— Ой, дзядзька Юлісь, не ведаю. Да каго ж гэта?
— Не ведаю і я, дзеўка. Да сябе б павёў, дык і спаць няма дзе палажыць. Ты ж ведаеш — дзеці. Мо да Анці?
— А не, дзядзька, сораму не абярэшся пасля. У яе ж і клапоў, і вошай.
— Дык жа гэтага багацця ці не ва ўсіх хапае.
— Яно ёсць, але каторая беражэцца... Куды я, дзядзька, павяду яго? Да сябе хіба?
— Дык я так і думаў, дзеўка! Хай у цябе пабудзе. Месца хопіць,— Качан памкнуўся пайсці.
— Месца хопіць, ведама, але чым жа я карміць яго буду? Чужы ж чалавек!
— Што самі з'ясце, то і яму. Заціркі якой, бульбы, шчаўя ўжо можна назбіраць...
І ўвечары прывяла яна Дубіцкага дамоў. Ложак яму свой уступіла, сама перабралася на палаці ля печы.
Памятае, клікала яго тады, першы раз, вячэраць. Дык пачырванеў ён і адмовіўся быў:
— Дзякую, Тацяна Кірылаўна, я ўжо, можна сказаць, павячэраў. У мяне сёе-тое ў партфелі было.
Яна толькі ўсміхнулася сама сабе: ці ж не бачыла таго партфеля? Калі б у ім што-небудзь было, дык не быў бы такі пляскаты! Сказала яму:
— Не выдумляйце! Ідзіце во і паешце. Прысмакаў няма, а чым багаты, тым і рады.
Хваліўся толькі, што вячэраў. А хіба яна не бачыла, з якім апетытам глытаў клёцкі са скваркамі? І праснака ладны кавалак з'еў. Пасля чаю з мятай напіўся. Павячэраў, і калі ўставаў з-за стала і дзякаваў, дык угледзела — пачырванеў. І ёй, Тацяне, дзякуй сказаў, і матцы.
Аднекваўся Дубіцкі толькі тады, у першы вечар. А пасля — не! Лішні раз напамінаць, каб за стол ішоў, не трэба было. Быццам сем'янін — і снедаў, і абедаў, і вячэраў з імі. Самі чаго не з'ядуць, а яму пададуць: вядома, чужы чалавек і, акрамя таго, начальства.
І вось жа — спадабалася. Прыехаў пасля на сенакос, дык сам прыйшоў у хату, яна ўжо і не прыводзіла. Прыйшоў, пачырванеў, пажартаваў:
— Не прагоніце, Тацяна Кірылаўна?
К таму часу вайна скончылася. Ад таго не пабагацела ў сяле, але людзі неяк больш душою акрыялі, спадзяванні нейкія займелі, што, можа ж, мужчыны хутка вернуцца, што павінна неяк жыццё весялей пайсці. Не забылася яла, ніколі не забудзецца, як плакалі людзі, калі 9 мая мітынг быў у сяле. Ад радасці плакалі. Пасля мітынгу і вечарынка ў школе, у той Лобікавай хаце, была. Болей таўкліся на ёй падлеткі, дзеўкі з дзеўкамі, але і старых шмат сабралася, і жанчын. Шулячыха ўсіх смяшыла: мужыком пераадзелася, вусы сажай падмалявала і дзяўчат у круг вадзіла. Некаторыя бабы і паўпіваліся. І яна, Тацяна, у той вечар чарку ўзяла. У Качана. Але ад таго было ёй чамусьці не весела, а горка. Пецька ўспомніўся: як яны пасля блакады сустрэліся, як хавала яго... Глядзела, як выдурвалася Шулячыха, як круціліся ў польцы дзеўкі і падлеткі, і не весялілася, а плакала. Без слёз плакала, нутром...
«Не прагоніце, Тацяна Кірылаўна...» Каб ведала, чым яно скончыцца, яго пастаяльства, дык... А так у яе тады, здаецца, нечага і настрой быў добры і, ліха яго ведае, мо троху і прывыкла да яго. Сказала прыветліва:
— Заходзьце, Іван Пятровіч, даўно не былі ў нас. Ці ж мы з мамай такія злыя, што людзей праганяем?
Ён усміхнуўся. Усмешка ў яго была нейкая жаласлівая. Сказаў:
— Дзякую. А то вагаўся: мо ўжо я вам і абрыдзеў.
Пэўна, ён і матцы нечым прыйшоўся на душы, бо на тыя яго словы азвалася:
— Чаго ўжо там, распранайцеся.
Той летняй парой спала яна не ў хаце, а ў свіронку. Бацька яшчэ за аднаасобніцтвам паставіў той свіронак, глухой сцяной да вуліцы, а пярэклеццю ў двор. Некалі быў ён падзелены на засекі, але дошкі-перагародкі яны з маткай павыкідалі яшчэ да вайны і складалі ў свіронку дровы — на правай палавіне, а на левай — абы-што: валяліся там бочка з-пад капусты, плеценая з лазовага дубца паўасьміна, аднаногая мяліца, прасніца. Паскідала яна ўсё тое ламачча ў кут і нацягала ў свіронак, на левую палавіну, сена. Добрага сена яшчэ не было — знесла ў свіронак ахапкі, нажатыя маткай на ўзмежках. Спаць на тых ахапках і мулкавата было — вядома, дуддзё рознае, бадылле і калючкі, але соладка. Трава з узмежкаў пахла і мятаю, і дзядоўнікам, і рамонкам, і чарнобылем, і шмат яшчэ чым. А падаслаўшы пад бок посцілку-рызаўку, паклаўшы пад галаву падушку, дык і зусім добра было.
Прабыў тады Дубіцкі ў іх ці не месяц. Разы са два адлучаўся на дзень-другі ў раён, але ў нядзелю, надвячоркам, зноўку заяўляўся ў хату...
Тым днём, памятае, субота была. У Жылічах палілася лазня. Сена стагаваць канчалі. На гэтым самым Лугавінні кідалі апошні стог. Яна, памятае, жанчын прасіла:
— Давайце ўжо ўсё даб'ём, бо сёння лазня, дык дарэчы і пот, пыл гэты змыць...
У лазні ў іх і тады, і цяпер завядзёнка такая, што спярша мужчыны мыюцца, а пасля жанчыны. Бабе трэба і карову з поля пераняць, і на вячэру што зрабіць. Вось пакуль яны кешкаюцца, то мужчыны і памыюцца. І тады так было, хоць тых мужчын на пальцах можна было пералічыць.
Вяртаюцца яны з маткай з лазні, а Дубіцкі ў хаце сядзіць, піша нешта. А як паклікала матка яго вячэраць, дык выйшаў з чыстай палавіны хаты з паўлітэркай. Паставіў яе на стол і кажа: