Тое, што абабітыя жалезнымі палосамі цяжкія дубовыя дзверы не былі зачыненыя, абнадзейвала. Ніхель спрактыкавана пакруціў у руках цяжкі замок з вытанчанымі дэталямі, які бездапаможна павіс на адчыненай дужцы, ацаніў дыхтоўную працу. Ангельскія майстры, не кожны злодзей узламае!
Яны спускаліся ўніз. Святло ліхтароў высвечвала атынкаваныя сцены ў пацёках, там, дзе тынкоўка асыпалася - цагляную кладку з аксамітнымі швамі моху...
Не было ні скарбаў, ні нават экспанатаў кшталту тых, што меліся наверсе, хіба некалькі пастаўленых адна на адну скрыняў у левым куце. Вялікае пустое памяшканне з калонамі, у якія былі ўмураваныя крукі, жалезныя кольцы. На адных нават ланцугі віселі, як у гатычнай вязніцы.
- Проста дэкарацыі для “Шыльёнскага вязня”... - прамармытаў Ніхель.
Багуслава адыйшла ўправа і раптам ускрыкнула...
- Што такое? - падскочыў Ніхель, бо ягоная падапечная не мела звычкі ўскрыкваць ад узрушэння. Але і сам застыў на месцы:
- А матачкі мае...
Ля сцяны стаяла клетка, гэтак у рост чалавека. З тоўстых прутоў, якія яшчэ не страцілі бляск. У клетцы, проста на вільготных камянях, тварам да сцяны, ляжаў той, каго яны шукалі. Побач блішчэла пустая бутэлечка з цёмнага шкла.Не варушыцца... Багуслава, як у сне, паднесла руку туды, дзе на яе шыі яшчэ адчуваўся пацалунак.
Ніхель прысеў перад дзверкамі, таксама зачыненай на цяжкі ангельскі замок - у такую можна было толькі паўзком патрапіць, і падчапіў доўгую каляровую нітку, прывязаную да прэнта. На канцы матляўся ключ.
- Цікава, выходзіць, сам сябе зачыніў, і ключ на нітцы адкінуў падалей. Калі на нітцы - значыць, збіраўся адсюль выходзіць.
Пан Варакса працягнуў руку ў клетку, якая была даволі вузкай, шырынёй дзесьці метр, прыклаў пальцы да шыі замкнёнага, на якой блішчэў срэбны ланцужок.
- Жывы!
Яны выцягнулі графа з клеткі - той так і не апрытомнеў, павалаклі наверх. Ніхель насмешна лаяўся, якія ж цяжкія гэтыя арыстакраты, таму, відаць, што крыві народнай напіліся, і не забыўся, перш чым сысці з сутарэння, пакласці ў кішэню бутэлечку з-пад падазроных лекаў.
Графа звалілі на ложак у першым-лепшым пакоі, які быў адчынены. Здаецца, тут жыў Калоцкі. Пакой быў большы за той, дзе пасялілася ў першы прыезд у Жухавічы Багута, і быў больш “жывы”, чым астатнія. Мусіць, аж да самага прыезду страшнага ваўкалацкага графа тут месцілася сямейная пара прыслугі - трэба ж камусьці прыглядаць за маёнткам. Акрамя вялікага ложка, была яшчэ канапа, абцягнутая сінім трохі выцвілым паркалем, шафа, камода, застаўленая таннымі парцалянавымі статуэткамі. Амальгама ў люстэрках трумо пачала адслойвацца, ад чаго ўтварыліся жаўтлявыя плямы, падобныя да выцягнутых твараў.
Варакса перавярнуў Каганецкага на бок і скамандаваў Багуце:
- А цяпер, калі хочаш, каб твой граф прачнуўся, трэба зменшыць дозу атруты ў ягоным арыстакратычным арганізме.
Прывесці нядаўняга вязня да прытомнасці, каб даць лекі, прачысціць страўнік, не ўдалося, і Ніхель упароў у графскую вену, якраз побач са шнарам ад ваўчыных зубоў, укол.
- Усё, больш нічога зрабіць не магу.
Палюбаваўся відовішчам - непрытомны граф дыхаў ледзь чутна, кашуля выгвазаная, пад заплюшчанымі вачыма цені, зрэнкі, як пераканаўся фатограф, прыўзняўшы павека, пашыраныя так, што вочы здаюцца чорнымі... І паблажліва-насмешна прамовіў да Багуты:
- Ну вось табе твая цацка, забаўляйся. А я пайшоў уладкоўвацца. Трэба ў печку дроваў ці кніжак падкінуць, а то так усё выстыне, што не заснем.
І акуратна зачыніў за сабой дзверы.
Шчокі Багуславы запалалі ад сораму і гневу. Можа, тады і яна для Ніхеля цацка? Нічога забаўнага ў гэтай сітуацыі няма. Канешне, наіўна было спадзявацца, што Вараксу можна падмануць маніпуляцыяй з негатывамі. Ён зразумеў яе зацікаўленасць лёсам кульгавага арыстакрата, яшчэ калі папярэджваў пра панскую грызню ў слоіку. Што ж ён задумаў? Нашто насамрэч прыехаў з ёй сюды чалавек, які, на памяці Багуты, ніколі нічога не рабіў дарэмна, але толькі з карысцю для Справы - менавіта так, з вялікай літары... Як другія прамаўляюць “Бог”.
Але зараз трэба клапаціцца пра іншае. Па ўласным дачыненні да морфію ды іншых рэчываў, што даюць здрадлівыя хвіліны шчасця і самазабыцця, Багуслава пераканалася - калі чалавек пасля дозы па-за свядомасцю, нічога не зробіш, пакуль сам не адаспіцца, не адмарыць належнае.
Галоўнае, каб прачнуўся... Багута асцярожна намацала пульс - гарачая, аднак, рука, і цяжкая, нават цяпер адчуваецца, колькі ў ёй сілы. А пульс таненькі, як нітка добрай праллі, і часты.
А гэта вялікае спакушэнне - глядзець на моцнага і гордага чалавека, мацнейшага за цябе, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, у прыніжэнні, у тваёй уладзе... Ты зараз можаш зрабіць з ім усё, што захочаш - і ён ніколі не даведаецца. Багуслава прысела на край ложка, правяла пальцам па носе мужчыны, які ляжаў перад ёй - палец акрэсліў выёміну злева, на пераноссі... Профіль старога ваяра, так бы мовіць. У эпоху мячоў і дзідаў, напэўна, не было мужчыны без адмецінаў на твары. Вось гэтую драпіну на шчацэ пакінуў нядаўна стылет адной неўраўнаважанай рэвалюцыянеркі. У праёме кашулі пабліскваў ланцужок. Багуслава расхінула каўнер, зноў асцярожліва, як злодзей, - на ланцугу вісеў праваслаўны крыж. Веруючы пераварацень, аднак. І срэбра не баіцца.
На ілбе Каганецкага блішчэлі ў цьмяным святле лямпы дробныя кроплі поту.
Фатографка рэзка прыняла руку, якой пацягнулася была да ілба мужчыны.
Што яна робіць...
Нават тады, калі давялося прымаць заляцанні турэмшчыка ды князя, не было так сорамна. Было. непрыемна, як на прыёме ў доктара, часам гідка, але падтрымлівала ўсведамленне слушнасці ўчынку, ды што там - быў нават гонар за свой подзвіг, за ахвяру дзеля справы рэвалюцыі. Яны, выбранцы, вышэй за звычайную мараль.
Цяпер апраўданняў не мелася. Бо... непрыемна не было, нааварот... Зусім-зусім наадварот... А забаўляцца, як з цацкай, з непрытомным чалавекам... Багуслава ўскочыла, разгублена гледзячы на смуглявы зблажэлы твар. Лепей знайсці Ніхеля...