Два стагі знайшлі да надвячорка, а яна не надта каб і натамілася. Але ж, хоць і адчувала сябе лепш, чым уранку, усё адно думкі пра тое не пакідалі. То думала, што каб хаця заўтра Алёшка прыехаў, бо пасля цэлы тыдзень зноў у паняверцы быць, то зноў вярталася памяццю назад, калі нарадзіўся ў яе Алёшка і калі думкі не было аб тым, што некалі стрэнецца з такой бядой, з такім клопатам...
Затаўсцела яна пасля той начы ў свіронку. Нікому б веры не дала і думкі такой не дапускала, неўзабаве з галавы тое выкінула, каб і не ўспамінаць, а яно во як павярнулася!
Доўга не хацела верыць, хоць ужо і тая першая прыкмета азвалася, хоць і блажыць яе пачала ўжо. Думала, што здаецца ёй, што слабасць тая ад работы, ад недасыпання, ад нішчымніцы заўсёднай. Матцы — не прызналася. Маньцы толькі сказала. І пакрыўдзілася на сяброўку, што тая ўспрыняла ўсё спакойна.
— Ну і што? — сказала.— Не ты першая, не ты апошняя. Цяперака вунь колькі без мужыкоў!
— Як ты можаш, Манька, казаць такое?
— Дык а якую трасцу ты хочаш? Ідзі тады да Параскі ў Арэхаўку!
Думка пра Параску скаланула яе. Чула, што нібы кабета тая цішком ратуе дзевак. Лёгка сказаць: ідзі да Параскі! А ці не праз тую Параску памерла Дуся Клёцкава! Усе ж тады казалі, што праз яе сышла дзеўка крывёю. Каб жа гэта як само сабой, каб сораму таго не ведаць? Спрабавала яна сёе-тое, зелле піла, але нічога не памагло...
Тым часам вярнулася ў сяло некалькі мужчын. Мала вярнулася, лічаныя з тых, што пайшлі туды, напачатку, і пасля, як нашы ў Жылічы прыйшлі. Яна, Тацяна, ніяк зразумець не можа аднаго: чаму гэта з тых, што ў сорак чацвёртым пайшлі на фронт, вярнулася дадому меней, чым з тых, што ў сорак першым? Гэта ж дай веры: адны ўсю вайну прайшлі і ацалелі, а другія пад канец — і галовы злажылі. Жанчыны дык казалі, што пагінулі яны праз тое, што на чужой зямлі ваявалі, у Германіі той праклятай, дзе з-за кожнага куста стралялі, з кожнага акна. Можа, і праўда, хто яго ведае...
А з тых, што ў сорак першым пайшлі, вярнуўся Каляй Бабок. Яна, Тацяна, як дачулася, дык адразу пабегла да Качана. Каляй жа і да вайны быў брыгадзірам, дык чаго яна будзе тыкацца, як сляпое кацяня?
Качан, праўда, заўпарціўся быў спачатку:
— Што ты, дзеўка, скачаш? Ну, прыйшоў Каляй, дык і што? І яму ест работа.
— Дзядзька Юлісь, то ж вы самі казалі — пакуль мужчыны вернуцца! — ці не са слязьмі прасілася яна.
— Ну і што, калі казаў? Колькі тых мужчын? А будавацца трэба. Ты ж іх там не заменіш.
— Дзядзька Юлісь, коней лепш вазьму, абы не брыгадзірства.
І Качан здаўся:
— Што з табой зробіш!
І пачала яна рабіць, як усе бабы. Датуль рабіла, пакуль магла. Думала, што не перажыве таго сораму, і старалася як мага адцягнуць, аддаліць той дзень, калі прыкмецяць людзі, што з ёй. Сечка асабліва ў знакі далася. К таму часу былі ўжо ў калгасе і каровы, чорна-белыя, іх усё галандкамі звалі, аднекуль здалёк прыгналі. Каровам сечку з саломы рэзалі ўсю зіму. А гэта ж не цяпер, што маторы ўсюды, звычайнай сячкарняй рэзалі. Адно што шост быў прыладжаны ад махавіка да сцяны, каб можнта было чацвярым, а то і пяцярым узяцца. Махалася яна вакол таго шаста нароўні з іншымі да апошняга, аж пакуль неўмагату зрабілася. І нічога, не надарвалася. Дужая была, здаровая. Цяпер адной Падласцы пойдзе якую жменю зрэзаць, дык і дух займае, а тады...
І неяк жа перажыла той сорам. Кажуць жа, што чалавек з усім звыкаецца, нават з самай цяжкай бядой. Звыклася і яна. Але ж, памятае, усё адно хавалася ад чужога вока, без патрэбы на вуліцу не патыкалася.
А напрадвесні нарадзіўся ў яе Алёшка. Яшчэ толькі-толькі сонца на цяпло паварочвалася, на ноч пад стрэхамі ўжо цырбулі вешала, а ўдзень прымушала тыя цырбулі плакаць. Яна зусім не думала, што тым днём родзіць. Зранку паднялася, як і заўсёды, матцы яшчэ ля печы нешта пасабляла, а ў абед раптам штосьці спіна забалела, самы крыж: быццам там хто пару цаглін прывязаў, і яны ціснуць усё на ніз і ціснуць. А яшчэ праз некаторы час усю яе курчыць пачало. Пакутуе, а матцы нічога не кажа. Але ж хіба ад матчынага вока схаваешся? Пабегла яна па Алёнку, сяброўку сваю яшчэ з дзявоцтва. Прыйшла старая і пачала яе, Тацяну, вучыць-ратаваць:
— Ты, дачушка, не палохайся, не думай ні пра што благое. І не наструньвайся, не пруцяней. Ад таго яшчэ болей баліць. Ты ляж і расслабся. І дыхай, дачушка, глыбока. Не палохайся, усё абыдзецца...
Надвячоркам, ужо сінела ў вокнах, радзіла яна. Пацямнела на хвілінку ў вачах у яе, а калі, вярнуўшыся да памяці, расплюшчыла вочы, дык пачула плач. Убачыла: бабка Алёнка трымае на руках маленькі, чырвоненькі, маршчыністы камячок. І дзіўна: у тую мінуту нічога не зварухнулася ў ёй. Ні жалю да яго не адчула, ні замілавання. Ляжала знясіленая, спустошаная, як сама не свая, і глядзела на ўсё так, нібы яна не мае да ўсяго таго, што рабілася ў хаце, ніякага дачынення.
І толькі пасля, калі бабка Алёнка палажыла Алёшку пры ёй і калі ён цёпленькім і бяззубым роцікам усмактаўся ў грудзі — толькі тады перавярнулася нешта ў яе душы, быццам гэта не ён, Алёшка, нарадзіўся, а яна сама нанова нарадзілася на свет, i ўсміхнулася яна такой усмешкай шчаслівай, якой, пэўна, датуль ні разу не ўсміхалася. Помніць, нават бабка Алёнка, гледзячы на яе, сказала таксама з добрай, бяззубай усмешкай:
— Прывыкай да сыночка. Добрай парой ён у цябе знайшоўся, перад вясенькаю, калі дзянёк дужэе. Знацца, на шчасце...
А матка нічога не сказала, толькі ўздыхнула і, здаецца, змахнула з вачэй слязу. А мо і не, мо толькі здалося тое Тацяне, мо матка проста адкінула з лоба пасмачку валасоў...
Назвала яна сына Алёшкам. Не таму, што некалі Пецька прасіў назваць гэтак сына. Алёшка — гэта ў гонар дзеда, матчынага бацькі. Сама яна мо і не дадумалася б да таго, ды бабка Алёнка падказала. Шапнула неяк ёй, зайшоўшы ў адведкі:
— Імя прыдумала ўжо ці не? Калі не прыдумала, дык хай Алёшкам, Ляксеем будзе. Па дзеду. І матка твая ласкавей на яго глядзець будзе, а то ж... Крыўду яна мае на цябе, дачушка. Ты не думай нічога, матчына сэрца адходлівае, але ж пакуль...
Хай будзе Алёшка, пагадзілася яна. Чым не імя? Дзеда свайго яна не памятала, матка казала, што маладым памёр, яшчэ да той германскай вайны, аднак жа — хай будзе Алёшка. Дзень, другі мінуўся, дык ужо здавалася, што і сама так думала, каб Алёшкам назваць. А прозвішча наважылася даць Пецькава — Раманкевіч. Ён жа вельмі сына хацеў. Як падумала пра тое, дык і кардонкі тыя партызанскія ўспомніла — пасведчанне іхняе шлюбнае.
Памятае, дастала яго з куфра і пайшла ў сельсавет. Не саромелася ўжо — Алёшку з сабой узяла, на руках праз сяло несла. Нічога ж благога не было ў яе наўме, калі думку тую выспельвала — запісаць сына Раманкевічам. Не бачыла ў тым граху. Гэта ж не абы-чыё прозвішча бярэ, а мужыкова.
Таму і сказала Піліпу, старшыні, калі ён спытаўся, як пісаць малога:
— Пішыце: Раманкевіч Аляксей Пятровіч.