Гаспадарскі пакой не вызначаўся ні асаблівай раскошай, ні велічынёй. Вузкі ложак з драўлянай спінкай, засланы бела-карычневым пледам, пісьмовы стол з двума стаўбуркамі, які мог бы стаяць у кабінеце сярэдняй рукі чыноўніка, ды кніжная шафа, што не змяшчала ўсіх сваіх багаццяў. Кнігі грувасціліся на яе версе, былі запхнутыя паўзверх таварышак, якім пашанцавала заняць месца на паліцах. Хіба што на камодзе, як адносная прыкмета раскошы, стаяў адмысловы бронзавы гадзіннік з надпісам “Tempus fugit”, “час бяжыць”. Гадзіннік быў зроблены ў выглядзе паравоза “ў анфас”, перад ім атлет з паголенай галавой, трымаючыся за цяжкія кольцы, спрабаваў спыніць наступ бязлітаснай машыны. Справа атлета, вядома, была ад пачатку безнадзейная. Побач, на пульхным альбоме для фотакартак, як на п’едэстале, святлеў партрэт у белай авальнай рамачцы: вельмі прыгожая дзяўчына, падобная да гераінь моднага мастака Вільгельма Катарбінскага, спевака Смерці, млява нахіліла твар, яе цёмныя вочы-вішні здаваліся такімі даверлівымі, сумнымі, але адчувалася, што маленькія вусны любяць усміхацца...
Багуслава заўважыла, што партрэт быў першым, на што паглядзеў граф, калі зайшоў у пакой. Гэта яшчэ больш прыгнятала, бо са сваёй цяперашняй госцяй Каганецкі нібыта назнарок намагаўся не сустрэцца позіркам.
А вось закратаванае вакно спрыяла змрочным развагам.
Заолаг, хістаючыся, як марак на палубе ў шторм, падыйшоў да камоды, дастаў з шуфлядкі знаёмую бутэлечку з цёмнага шкла, адкаркаваў, паднёс да вуснаў...
Ніхель нездарма па-ранейшаму лічыўся лепшым баевіком партыі. Праўда, і Каганецкі цяпер быў зусім саслабелы, хоць і бадзёрыўся. Праз пару секундаў ён аказаўся не па сваёй волі ўсаджаны ў фатэль, а бутэлечка паблісквала ў руках фатографа.
- Зараз жа аддайце!
Граф ускочыў, але Ніхель толькі дакорліва паматаў галавой і мякка штурхнуў хворага на месца:
- Не варта нервавацца, дарагі пан Шымон, усё роўна вы зараз не баец.
- Маіх сіл яшчэ хопіць, каб зладзіць з вамі!
Кулакі графа сціснуліся, ён падабраўся, нібыта каб скочыць - што ж, нават паранены тыгр небяспечны, калі яго дражніць. Багуслава ціха прагаварыла:
- Калі ласка, супакойцеся. Мы прыехалі не для таго, каб вам нашкодзіць.
Граф кінуў на госцю незразумелы позірк і зноў утаропіўся ў Ніхеля:
- Забіраць мае лекі - гэта не шкода?
- Вы хоць ведаеце, наколькі яны атрутныя? - сур’ёзна папытаўся фатограф.
- Ведаю. І змірыўся з пабочнымі эфектамі. Пранцы таксама лечаць атрутным мыш’яком, а гангрэну ўвогуле - агнём і пілой.
Каганецкі перавёў позірк на падлогу, нібыта на гэтым пашарпаным паркеце былі вымаляваныя сакрэтныя руны, і глуха паўтарыў:
- Аддайце.
- Добра, я вярну вам вашу атруту, хаця каб я ноччу не зрабіў вам укол атрапіну - вы б не прачнуліся... Але вярну, калі вы дакажаце, што яно таго вартае.
- Вартае? - хрыпла закрычаў Каганецкі і ўскінуўся, як апошні абаронца крэпасці, які не жадае, каб вораг здагадаўся, што сцены засталіся без вояў. - Хочаце пераканацца?
І нечакана бесцырымонна ссунуў з ложка плед, падушкі, коўдру, агаліўшы драўляную спінку, пакрытую цёмна-бурштынавым лакам.
Багуслава з непаразуменнем і міжвольным жахам заўважыла на паверхні выразныя драпіны, па некалькі паралельна, быццам тачыў кіпці вялікі звер. Прыгледзеўшыся ўважліва, дзяўчына пабачыла, што такія драпіны ёсць на ўсіх драўляных дэталях.
- Стары ложак увогуле давялося выкінуць, - змрочна заявіў Каганецкі.
Ніхель пакратаў драпіны ў дрэве.
- І вы хочаце нас упэўніць, што гэта - вашых рук... пардон, пазногцяў справа?
Каганецкі зноў глядзеў у падлогу, плечы былі апушчаныя, як у Атласа, тытана, якому ўзвалілі на спіну звод нябёсны.
- Паверце, я хацеў бы знайсці любое іншае тлумачэнне. Але, калі прачынаўся пасля прыступаў, было... вось такое. Шчасце яшчэ - апошнім часам толькі раз на год, блізу таго дня, калі загінула мая маці. Пані Антаніна прызнавалася, што такімі начыма да мяне баяліся заходзіць. Я... выў, усё крышыў, часам выскокваў праз акно - пакуль не паставілі краты. Я не ведаю, што рабілася ў такія моманты з маёй косцевай сістэмай, з сілай цягліцаў. Бо не памятаю. Затое памятаю, як прачынаюся - а ў маім роце смак крыві. Чужой. Быццам я грыз свежае мяса. І на руках кроў, пад пазногцямі... Скрываўленае птушынае пер’е на падушцы, ці звярыная поўсць... Страшней за ўсё, праўда, калі пер’яў і поўсці не было, толькі кроў. Гэта сведчыла, што я мог напасці на...
- На чалавека, - працягнуў Ніхель. - Вельмі цікавая гісторыя. І калі пачаліся вашы прыступы?
- Пасля выпадку ў царкве, пра які я распавядаў вашай дачцы. Калі выскачыў праз вітраж пасярод службы. Да гэтага была проста эпілепсія.
Граф стамлёна ўсеўся і счапіў рукі, сціснуў так, што збялелі костачкі.
- Удакладню: пасля таго, як ваш бацька ажаніўся, і вы пачалі прымаць лекі, падрыхтаваныя братам вашай мачыхі? - роўным тонам прагаварыў Ніхель, які ўсеўся ў крэсла насупраць.