— Як гэта, дык і што? Ці аглухла? Дзіця ў хаце нехрышчонае да якой пары будзе, пытаюся?
Яна ўздыхнула:
— Ай, мама, якая розніца, хрышчонае ці нехрышчонае?
— Танька, пабойся бога, не брашы! Ты што, парцейная, што такая вумная зрабілася? Ці ты хочаш, каб бог дзіцяці долі не даў?
Тацяна ведала, што калі яна будзе агрызацца, дык матка не перастане, з маткай трэба рашуча, як і тады, калі выбіралася ў лес, і таму сказала, як адрэзала:
— Як даў радзіцца, так і долю дасць! І хопіць пра гэта, мама!
Божа мой, як яна любіла Алёшку, як дрыжала над ім! Наглядзецца, нацешыцца не магла. Радая была, што пайшоў ён не па ім, а па ёй: такі ж русявы, круглатвары, кірпаценькі. Толькі лоб не яе. У яе, Тацяны, лоб невысокі, без залысін, а ў Алёшкі, як трэба мужчыне, круты, шырокі, чысты. Як валосікі пачалі адрастаць, дык яна ўсё старалася іх угору зачасаць, каб лабок яшчэ большы выдаваў. Памятае, пакупае яго, прыадзене, валосікі зачэша, прыкладзе да грудзей і сама ўсё глядзіць ды глядзіць на яго. І так усцешыцца, што, здаецца, заціскала б яго, зацалавала б. А ён рос такі ўжо ласкавенькі, такі ўжо лізунок. Гаварыць яшчэ добра не ўмеў, а яна спытае: «Як Алёшачка маму любіць?»,— дык ён абдыме яе за шыю, так ужо шчыльненька прыціснецца і буську дае то ў адну шчаку, то ў другую. Ажно ў яе сэрца заходзіцца. Бабы, Манька тая ж казалі:
— Ну, Танька, ён у цябе такі ўжо мамчын пестунок!
А чый жа яшчэ? Вядома, мамчын. Мамчын і бабчын.
Бабка, матка яе, таксама яго любіла. Яна ж, Тацяна, калі Алёшку яшчэ і годзіка не было, з коньмі пачала рабіць, а з коньмі вядома якая работа: як паедзе раніцою, дык на цэлы дзень, не заўсёды і на абед прыязджала, толькі ўвечары дома стыкалася. А Алёшка — з бабкай. Цялушку яны ў сорак сёмым прыдбалі, дык Алёшка з бабкай і ў хляве, і на гародзе, і на аселіцы, дзе матка тую цялушку навязвала. Куды матка, туды і ён. Матка яго, памятае, усё Хвосцікам клікала.
— Мой ты Хвосцік,— казала,— што б гэта я рабіла без цябе?
Робіць яна, Тацяна, у полі — ці арэ, ці барануе,— а ўсё пра яго думае: каб жа хаця нічога не здарылася, каб жа хаця якая бяда не звалілася... Не ведае чаму, але ўсё ёй у галаву дурное нешта лезла. Ажно ці не да шаленства даходзіла! Ляйчыну конь нагой пераступіць, пастронкі заблытаюцца, загваздку ад калёс згубіць — гэта, няйначай, на бяду, на кепскае варожыць, нешта з Алёшкам там. Сілком сябе стрымлівала, каб не рынуць усё ды дадому не паперціся. Прыедзе ўвечары, дык не на канюшню, а пярвей дадому — як ён? Ухопіць яго на рукі — і адлягала ад сэрца...
І, дзякаваць, ні разу варажба тая не спраўдзілася. Ні хвароба, лічы, ні разу не прысляпілася, ні якая іншая навалач. Дужа спраўненька рос.
А ёй праз яго ой як даставалася! Гэта ж пакуль яго не было, дык ніхто пра тую «партызанскую нявесту» і не заікаўся. А як знайшоўся Алёшка, дык і пайшло. «Нагуляла Танька аднаго, нагуляе і другога...» Хіба яна не чула такога, хіба не даходзіла да яе? Колькі яна такіх крыўд выцерпела, хто калі падлічыць!
Памятае, малацілі на таку. Алёшку, пэўна, гадоў пяць было ўжо, а можа, і меней. Яна, Тацяна, снапы ў малатарню падавала, а яе коньмі хлапчукі салому адцягвалі. Прыглушылі ўрэшце трактар на абед. Качан тады ўсё яшчэ старшыняваў, наказваў:
— Глядзіце, дзеўкі, не баўцеся. Кароў падоіце, перакусіце — і сюды. Бо, дзела такое, час не жджэ, забяруць малатарню, а тады хоць за цэп хапайся.
Тады ж парадкі іншыя былі. І поначы, памятае, малацілі. Дзе трактар сваім вокам свеціць, а дзе і ліхтары — іх чамусьці «лятучымі мышамі» звалі. На людзей не зважалі. Колькі машына выцерпіць, столькі і рабілі.
На абед не ўсе дахаты пайшлі. Хто з сабой якога агурка ўзяў ці яблыка, дык тут, на таку, перакусілі і прылеглі ў саломе адпачыць. Не хадзіла дадому і яна, Тацяна. Кульнулася са стала на торп, рукі знямелыя раскінула і, здаецца, прыдрамала на сонейку. Спахапілася ад таго, што нехта па грудзях яе мацае, каптанчык расшпільвае. Не датумкала, ці то гэта ёй саснілася, ці напраўду, як нехта наваліўся на яе і ў вусны ўпіўся. Прахапілася — ажно Сяргей Клеркаў. Дальбог жа, не магла дацяміць, чаго гэта ён за пазуху да яе лезе, твар слінявіць.
— Сяргей, ты што — здурнеў?— быццам спакойна яшчэ спытала.
— Другім можна, а мне — не? — прахрыпеў хлопец.
Лінула кроў да галавы ў яе, у горле перасохла.
— Ах ты, смаркач! Ах ты, апоўзлік!
Не помнячы сябе, з усіх сіл штурханула хлопца ад сябе. Так штурханула, што ён толькі войкнуў і пакаціўся з торпа. Пачула, як грымнуўся вобзем. А сама перакулілася на жывот і загаласіла нема.
Колькі тады было яму, таму Сяргею Клешчаваму? Пэўна, гадоў шаснаццаць. Дадумаўся ж, смаркач! Наслухаўся іншых... Яна тады, як адышла троху, дык і спалохалася: ці не пакалечыўся хлопец?
Нікому не сказала пра тое. І брыдка было прызнавацца, і не хацела, каб з хлопца смяяліся. А ён пасля таго ўсё яе пазбягаў, стараўся на вочы не трапляцца. Ажно праз шмат гадоў, калі ўжо ў Мінску быў, жонку і дзяцей меў, загаварыў з ёю. Ішоў вуліцаю, няйначай, на падпітку, а яна на лаўцы сядзела, дык прыпыніўся, прысеў побач, сказаў:
— А я помню, Тацяна.
Здагадалася, пра што ён, ды адно ўсміхнулася:
— І ты нічога не помніш, і я...
— Мо і твая праўда,— Сяргей уздыхнуў чагосьці.
А што яна яшчэ магла сказаць? Што не помніць, дык — няпраўда. Як не думае, як іншым галава занята, дык яно вядома — даўно ўсё тое забылася, як сон, што знячэўку пад раніцу нахопіцца. Здаецца, і снілася нешта, а што — не згадаць. А як пачне ўспамінаць пражытае, дык усё чысцютка прабяжыць перад вачамі, быццам было ці не цеперся, а ўчора...