У альтанцы зашморгалі хмелем, відаць, яго раздзіралі, каб лепш бачыць.
— О, і я бачу!
А-га!..
Дзе, дзе?
Некалькі хвілін у садку панавала цішыня. А калі здзіўленне прайшло, панства раптам пачало смяяцца. Смяяліся доўга, абразліва, як з дурня.
Нарэшце смех перакрыў Данусін голас:
Нічога тут няма смешнага! От залезце вы, рыцары, аж туды!
У альтанцы загрукатала.
О-ей, куды вы? Не разыходзьцеся, прашу! Пане Браніславе, не ідзіце, прашу!
А каторая гадзіна?
Ужо позні час!
У-у, як засядзеліся!
I мне пара!
Прабачце!
Дзякуем за прыемную кампанію!
Пара і нам!..
Адчуваючы злараднае здавальненне, што сапсаваў панству вечар, зноў пачаў я гойдацца і спяваць:
Сме-ла, та-ава-ры-шы, ў но-огу!..
Спяваў датуль, пакуль не зразумеў, што ў садзе — ні душы. I мне зрабілася так сорамна раптам, як бывае толькі ў сне, калі прысніцца, што ідзеш па вуліцы без нагавіц і на цябе ўзіраецца народ.
Я хутчэй злез на зямлю.
Ад'язджаючы з Вільні яшчэ ў тую ж ноч, я адчуў, як нешта назаўсёды тут пакідаю. Тады я яшчэ не ведаў, што ў гэты дзень скончылася маё юнацтва.
ПУШЧАНСКАЯ АДЫСЕЯ
Аповесць
Я ЎЦЯКАЮ З НЯВОЛІ
1
Да канала прымыкас кавалачак поля. На ім размяшчаюцца прычалы, цагельня, жылы дом штутгофскага пачальніка лагера смерці, склады гатовай прадукцыі і ямы, адкуль здабываем гліну. Тут працуе «Гопэгіль» — брыгада ў 120 арыштантаў.
Да кожнага з нас вартаўніка не прыставіш, таму раніцой ланцуг дзяжурных эсэсаўцаў — «эсэсманаў», як мы іх называем, акружае межы ўсяго ўчастка, брыгаду «Гопэгіль» прапускаюць у сярэдзіну, і мы бяромся за работу. Да вечара падпарадкаваны толькі нашаму обер-капо[19]— цірольскаму злодзею — Адзі Мэркеру, камандзіру варты ды обер-майстру Максу.
Асуджанага на бестэрміновае заключэнне цірольскага бандыта Мэркера мы цікавім толькі тады, калі паблізу начальства. Камандзіры варты кожны раз мяняюцца, на арыштантаў глядзяць скрозь пальцы. Найбольш дастаецца нам ад обер-майстра Макса.
Гэты сухі, зморшчаны немец з намі цэлы дзень. Работа на цагельні нескладаная. Арыштанты даўно ведаюць сваю справу, але стары службіст усюды суне свой нос, і няма ад яго ратунку. Ён не кране нікога і пальцам. Толькі падкажа эсэсаўцу і будзе спакойна глядзець, як той ломіць арыштанту косці. Шчасце наша, што ў Макса тут яшчэ і цэлая гаспадарка. Обер-майстар вымушаны адхіляцца то да кароў, то да свіней.
Вось і цяпер немец нечага накіраваўсяі ў поле.
[19] Капо — Kameradenschaftspolizei — стараста з арыштантаў у лагеры смерці.