Распусцілі, яшчэ і абвінавацілі нашых хлопцаў у прадажніц-тве! — дадаў Суткус.
Трэба было і — абвінавацілі! — запярэчыла Вольга.
Ух ты, якая яна!
Лес сякуць — трэскі ляцяць! — дадала яшчэ студэнтка.
А каб мы з табой трапілі ў гэтыя трэскі? — падскочыў да дзяўчыны літовец ледзь не з кулакамі.
I вокам не міргнула б, прыняла б свой лёс! — закрычала яна ў такой запальчывасці, у якой я яшчэ яе і не бачыў.— Я — шрубка, салдат рэвалюцыі і, калі партыя загадае, гатова зараз памерці!
О рропужэ, але ж яе няма, распусцілі!
Партыя ў мяне тут, у сэрцы!
Рэзанёрства там у цябе адно! Калі прыпіраеш цябе фактам, ты адразу выкідваеш чырвоны сцяг і хаваешся за яго! Знамёны нам даюцца для таго, каб іх абараняць, а не прыкрывацца імі!
У іхнюю спрэчку ўмяшаўся Яцкевіч:
А навошта лес сячы?!.
Але я далей не слухаў, панёсся з вёдрамі. Бегучы да калодзежа, я падумаў, што хлопцы прыйшлі не так сабе. Іх жа паліцыя вывозіла з-за Шуса за горад. Вярнуліся ў Вільню, адаспаліся і нешта задумалі зноў. I ўсе яны былі, выяўляецца, некалі ў партыі!..
Калі я вярнуўся, хлопцы сядзелі на ганку і перагаварваліся ўжо з Данусяй.
Пане Барташэвіч, запрашаю ўсіх да нас! — закрычала яна.— Пазнаёмлю з мамусяй, з панам Браніславам!
Мы паненцы нічога не маглі адказаць, бо самі ў гасцях,— растлумачыў Суткус.— Чакалі гаспадара. Цяпер ты і вырашай!
Разгублены, я стаў па чарзе падносіць ім кубак. Дануся ўсё чакала.
Суткус над ёй зжаліўся:
Зараз. Толькі нап'ёмся!
Пойдзем пагутарым! — падтрымаў Яцкевіч, выціраючыся.
Шыманскі піў проста з вядра.
Нарэшце ён адарваўся ад вады, перавёў, нібы паравоз, дых, прыляпіў сабе на макаўку аксамітную кепку і аб'явіў:
Цяпер можам і пайсці!
Я занёс вядро і кінуўся даганяць сяброў. Вольга накіравалася ў горад.
Куды ты? — спытаўся я.
Галантнічаць перад класавым ворагам не стану! — кінула яна мне раззлаваная.— Хопіць, вечар цэлы правазілася з той паненкай!..
2
Дануся падводзіла нас па чарзе да мачахі пад квяцістым пара-сонам і знаёміла. Не кранаючыся з месца, дама кожнаму падала руку, затым зноў паглыбілася ў кніжку. Настаў чарод вітацца з князем.
Але і хлопы! — кінуў ён.
I ўсё беларусы! — з гордасцю пахвалілася Дануся.
О, выдатна! — ускрыкнуў Браніслаў.— У нас з беларусамі ніколі не было канфліктаў!