— А каму ж.
— А што, босая прыехала?
— Ат, босая! У туфельках прыехала. Але ж іх шкода тут насіць. Хай у сандаліках па сяле бегае. І панчошкі паглядзі. Мо ёсць такія, забылася, як іх завуць, каторыя па каленькі?
— Гольфы, цётка!
— Ага! Паглядзі, каб харашэйшыя былі! Мо ў палосачку якую ці хоць з рубчыкам-аблямовачкай.
— Ёсць, цётка. Во, глядзіце самі. Якія ўпадабаеце, такія і выбірайце. Гэтыя, сіненькія? Нясіце сваёй унучцы,— Волька падала ёй пакуначак.— Усё ці яшчэ што?
— Хто ж яго ведае. Можa, кансерву якую ўзяць? Помніш, ты мне некалі давала, дык смачная была. Не ў тым совусе, не люблю я яго, а ў алеі рыбкі маленькія плаваюць.
— Шпроты, цётка?
— Во, во! Падай бляшанку. Ну, і ўсё, пэўна. І стаяць жа нямашака часу... Во, ледзьве не забылася. Хлеба ж дай баханачку!
Расплацілася, паспяшалася да дзвярэй...
Рыта з Алачкай былі на агародзе, ляжалі на посцілцы пад яблыняй. Нявестка, угледзеўшы яе, Тацяну, паднялася, пахвалілася:
— А я, мама, градку буракоў апалола. Паглядзіце, ці добра?
— А бо, Рытачка! Яшчэ пытаешся! Я ўжо здалёк бачу. Так ужо чысценька, нідзе ні травіначкі. Адно што прарваць іх троху трэба б было. Але я тое ўвечары сама зраблю. На во, мерай Алачцы абноўкі.
Пасядзела хвіліну, цешачыся з унучкі, ды падхапілася:
— Пабягу Падласку даіць. Гэта ж на добры лад трэба было б дадому прыганяць, дзень во, як год, дык усё наўкол засеяна, няможна ганяць, увечары кругом гоняць дадому. Пабягу. А ты, Рытачка, калі не лянуешся, запалі керагаз і яечак звары. Не шкадуй, дзесятак кладзі. Што да шчаўя будзе, а што так з'ямо.
— Добра, мама.
— Пабягу ж. Бо сёння і абед кароткі. Брыгадзір і адпусціў, каб толькі кароў падаіць...
На абед яна зрабіла халаднік са шчаўя, дастала з печы гаршчочак смажаных макаронаў з яйкамі і тварагом, бляшанку тых шпротаў адкрыла. Рыта з Алачкай дык не вельмі і накінуліся, больш шчаўе сёрбалі ды макароны дзяўблі, а яна, Тацяна, рыбак тых ледзь не ўсіх з алею вылавіла. Пасля іх і шчаўя з ахвотай паела — замест піцця, бо хай тыя шпроты і не надта салёныя, але ж кансерва ёсць кансерва, пасля яе заўсёды піць хочацца. А нявестка з унучкай макароны ўпадабалі.
— Надта ж смачна,— гаварыла Рыта.— Праўда, Алачка?
— Нам такія ў садзіку давалі,— сказала малая.
— Але ж там не такія смачныя былі? — Рыта смяялася.
— І там смачныя, і тут смачныя,— Алачка стаяла на сваім.
Яна, Тацяна, пагарнулася да малой, сказала:
— Правільна, і там смачныя, і ў бабы смачныя, калі есці хочацца. А як не хочацца, дык і пірожнае нясмачнае.
— Не, пірожнае ўсё роўна смачнае!
— А няхай цябе кот убрыкне, мая ты разумніца! — засмяялася і Тацяна.
— О, мама, вы не ведаеце, якая ў мяне Алачка хітрая,— ахвотна падтрымлівала гаворку і Рыта.— Помню, купілі мы з ёй дзве цукеркі, вялікія такія, паштучна прадаюцца яны, «Селена» называюцца. Адну ёй, а другую мне. Дык Алачка і шэпча мне на вуха: «Я сваю, мамачка, спярша з'ем, а пасля мы тваю папалам падзелім».
— Ай-ай-ай, дык гэта ты і жмінда такая? Мая ж ты кветачка, мая ж ты ягадка! Бабка жартуе, дзіцятка! Ты, мамка, скажы, вялікая, а вялікія цукерак не любяць, праўда?
— Ага!
— От, чула, матачка? Алачка ўсё знае, усё разумее.— Яна чмокнула малую, паднялася.— Але ж мне расседжвацца няможна. Занясу парасяці і пабягу. Не дай бог, захмарыцца...