— А што, рэчка не дарога?
— Да бога цяпер гэтая дарога.
— Да бога? — Чалавек зноў задаволена рагатнуў і зірнуў спачатку па неба, потым на Махахея.— Гумарыст ты, толькі мне няма калі з табою жарты жартаваць.
— А ўтапіцца не баішся?
— Утаплюся, тады і баяцца буду, а пакуль жывы — баяцца няма часу.— I ён яшчэ раз зірнуў на Махахея, але цяпер ужо без смеху, як бы просячы прабачэння. I Махахей зазірнуў яму ў вочы і ўбачыў там, як пражыў чалавек сёння раніцу, натугу, з якой ён варочаў гэтыя дубы, пакору і паддобрыванне да лесніка, як ён піў з тым лесніком самагонку, страх і нецярпенне ўбачыў і пашкадаваў яго. I той як адчуў гэтую яго шкадобу і спачуванне:
— Ты не бойся, не бойся за мяне, мы — яршы — народ жывучы. Мы на гэтай рэчцы кожны год ездзім, пакуль хто-небудзь ды не ўтопіцца.
— Усё-такі топіцеся?
— Топімся.
— I ездзіце?
— I ездзім...
— А чаму яршы?
— А мянушка ў мяне такая. I вёска паша Яршамі завецца.
— Ведаю, чуў,— сказаў Махахей,— Гэта ў вашай вёсцы, кажуць, мужык мерына пакусаў.
— Брэшуць,— сказаў чалавек.— Ох, і хлусяць жа людзі, не мерына, а кабылу. Вунь жывы сведка, не дасць няпраўду сказаць,— I субяседнік Махахея тыцнуў пугаўём у сцягно коніку. Але Махахей зірнуў не на коніка, а на чалавека.
— Ну што ты на мяне вылупіўся,— і не падумаў адмаўляцца ён.— Я той самы перад табою і ёсць, што кабылку пакусаў.
— Як жа ты яе?
— Проста, за губу,— і, бачачы, што гэтай простасці мала, Махахею хочацца падрабязнасцей, пачаў расказваць падрабязна і здалёку, як яму было трэба ехаць па сена, кабылку далі на паўдня, а яна ўжо адрабіла сваё ноччу, коням жа таксама калі-нікалі адпачыць трэба. I ў аглоблі яна аніяк, ні за якія грошы. Ён і біў, і хваста круціў, і пад хвост ужо хацеў калючку ставіць, ды не трапіла пад руку. Запаліў пад ёю жмак саломы, салома гарыць, поўсць па кабылцы ўжо трашчыць, скура ніжацца, а яна як укопаная, во натурыстая, во дзе прынцыпы.
— Ведае, што звыш нормы прымушаюць рабіць, уперлася, хоць праўленне склікай, ну і мы, яршы, народ калючы, востры. Саломы той жмак, што запаліў, пад хвост ёй, брыкаецца, храпай круціць. Тут і я ўжо ашалеў. Ах ты, воўчае мяса, думаю, у мяне ж работа стаіць, хто ж яе за мяне спраўляць будзе. Наперад кабыле забег, каб у вочы яе акаянныя зірнуць, галаву дзярэ, тады я злаўчыўся, прысеў, падскочыў, добра так, як хто падкінуў мяне, і за губу ёй і цапнуў. Яна галаву ўніз, губы закапыліла, скаціна, каняка, а баліць і ёй, добра ўшчаміў. I стаім мы, зубы адно да аднаго выскалілі. Гляджу я, сляза ў яе з вока, і ў мяне, адчуваю, вочы зашчыпала. Расціснуў я зубы, яна заржала і морду сваю мне на галаву, я і шапку ўжо згубіў, ну, думаю, капцы табе, Ёрш, як хопіць зараз — і няма ў цябе галавы, Ерш. Не, пастаяла так, пастаяла ды тоненька на вуха мне шэпча: «Ты што, ашалеў, жываглот, кусацца ўздумаў, яршына клятая».— «А ты,— кажу,-— таксама, ясачка мая, мо я гэта не кусаў цябе, а цалаваў так?» — «Чаго вы толькі звярэеце?» — «А вы чаго правы качаеце і не слухаецеся? Пайшлі, кажу, рабіць пара, ніхто нашай работы не паробіць. Пайшлі». Заржала яна, пагадзілася, значыцца, і пайшлі. Вось і ўвесь мой страх і расказ.
На тым Махахей і развітаўся з Яршом, што пакусаў кабылу, пажадалі адзін аднаму ўдачы і разышліся. Да гэтай удачы Махахею зусім нічога ўжо, метраў з трыста лагчынкаю, нізам, і за лагчынкаю была каля ракі пратока кіламетраў з тры, амаль без цячэння, з глыбокімі, метраў на дзесяць — дванаццаць, затокамі, у якіх завяліся гарбатыя і чорныя акуні, а дзе было мялей, сярод лета жыравалі плоткі і чырванапёркі. І цішыня, цішыня была там, летам толькі ўсплёск рыбы і парушаў яе, а зімой дык і наогул ціха і прыгожа, што ў раі. Але сёння яшчэ ў лагчынцы, яшчэ на падыходзе да пратокі Махахей пачуў нейкі шум, нейкія невыразныя галасы і бражэнне нейкае, бы сапраўды хтосьці паставіў у пратоцы бочку з брагаю. З горкі ён убачыў і гэту людскую брагу, варыва людское. Людзей на лёдзе было больш, пэўна, за сотню, процьма. А ад таго, што ўсе яны былі цёпла апрануты, у чарнушчых валёнках альбо ў вялізных і таксама чорных на сопцы гумавіках, у плашчах паверх ватовак, і нават у гумавых. хімабаронных накідках, і кожны займаў адразу метры з тры, а то і болей лёду, здавалася, што людзей безліч, рой. I ўсе яны безупынна рухаліся, адны дзяўблі і круцілі пелькі, другія ўжо раз-пораз рэзка ўзмахвалі пад гэтымі пелькамі рукамі, іншыя ж проста размахвалі рукамі, мо паказвалі, якую рыбіну яны колісь лавілі, беглі невядома куды, валаклі за сабою санкі з рукзакамі, ацынкованыя вёдры, і Махахей, наглядаючы за гэтым вавілонскім нашэсцем, проста разгубіўся і хацеў ужо бокам, бокам ды дахаты, але цікаўнасць перамагла. Ён ступіў на лёд пратокі. I тут, ужо на пратоцы, яшчэ на падыходзе да рыбакоў, зразумеў, чаму іх столькі тут сёння. Была прыдуха, рыбе не хапала паветра, лёд у рацэ падперла вадою, і рыба кінулася ратавацца да маленькіх рачулак, дзе можна было б глытнуць свежай крынічнай вады і паветра. Прыдуха і раней, пасля зацяжных халадоў, надаралася тут і на іх княжборскай рачулцы. I тады княжборцы запрагалі коней і ехалі саньмі па гэтую прыдуху, рабілі пелькі і чэрпалі з гэтых пелек рыбу хто чым, хто падсачкам, а хто і сахаром накалваў і грузіў на сані. Ездзіў, і неаднойчы, на прыдуху і ён, Махахей, хаця і саромеўся: адно ўзяць рыбіну вудаю, няхай нават жакам, і зусім іншае — сахаром, нешта ад вайны, ад прамой згубы, здавалася яму, ёсць у тым, як ішлі людзі па рыбіну з сахаром. Быў страшны не сахор, а тое, як ён уваходзіў у крышанку з рыбы: адна насаджвалася на сахор, а дзесяць калечыліся, разадраныя, скрываўленыя бакі і спіны рыбы, патрушчаныя галовы без вачэй вымушалі адварочвацца і крадком зазіраць на сонца: як яно там, нічога яму там, не мулка не колка. Але княжборцаў ніколі не збіралася на лёдзе іх рэчкі гэтулькі, колькі сышлося народу ў пратоцы. А яшчэ, па ўсім, не ўсе сабраліся, народ яшчэ падыходзіў, чорным ланцужком, бы мурашкі, цягнуліся і цягнуліся з боку гарадка рыбакі, бы там, у гарадку, таксама здарылася прыдуха, толькі ўжо людская, і ў пошуках свежага глытка вады, свежага глытка паветра беглі з апраметных сваіх вуліц і дамоў сюды, на рэчку, на пратоку, людзі. Толькі ступалі на лёд — ужо размотвалі сваё начынне, крышылі гэты лёд пешнямі, сякерамі, бурамі. А пад ільдом шчыльнымі касякамі, так, што не праглядалася і дно, ішоў лешч, і на здзіўленне буйны, такога Махахею па вуду і не даводзілася яшчэ лавіць. Ішоў, як плыве па вадзе салома, бы на самай справе нехта абярнуў і загнаў пад лёд воз саломы. I Махахей, захоплены нейкай ліхаманкавай нецярплівасцю, мітуснёй і паспешлівасцю, таксама не разяўляў рот, не лавіў варон. Хуценька пашырыў сякераю ўжо некім прадзёўбаную пельку, кінуў у пельку блясёнку, дачакаўся, пакуль яна дойдзе да дна, шмаргануў угару яе і адразу падсек і пацягнуў. Дзесяць разоў кінуў і ўсе дзесяць са здабычаю выцягнуў— па ляшчы. I ўсё — торбачка яго была поўная, пуд рыбы, а то і болей, вісеў на шыі. I ён ужо папікаў сябе, што не прыхапіў меха, а толькі торбачку, ды і то выпадкова неяк прыхапіў. Зімой і летам увесь яго ўлоў мясціўся ў кішэнях кухвайкі, а тут як хтосьці падказаў яму з гэтай торбачкай. Ён сядзеў ужо вольна, забыўшыся і на вуду, думаў, што гэта такое ёсць на ім, што можна было б прыстасаваць пад ляшча: зняць сарочку, але распранацца пры народзе — такога ён не мог сабе дазволіць. Ражна выразаць. Колькі на той ражон начэпіш такіх вось парасят, рукі адарвуць і ражна зламаюць, свет не маленькі несці іх. Але азарт не разважае, а нажыва слепіць. Мо аслеп бы і ён, ды толькі ціха раптам зрабілася вакол, ціха і бязлюдна. Махахей зашморгаў блясёнкай — пуста. Выцягнуў блясёнку — кручок на месцы.
Тут не дрыгалка твая трэба, а во...— Махахей узняў галаву, рыбак, што прабягаў міма, паказваў яму, чым сёння трэба здабываць рыбу. Махахей прыпыніў яго. Снасць была мудрагелістая. Свінцовая груша, бомба грамаў з дзвесце. I з усіх бакоў па ёй кручкі.
— Глядзі ты, бач ты,— пахітаў галавою Махахей.— Чаго толькі людзі не прыдумаюць. I што ж гэта такое?
— Жывадзёр, дзед,— і рыбак пабег далей. Махахей толькі цяпер заўважыў, што не толькі ёгі, але і ўсе іншыя ўжо далёка адышлі ад яго. Ён застаўся адзін, натоўп жа густа і напорыста рухаўся ў глыб пратокі. Рухаўся няроўна неяк, бы п'яны ці пад кулямі, увесь час мяняў кірунак. Галава гэтага натоўпу, якую складалі, пэўна, самыя прадпрымальныя рыбакі, на хвіліну-другую пынілася, імгненна і чорна набракала, то напіралі па яе тыя, што ішлі пасярэдзіне, тулава, хвост распырскваліся веерам і ўтваралі нешта падобнае да хваста рыбіны. Веер гэты з берага да берага ахопліваў пратоку, і пачыналася работа: маханне, дрыганне, шморганне. Пяць — дзесяць рыбін з адной пелькі — і зноў кружэнне па пратоцы. «Чаго гэта яны кружаць?» — зацікавіўся Махахей і падняўся паглядзець. Рыбакі на лёдзе, што і касяк рыбы над ільдом, рухаліся, паўтараючы адзін аднаго з дакладнасцю нечага машыннага, неадушаўлёнага. Спуджаны чорнай навалаччу, што навісла пад ім, салома-лешч, які шукаў паратунку, бег ад прыдухі, да свежага паветра, да жаданага і жыватворнага глытка чыстай вады, у якой бы не было ні тарфяной каламуці, пі гпіласці дрэў і балота. Ляшчы кідаліся з аднаго боку ў другі, шчыльна збіваліся ў бесталковы статак, у якім больш моцныя душылі, церлі слабых і таксама гінулі, параненыя ў створанай імі ж таўканіне і штурханіне. Нідзе і нікому не было паратунку. Гібельным быў круг, па якім яны рухаліся. Не маглі яны нікуды ўжо ўцячы і збегчы ад страху, які пасеялі самі ж. Вада, у якой яны плавалі, была ўжо напоена, насычана іх немым крыкам і жахам, бо ўсе яны крычалі і жахаліся, зявілі зяпы, вывяргаючы з сваіх жабраў адчай і жах, назбаўляліся ад аднаго адчаю, ад разлітай на ўсёй вадзе атруты — абескіслароджанасці, дыхалі зноў той жа самай абескіслароджанасцю жаху і адчаю, зараяіа- лі той жа атрутай безвыходнасці не толькі ваду, у якой жылі, але і паветра, якім ужо дыхалі людзі. I людзі былі ўжо распалены сутарганай безразважнасцю пагоні, палявання, бы пугамі, сцябалі ваду, і ляшчоў, і сябе, азарт свой. На бягу, адной рукою, зубамі адкаркоўвалі бутэльку з віном і гарэлкаю, адкідвалі ўбок пустыя бутэлькі, хавалі ў кішэнях тыя, у якіх нешта яшчэ боўталася, і жывадзёрамі аднаго за адным падцягвалі да пелек ляшчоў, чырвонымі і не гнуткімі ад холаду рукамі выдзіралі іх з пелек. А тыя, у каго рукі задубелі ўжо зусім і не здольныя былі ўхапіць і ўтрымаць жывое і склізкае цела рыбіны, здабывалі гэтую рыбіну зубамі. Зубамі працаваў здаравіла, каля якога спыніўся Махахей, малады хлопец з рукамі каваля ці механізатара, збітымі, падрапанымі, з ссаджанымі пазногцямі, адрослымі няроўна і бугрыста, а пальцы былі не адмытыя ад машыннага масла і крывавілі. Ён мог яшчэ трымаць імі вуду, як прывык трымаць і трымаў, пэўна, у якім бы стане ні знаходзіўся, баранку аўтамабіля ці молат, але жывое вылузвалася з яго рук. I хлопец толькі падцягваў да пелькі ляшча, падцягваў, шчэрыў зубы, падаў перад ім па коленцы і, баючыся, што не ўтрымае рыбы, дапамагаў сабе зубамі.
Махахей як убачыў гэтага хлопца, так і замёр, стаяў,
пазіраў па яго і маўчаў. І не адчуваў ён нічога, ні пратэсту, ні абурэння, пуста было ўсярэдзіне, як узрэзалі там і выцягнулі ўсе пачуцці разам з сэрцам, косткамі і жыламі. I цела, здавалася, запоўнена адным толькі паветрам, і паветра таго ў ім усё павялічвалася і павялічвалася, яму ўжо, здаецца, прыпякала ад яго, і вось-вось магло разарваць, утапіць у лёд. Адзінае, што яшчэ жыло ў Махахею і служыла яму, як заўсёды, верна,— вочы, больш верна, чымсьці раней. Яны глядзелі па ўсё, што адбывалася тут, як бы з глыбі яго, і глыбіннасць іх была незразумелаю і недаступнаю Махахею, як глядзеў ён цяпер не сваімі па ўсё вачыма, што былі дадзены на ўсё жыццё яму, палешуку, селяніну і калгасніку, бацькамі, таксама палешукамі і сялянамі, а пазычыў ён гэтыя вочы ў некага іншага, і толькі на сёння, на час рыбалкі ў пратоцы. I той, у каго ён пазычыў іх, здавалася Махахею, быў куды разумнейшы за яго, мо і больш бездапаможны, бо не азываўся, але разумнейшы. Розум быў вялікі, але нейкі журботны, што запасіў і запамінаў усё да нейкага часу, да нейкай пары, а да таго часу, да той пары нікуды не хацеў улазіць і ўмешвацца. Веданне, адчувальнае і Махахеем, але недаступнае яму, таксама не дазваляла ўмешвацца. I веданне гэтае ахоплівала і пранізвала не толькі вось гэтую хвіліну, усё, што адбывалася зараз, але і вякі, стагоддзі назад, вякі, стагоддзі ўперад. I нешта падобнае, здавалася яму, ужо было з людзьмі стагоддзі назад, і нешта падобнае будзе яшчэ стагоддзі ўперад. Падаў ужо так чалавек і будзе яшчэ падаць, і не адзін раз. I падымацца будзе. Ён жа, Махахой, таксама ў свой час падымаў рукі. Мо ён і цяпер на людзях, у пратоцы, перад гэтай саломай-церухой, рыбай, з паднятымі рукамі. Збоку ж сябе не бачна, бачыш і судзіш іншых. А іншых судзіць лёгка. Ты асудзі сябе. Паглядзі па сябе, чым ты лепшы, больш чысты за таго ж хлопца, у якога так замерзлі рукі. Бег па ёршыка, каб кінуць яго ў кішэню, а патрапіў па ляшча, і ўжо маленькаю здалася кішэня, у якую заўсёды ўлазіла столькі, што хапала і на юшку, і на скавараду, ужо сарочку намерыўся з плеч здымаць. I зняў бы, калі б нікога побач не было.
Сярод рыбакоў зноў усчаўся нейкі бязладны рух, толькі цяпер беглі яны не рассыпана па крузе, як толькі што за касяком рыбы, а больш шчыльна, і імкнуліся да нейкага нават цэнтра, і но азартла-здабычліва, як раней, а азартна-злосна, з пешнямі, з сякерамі і бурамі наперавес, нібыта ў атаку. І крык, крык, злы, з мацюкамі.
— Спыніцеся, людзі! Людзі ж вы яшчэ?
— Хто там гарлае? — выхаркнуў на лёд новую порцыю слізі, лускі і крыві хлопец і зморшчыўся.
— Рыбнагляд, рыбінспектар,— адказаў, здаецца, адзін з тых рыбакоў, што бег міма Махахея. Але адказ гэты імгненна памножыўся і, нібы ветрам падхоплены, залунаў пад пратокаю.
— Пяшнёю на кумпалу — і рыб карміць,— сказаў хлопец і працягваў рыбачыць. Але натоўп галасным камяком ужо накаціўся на яго і Махахея. Закружыўся перад імі і выкружыў з свайго чэрава рыбінспектара і рыбака. Хаця хто з іх быў рыбінспектарам, а хто рыбаком-браканьерам, разабрацца было не надта проста. Абодва яны аднаго веку, аднаго росту, невялікага, а калі меркаваць па маршчынах, па сівых валасах — і аднаго нялёгкага лёсу. I крычалі яны адно і тое ж, і аднолькавыя былі словы іх:
— Рыба дзяржаўная, дзяржаўная, не твая і не мая...