- Я не стану чакаць. Урэшце, да раніцы ў маёнтку можа не застацца ніводнага экспаната, - Багуслава з крывой усмешкай зірнула на археолага, той збляднеў і пацвердзіў, што цягнуць час не варта, што ён будзе вельмі ўдзячны і што дзеля навукі варта ахвяравацца...
Багута не стала выслухоўваць далей гэты пафасны блёкат і выйшла з лабараторыі. Была б яе воля - ніводнай выявы з чараўніцкай калекцыі не засталося б, як і самой калекцыі. Галоўнае - трэба прыхапіць з сабой пабольш зброі і патронаў.
Ніхель перастрэў дзяўчыну ў дзвярах, нагружаную, як на вайну.
- Не рабі глупстваў. Каганецкі цябе можа на парог не пусціць. А ты падумала, што станеш рабіць, калі знойдзеш ягоны труп? У паліцыю звернешся?
Наравістаму пуга не паможа. Багуслава ўпарта пазірала светлымі вачыма з цёмным абадком вакол райка, а нецярпенне паліла знутры, як воцату глынула.
- Гэта работа. Не затрымлівай мяне. Я ўсё вырашыла.
Ніхель з прыкрасцю прастагнаў і насунуў на галаву дарожны капялюш.
- А я спадзяваўся пасядзець увечары ў цэбры з гарачай вадой, адмыцца, адагрэцца...
І рашуча скамандаваў:
- Пайшлі! Толькі па дарозе заскочым да Ёселя, прыкупім з сабой што перакусіць. І па булкі да Манькі-Мінервы заедзем. Падтрымаем гандаль шаноўнай удавы і ўласныя стомленыя містыкай арганізмы.
У такія моманты Багуслава на нейкі час верыла, што ў яе ёсць нармальная сям’я, і цяплела на душы. Праўда, невядома, радавацца ці трывожыцца, што з ёй адпраўляецца Варакса. Гэтак ангельская каралева не ведала, чаго ёй чакаць, калі запрасіла на службу піратаў кшталту Дрэйка. Іспанскія караблі тыя зладзюгі, вядома, патопяць, але ж і свайго купчыну пад ветразямі ці прапусцяць? Служэнне навуцы і дапамога заняпалым атожылкам арыстакратычных родаў не ўваходзілі ў спіс задачаў пана Вараксы Ніхеля.
Тым не менш яны выправіліся, заехаўшы яшчэ і ў аптэку Герца, адкуль Варакса выйшаў з цэлым мяшком лекаў, і дарога была гэткай жа цяжкай, гразкай, здрадлівай, і яе аднойчы перабег заяц. Вялізны, руды, ён няўклюдна выкідваў даўжэзныя заднія лапы, і быў ці хворы, ці надта стары. Ужо толькі ад адной такой кепскай прыкметы многія павярнулі б назад... А тут яшчэ і сцямнела, і дождж пасыпаўся, як гарох, хоць і блізка не быў такі ятрасны, як колішняя залева. Ліхтар, які матляўся на круку спераду брычкі, разганяў цемру ледзь-ледзь, абы не ўбіліся ў дрэвы. Няшчаснага каня падганяць было шкада. Адзін раз нават не туды збочылі - давялося вяртацца паўвярсты. Агароджу маёнтка заўважылі толькі тады, калі конь стаў перад замкнёнай брамай.
Але замкнёнай не на засаўкі - а на замок, які вісеў на тоўстай дужцы, зачэпленай за ланцуг, які з’ядноўваў два прэнты. Замок абыякава пазіраў адзіным вокам адтуліны для адсутнага ключа.
Гаспадара няма!
Пустэча маёнтка адгукнулася пустэчай у душы. Але Ніхель, з дапамогай ліхтара ўважліва агледзеўшы дарогу і замок на варотах, запэўніў, што зачыніцца дзікі гаспадар мог і знутры. Але, як ні гукалі, спрабуючы перакрычаць вецер, ніхто адчыняць не збіраўся. Давялося самім... Ніхель умеў і ангельскі сейф ускрыць - аднойчы таварышы з партыі спецыяльна нанялі аднага вядомага медзвяжатніка, сівога інтэлігентнага дзядка, падобнага на дзьмухавец, дзеля практычных заняткаў. У Ніхеля, патомнага зыгаршчыка, выявіліся прыродныя здольнасці да гэтай справы.
І хутка нязваныя госці патрапілі за агароджу з ваўчынымі пысамі.
У канцы прысады больш не гарэў трывожны агеньчык. Затое свяціўся чырвонымі злавеснымі вуголлямі круг на двары, быццам куточак пекла, паволі паміраючы пад дажджом. Ясна - гаспадар данішчаў калекцыю. Не пашанцавала студэнтам.
Варакса трымаў напагатове пісталет, Багуслава кусала вусны: ці жывы пан Шымон? Тое, што ён не з’ехаў, пацвярджала, што ледзь заўважныя сляды на гразкай сцежцы былі толькі ад іх ранішняй брычкі, ды і конь графскі, белы, як туман, па-ранейшаму фыркаў у стайні, накормлены і дагледжаны, і вуголле ў вогнішчы яшчэ не патухла...
Дзверы ў будынак таксама аказаліся зачыненыя. Звычайныя госці пацалавалі б замок ды сышлі.
Напалохалі харта апалай ігліцай. З гэтай перашкодай управіліся яшчэ лягчэй.
У доме смярдзела дымам і жудасцю. На крыкі ніхто не адзываўся. Вырашылі разысціся, каб хутчэй абшукаць дом. Варакса запаліў газоўку, якую знайшлі ў вітальні, Багуслава ўзяла зняты з брычкі ліхтар-кажан... Рука чамусьці дрыжэла, і цені, здавалася, трэсліся ці ад жаху, ці ад рогату.
- Знойдзем труп - у паліцыю ісці нельга, - халодна заявіў Ніхель. - Прыдзецца сляды замятаць.
- Яго не так проста забіць! - прашыпела Багуслава, у якой ад словаў Вараксы сціснулася сэрца.
- Толькі ў памяць пра твайго нябожчыка-бацьку дапамагаю дзявочым глупствам... - прагаварыў Ніхель і рушыў на другі паверх.
- Пан Шымон! Дзе вы?
Гаспадар не знайшоўся ні ў водным пакоі. Можа, ён і сапраўды выбег з дома? Носіцца па лесе, напіўшыся атруты, ці зваліўся пад кустом? Пакуль не развіднее, не знойдзеш.
Ліхтар высвеціў у куце сталоўні, сярод якой больш не ўзвышаліся захутаныя ў радно стоды, абраз Маці Божай Адзігітрыі. Вусны самі сабой варухнуліся:
- Калі ласка... Я не вартая... Я забойца... Я душу сваю загубіла... Але гаспадара гэтага дома - пашкадуй. Ён надта няшчасны.
Багуслава шаптала ціха-ціха, сама не разумеючы, чаму ёй так невыносна думаць пра смерць чалавека, які ёй зусім чужы. Якога яна сама яшчэ нядаўна хацела забіць. Святло ліхтара высвечвала сумныя вочы Багародзіцы, у якіх было дараванне для ўсіх. Прыступкі да неба...
А ёсць жа прыступкі ўніз... Багуслава ўспомніла, што Каганецкі спускаўся ў сутарэнні ў канцы калідора.