Ён падняўся, атросся. Капошачыся ўпоцемку з вопраткай, сказаў:
— Ашалела, ці што?
А яна ўжо не магла супакоіцца. Усхапіўшыся на ногі, яна штурхнула яго да дзвярэй, прастагнала:
— Прападзі ты пропадам! Каб духу твайго тут не было!..
Яна так і не ведае, куды ён тады падзеўся. Пэўна, поначы павалокся ў раён, а мо па дарозе недзе ў стозе да сонца праваляўся. У хату не заходзіў, і на канапе астаўся ляжаць яго пляскаты, з двума замкамі, партфель. Больш Дубіцкі ў іхнім калгасе не паяўляўся. Чаму — яна не пыталася. Пэўна ж, не яна была таму прычынай. Быць таго не можа, каб яна! Бо што яна яму? Мо ў кожным калгасе меў каханку. Жаліўся, што адзін на цэлым свеце, а пасля ўведала: меў Дубіцкі жонку і двое дзяцей. Але маці пра тое яна не сказала. А партфель ускінула на гарышча. Было ў ім некалькі пакамечаных паперын, у якія загортваў, пэўна, сала, і хлебныя крошкі...
На Лугавінні яна не ўмешвалася ў бабскія гаворкі. Краем вуха чула, вядома, аб чым яны перагукваліся, ды не зважала на тое. Што ёй да таго, што Ганулін Васіль купіў машыну? Купіў дык купіў. Каб не Гануля, дык дулю б ён купіў? Не надта ён там, у Мінску, і раскашуецца, каб яшчэ і на машыну завінуцца. Каб не матка, якая во ўжо каторы год цялятніцай робіць і вунь якія грошы палучае, дык ці сабраўся б на матацыкл, як Алёшка. А пасля ці не гадзіну абгаворвалі Таісу Змітракову і яе Косцю. Быццам разводзіцца Таіса з Косцем. Дык хто за яе, а хто — за яго. Ён, кажуць, хоць і п'яніца, а чалавек добры, мухі не пакрыўдзіць, і дзяцей любіць. Найбольш Адарчына старэйшая, Франуся, за Косцю заступалася, дык бабы і рагаталі ўжо: ці не меціць яна на Таісіна месца? А Франуся праз тое яшчэ больш распалялася. Дурная Франуся, не разумее, што не можа п'яніца добрым чалавекам быць. І дзеці яму — ці ёсць, ці няма, бо ён не іх, а гарэлку любіць. А Таісу шкада, вядома. Колькі ўжо гадоў за тым Косцем гаруе! Траіх дзетак нажылі, а ён усё роўна за розум не можа ўзяцца.
Але што ёй, Тацяне, да таго? І бабы маглі б пра тое памаўчаць. Калі б Таіса тут была, дык, нябось, не гаварылі б, а за вочы дык адна перад адной. Пра чужое ўсім лёгка гаварыць. Тут табе кожны і суддзя, і пракурор, а як каторай сваё што забаліць, дык тады, як той казаў, і язык праглыне.
З Манькай, лічы, таксама не гаварыла. Потым ужо, калі ішлі з Лугавіння дадому, дык абмовіліся колькімі словамі, кілбасу, што яна, Тацяна, брала з сабой, з'елі. Так і да крамы дайшлі.
Ля крамы спытала Тацяна ў Манькі:
— Ты зойдзеш?
— Не,— адказала Манька.— Хлеба ўчора ўзяла, а так — што там купляць?
— А я забягу. І хлеба трэба свяжэйшага ўзяць, і хачу паглядзець што ўнучачцы.
— А грошы ёсцека?
— А я заўсягды з сабой дзесятку, а то і дваццацьпятку нашу, каб пры нагодзе не бегаць, не перахопліваць у каго,— яна, Тацяна, прыставіла да сцяны граблі.
У краме, акрамя Волькі-крамшчыцы, была толькі Гэрцава Лялька.
Старая жалілася Вольцы:
— Хутчэй бы да Алісейкі. Не трымаюць ногі. Было два кані, ды з'ездзіліся. Думала — не дайду.
— Дык вы б, цётка, папрасілі каго,— казала Волька.
— Пэўна, Волечка, можна было б і папрасіць, але ж і самой хочацца па сяле прайсці.
Яна, Тацяна, паздароўкалася, падышла да прылаўка.
— Насып мне, Волька, цукерак. Толькі паглядзі, каб лепшых якіх,— папрасіла.
— Якіх вам, цётка? «Вавёрачкі» ці самых даражэйшых — «Тузіка»?
— Гэта з сабачкам на паперках?
— Ага.
— Давай іх. Малой забаўка будзе,— кіўнула галавой.
— Што, унучка прыехала?
— Але ж.
— А я думала, сабе выбіраеце,— усміхнулася Волька.— І думаю: во распанела цётка Тацяна, «Тузіка» захацела.
— А ці ж мне хто ў рот глядзіць? Толькі я не надта і люблю іх,— Тацяна глядзела, як Волька важыць цукеркі, потым зноў папрасіла: — І паглядзі, дзяўчына, мо ёсць у цябе сандалікі якія?
— Таксама ўнучцы?