Вось цяпер мара прыкласці пана Шымона пысай у падлогу мела ўсе падставы спраўдзіцца. Але, як уласціва палкім марам, пачала рассейвацца, быццам дым над полем Ватэрлоа перад вачыма Буанапартэ. Фатографка забылася, што хацела абысціся “выхаваўчым” штуршком і кідалася на праціўніка, як раз’ятраная тыгрыца. Але вывераныя захваты і ўдары не дасягалі мэты, кульгавы псеўдаваўкалак лёгка сыходзіў, уварочваўся, перахопліваў... Напэўна, збоку гэта нагадвала вар’яцкі танец. Пад нагой у нейкі момант хруснуў муштук з недапаленай цыгарэтай.
А смуглявая пыса захоўвае ўсмешку!
У Багуты сам сабой апынуўся ў руцэ стылет. Знаёмая ятрасць, ад якой не раз перасцерагаў Ніхель, звужала сусвет да адной ненавіснай кропкі, якую хацелася неадкладна зрабіць крывавай. Вось ужо на запалай шчаце ваўкалака драпіна... Але Багута сама не ўцяміла, як апынулася прыціснутай спінай да дужага цела, насычанага жывёльным спрытам не менш, чым ейнае, а выкручаная рука выпусціла стылет. Туман патроху разамгляўся. Багуслава адчувала за сабой паскоранае біццё сэрца мужчыны, напятасць ягоных цягліцаў, гарачае дыханне над вухам. Так не павінна быць! Яна шалёна ірванулася, але Каганецкі моцна трымаў валькірыю ў абдоймах, прыціскаючы да сябе, жалезныя пальцы ледзь не ламалі ейнае запясце.
- Я ж расказваў вам пра жывёлаў, якія не ўжываюць на поўную моц іклы і кіпцюры, калі б’юцца з адзінапляменнікамі, - прагаварыў задыханы голас. - Цяпер вы пераканаліся, што жывёлы мудрэй за вас?
- Пусці! - ірванулася Багута, мецячы ворагу абцасам у нагу - халера, на ім боты з высокімі халявамі, і з адчаем разумела сваю слабасць. Якая была і ў тым, што... так, прызнайся - нейкая сутнасць у табе атрымлівае насалоду - вось так стаяць, прыціснутай да чужога дужага цела, якое пахне дымам і палыном, і не хочацца вырывацца. Ганьба!
- Пушчу, але напачатку адплата. Шчырасць - за шчырасць, метка - за метку.
Пра што ён? Багуслава не паспела спалохацца, як адчула, што яе кусаюць... - ці цалуюць? - у шыю. Гэта было так недарэчна, асабліва гарачая млосная хваля, якая прайшла па целе ад пацалунку, што фатографка праз істэрычны смех толькі прамовіла:
- Я думала, вы пярэварацень, а не вурдалак!
- Я таксама думаў, што вы не кідаецеся на людзей з нажамі ні з поля вецер, - нарэшце адарваўшыся ад яе, прагаварыў Каганецкі, не аслабляючы захвату, і ад ягонага дыхання, што варушыла валасы на патыліцы, па скуры. як гэта пішуць у раманах? Прабегліся мурашкі? Цікава, як пан заолаг гэтых мурашак апісаў бы, іхнія паводзіны, знешнія характарыстыкі, колькасць лапак і спосабы размнажэння... Хаця. гэтым жа энтамолагі, здаецца, займаюцца, а ён мае справу з істотамі буйнейшымі.
- Супакоіліся? Можна вас адпускаць без небяспекі апрытомнець каля катла са смалою, з якога тырчаць ногі грэшніка?
На шыі дакладна застаўся выразны такі юлёвы след. Гэта ж граф за драпіну на шчацэ! Так. па-дзіцячы. А яна ж яго ледзь не зарэзала.
Як заўсёды пасля прыступаў шаленства пачынаўся адкат - што нарабіла, якія наступствы.
- Вось якія кавалеры вам па гусце, шаноўная панна Багуслава!
У голасе Міхала Калоцкага, які застыў у дзвярах скульптурай Немезіды мужчынскага полу, гучалі пагарда, нянавісць, крыўда... Грымучая сумесь, якая не можа не ўзарвацца.
Каганецкі нарэшце расціснуў рукі, і Багута адскочыла, мімаволі прыкрываючы даланёй вільготны след графскай помсты.
- Не думаў, што вас прывабліваюць пашкоджаныя мазгамі арыстакраты!
Археолаг выглядаў сапраўды як вялізны пакрыўджаны дзіцёнак, пульхныя вусны ўздрыгвалі. Вось жа. самцы! Прычым і справы ім няма, што самка. пардон, эмансіпаваная жанчына ніводнаму перавагі не аддавала, і ўвогуле - акрамя як кулаком пад дых, нічым адорваць не збіралася.
- Не забывайцеся, шаноўны, што вы ў маім доме! - граф, спрабуючы аднавіць дыханне, сцёр кроў з падрапанай шчакі, хутчэй сказаць - размазаў. - Стрымайце свой язык, іначай я знайду магчымасць вас заторкнуць. Вярніцеся ў пакой.
Калоцкі злосна зіркнуў на Багуславу, але супакойвацца і не збіраўся. Сарвалі на вачах дзіцяці апошні калядны пернік з елкі...
- Я памятаю, што вы - гаспадар і робіце нам ласку. Таму і папярэджваю. Вы не ведаеце, з кім звязаліся. Гэтая дамачка заб’е вас, не паморшчыцца.
Ну, археолаг, няўжо нават на навуку сваю каштоўную забыўся, пад пагрозу экспедыцыю ставіць, так усе дамовы рваць!
- Мяне не так лёгка забіць, пан Міхал, - спакойна прагаварыў граф.
- Ды каб вы ведалі, шаноўны, што гэтая асоба з сябе ўяўляе, наўрад у вас рука паднялася б яе абняць.
Вось як, а сам, значыць, пераадолеў бы грэблівасць?
- У яе рукі па локаць у крыві! Што, няпраўда, мадэмуазэль? Гэтая паненка - забойца!
Калоцкі цяпер не крычаў, а нібыта выплёўваў словы - і ад гэтага яны гучалі больш важка, і нечакана балюча. Пан Шымон брывом не зварухнуў.
- Я таксама забойца. І што цяпер?
- Цяпер мы ўсе адправімся ў ложкі, да раніцы не так шмат часу, - ветлівы спакойны голас Ніхеля быў, нібыта лінула на галовы халодная вада. Сычы - не сычы, давядзецца астыць.
Падобна, выканаць загад гаспадара не выходзіць са спальняў не ўдалося гэтай мілай ночкай нікому.
Халодны позірк фатографа слізгануў па скрываўленай шчаце графа, ускудлачанай Багуславе і пляме на яе шыі, спыніўся на стылеце, які ганебна валяўся на падлозе. Тонкія бровы Ніхеля з дакорлівым недаўменнем прыўзняліся... У якія б ні ўвязаўся легкадумныя гульні, зброя - гэта сур’ёзна. Гэта тычыцца Справы. Багуслава змрочна ступіла наперад, падчапіла наском чаравіка стылет, падкінула, і вось ужо ён, бліснуўшы ў паветры, як плотка, схаваўся ў рукаве кардыгана. Каганецкі на гэтую дэманстрацыю толькі хмыкнуў. А ў Калоцкага, здаецца, таксама пачаўся “адкат”, як у Багуславы - пасля патопу эмоцый, якім дазволіў сябе паглынуць, усведамляеш наступствы. Мяркуючы па трывожных паглядах у бок фатографа, спацелы, як пасля лазні, Міхал гадаў, ці не прыб’юць яго на месцы. А тут яшчэ прыбег захутаны ў плед Масевіч, з хворым румянкам на шчоках, і накінуўся на сябрука: