— Нічога, ты бедны не будзеш. Знойдзецца каторая, што і пачастуе.
Пётра буркнуў:
— Шмат ты частавала!
— А ты й не заходзіў! — яна зноў усміхнулася.
— Многа вас, каб да ўсіх заходзіць. І так во...
Нешта яшчэ хацеў сказаць, але выйшла на вуліцу Манька, падышла да іх, загаварыла, як заўсёды, гучна:
— Прыходзь, Пётра, заўтра да мяне ў госці.
— Ён не да ўсіх ходзіць,— сказала Тацяна.
— Да мяне зойдзе, па-суседску.
— А што ў цябе за госці?
— Хто прыйдзе, той і будзе госцем,— сказала Манька і таўханула яго локцем у бок.— Юбілей у мяне заўтра, брыгадзір!
— І колькі табе пацыўкала? — Пётра дастаў цыгарэту, прыпаліў.
— Дык жа пра гэта ў баб не пытаюцца! — зарагатала Манька.
— Баба мне знайшлася! Толькі і ўсяго, што ў спадніцы!
— А якая табе розніца? — Манька, быццам не пра яе тое, не ўсердавала.— Табе і адной Томкі зашмат, ментузу такому! Ты б не пытаўся, а прэмію якую-небудзь даў, каб гасціна весялейшая была.
— І сваёй панчохі хопіць,— пасмейваўся Пётра.
Манька таксама не лезла па слова ў кішэню:
— Распатрашу, не пашкадую, толькі прыходзь.
— Клічаш, дык прыйду,— Пётра гаварыў памяркоўна ўжо.— А прэміі ўсё адно не дам. Позна спахапілася. Скажы дзякуй, калі з канторы паштоўку віншавальную прышлюць,— ён падыбаў у канец сяла, дзе быў саўгасны двор.
— Ты ж скажы, каб прыслалі! — гукнула яму ўслед Манька.
Тацяна нават зразумець не магла, сур'ёзна тое кажа сяброўка ці пацвельваецца.
Пастаяла яна з Манькай хвіліну — пара было бегчы дадому, у печы запальваць. Зайздросціла яна Маньцы. Лацвей бабе жыць з такім характарам. Быццам не прымае ўсяго да сэрца. Гэта ж каб Манька яе, Тацяніну, натуру мела, дык даўно б скапусцілася. А яе яшчэ і на жарты хапае. А Тацяна ж ведае, што не так яно напраўду, што Манька сваю бабскую адзіноту балюча перажывае, толькі не паказвае таго, не выдае на людзях, грубасцю ды гэтай сваёй знарочыстай бесклапотнасцю прыкрываецца. А сама яна не ўмее так. Як забаліць што, дык і на твары, і на языку — затойвацца не можа...
Прыйшла дадому, прыслухалася — спяць нявестка з унучкай. Асцярожна прачыніла дзверы ў тую хату, зірнула на будзільнік — было сем. Дык ужо ж і не рана, падумала, а яна нават у печы не запальвала...
У Паддубоўі жанчыны пазаймалі кожная сабе дзялкі, а яна поруч з Манькай стала — так весялей будзе, словам перакінуцца можна. Гналі па два радкі. Бурачкі былі яшчэ кволыя. Вырвеш каторы, дык адно — мышыны хвосцік. Але палоць і праўда не рана, бо ўтравелі. Манька рванулася наперад. Толькі і чуваць,— шах-шах. Яна паспрабавала дагнаць, але засаплася. На яе радках нешта часта асот пракідваўся, а яго, каб з коранем вырваць, трэба дзесяць разоў матычкай дзеўбануць. А яна яшчэ кошык з сабой узяла — малачаю ды лебяды свінчаці сабраць, дык ківалася-ківалася, а пасля і гукнула Маньцы:
— Не прыся так, што не ўгнацца!
Манька разагнулася, азірнулася:
— А бо, я й не бачу! Ты ўжо не шчыруй так, пасля ж акучнік пусцяць.
— Поскудзі гэтай і акучнік рады не дасць.
— А ліха з ім! Пакуль зноў выб'ецца наверх, дык і буракі ў сілу ўбяруцца, ім ужо не страшна будзе,— адказала Манька, але ўсё ж замахала матычкай павольней.
А як параўняліся і адна пры адной, рука ў руку, секлі матыкамі зелле, пакідаючы за сабой тры шнурочкі яшчэ кволых, чырванаватых лісточкаў, Манька спытала: