- Колькі вам было год?
- Пяць... Магчыма, шэсць.
Халодны павеў з вакна - гарачы дым з каміна...
- Вы надта рэфлексіўная. Вы не павінны займацца тым, чым займаецеся.
Большага глупства нельга сказаць, графчык. Рэфлексіўная...
- Не ўспрымаеце жанчыну-фатографа?
- Я пра іншае. Анархізм, нігілізм, сацыялізм... Гэта не для вас. Вас гэта ламае, змушаючы быць не тым, кім ёсць. Вы, што б з сябе ні строілі, звычайная кабета, чуллівая, цікаўная і даверлівая.
Багуслава зноў засмяялася б, каб так не раззлавалася.
- Вы агент ахоўнага аддзялення, граф? Усіх падазраецё ў сацыялізме?
Калоцкі кінуў на фатографку кароткі позірк і зноў утаропіўся ў вагонь,
быццам бачыў там рудую ваўчыцу сабе да пары.
- У мяне ёсць сябар-сацыяліст. Я не перашкаджаю яму верыць у тое, у што ён хоча. Пакуль гэта не шкодзіць іншым людзям. І я здольны зрабіць высновы пра перакананні чалавека па асобных выказваннях. Няўжо вы з бацькам лічыце, што калі ўсё ва ўсіх адабраць і раздзяліць пароўну, настане агульнае шчасце? Ведаеце, я веру Генрыху Гейнэ, які сказаў: “Дзіўная справа! Ва ўсе часы нягоднікі намагаліся замаскаваць свае гнюсныя ўчынкі адданасцю інтарэсам рэлігіі, маральнасці і любові да Айчыны”.
Кроў кінулася ў твар Багуславе не ад сэнсу слоў, а ад тону, якім яны былі прамоўленыя - быццам субяседнік звяртаўся да ўбогага, які думае, што знойдзенае ім шкельца насамрэч каралеўскі дыямент.
- Я веру, што несправядліва, калі той, хто працуе ўсё жыццё - галадае, а той, каму пашчасціла нарадзіцца панам, шалее ад багацця, створанага чужымі рукамі.
Агонь успыхнуў, патрабуючы новай ахвяры. Каганецкі ўстаў, пацягнуўся па сякеру і адным ударам раскалоў драўлянае прыстасаванне, падобнае да хамута. Часткі адправіліся ў камін.
- Я, помніцца, гаварыў вам, што жывёлы не менш маральныя, чым людзі. Але няроўнасць і несправядлівасць таксама закладзеныя ў будову свету. Вам ніколі не прыходзіла ў галаву, чаму дзеці пачынаюць красці раней, чым гаварыць? Калі мысляры даведаліся, што малпы дзеляцца адна з адной ежай, замілаваліся. Вось яно, братэрства ў прыродзе! Але назіранні заолагаў удакладнілі: дамінант статка кідае рэшткі ежы тым, хто перад ім прагінаецца, каб прынізіць. Можа кінуць - і некалькі разоў забраць. Каб ведалі сваё месца. У прыродзе няма роўнасці, панна Ніхель.
Граф паклаў сякеру, скрыжаваў рукі на грудзях і цешыўся сарказмам.
- Аднойчы правялі эксперымент. Пасадзілі павіянаў у вальер і навучылі іх рухаць паважнік, каб зарабіць жэтоны, якія можна абмяняць на ежу. І што? Адны зараблялі жэтон, другія яго выпрошвалі, трэція адбіралі. Тыя, што працавалі - напэўна, вы б назвалі іх пралетарыямі? - спрабавалі накапіць заробак, высільваліся. Але ў хуткім часе пераканаліся, што назапашанае ў іх усё адно адбяруць. І сталі працаваць без усякага энтузіязму, не больш, як на адзін жэтон, які адразу праядалі. Вось гэта і ёсць ваш сацыялізм. Грамадства, якое тупа працуе дзеля свайго банана ў дзень, бо больш не дадуць. Адрозненне ад малпаў у тым, што людзям можна ўнушыць, што калі ўсе жывуць аднолькава кепска - гэта справядліва, а тыя, хто адбірае лішняе - змагары за справядлівасць. А тады можна давесці, што гэта і ёсць шчасце. А ў тутэйшых людзей адна мара, можа, чулі прымаўку: каб можна было быць узімку катом, улетку пастухом, а на Вялікдзень папом.
Багуслава ўскочыла, не ў змозе далей слухаць гэты насмешліва-халодны голас.
- Вы проста цынік!
- А вы наіўная дзівачка. Усё, цыгарэту, як бачу, вы дапалілі. Ідзіце ў ложак.
Пульс б’ецца ў скронях - гэта ад гневу. Развесіла вушы, слухаючы гатычны сентыментальны блёкат пра хворага хлопчыка. А тут ёсць толькі бессардэчны прыгнятальнік.
- А вы данесяцё пра свае беспадстаўныя падазрэнні ў паліцыю?
Каганецкі ганарыста ўскінуў галаву:
- Я не даносчык. Ідзіце і спіце спакойна. Ды пакіньце ж мяне ўрэшце, эмансіпэ.
Апошняя фраза ў яго вырвалася, як ад адчаю. Зноў адвярнуўся, падставіў перабіты нос халоднаму мокраму ветру, што заляцеў праз разбітую шыбу.
Вядома, гэта было б самым разумным - сысці... Але каб за мярзотнікам засталося апошняе слова? Багуслава, якую трэсла ад раздражнення, пачала прыладжваць новы папяровы цыліндрык, набіты бязважкай атрутай, у муштук... Вось выкурыць яшчэ гэта, і сыдзе. Хай панервуецца гаспадар. А той рэзка павярнуўся да нахабнай паненкі і прагаварыў скрозь зубы:
- Яшчэ крыху - і я вырашу, што ваша прамаруджванне - гэта завуаляванае запрашэнне саставіць вам кампанію ў ложку.
Калі ён спадзяваўся, што госця ад абразы збяжыць, дык моцна памыліўся. Кроў у скронях запульсавала так, што з-за яе шуму Багуслава не пачула б і сурмы апошняга суда. Цела само ведала, як абыходзіцца з ворагам.
Але чамусьці граф не ператварыўся, як малады Калоцкі, у падабенства гаргуллі, скурчыўшыся ад трапнага ўдару пад лыжачку. Затое рука Багуславы аказалася перахвачанай у запясці даволі моцна.