— Вось, Тацяна Кірылаўна, і вы, маці, колькі ў вас жыву, а ні разу не давялося і чаркі ўзяць, нават за знаёмства. Дык мо сёння, пасля лазні, не грэх?
— Што вы, Іван Пятровіч? Знайшлі кампанію! — сказала Тацяна, а самой быццам і прыемна было. Ад таго, што ён вось так да іх, да яе з маткай, папросту, па-чалавечы.
— А што ж такога, Тацяна Кірылаўна? Чаму не кампанія? І гаспадыня, і брыгадзір. Работу скончылі, нядзеля заўтра, ды і пасля лазні... Я ж таксама быў, не думайце. Добры дух!
Вячэралі яны з яго паўлітэркай. Яна і выпіла нейкую кроплю, але адчула, што ў галаве зашумела. Аж самой зрабілася няёмка: падумае, што ўпілася дзеўка. А дзе ты не ўп'ешся, калі цэлы дзень аб адным посным шчаўі? Дубіцкі мужчына, а і то расчырванеўся адразу. І разгаварыўся. Гэта ж упершыню пачаў расказваць ёй і матцы пра сябе. Казаў, што адзін астаўся на цэлым свеце. Бацька да вайны памёр быццам, а матку, брата, сястру і бліжэйшых сваякоў немцы расстралялі за сувязь з партызанамі. Ён, Дубіцкі, пайшоў быў у сорак першым на фронт, але паваяваць не паспеў, трапіў у палон, адкуль уцёк у партызаны. Партызаніў не тут, у іхнім раёне, а па той бок Бярэзіны...
Расказваў усё гэта не так матцы, як ёй, Тацяне, і ўсё яе Тацянай Кірылаўнай называў. Яна ажно не стрывала, сказала:
— Ай, Іван Пятровіч, што вы ўсё — Кірылаўна ды Кірылаўна? Танька, і ўсё тут! Якая я Кірылаўна яшчэ?
А ён нібы і чакаў гэтага — больш ні разу не назваў так, пачаў зваць па імені, але не Танькай, а Таняй.
Позна сядзелі. Прымусіў Дубіцкі яе з маткай яшчэ па кроплі ўзяць. Сказаў, што не салідна гэта — утраіх вячэраць і адной пляшкі не адужаць. Матка была сказала, што бабы яны, не мужчыны, дык ён уздыхнуў:
— Ой, маці, бабы, як вы кажаце, больш за мужчын цяпер цягнуць. Усё ж на іх плячах!
Матцы тое спадабалася, забожкала, заківала галавой:
— От бо праўда ваша! Усё, усё чысцютка на бабе. Яна і з сякерай, і з плугам, і з калясьмі... Гэта ж во Танька мая ў брыгадзірах ходзіць. А ці ж дзявочая работа?
— Ну, Таня ваша — малайчына! У яе ў брыгадзе больш парадку, чым у якога мужчыны.
Яна, Тацяна, ад тых слоў уся чырванню залілася, быццам перад палаючай грубкай пасядзела. Дурная, ой якая дурная была! Думалася ж тады, што ён і напраўду пахваліў яе.
Ён гаварыў, шмат курыў, а табака смярдзючая-смярдзючая, дым — як атрута, і яна, Тацяна, урэшце паднялася з-за стала, бо і без таго дыму галава нешта разбалелася, усё цела млявасць разабрала — адно ў пасцель. Вылезла з-за стала і пайшла з хаты, на сваё лежбішча ў свіронку.
Яна ўжо, здаецца, і драмаць пачала, калі пачула, што нехта бразнуў клямкай і выйшаў на ганак. Ён ці матка? Па тым, як зарыпелі прыступкі, здагадалася — ён. Дубіцкі прайшоўся па двары, схадзіў на гумно — чула, як адшчэпліваў варотцы, вярнуўся назад. Патаптаўшыся ля ганка, зрабіў колькі крокаў да свіронка. Яна не бачыла, але пэўна ведала — падышоў да пярэклеці. І праўда: ступіў яшчэ колькі крокаў і сеў. Сядзеў і, мусіць, смактаў папяросу, бо цягнула дымам. Сядзеў і маўчаў. Маўчала і яна, баючыся паварушыцца. Нейкае быццам утрапенне найшло на яе. Нікому не казала, нават Маньцы не прызналася, што тады, як ён сядзеў і курыў, яна раптам падумала, што калі да яе падыдзе, дык не прагоніць яго. Ляжала, прыслухоўвалася не так да яго, як да самой сябе, а ўтрапенне тое не міналася, як сляпіца якая. Здрыганулася ўся, бы локцем на асцюк які накалолася, ажно ўнутры аддалося, калі пачула знячэўку:
— Вы спіце, Таня?
Яна не азвалася, але ён, пэўна, здагадаўся, што не спіць. Па дыханні яе здагадаўся. Як спіць чалавек, дык дыхае роўна, а яна, памятае, ледзь не хаўкала ротам, бы топячыся. Здагадаўся, сказаў зноў ціха:
— І мне вось не спіцца. Быў лёг, ды выйшаў пакурыць.
І яна тады азвалася. Азвалася па-дурному, нібы якая зялепуха:
— А чаго вам, Івай Пятровіч, не спіцца?
— Эх, Таня! — ён, пэўна, выдыхнуў гэта разам з дымам, павярнуўшыся да дзвярэй свіронка, бо яна зноў пачула пах табакі.— Калі б вы ведалі...
— Што?
Брыдка, надта ж брыдка цяпер усё тое ўспамінаць. Што з ёй тады рабілася, ніяк зразумець не можа. Каб жа хоць падабаўся ён ёй, той Дубіцкі, а то ж... Кацяня хрыпатае, а не мужчына, а вось жа — дай веры. Сама, можна сказаць... Хіба ж яна не памятае, як тое «што?» сказала? Каму-каму, а сабе самой можна прызнацца: памятае! Бо, здаецца, больш ужо нікому так яна не гаварыла.
Скрыпнула дошка на пярэклеці, потым ужо ў свіронку, і адчула яна на сабе яго рукі, і адзначыла для сябе са здзіўленнем, што ён хоць і нядошлы на выгляд, але дужы, жылаваты, і сама абхапіла яго, і зайшлася ў дрыгатлівай бяспамятнай знямозе — быццам ад бясконца радаснага смеху...
А пасля бы раптоўна ацверазела яна. Ляжала моўчкі і ўжо ці не з агідаю слухала, як дыхаў ён побач, брыдка было дакрануцца да яго. І на душы ў самой таксама было брыдка. Хацелася плакаць, хацелася, каб хто — толькі не ён, нават не матка — абняў яе, прытуліў, пашкадаваў. Жахнулася, калі знячэўку прыгадаўся Пецька і калі раптам бліснула маланкай у галаве: гэта ж ці не год якраз мінуўся, як пахавала яго... І ў страху сцялася ўся, і зноў мільганула ў галаве, што з ім, з Пецькам, тое было зусім іначай...
Моўчкі ляжала, здранцвелая, і баялася выдаць сябе чым, баялася, каб не здагадаўся ён, пра што яна думае, стрымлівала сябе, каб не заскрыгатаць зубамі ад пякучага болю, крыўды на самую сябе, ад сораму. Сон як рукой зняло. Адчувала, што і ён не спіць. Не спіць, а — маўчыць. Хоць бы слова сказаў, мо палягчэла б.
І калі ён раптам, павярнуўшыся, прыпадняўся на локці і пацягнуўся да яе, яна, як падкінутая спружынай, села і, хапіўшы яго за плечы, колькі сілы мела, адштурхнула ад сябе:
— Задушу!
Ёй падалося, што яна крыкнула, і спалохалася, бо яшчэ сноўдаліся, чутно было, па вуліцы пашавэлкі — маглі ўчуць... Але па тым, як прашаптаў: «Ты што, Таня?» — не ўскрыкнуў, а прашаптаў,— здагадалася, што і яна не крычала. Зноў прашаптала:
— Не лезь! Задушу!