Ясна было адно - пакідаць хворага без прыгляду нельга. Можа ванітамі захлынуцца, могуць сутаргі пачацца. Ды і недарэмна ж ён сябе, мусіць, у клетцы замкнуў. Ніхель яшчэ раз уздыхнуў і прапанаваў заначаваць у адным пакоі з патэнцыйным ваўкалакам.
- Урэшце, я неаднойчы з катаржнікамі-крымінальнікамі побач спаў, якія маглі зарэзаць за адну цыгарэту. Ні разу не падлавілі.
Багуслава, згараючы ад сораму пры ўспаміне, як рукі нібыта самі цягнуліся дакрануцца да непрытомнага гаспадара маёнтка, рашуча заняла месца на канапе, і Ніхелю давялося падзяліць ложак з графам. Гэта не павінна было стацца нязручным, бо ложак памерам з невялікі карабель. А праводзіць ночы ў небяспечным месцы, сплючы па чарзе, інквізітарам рэвалюцыі даводзілася часта.
Але нішто не парушыла спакой Жухавіч да самай раніцы. Толькі поўня часам цьмяна свяцілася, як бяльмо, праз хмары. І пад гэтым хворым паглядам, падобным на пагляд са здымка пост-мортэ, варушылася ўнізе, як магільныя рабакі, чорнае голле дрэваў, і фыркалі коні, і выплывалі здані, звыродлівыя пародыі на жыццё... І апошняя ў вёсцы вядзьмарка, скурчаная і сцямнелая, як чарнакорань, дакладна ведала, што да наступнага маладзіка памрэ. Доўга і пакутліва. Бо ніхто не прыйдзе патрымаць яе за руку, каб пераняць згубную шатанскую сілу.
Гэта была ціхая рамантычная ноч.
Раздзел шосты. Ваўкалак і ягоны доктар
Прыстойная паненка ў Вялікім Княстве Літоўскім, нават калі яна дачка магната, павінна была ўмець спячы свянцоную бабку. Сама, уласнымі рукамі замясіць цеста, паставіць у печ. І пасля госці, пакаштаваўшы прысмакаў, дружна захапляліся: добрая гаспадыня атрымаецца! Сармацкіх звычаяў пільнуецца дзяўчына, значыць, можна сватоў засылаць.
У Швецыі ў тых жа мэтах паненка мусіць умець прыгатаваць дэсерт “Прынцэса”, шматслойны, з тварожным начыннем і абавязкова з зялёнай міндальнай глазурай.
Багуслава навучылася запякаць у гліне мяса трапна падбітай каменем качкі, смажыць дзічыну на прутках і, калі што, некалькі дзён абыходзіцца без ежы.
На гэтым яе кулінарныя здольнасці, што наўрад уразілі б нават самага непатрабавальнага шляхціча, заканчваліся.І што? Яна не з тых, каму дораць лілеі, плятуць флердаранжавыя вяночкі і чакаюць ля алтара з належным хваляваннем.
А булкі Манькі-Мінервы ўсё роўна пераўзысці нельга. Варта толькі запарыць да іх гарбаты. Агонь Багута магла здабыць нават з пяску, імбрык на графскай запыленай, запавуціненай кухні адшукаўся...
Апрытомнеў Каганецкі якраз тады, калі Багуслава зайшла ў пакой з двума кубкамі гарачай гарбаты ў руках. Паколькі трэцяй рукі ў госці не мелася, прытрымаць дзверы не ўдалося, і яны зачыніліся за спінай з задаволеным і падступным грукатам...
Каганецкі падхапіўся і сеў на ложку, напяты, як напалоханы звер. Вочы, якія зрабіліся ўжо нармальнага шэрага колеру, абшнарвалі пакой, нібыта шукаючы шлях да ўцёкаў, пальцы камечылі коўдру, русявыя валасы рассыпаліся па плячах, як быццам імі нядаўна падмяталі падлогу.
- Не раю выскокваць у вакно, рамы наўрад праломіце, - ветліва прагаварыла Багута, паставіўшы кубкі на трумо, што какетліва прысела на выгнутых ножках. Ніхель, які сядзеў на канапе, як звычайна зашпілены на ўсе гузікі, і ўважліва прагортваў сшытак Масевіча, кінуў праз акуляры востры позірк на графа:
- Добрай раніцы, ваша светласць. Галава не баліць? У вачах шымпанзэ не скачуць, у барабаны не б’юць? Павіяны сонцу не моляцца пасярод пакоя?
Каганецкі як не чуў насмешак, а ўзяўся нервова і пільна разглядаць уласныя рукі, быццам думаў убачыць на іх, як ледзі Макбет, чыюсьці бязвінную кроў.
3 рук крывавыя дарожкі не крапалі, пад пазногцямі не застралі шматкі чужой скуры, таму на смуглявым абліччы адбілася палёгка.
- Дзе вы мяне знайшлі? - глуха спытаў, не паднімаючы вачэй, заолаг, нібыта баяўся пачуць адказ.
- Там, куды вы сябе засадзілі, - спакойна адказаў Ніхель, адклаў сшытак і падняўся, як настаўнік перад вучнем, што не вывучыў урок. - І вельмі хачу пачуць адказ, чаму адукаваны чалавек гэтак шчыра лічыць сябе пачварай з народных казак? Вы Праспэра Мерымэ начыталіся? Ёсць у яго аповед “Локіс”, у якім такі ж граф, як вы, толькі больш дагледжаны, ператвараецца ў мядзведзя і задзірае каханую нявесту. Эпілепсія і наркатычнае ап’яненне такога эфекту, мушу вас расчараваць, не дадуць.
- Гэта не падстава для насмешак.- глуха прамовіў граф, выціраючы дрыжачай рукой лоб. - Гэта малавывучаная хвароба, якая робіць мяне вельмі небяспечным. Панна Багуслава, выйдзіце...
Апошнія словы Каганецкі прагаварыў такім здушаным тонам, што Багута здагадалася абсалютова правільна і хуценька падсунула бліжэй да графа, які схіліўся з ложка, парцалянавую начную вазу - ваўкалака ванітавала. Прычым ён так энергічна махаў рукой у бок фатографкі, што тая чыста ад шкадобы сапраўды палічыла за лепшае выйсці і даць чалавеку паразмаўляць пра высокае з фаянсавым сябрам.
Калі праз нейкі час Багуслава вярнулася, вакно было - неверагодна - але расчыненае, павута, што назапасілася між рамамі, звісала неахайнымі махрамі, у пакоі гарэзаваў восеньскі вецер, а Каганецкі, трохі зеленаватага колеру, сядзеў, намагаючыся трымаць спіну прама.
- Пан Ніхель распавёў мне, што вас змусіла вярнуцца, кранальны аповед пра разбітыя негатывы, - прагаварыў ён да фатографкі здушаным голасам, у якім, аднак, чуўся гнеў. - І мушу прызнацца, не лічу гэта вартым апраўданнем.
- Баіцеся, што ператворыцеся ў звера на нашых вачах? - насмешна прамовіла Багуслава, хаваючы за іроніяй няёмкасць.
- Любыя страшныя паданні маюць у аснове нешта цалкам рэальнае,
- трохі хрыпата заявіў Каганецкі. - Думаеце, вурдалакі - гэта казкі? Але ёсць рэдкая хвароба парфірыя, пры якой парушаецца склад крыві. Скура робіцца бледнай, пасля - цямнее, не выносіць сонечнага святла, ад якога пакрываецца пухірамі і трэскаецца. Пашкоджваюцца храшчы - а значыць, пачварна змяняюць форму нос, вушы, пальцы. На зубах з’яўляецца брунатны налёт, дзёсны робяцца сухімі і жорсткімі, ад чаго здаецца, што павялічваюцца зубы, асабліва калі агаляюцца разцы. Арганізм не ўспрымае часнаку з-за сульфонавай кіслаты, якая там утрымліваецца. А калі хворы парфірыяй памірае, праз нейкі час змены, выкліканыя хваробай, праходзяць, і тады можа ўсчацца вэрхал: нябожчык выглядае лепей, чым пры жыцці! Зубы пабялелі! Значыць, альбо галаву яму адсячы, альбо асінавы кол у грудзі, каб не смактаў па начах кроў.
У акулярах Ніхеля люстравалася постаць пазелянелага Каганецкага.
- І ў чым праяўляецца ваша хвароба?
- Я забіваю людзей, - глуха прамовіў граф і прыўзняўся. - Выбачайце, але мне трэба на другі паверх, у свой пакой.
Дапамогі ён не прыняў, ішоў, гайдаючыся, сам, але і загадваць гасцям, каб не сунуліся за ім, не стаў. Або разумеючы, што зваліцца можа ў любы момант, або проста мала што кеміў у хворым тумане, ці сіл не было сварыцца.