- А калі не прыстрэляць і сам сябе не прыкончыць да канца тыдня, дык здадуць нашага баявітага графа ў павятовую вар’ятню.
- Хто? Якім чынам? Ён жа прафесар! Вядомы вучоны! - разгубілася Багуслава.
- Прафесар? - Ніхель пасміхнуўся, стрэсваючы з плашча некалькі хвіляў восеньскага дня, утвораных з рудога ліста, ігліцы і дажджавых кропляў. - Ты сама ў гэта верыш? Прынамсі, тут ніхто не верыць. Шаленец, бажаволак, валацуга, чарадзей, вядзьмак - іначай не называюць. У вар’ятні, звязаны мокрымі рушнікамі, будзе даводзіць, што ён вучоны. Эт-но-лаг... — Ніхель фыркнуў, і Багута зразумела, граф яго моцна раззлаваў. - Дырэктар лячэбніцы - ягоны сваяк, брат памерлай мачыхі, Людвіг Боўнар, падаў прашэнне аб прымусовым зняволенні няшчаснага вар’ята
- у тым выпадку, калі той добраахвотна не пагодзіцца палячыцца.
- І спадчына Каганецкага дастанецца добраму доктару, - прагаварыла Багута. Ніхель нахмурыўся.
- Якая нам справа? Няхай сабе паны грызуцца, як пацукі ў залатым слоіку. Ты ж сама ўпэўнілася, граф агрэсіўны неадэкватны неўрастэнік.
Нікому не хочацца за гарачы камень схапіцца. Багуслава вытрымала выпрабавальны позірк Ніхеля, не змяніўшыся з твару. На тым размова была скончаная.
Сядзіць недароблены ваўкалак адзін пасярод стодаў ды шаманскіх бубнаў, паліць чароўныя кнігі, адстрэльваецца з вокнаў ад нябачнай нянавісці, і калі знікне ён у адной з павятовых больніцаў, каму справа? Магчыма, дзесь у Аўстрыі, ці ў афрыканскіх саванах і джунглях, і ёсць у Каганецкага сябры і паплечнікі, але хто з іх выберацца ў гэтую глухамань, на ўскраіну дзікай імперыі, каб адшукаць сляды дзівакаватага заолага? Тым больш, цалкам магчыма, што ён і сапраўды ўсё пра сябе выдумаў - лекцыі, экспедыцыі, універсітэт... Ці мала такіх самадзейных недавукаў, рыцараў дарогі, выдаюць сябе за вучоных? Не з такой фізіяноміяй, аднак.
А ў грудзях як бы засела нешта вострае. І як наяве чулася спакойнае, прамоўленае ў адказ на істэрычныя абвінавачванні Калоцкага: “Я таксама забойца. І што?” І ні ценю грэблівасці, падазронасці, якія няўмела хаваў палкі заляцаннік Міхал Калоцкі, гэткі чысты юнак, які апускаецца да самадайкі з усведамленнем высакароднасці і самаахярнасці свайго ўчынку.
Мястэчка Б* сустрэла іх такімі ж бруднымі, калюжнымі вуліцамі, панылым гарланнем пеўняў, гергатаннем гусей ды яшчэ далёкай бязладнай музыкай - рэпетаваў аркестр пажарнай часткі. Трубач увесь час даваў недарэчную трэль, нібыта зрываўся голас у падлетка, і тады мелодыя перарывалася, а праз нейкі час немудрагелісты марш пачынаўся наноў са здзіўляючым энтузіязмам.
Гусей у мястэчку Б* разводзілі шмат, нібыта спадзяваліся, што яны выратуюць горад, як у свой час Рым, ад невядомых нападнікаў.
Нападнікі даўно ўзялі тут, што хацелі, а патэнцыйныя дзюбатыя ратавальнікі заканчвалі свой лёс на калядным стале, напханыя яблыкамі і чарнаслівам, і гэтак жа абыякавыя да перспектывы быць з’едзенымі, як тутэйшыя жыхары.
Брычка спынілася каля кніжнай крамы, у вітрыне якой былі раскладзены запыленыя, век нікому непатрэбныя томікі. Яны жывапісна ляжалі ля падножжа гіпсавай скульптуры Мінервы, багіні ведаў. Тая туліла да магутнага цела неразумных дзетак, увасабляючых чалавецтва, што цягнецца да асветніцтва. Мясцовыя жыхары празвалі гіпсавую цётку ў тозе “Манькай-булачніцай”. Рэальная шматдзетная Манька аднойчы нават учыніла вэрхал, спрабуючы змусіць уладальнікаў крамы прыбраць ганебнага свайго двайніка, бо яна сама, прыстойная ўдава і ўладальніца даходнай пякарні, ніколі не ходзіць басанож і загорнутай у анучу, і дзеткі яе апранутыя, як належыць. Але сустрэлася з чэрствасцю і паганымі ўсмешкамі, праўда, якія насмельваліся праяўляць толькі калі шаноўная ўдава паварочвалася абшырнай спінай.
У гэтым жа доме, дзе крама, на другі паверсе, жыў Давыд Масевіч - крама належала сваякам ягонай маці. Пакуль шчуплы этнограф, змучаны дарогай, перагортваў перад носам Ніхеля вялікі разлінаваны сшытак з перапісанымі пад нумарамі сфатаграфаванымі экспанатамі, і тлумачыў, што самае важнае, што найперш друкаваць, Багуслава саскочыла з брычкі, бо ногі сцерхлі, і лена пачала вывучаць вітрыну. Вочы спыніліся на зеленаватым томіку з залатымі цісненымі літарамі на вокладцы: “Prof. Simon Kogoneckij. Tierisches Verhalten in der Wildnis. Vena”. Побач ляжала яшчэ адна кніга той жа акадэмічнай серыі, з тым жа імем аўтара, пад красамоўнай назвай “Prof. Simon Kogoneckij. Beziehung zwischen Tieren. Das sogenannte Bose”, “Адносіны між жывёламі. Так называнае зло”.
Багуслава глядзела на гэтыя тамы і чула толькі ўласны пульс. Значыць, гэта праўда... Ён не маніў, кульгавы граф, асуджаны на кулю, атруту ці вар’ятню.
Калоцкі дапамог фатографам выгрузіцца, намагаючыся не глядзець на Багуславу. Рамэа недароблены яшчэ ўмудраўся строіць з сябе пакрыўджанага! Багута злосна падхапіла скрынку з негатывамі, якую належала аднесці ў лабараторыю ў сутарэннях.
Так, наўрад цяпер удасца калі наведаць Жухавічы.
Кульгавая постаць аддаляецца ў бок праклятага дома...
Гарачае дыханне над вухам, чужыя моцныя пальцы змушаюць выпусціць стылет...
Як ён казаў, вера ўласцівая любой жывой істоце? Укладзеная ў нас ад нараджэння? Тады, Госпадзе, даруй сваім неразумным дзецям, што заблукалі сцежкамі звера заміж таго, каб ісці да Цябе! Уратуй яшчэ адну няшчасную душу...
Фатографка спускалася па крутых прыступках у лабараторыю. Так нельга пакідаць. З любога становішча ёсць выхад... І пальцы самі сабой расціснуліся. Скрынка ўпала на прыступкі і з грукатам пакацілася ўніз. Зверху паказаўся спалоханы твар Калоцкага:
- Што з вамі, панна Ніхель?
- Са мной нічога... - напружана прагаварыла дзяўчына. - А вось з вашым скарбам, пане археолаг, шчыра прашу прабачэння, не ўсё добра.
Калоцкі ледзь не благаў: пасля рэвізіі пры чырвонай лямпе высветлілася, што дзесьці палова выкарыстаных шкляных пласцінак з бромжэлацінавым пакрыццем пабіліся, частка трэснула... Выявы паганскіх стодаў, шаманскіх бубнаў, калядных масак безнадзейна зніклі. Ніхель змрочна глядзеў то на Багуту, то на панішчаныя, як казна Рэчы Паспалітай пры Панятоўскім, негатывы. Калоцкі ўчапіўся дзвюма рукамі ў кудзеры, і ў ягоных паглядах на валькірыю свяцілася сапраўдная нянавісць:
- Унікальныя выявы! Столькі працы! Мы так не дамаўляліся!
- Што ж, думаю, што змагу выправіць хаця б частку наступства сваёй няўклюднасці, - халодна прагаварыла Багуслава. - Дамова ёсць дамова. Я неадкладна вярнуся ў Жухавічы і сфатаграфую па другім разе ўсё, што змагу. Графа ўгавару як-небудзь. У сшытку ж перапісаныя ўсе нашы здымкі?
Вочы Калоцкага загарэліся надзеяй:
- Хоць штосьці аднавіць! Хоць стоды з галавой каня засняць! Той вар’ят многае, напэўна, панішчыў, але, спадзяюся, не ўсё.
- Суправаджаць мяне не трэба, я ўмею кіраваць коньмі, - рашуча сказала Багуслава, і на твары Калоцкага адбілася палёгка. Ніхель злосна ўтаропіўся ў падапечную.
- Ты ўсведамляеш, што нават калі выехаць проста цяпер, даедзеш, калі зусім сцямнее? Ты забылася, якая дарога? Што, калі кола зляціць, вось паламаецца?