А Піліп галаву падняў, вочы вылупіў:
— А чаму — Раманавіч?
— А як жа яшчэ, дзядзька Піліп? Мужык жа мой — Пецька Раманкевіч.
А Піліп хмыкнуў:
— Ну, ведаеш! Знаем мы такіх мужыкоў. Вайна!.. Во і я сабе ледзь другую бабу не займеў. У шпіталі...
Яна зазлавала:
— Чаго вы, дзядзька Піліп, выскаляецеся? — І тыцнула яму пад нос кардонкі партызанскія.— А гэта вы бачылі? Хто мне Пецька быў, калі не мужык?
Піліп доўга разглядаў шлюбнае пасведчанне, урэшце сказаў:
— Ты, гэта самае, не крыўдуй, Тацяна. Каб жа я ведаў... Але як бы табе гэта сказаць, яно... Ну, добра, Пецька быў тваім мужыком, усё правільна. Ну, а малое тваё? Што Пецька да яго ці яно да Пецькі?
Яна разгубілася, не знаходзіла, што сказаць. Скрозь слёзы прамовіла:
— А ці ж грэх які будзе, дзядзька Піліп, калі я на яго прозвішча запішу?
— Пры чым тут грэх? Але чаму, скажы, на яго прозвішча? Чаму Раманкевічам?
— Дык жа і я, дзядзька, Раманкевічыха!
— Але, але. Гэта ты цяпер, дзеўка, успомніла, што ты Раманкевічыха. А па шнуравой кнізе ты хто? Колік Тацяна Кірылаўна! І не выдумляй ты, Тацяна, таго, чаго не трэба. Я не кажу, дакумент як дакумент, хоць, каб ён сілу меў, яго даўно трэба было б абмяняць. Але ж гэта каб Пецька быў жывы...
Слухала яна і пагаджалася. Праўду кажа Піліп. Яна ж і не ўспамінала пра тое пасведчанне, ляжала яно ў куфры і ўсё. Калі б не Алёшка, дык ці шукала б яго? І ўсё ж зноў пачала прасіць Піліпа:
— Дзядзька Піліп, а ці можна, каб усё ж Раманкевічам запісаць?
Піліп крутнуў галавой, сказаў ужо зласнавата:
— Можна ці няможна, можна ці няможна... Калі Пецька твой загінуў? У сорак чацвёртым! А цяпер які год? Сорак шосты! Дык што ты хочаш, Тацяна? Так доўга ён у цябе на свет прасіўся?
Яна, седзячы на табурэтцы па другі бок стала, апусціла галаву. І тады Піліп выйшаў з-за стала, паклаў ёй на плячо руку:
— Яно і другое, Тацяна. Нашто, каб хто спытаў, табе клопат лішні? Ведаеш, як людзі могуць перавярнуць усё? Пойдуць гаворкі: дзіця на нябожчыка запісала. А Пецьку твайму тое ўжо ўсё роўна, як усё роўна і Алёшку.
Яна адно толькі ўздыхнула:
— То ўжо хоць бацьку пастаўце Пятра. Хай будзе Пятровіч.
Піліп усміхнуўся:
— Гэта — можна! Гэта тваё права. Пятровіч дык Пятровіч. Яму, Тацяна, «Пятровіч» яшчэ не скора прыдасца.
— Некалі ж прыдасца.
— Гм, ведама...
А з маткай яна за Алёшку цэлы бой вытрымала. Гэта ж маўчала-маўчала, а аднойчы і скажы:
— Што ты сабе, дачушка, думаеш? Хлопцу другі месяц, а не хрышчоны!
Яна чакала, што матка некалі пра гэта скажа, і таму спакойна адказала:
— Дык і што?