Рыта не азывалася, нічога ні разу не перапытаўшы. Нават не паварочвалася да яе, Тацяны,— быццам ёй тое кіно вельмі цікава было глядзець. І яна была ўдзячна ёй за гэтае маўчанне, бо наўрад ці змагла б гаварыць пра ўсё, калі б Рыта ў вочы ёй глядзела. А так выходзіла, нібы яна сама з сабой гаварыла, сама сабе спавядалася. І ўсё гаварыла і гаварыла...
— Дома спачатку, не буду маніць, не выпіваў. Усё — недзе, з некім. А неяк, гляджу, зайшоў у хату з Іллюком, памуляўся троху, а потым выпхнуў мяне ў запечак і папрасіў: «Нам бы чаго закусіць, мама...» Што мне аставалася? Каб хоць чалавека чужага ў хаце не было. Дык пасля таго і асмялеў бытта, ужо не чакаў, пакуль я ў запечак пайду ці ў сенцы...
А вясной неяк, тым годам, як у армію пайшоў, познім вечарам прыносіць у хату паўмяшка ячменю. Адкуль гэта, сынок? — пытаюся. А ён усміхнуўся: «На працадні, мама, цяпер не даюць...» Здагадалася: украў! Гэта ж пасяўная ішла, ён ячмень сеяў, от і прыхаваў. І спалохалася я, і абурылася. Кажу: як ты мог, сынок? Ці ж мы не абыдземся без ячменю гэтага? Ці ж я цябе калі вучыла гэтаму? Я ж пасля вайны галодная хадзіла, дух падцягвала, спадніца на мне не трымалася, а калі хоць бульбіну ўзяла? Маўчаў ён, а пасля агрызнуўся: «Ай, матка, ці табе дагодзіш!..» Насварылася я на яго, па-ўсякаму нагаварыла. Занясі ты, кажу, ячмень гэты куды хочаш, каб ён мне вочы не мазоліў! Дык ён і занёс. Да Адаркі...
Ну, той восенню, як бульбу выбралі, позва яму прыйшла. Бяседу я зрабіла. Думала, што мо толькі яго аднагодкі, сябрукі збяруцца, а дзе ты бачыла! Гэта ж ужо завядзёнка пайшла, што ці ў армію праводзіць, ці вяселле рабіць — усё роўна. Два дні, лічы, гулялі, бо ў раён паехалі яны на другі дзень ажно пад вечар, далей іх адпраўлялі ўначы.
Вусцішна мне стала ў хаце. Паверыш, ажно ката завяла. Не любіла я іх, памаўзоў гэтых. Помню, матка была яшчэ жывая, дык быў у нас кот. І займеў, падла, моду — спаць у мяне ў нагах. Засну я, а ён у нагах скруціцца і курну сваю завядзе. Дык я, бывала, як турну яго, ажно ён заенчыць. А матка, памятаю, сварыцца на мяне. Як табе, кажа, не стыдна, гэта ж жывое стварэнне... А тут во сама ў Манькі кацяня ўзяла. Яно каля ног круціцца, мяўкае — усё весялей...
А завезлі яго служыць далёка, аж на поўнач. Там жа, думаю, не соладка. Але маладзец быў: пісьмы часта слаў. І ўсё ў кожным: не бядуй, мама, служба ідзе нармальна, мне нічога не трэба. Ну, але ж я ўсё роўна: то пасылачку, то дзесятку вышлю. І рада была, як у водпуск ён прыехаў. Я й не пазнала б, калі б дзе сустрэла. І падрос, і паправіўся. Мужчынам зрабіўся... Пагуляў колькі дзён, пару разоў на вечарынкі схадзіў... Адзін толькі дзянёк мы з ім дровы парэзалі. Я думала, мо большае што зрабіць паможа — хляўчук трэба было б перасыпаць, а то аб'ехаў саўсім, у пуні страха засвіцілася, але такой бяды, думаю, неяк зробіцца. Добра во, што і так прыехаў, паказаўся матцы.
Зноўку я пісьмаў тых чакала, дзянькі лічыла. Я ж і не думала, што ён надумаецца пасля арміі ў Мінск. Усё пісаў: адслужу, мамачка, прыеду дамоў, зноўку сяду на трактар, а можа, і на машыну, я тут шафёрскія правы атрымаў. А прыехаў, прабыў троху — бачу, у Гайнаўку, у кантору, не ідзе. У нас ужо тады саўгас зрабілі і ў Гайнаўку кантору перавялі. А ён і кажа мне неяк: «Паеду ў Мінск, мама. Я і дакументы на Мінск выпісаў...» А я ж не ведаю, ці праўда тое, якія там дакументы яму выпісалі. Заікнулася была, што, можа, не спяшаўся б, што і тут работа знойдзецца, а ён толькі ўсміхнуўся. Неяк так, як тады, калі з ячменем тым у хату прыйшоў. Адно сказаў: «Што ты, мама, кажаш? Смаркачы вунь усе ў Мінску, а я...»
І паехаў. Нешта з тыдзень яго не было. А потым прыехаў і кажа: «Усё, мама, я ўжо на рабоце. На бульдозеры раблю, на будоўлі. Месца ў інтэрнаце далі...» Ну, то і дзякаваць богу, сынок,— кажу,— памаленьку, паціхеньку і асталюешся... Ад'язджаў ён, дык я дзвесце рублёў дала. І жыць да палучкі трэба, і касцюм які купіць, чаравікі, бо ўсё яшчэ ў вайсковым хадзіў — тое, што да арміі справіў, малое ўсё парабілася...
Паехаў ён, а мне ўсё думкі дурныя ў галаву лезуць. Днём дык хоць на рабоце, з бабамі, а дамоў прыйду, раблю што і ўсё думаю і думаю. Як ён там, што з ім, ці вячэраў сёння... Пра ўсё перадумаеш, пакуль па хаце тупаеш, пакуль у ложку тым не сагрэешся ды не заснеш. Ад думак сны благія сняцца, дык прачнуся і зноўку думаю: каб жа хаця ўсё добра было ў яго, малады яшчэ, нічога, акрамя арміі, не бачыў. Тры дні нямашака, дык мне ўжо і саўсім спакою няма. Прыедзе, спытаюся: сынок, чаму доўга не было? А ён на жартачкі ўсё пераводзіць. «Табе,— кажа,— каб за спадніцу трымаўся, як маленькі...» Прыскочыць у суботу, на вечарынку куды згойсае, у Гайнаўку ці ў Замошша, там з хлопцамі і чарку знойдзе, а ў нядзельку паснедае і бяжыць на аўтобус. Кажу: чаго ж так рана, сынок, мог бы і пасля абеду паехаць. Дык адмахнецца: «А чаго я буду ўвечары ціскацца ў аўтобусе? Цяпер свабодна заеду...» Ведама, вечарам усе едуць, але ж людцы вунь і з дзецьмі не баяцца паціскацца, а ён... Спытаюся, ці грошы хаця ёсць. Ёсць, кажа. А ўсуну чырвонца ў кішэньку, дык і нічога, і добра, не адмовіцца. Самой дык бытта і крыўдна зробіцца: гэта ж ніколі не спытае, ці мне што трэба, як я тут адна, мо што зрабіць набегла...
Паўгода, мусіць, парабіў на тым бульдозеры. Прыскоквае неяк у суботу, селі вячэраць, а ён і кажа: «А я, мама, ужо на заводзе». Чаму так, сынок? Гэта ж, пэўне, блага, кажу, бегаць з месца на месца? Засмяяўся: «Нічога ты, мама, не разумееш! А хто там затрымліваецца, на будоўлі?..» Папыталася: ну, а на заводзе што, ляпей будзе? «Цёмны ты чалавек, мама»,— кажа. Цёмны дык цёмны. Табе відней, кажу, сынок...
Тут, на заводзе, і цябе напаткаў. Я ж і не ведала нічога ўвесь час, ажно пакуль не сказаў: «Мама, як ты глядзіш, калі я ажанюся?» Ну, я думала, жартуе. Кажу: а бо, сынок, пра гэта цяперака ў матак не пытаюцца. А ён: «А я вось пытаюся!..» Бачу, не жартуе. Кажу: можа, ранавата яшчэ, не ўцячэ гэта нікуды, паспееш ачалавечыцца, ні сам во нічога за душой не маеш, ні яна — пра цябе кажу — таксама. А ён зноўку жартачкамі: «Ранняй жаніцьбы, як і ранняй сяўбы, не кайся...» Ты не крыўдуй, Рытачка, ні пры чым ты была, але не, прызнаюся, не хацела я, каб ён жаніўся. Сям'ю заводзіць гэта ж не раз-два, і гатова. Пакуль вас двое, можна і ў чужым кутку. А, дасць бог, дзіцятка знойдзецца? Хай сабе якія добрыя людзі будуць, але каму гэта радасна, калі дзіця чужое ў хаце? Загаварыла пра гэта, дык зноўку смешачкамі адбыўся: «Ты, мама,— кажа,— памудрэй заўкома...»
Ну, а скора ж і цябе прывёз на агледзіны...
Даўно скончылася кіно, бубнеў аб нечым, хуценька варушачы губамі, мужчына ў акулярах, надта ж падобны на іхняга Квочку, а яна, Тацяна, усё гаварыла-спавядалася...
Пятніца, 30 чэрвеня
Задрамала яна ўчора позна. Ужо, здаецца, і не думала ні пра што, гнала ад сябе думкі, дык, як на тое, галава разбалелася. І не ў скронях, як уранку, а ў патыліцы — быццам свінцом налілася. Хацела ўжо ўставаць, каб пашукаць якую таблетку, але і ленавалася з-пад коўдры вылазіць, і нявестку турбаваць не хацелася. Ляжала паленам, ажно пакуль, урэшце, сон не змарыў.
А прахапілася, дык спалохалася. У галаве быццам шумела нешта. Болю не чуваць, а ўсё шуміць і шуміць. Расплюшчыла вочы, прыслухалася — не мінаецца той шум. «Што за насланнё?» — думала нейкую хвіліну. А пасля дацяміла, што шуміць тое зусім не ў галаве — гэта ж дождж за вокнамі. Дацяміла і падхапілася з ложка: памроілася, што праспала. Прабегла, забыўшыся на тэпці, да стала, зірнула на будзільнік. Было палова на пятую. Дзякаваць богу, не заспала! Прыцемак у хаце ад таго, што хмарна. Вярнулася да ложка, уздзела сукенку. Ужо за дзвярамі, у першай хаце, усунула босыя ногі ў гумовікі, узяла даёнку і выйшла на ганак.
Дождж ішоў ціхі, не густы, але спорны. Пачаўся, відаць было, нядаўна: пясок на падворку не мокры, а толькі быццам курамі падзяўбаны. І пад капяжом нават суха яшчэ было. Гэта ж, пэўна, дождж яе і разбудзіў.
Памкнулася была ў хлеў, ды схамянулася. Вярнулася ў сенцы, каб пашукаць у вядры, куды скідала са стала аб'едкі, скібку хлеба ці кавалак бліна. Падласка так прывыкла, што яна, Тацяна, прыходзіць да яе ўранку з якім-небудзь ласункам. Не пакладзеш што на язык, дык не падоіш спакойна — усё будзе круціцца, рукі лізаць і ў вочы зазіраць, чакаць, што дасі.
Карова была ўжо на нагах і адразу пацягнулася пысай да рук. Тацяна ўсміхнулася, выпрастала далонь з лустай хлеба:
— На, ласоніца! Жыва не будзеш, калі не прынясу.
І тут жа зазлавала на Падласку — накідала сваіх лепяхоў, што і не падступіцца. Гэта ж такая чысцёха была, ніколі не наробіць там, дзе ляжыць, а то — быццам сурочыў хто.
— Ах ты, бессаромніца! — Тацяна ўсердавана дала карове грымяка па сцягне.— Розум табе адняло, ці што?
Павесіла даёнку на цвічок у вушаку, узяла з кута шуфель, пашкрэбла ім дошкі, натрусіла на іх трухой з кармушкі. Прысела даіць Падласку ўсё яшчэ ў злосці. Бурчала, прыладжваючыся:
— Стой, паненка! Іш ты на яе, пакрыўдзілася! Чаго касавурышся, га? Мала табе яшчэ перапала!
Ды хутка супакоілася. Дзе ж ты тут будзеш злавацца, калі так усё разумее? Перажывае, быццам чалавек! Паверне галаву да Тацнны, паглядзіць так разумна, у плячо лізне... Не, дарма кажуць — жывёліна ёсць жывёліна. Гэта ж і не казала нічога, і не прасіла нагу адставіць, калі ўзялася за другія, з таго боку, цыцкі, а Падласка сама здагадалася, пераступіла з нагі на нагу і яшчэ паглядзела, быццам спыталася: ці добра ёй так, Тацяне, ці зручна?
І выпіхала Падласку на двор ужо зусім лагодна, гаманіла, як з чалавекам:
— Ідзі, ідзі ўжо, хопіць падлізвацца, бо вунь ужо і пастушкі занялі, ідзі, каб не даганяць пасля.
Потым вынесла курам, схадзіла пад паветку, прынесла ў хату дроў. Ціхенька парадкуючы іх у печы, у каторы раз з крыўдаю падумала пра саўгаснае начальства — усё яно на газпліткі не ўзаб'ецца. Але ж не, не за тое! Ну, вядома, плітак тых не хапае, але ж хто маладзейшы ды спраўнейшы, дык, нябось, даўно сабе паставілі. Яна, і не толькі яна, а і іншыя бабы, колькі разоў гаварылі брыгадзіру, дык адно адказвае: у іх — сем'і, а вы, адзінокія, можаце і пачакаць. Вядома, яны могуць пачакаць. Але ж каб хоць той самы Пётра падумаў іншым разам і аб тым, каму з тымі самымі дровамі ці брыкетам лягчэй: ці ім, маладзейшым і спраўнейшым, хоць і з сем'ямі, ці ім, адзінокім Танькам і Манькам? Дык жа не, не падумаў! А як бы добра было, каб плітка ў хаце стаяла. Летам печ можна было б і зусім не паліць.
Прысланіла незапалепую печ і выйшла на двор. Пакуль сёе-тое, дык сходзіць пад Пётру, паглядзіць нарад.
Дожджык, быццам і не пачынаўся, скончыўся — адно што пыл троху прыбіў ды брук памыў. Дык яна і гумовікі скінула — хай не хлябешчуць халявамі па лытках, выткнулася за варотцы басанож. На вуліцы не было ні душы. Толькі ў самым канцы, за рэчкай, нехта нёс на каромысле суды вады, але, як ні ўглядалася, не магла пазнаць, ажно пакуль той нехта не звярнуў да весніц. Толькі тады здагадалася: Волька-крамшчыца. Бацька зрабіў ёй у двары калодзеж, нават не калодзеж, а калонку, з якой ваду рукаяткай трэба пампаваць, але Волька казала, што вада надта нясмачная, дык сабе на патрэбу ходзіць па ваду ў Пупікаву крыніцу...