За касцюм Ваську з сябрам далі другую прэмію і тым канчаткова сапсавалі яму настрой: за адны толькі пакуты маглі б даць і першую, але першую, як абвясціў дырэктар, журы вырашыла нікому не прысуджаць. А Свабоду і паліцэйскага выклікалі па сцэну пасля таго, як Васька растлумачыў іх маску і добра ўрэзаў на імперыялізму, што душыць усякую праяву свабоды, не дае і кроку ступіць простаму чалавеку,— гаворачы гэтыя словы, ён глядзеў на Надзьку. Ім пад тупі уручылі дарагі альбом для фотакартак і шэсць невялічкіх, але цяжкіх крыштальных чарачак. I тут, прымаючы гэты прыз, яны з сябрам ледзь не пагарэлі. Дырэктар раптам зацікавіўся ланцугом. Было невядома і засталося невядомым: ці прызнаў ён яго і таму пацягнуўся, ці то яшчэ не набыў новага ланцуга для свайго ваўкадава. Васька ж паказаў тут сябе сапраўдным амерыканскім палісменам — пад смех залы і радасныя, пахвальныя воклічы пагнаў свайго сябра са сцэны дубінкай. Не выказала ніякай радасці адна толькі Надзя. Адмовілася яна ўзяць і дарагі альбом, які Васька шчыра тут жа хацеў падарыць ёй.
— Для кветачак, Васька, сабе пакінь. Кветачкі будзеш збіраць, сушыць і складваць...
З такой жа рашучасцю і не без кпінаў абсекла яна ўсе яго спробы залучыць яе ў пакой і, як заведзена, па прызначэнні выкарыстаць крыштальныя чарачкі, абмыць іх.
— З кім-небудзь іншым, Васька...
— А я з табой, і толькі з табой.
— Са мной пасля дожджычку ў чацвер.
— Дык якога ж чорта лысага цягнулася ты сюды? — Васька зазлаваў не на жарт, нагадаў усе крыўды, усе здзекі: ён жа перад ёй і так і гэтак, ледзь не пакаёўкай служыць, а ў адказ ніводнага чалавечага слова. I ён ужо сумняваўся, ці ёсць у яе сэрца і каму яно належыць. Новы ж год на дварэ. I гэты Новы год, мроілася яму, быў падобны зараз на Надзю, такі ж калючы, непрыветны. I не ведаў ён ужо, як пазбавіцца ад Надзькі, выстаўляецца як немаведама хто, а разам жа гусей у Княжборы ганялі, і ён хацеў ужо нагадаць ёй пра тых гусей, але Надзя нечакана ўзяла яго руку і неяк дрыготка сціснула яе.
— Мне тут душна, пайшлі адсюль.
— Куды? Сёння ўсе святкуюць. Радуюцца ўсе сёння.
— А мне плакаць хочацца.
— Табе — плакаць? — не паверыў ён.
— Я ішла сюды такая радасная, такая радасная. I сама не ведаю, чаму радавалася. Здавалася, што сёння ўсё будзе незвычайнае, як нарадзілася на свет я сёння. А тут каля вашага тэхнікума дрэвы ўсе павалены, голле і макаўкі ўсе паабразаны. Леснікі яшчэ... I ад цябе так гуталінам і, прабач, хлявом...
— Так, хлявом, але ж сама ты заатэхнік.
— Ну і што з таго?.. Хвасты каровам круціць... Ведаю, буду круціць у якой-небудзь цьмутаракані... Не хачу толькі чуць ад цябе, не хачу слухаць, што я павінна, што я абавязана, і гэдэ і тэпэ, што бацькі мае век круцілі, вясковыя яны, зямныя. А я не хачу ні хвасты круціць, ні камусьці абавязанай быць. Чаму гэта я з абавязкам нарадзілася, а не таму ўбачыла свет, што бацька з маткай кахалі адно аднаго...
— Надзька...
— Што Надзька? Вось і ты ўжо лічыш, што я і табе нешта павінна. А я не хачу так, разумееш, не хачу, каб і тыя, каму я пялёнкі гэтыя буду апратваць, таксама немаведама каму абавязаны ўжо былі. Разумееш ты гэта?
— Разумею,— адказаў Васька, хоць нічога і не зразумеў. Але Надзя патрабавала ад яго менавіта такога адказу, і ён падпарадкаваўся ёй. Яго ж уласнае жыццё было куды прасцейшае, яно складвалася проста з дзён, што беглі сабе і беглі, і ён не наракаў на іх, не паўставаў перад гэтай іх нястрымнай плынню, ахвотна рабіў тое, што хацелася яму рабіць, без асаблівай ахвоты, але таксама рабіў і тое, што не вельмі хацелася, прыстасоўваўся і прыстасоўваў да сябе гэтыя «хачу» і «не хачу». I з кожным днём меншала «не хачу», таму што падмянялася на «так трэба».
— I зараз я хачу,— сказала Надзя,— зусім не тое, што хочаш ты. Хачу, каб мы пайшлі на вуліцу і адразу ж пайшоў снег. Хачу снегу, разумееш? Снегу на Новы год.
Гэта ўжо Васька разумеў, таму што сапраўды Новы год без снегу не быў Новым годам, і ў жаданні Надзі не было ніякага капрызу. А калі і быў ён, капрыз, то за ім цяпер сапраўды ўжо паўставала Надзя, і ён недзе пачаў ужо разумець гэтую Надзю. I ўпершыню па-сапраўднаму адчуў сябе перад Надзяй неяк няёмка, сарамлівасць нават нейкая з'явілася. Былі ў яго дзяўчаты і да Надзі, але тым, іншым дзяўчатам, патрэбен быў толькі сам ён. I гэтая іх самасць хутка надакучвала яму. А Надзя трывожыла і палохала яго. Ён спалохаўся яшчэ больш і стаіўся, падпарадкаваўся ёй канчаткова, калі яны выйшлі на вуліцу і Надзя прамовіла зноў:
— Хачу снегу!
I снег пайшоў. I які яшчэ снег. Ён ніколі не бачыў такога снегу ў горадзе, нібыта ў чыстым голым полі ці на заліўных сенажацях каля ракі, што ў іх Кпяжборы на Балоні. Прыхапіла іх мяцеліца, завіхурыла, закарагодзіла і панесла, навяла немаведама куды, у бок ад вуліц, хат, жытла, у тую белую, шалёна закручаную зямлю, якой яны нават і не ведалі, але здагадваліся, што яна ёсць, павінна быць, і з такім вось характарам, з такой вось беллю і гладдзю і цішай такой, дзе толькі свішча вецер, дзе голас толькі ў мяцеліцы, дзе пахне малаком і ўласным сырадойным, чыстым дыханнем, а яшчэ добра ўляжалым яблыкам. І вымарачана забелены горад аціх пад гэтым снегам, як нешта дараванае, вышэйшае і вельмі дарагое прымалі снег дахі хат, дрэвы, голле іх і нават адзін мяккі і напалову пусты аўтобус, які, пэўна, заблудзіў у гэтай навагодняй начы, прыстаў на хвілінку да аўтавакзала іх горада, кожную хвіліну быў гатовы бегчы далей са сваімі пасажырамі, што маўкліва і ціха выглядвалі з акон. Акрамя тых, што сядзелі ў аўтобусе, на аўтавакзале і каля яго былі яшчэ іншыя пасажыры, але яны таксама нікуды ўжо не спяшаліся і як бы аб нечым сумавалі. Двое толькі з іх корпаліся на лаўцы каля прамарожанага ларка «Піва-воды». Корпаўся, уласна кажучы, адзін, другі нерухома ляжаў на лаўцы і не кратаўся, і таварыш тузаў яго за рукавы і выгаворваў:
— Іван, падніміся... Іван, падніміся,— сціхаў, азіраўся і зноў — як напілкам па шкле: — Іван, падніміся, Іван, падніміся...
Аўтобус не вытрываў, з дзвярэй яго і акоп выбухнула:
— Да падніміся ж ты, Іван.
Іван не падняўся, аўтобус крануўся і знік у віхуры. I Васька з Надзяй пайшлі далей, самі не ведаючы куды, даверыліся дарозе і снегу. Горад ім хаця і быў не чужы, ало і родным яшчэ не быў. Не мелі яны яшчэ ў гэтым горадзе патаемных сваіх куткоў, запаветных мясцін, завулкаў і вуліц, якія належалі б толькі ім, нічога іхняга не было тут, ні крыўды, ні радасці. Усё было пакінута ў Княжборы — і смех, і слёзы, захапленне і здзіўленне светам, што раскрыўся перад імі на хаду, на бягу праз боль, страх і радасць, якія яны зведалі на родных княжборскіх дарогах і сцежках. Тут яны толькі ўваходзілі ў свой свет, пазнавалі яго на дотык, спачатку нагамі і толькі потым сэрцам. Так дайшлі яны вуліцамі Савецкай і Кастрычніцкай, Леніна і Першамайскай да помніка, танка, што стаяў на высокім пастаменце. I хоць яны, здаецца, усё ведалі пра гэты танк, таму што паставілі яго тут ужо на іх памяці, і ён, танк, спачатку як бы не згадзіўся стаяць, ноччу сышоў з угатаванага яму п'едэстала, разбурыў яго, прапоўз метры са тры і спыніўся, пацэліўшы ў неба ствол сваёй гарматы. Але зараз Надзя з Васькам як бы нанава адкрылі для сябе гэты танк, крануўшы спачатку баязлівымі рукамі яго халодную браню, а потым, нібы ім нешта перадалося ад гэтага дотыку, асмялелі, сышліся рукамі на танку, абагрэлі іх уласным дыханнем і як бы самі сагрэліся і, здаецца, парадніліся, дзякуючы прысутнасці трэцяга, які злучыў іх рукі, і рушылі далей. I снег, які да танка быў колкім, пранізлівым і халодна-блакітным, памякчэў і паружавеў, стаў ужо касым, світальна-лёгкім, падаў ім: на спілу, не трапляў больш за каўнер, задумліва ляцеў паперадзе іх, нібыта вёў іх за сабой, паказваў ім дарогу, усцілаў яе ружовай і рухомай беллю.
Ваську здавалася, што гэта ён вядзе Надзіо, так даверліва прыпадала яна да яго, так паслухмяна ішла побач з ім, але, калі ён паспрабаваў недзе ўжо каля ваколіцы павярнуць і строга пранумараванымі шматлікімі чыгуначнымі завулкамі і праездамі зноў выйсці ў цэнтр, на вуліцы, дзе гарэлі ліхтары, яна заўпарцілася, лёгенька, адным толькі пальчыкам, адціснула яго ад гэтых завулкаў. I яны зноў блукалі па незнаёмай ім ваколіцы, і снег тут зноў змяніўся, быў ён ужо крупчастым і падсякаў вочы і ногі. I яны вымушаны былі ісці, прымружыўшыся да чырвоных чорцікаў у вачах. I гэтыя мітуслівыя чорцікі выбілі з вачэй Ваські слязу. Ён паглядзеў па Надзю, па павеках і ў яе пагойдваліся слёзы, толькі нешта падазрона ўжо буйныя, як бы і не снегавыя. Васька здзівіўся ім, падзівіўся і з сябе: чаго гэта ён, як ваўкалюга, бадзяецца ноччу па мяцеліцы і Надзьку яшчэ марозіць, цягае за сабою? Не было з ім такога ніколі. Усяляк бывала, але, каб ён мучыў дзяўчыну, калі ёсць вугал, такога не было. I што ў гэтым снезе, што ў гэтым блуканні па вымерлым начным горадзе? Першую хвіліну было хораша, таму што нечакана, нова. А зараз гэтая навіна ўжо абрыдла, хоць бочкамі салі яе. I таму хацелася ўжо нечага іншага, як толькі што прагла душа снегу, зімы, так прагла зараз лета. Да таго ж яны, здаецца, заблудзіліся, згубіліся ў мяцеліцы і снезе.
Васька прыслухаўся да сябе, згадваючы бясконцыя павароты, паспрабаваў вызначыць, па якую руку будуць яго і Надзін інтэрнаты. I не здолеў вызначыць. Але адчування згубленасці не было, здавалася, што кожная дарога, кожная сцяжынка выведзе іх дадому, у якім напрамку яны б ні пайшлі, усё роўна будзе правільна. I гэта было незразумела яму, таму што ў яго заўсёды было адчуванне дому, веданне той самай-самай адной-адзінай дарогі, якая вядзе дамоў. А зараз іх стала мноства. I гэта было ўжо няправільна, не магло быць правільным. Хацеў сказаць пра гэта Надзі і. толькі наглытаўся снегу, поўсці. — Надзя заціснула яму рот даланёю, блакітнай сваёй рукавічкай. Яго апанаваў смех ад дотыку гэтай далікатнай далоні ў рукавічцы: ці ж здольная гэтая блакітная рукавічка і далонька, што хаваецца ў ёй, вымусіць яго маўчаць, камандаваць ім, такім вялізным, а ён раптам адчуў сваю вялізнасць, амаль што веліканістасць у параўнанні з гэтым дзяўчом у кароценькім школьным паліто і белай вязанай шапачцы. Васька адчуў, што зараз ён ёсць паўсюдна, што ён бясконцы, як бясконцае гэтае поле з азімінай, пасярод якога яны стаялі, да якога неўпрыкмет дайшлі, ён быў упоравень з дубамі, што раслі пасярод поля, і мо аднаго з імі веку,— а дубам гэтым, ён бачыў спрактыкаваным вокам, было ўжо больш двух стагоддзяў. Снег но паспеў яшчэ схаваць азіміны, і невядома, ці жывая яна, ці. ўжо загінула — столькі выстаяць у маразы і без снегу. Азіміна была зялёная і сівая, як бы спацелая, снег наліпаў на вузкія сцябліны, тут, у полі, быў ён зараз ліўневым і шэрым ад цішы, але выглядаў зялёным — гэта сцяблінкі жыта так радасна падфарбавалі яго. Яны маўкліва прымалі снег на свае зялёныя гнуткія плечы і, калі снегу наліпала больш, чым важылі самі яны, маўкліва падломваліся і ўкладваліся на зямлю, да цяпла ўжо. Іх маўклівасць перадалася і яму, запасілася ў ім і выспявала, выспявала не ў словы, а ў нешта зусім іншае, пра што здагадвалася мо толькі Надзя, таму што яна і сама маўчала, і патрабавала гэтага ад яго, гэтага ж патрабавалі поле, дубы, што раслі па ім і маўчалі ўжо трэцяе стагоддзе, наглядалі за тым бясконцым колам, якое вяршылася на іх вачах, за снегам і дажджом, сяўбой і ўборкай, пахаваннямі і вяселлямі. I ўсё гэтае кола было наканавана прайсці і ім, кола гонару ці ганьбы, як яны выберуць самі: чаго пажадаюць, тое і атрымаюць. Але пакуль што пачатак іх добры — з навіны, новага маладога снегу, ласкавага і лёгкага. Ён не скончыўся да самай раніцы, да світання, калі Васька нарэшце давёў Надзю да дзвярэй яе інтэрната. Перастаў падаць на хвілінку, даў ім развітацца, паглядзець, не прыжмурваючы вачэй, на тое, што ён тут утварыў, што зрабіў з зямлёю, за адну толькі ноч стварыў нанава зямлю, і мо не адну толькі зямлю. Развітваліся яны таксама, як і правялі гэтую ноч, маўчком. Васька, праўда, хацеў нешта сказаць, але Надзя, як і ў полі, заціснула яму рот даланёю, і ён зноў адчуў, што расце, усе платы вакол сталі толькі да пояса, і будынкі, здаецца, адхіснуліся ад яго, каб яму вальней дыхалася, каб ён добра разглядзеў ззяючы ружовым, блакітным і зялёным снег і захаваў, збярог у сабе яго світальна чысты, нібы позірк толькі-толькі ўбачыўшага свет дзіцяці, маўклівую задуменнасць і засяроджанасць яго, каб ён не разбурыў усё гэта выпадковым і няёмкім словам.
Частка другая
ОКІЦЬ НА БУСЛІКА
ПА КРУЗЕ ДАРОГА