Пастаяла хвіліну ля варотцаў, валасы прыгладзіла, бо як паднялася, дык і не прычэсвалася дасюль, ступіла на брук і ледзьве не павалілася — паслізнулася. Ды так знячэўку, што аж у баку кальнула. Пэўна, праз гэта сарвалася ў яе нешта з языка, бо пачула раптам:
— Чаго ты мацюкаешся?
Зірнула — Шулячыха з-за паркана паглядае.
— А не кажы! Ледзьве не пляснулася.
— Што, на каравяк наступіла?
— І без каравякоў тваіх слізка. Каменне мокрае, от пята і слізганулася.
— А куды выправілася? — Каця бліжэй падалася да плота.
— Можа, Пётра ўжо нарад павесіў.
Не хацела прыпыняцца, але Шулячыха загаманіла:
— А я іду ў хлеў і чую раптам — нехта мацюкнуўся. Гляджу — ты ідзеш. Дык і думаю: чаго гэта ты? А я ж, Танька, во,— Шулячыха падняла вышэй міску з малаком, якую трымала ў руках,— клопату не мела, парасят купіла. За чацвёра дзве сотні вылажыла, а яны яшчэ каб надта дык і есці не ўмеюць. Нясу во сырадою, нібы дзецям.
— А нашто табе ажно чацвёра?
— Што ты пытаешся! Па адным тром, дык і трое. А і самой жа трэба таксама.
— Каму гэта — тром?
— Як гэта — каму? Ты што, Танька, смяешся? Каму ж яшчэ, як не дзецям?
— Дык жа ты і так стогнеш, што хворая. Хто ж табе паверыць пасля гэтага?
— Анягож не хворая!.. Але ж наша доля такая, Танька. Хто паспагадае, хворы ты ці здаровы? Пакуль цягаемся, дык і таўчомся. А што два ці чатыры, дык якая розніца? Я ж іх і гадаваць, думаеш, доўга буду? Да каляд хіба. А дзеткі, нябось, не адкінуць...
«Усё ёй мала!» — падумала Тацяна, але сказала:
— Нясі сваім сысунам, пакуль цёпленькае.
І заспяшалася. Ішла і на Шулячыху злавала. Гэта ж трэба — чацвёра парасят! Яна ж, Тацяна, каб не гідзілася чужога малака, дык і Падласкі не трымала б. Але ж як пракляцце: нават у Манькі не можа малака ў рот узяць. А і то думала не раз, каб збыць Падласку. Думала, ды рашыцца не можа. Прывыкла. Тады і зусім адна ў хаце астанецца. Так дык і раніцою пагамоніць, і ўвечары, калі доіць. Каб жа яшчэ добры чалавек трапіўся. А то прадасць чорту лысаму, дык хіба ён так дагледзіць кароўку, як яна? А гэта ж, кажуць, і кепска, калі прадаеш і шкадуеш. Гавораць, карова праз тое і малако перастане даваць. Дык прадай, і каб пасля людзі на цябе крыўдзіліся? Хай ужо будзе, пакуль можацца...
На склееным з усіх бакоў электрычным слупе вісеў ужо нарад. Яна ўтаропілася ў яго, шукаючы свайго прозвішча. А паспрабуй знайдзі тут што, у гэтых Пётравых кручках! Быццам і хораша піша, кругленькімі літаркамі, але столькі нейкіх кручкоў і завіткоў робіць, што і не прачытаць. З гэтай яго пісаніны колькі ўжо смяяліся. А Пётра не крыўдуе, кажа: «Мне гэтыя кручкі жыццё ўратавалі!»
Ён у сорак чацвёртым на вайну пайшоў, з партызанаў, і служыў пасля ў арміі доўга, нешта гадоў сем. Дык яшчэ як прыйшоў, усё казаў, што почырк яго ўратаваў. Быццам прыглянуўся яго почырк нейкаму начальству, і стаў Пётра пісарам, дык на фронт і не трапіў, і пасля ўсе гады ў пісарах праседзеў.
Пакуль шукала сябе, дык і сам Пётра выйшаў з двара. Падышоў да яе, штурхануў плячом:
— Не тыкай носам! На буракі пойдзеце, у Паддубоўе. Неба, праўда, пасмаркалася толькі, але памякчэла. Пара ўжо і палоць, і прарываць.
Зірнула на яго і ледзьве не зарагатала. Гэта ж праўду кажа яго Томка, што Пётра да сала ласы. Неяк бабы смяяліся, што пуза адгадаваў, а Томка яго вазьмі ды скажы:
— А не есць жа нічога! Усцягнецца, скварку ці кумпяка ўрэжа, з'есць з лустай хлеба, а тады вады нагібкам з вядра пап'е і як пойдзе, дык ажно ўвечары прывалачэцца.
Бабы яшчэ больш рагаталі, бо ведалі, што тая скварка на добры фунт пацягне і што не па адной той скварцы Пётра яе да вечара сноўдаецца, што не ў адной хаце перападзе яму за дзень і яшчэ колькі скварак і, вядома ж, чарка. Тацяна ледзьве не зарагатала і цяпер, зірнуўшы на Пётру: губы і барада блішчалі, аж ільсніліся — няйначай, сала еў.
Пётра, згледзеўшы, што яна ўсміхнулася, спытаў:
— А што вясёлага вычытала?
— Ага, вычытала, што ты сала еў. Томка праўду такі казала.
— А-а-а...— Пётра дастаў насоўку, выцерся.— Яна скажа! А што я яшчэ з'ем? Ці яна калі сняданак зрабіла? Прагоніць карову і зноў спаць заваліцца.