Граф закасаў левы рукаў, і Багуслава пабачыла на жылістай руцэ з напружанымі венамі пабялелыя шнары - сляды іклаў. Нешта яе падштурхнула пацягнуцца да іх пальцамі - учынак дурны, няветлівы і для Багуты неверагодны... Заолаг уздрыгнуў, зараз жа адняў руку, пазбягаючы дотыку, і апусціў рукаў.
- І так ўзнікла легенда, што вас пакусаў ваўкалак?
Каганецкі сядзеў, апусціўшы галаву.
- Пасля гэтага выпадку ў мяне развілася эпілепсія. Кадук, як кажуць у нашых мясцінах. Прыступы паўтараліся рэгулярна, я нават не мог паступіць у гімназію, да пятнаццаці гадоў вучыўся дома, у наёмных настаўнікаў. Толькі калі бацька ажаніўся з пані Антанінай, яе брат змог падабраць лекі, якія мне дапамаглі... Праўда, не да канца.
Багуслава абмерыла паглядам графа, мімаволі шукаючы сляды хваробы. Ён здаваўся дастаткова дужым, не параўнаць з Давыдам Масевічам. Але ж падучка была ў многіх вядомых людзей, трывушчых і ваяўнічых, і ў Юлія Цэзара, і ў Напалеона.
- Ну, эпілепсія... Вы ж не валіцеся з пенай на вуснах кожную гадзіну. Каб пераканаць людзей, што ў вас не сядзіць нячыстая сіла, дастаткова схадзіць на службу ў храм, да споведзі, да прычасця. Пераадолейце ўжо сябе як-небудзь.
Багута сказала тое, што параіў бы і Ніхель. Каганецкі павярнуў галаву ганарыста, як маршалак сойма да дробнага шляхціца, які верашчыць з апошняй лаўкі “ліберум вета”.
- Мне не трэба сябе пераадольваць у тым сэнсе, у якім вы разумееце. Я хаджу ў храмы. Малюся. Вера ў Бога закладзеная ў чалавеку. Францыск Асізскі лічыў, што Госпаду моляцца, як умеюць, і дажджавы чарвяк, і ластаўка, і воўк. Але калі я толькі зайду ў тутэйшую царкву, жывым не застануся. Мне не дазволяць такога кашчунства.
Багуслава адчула, што субяседнік не перабольшвае.
- Ну і ну, што ж вы такое натварылі ў сваім бурлівым мінулым?
Граф нахіліўся да каміна і кінуў у агонь яшчэ адну вядзьмарскую кнігу - студэнты завылі б пры відовішчы такога злачынства. Чароўная кніга загарэлася, як і які-небудзь звычайны, закроплены атрамантам падручнік па граматыцы, полымя абыякава гартала старонкі.
- Бацька ўжо быў жанаты з пані Антанінай, мы ўсе знаходзіліся ў царкве, на літургіі. А мне было кепска... Так кепска - як ніколі, нягледзячы на лекі доктара Боўнара. Усё плыло ў вачах, гукі зліваліся ў нейкі злосны шэпт: “Уцякай, уцякай...” Магу прысягнуць, што нехта прамовіў мне проста над вухам: “Прэч адсюль, звер”. І, разумееце, страх... Паніка. Жывёльная. Толькі напалоханая жывёла можа ўчыніць такое, як я. Выскачыў з храма пасярод службы, расштурхаўшы людзей, праз вакно. Якое размяшчалася высока, у якім ззяў вітраж... Напэўна, я інстынктыўна і памкнуўся на святло з прыцемку храма. Не пытайцеся - нічога не памятаю, акрамя крыкаў, страху, болю. Мяне знайшлі ў лесе толькі праз тыдзень, прычым са зламанай нагой я ўмудрыўся зайсці даволі далёка. Праз год памёр мой бацька. Яшчэ праз пару гадоў я з’ехаў адсюль назаўсёды.
Багуслава кінула недапалак у камін.
- Н-да, легенду пра ваўкалака ў царкве, які выбівае вакно, я чула. Дык пасля таго выпадку вы і кульгаеце?
- Гэта перашкаджае мне не больш, чым зламаны нос, - з сумнай весялосцю прамовіў граф. - Ну, цяпер ваша чарга... Што самага паганага вы ўчынілі ў сваім дзяцінстве?
- Забіла аднакласніцу ў пансіёне.
І зарагатала, закінуўшы галаву. Самы лёгкі шлях схаваць страшную праўду - выстаўляць яе напаказ, як грубы жарт. Каганецкі памаўчаў, на нейкі час варухнулася трывога - раптам паверыў? І Багуслава хутчэй распавяла іншае. Таксама праўдзівае.
- Мы з маці жылі ў Табольску, у доме, падзеленым на адсекі, як карабель. Карабель, які пацярпеў крушэнне пасярод ільдоў і снягоў. У кожным такім адсеку тулілася сям’я кагось з катаржанаў. Адны прыехалі па зняволеных сваякоў з пачуцця доўгу, другія з вялікай любові, альбо проста не было куды падзецца, і нават Сібір і разбойніцкае асяроддзе падаваліся не страшней прышласці на радзіме. Мая маці кіравалася каханнем. Нездарма зусім юнай паехала, не разважаючы, за чалавекам старэйшым, фактычна
- малазнаёмым, узяла там жа, на катарзе, шлюб, нарадзіла мяне... І амаль адразу стала ўдавой.
Багуслава зіркнула на Каганецкага: той неадрыўна глядзеў у агонь.
- Роднага бацьку я не памятаю. Ніхель - прыёмны... У мяне было мала цацак. Нешта выразанае з цурбачкоў, улетку - лялькі, скручаныя з лапушыны. Але мяне заўсёды вабіла вострае, бліскучае, небяспечнае. У наш дом часта заходзілі жандары. У аднаго з іх быў маленькі пісталет, бліскучы, з інкрустацыямі - накладныя перламутравыя фігуркі звяроў. Як мне хацелася мець тую прыгожую цацку!
Багуслава тужліва ўтаропілася на шаманскі бубен, які глядзеў са сцяны, быццам пляскаты твар волата.
- І я сцягнула пісталет, калі жандар сядзеў за сталом у нашым бараку і частаваўся “паднашэннямі”. Дзеля гэтага чырванатварага тыпу з абвіслымі вусамі, у якіх заўсёды застравала капуста, жыхары, а імі былі ў асноўным жанчыны, скідаліся з апошняга на гарэлку, назапашвалі самага смачнага, адрываючы ад сваіх дзяцей. Бо залежалі ад ягонай волі, ад ягонага настрою. Я сунула пісталет у сваю хованку: у канцы агульнага калідора, пад сляпым вакном, трэснула падлога, і дошчачка лёгка вымалася. Але жандары выдатна ведаюць усе хітрыкі паднадзорных. Яны пераварочвалі і трэслі наш дом- карабель, як пралля мокрую бялізну ў тазіку. І знайшлі пісталет.
Багуслава прыкусіла зубамі завусеніцу на ўказальным пальцы, адарвала... Бязважкі шматок скуры прыліп да губы, і фатографка змахнула яго на затаптаную падлогу, быццам хацела хоць маленькай частачкай сябе адкупіцца ад нябачных суддзяў.
- Я нічога нікому не сказала. У доме плакалі і вылі, мужчын арыштавалі, жанчын цягалі на допыты, маю маці таксама. Сівелі валасы, дабаўлялася сінякоў... А я маўчала. Двое суседзяў зніклі. А мяне цікавіла толькі, што пасля аднаго з іх, слесара, застаўся кронцыркуль, які я цішком падабрала, і на нейкі час гэтая рэч, металёвая, з вострымі кончыкамі, замяніла мне страчаны пісталет. Па-мойму, я так і не ўсвядоміла, што нарабілася з-за мяне.
Вецер выў.
Агонь трашчаў.
Каганецкі ўсё маўчаў...
Дурны вершык... Дурны вечар... Дурная кабета, развязала язык. У пекле балбатлівых прымушаюць лізаць распаленыя патэльні.
Гаспадар нарэшце прамовіў: