ і добры ланцуг, самы сапраўдны. Ланцуг гэты яны не болей як тры дні назад знялі ноччу разам з ашыйнікам з вялізнага ваўкадава дырэктара тэхнікума. Тыдзень патрацілі на гэтую аперацыю, прыкормлівалі і ўлагоджвалі таго ваўкадава, а ён усё роўна кінуўся брахаць на іх, наравіў яшчэ і пакусаць. Але яны абхітрылі ваўкадава, і ланцуг быў што трэба, хоць і даўся ён ім у знакі: не ўлічваючы таго, што пайшло на харчы ваўкадаву, спатрэбілася яшчэ і тры бутэлечкі тушы, каб перафарбаваць ланцуг, інакш дырэктар мог пазнаць яго. Вось гэты перафарбаваны ланцуг і цягаў на сабе з абеду Васькаў сябра, а яшчэ замок, пра які варта сказаць асобна. Яны яго ўжо не ўкралі, а купілі на свае грошы, на стыпендыю. Пад замком, пад ланцугом і з рагамі на галаве Васькаў сябра ўражваў. Уражваць іншых хацелася і Ваську, і ён нечакана для сябе падумаў: а што, калі ён падфарбуецца пад негра? Выйдзе не проста паліцэйскім, а паліцэйскім-неграм? Ёсць жа ў амерыканцаў палісмены-негры. I сэнс, здавалася яму, у тым, што Свабоду ахоўвае негр, велізарнейшы. Гэта ж трэба такое прыдумаць, ухваліў ён сябе. Але тут яму не пашанцавала. Па-першае, акрамя гуталіну, яму нічога іншага не трапіла над руку, а па-другое, заўпарціўся сябра.
— Не адпавядае праўдзе жыцця,— сказаў ён.— Хто гэта даверыць ахову амерыканскай Свабоды негру? Ён жа сам затурканы, зацюканы.
— У тым уся і соль,— паспрабаваў пастаяць на сваім Васька і адчуў, што солі, здаецца, было ўжо і занадта, твар ад гуталіну гарэў агнём, аж вочы па лоб лезлі, і самі сабой наплывалі слёзы, і такім падлам шыбала ў нос, што хоць ты яго затыкай. Васька зразумеў, што ён не вытрывае гэтай сваёй маскі паліцэйскага-негра, а калі і вытрывае, не сканае, то Надзя збяжыць і на кіламетр не падыдзе да яго. I ён заплакаў, і ў душы, і натуральна, ад смутку і жалю, што нічога не застаецца ад такой цудоўнай задумы: паліцэйскі, які са слязой пільнуе Свабоду,— бясспрэчна, у гэтым было нешта ўжо грандыёзнае, амаль што касмічнае, гэта ж нечым нагадвала таго самага кракадзіла, які плача, пралівае свае кракадзілавы слёзы перад тым, як праглынуць труса. Але боль не дазволіў яму як мае быць і аплакаць сябе, ён порсценька кінуўся да ўмывальніка, а пасля ўмывальніка, прынюхаўшыся да сябе,— і над душ. А Надзя ўвесь гэты час цярпліва чакала яго там, дзе ён яе пакінуў, каля лесвіцы гардэроба, і здалася яна яму, у адзіноце, азяблая каля гэтай лесвіцы, у халодным да дрыжыкаў зялёным плацці і ў чорных, таксама халодных, акулярах-масцы, адзінокай і такой роднай, што ён ледзь не кінуўся абдымаць яе.
I добра, што не кінуўся. Надзя, нягледзячы на разгубленасць, сустрэла яго зусім не ласкава. Па-першае, яна адразу ж патрабавала адказу: дзе гэта яго столькі часу насілі чэрці, мо ён праз Пінск ці Мінск ішоў да яе, а яе тут ужо прымалі за ўсякую, яшчэ б трошкі, і яна пайшла б адсюль, але такая вось дурніца, чакала, чакала... I гэта быў толькі пачатак, было яшчэ і другое: чым гэта патыхае ад яго так, што нос скручваецца.
— Не патыхае, а пахне,— сказаў Васька,— як ад сапраўднага амерыканскага паліцэйскага: гурковым ласьёнам, хвойнай вадой і двума флаконамі адэкалону «Шыпр» — рубель дваццаць кожны.
— Тады кабаньчык майго бацькі таксама ў амерыканскай паліцыі робіць,— заціснула двума пальчыкамі нос Надзька. I што гэта за пудзіла на ланцугу трэцца каля яго, чаму гэта яны, як два сабакі, на адным ланцугу ходзяць, што за палку, што за аглоблю аплёў ён вакол рукі.
— Гэта не пудзіла,— збянтэжыўся, але не пакрыўдзіўся Васька. Разумеў, што сапраўды вінаваты перад Надзяй.— Зусім нават не пудзіла, а ўвасабленне амерыканскай Свабоды. I не палка, тым больш не аглобля ў руках у мяне, а паліцэйская дубінка. Ты ж у тэхнікуме вучышся, стыпендыю атрымоўваеш і палітыку павінна ведаць.
— Калі ў вашым тэхнікуме ўсе такія палітыкі і ў такіх касцюмах, тады я Кацярына Другая. I не жадаю, каб побач са мной быў арап Пятра Вялікага.
З гэтых слоў Васька зразумеў, што ад гуталіну ён не адмыўся, і ён хацеў ужо плюнуць на баль-маскарад, на першы прыз і нават на Надзю і падацца да свайго пакоя, дзе ў яго тое-сёе было прыхавана, каб па-людску сустрэць Новы год: бутэлька замежнага рому, як высветлілася пазней, амаль такога ж, як і гуталін. I Васька ўжо з сумам азірнуўся: ці не замінае яму хто-небудзь на дарозе назад, і на дарозе яму ніхто не замінаў, ало Надзя разгадала гэты яго захад, разам з ягоным маўклівым сябрам пагнала ў залу. Пагнала паперадзе сябе, нібыта яна, а не ён, Васька, была амерыканскім палісменам.