А я цэлы і здаровы, бачыш? Станеўскі якраз бы налез на мяне, каб не вы з Вольгай, і сядзець бы мне цяпер у халоднай!
А ты яшчэ і браць мяне не хацеў!
Быў грэх, каюся!.. Ну і хітры Яцкевіч!.. Падчапіў гэтую жанчыну!..
Паліцыянт убачыў вас з ёю і кажа сябрам: «Мы, здаецца, памыліліся!..» I адразу перасталі вамі цікавіцца!.. Прызнайся, аднак, гэтая жанчына табе не была знаёмая?..
Адкуль?!.
А чаму ў цябе вочы сарамлівыя?!. Ты такі адважны, я цябе за гэта так кахаю...
Узышло сонца.
У Данусі твар быў бледны. Выпадак з лістоўкамі забраў у яе многа сілы. Напружанне цяпер у паненкі змянілася вяласцю і бяссіллем.
Ну, на сёння хопіць. Ідзі адпачывай! — зжаліўся я.— Пайду на работу!
Але ж я спаць не хачу! Праўда, праўда, не хачу! Вазьмі мяне з сабой разносіць малако! Раніцай мяне ніхто не пазнае, нашыя спяць, а з цёткай Антосяй я дагаваруся...
Яшчэ што: дачка генерала разносіць малако. Усе газеты напішуць пра гэта!
Вазьмі-і!
Пабачым!.. Ах як я прашляпіў Станеўскага!.. I не падумаў — адкуль у яго капелюшы, касцюмы... Я лічыў, Генрых — няшкодны, падхалім...
Ён цябе не выдасць. Беларус таксама!
З тых, што прыйшлі б сёння туркі, ён ужо служыў бы ім!
Дык бярэш мяне з сабой!
Выдумала! Слухай, што табе гавораць старэйшыя! Праваліш з-за мяне экзамены!
Не правалю, любы! — Твар і вочы яе запрамянелі ласкай.— Адно скажы, што мяне кахаеш!.. О-ей, які ты ў мяне цудоўны!.. Спачатку ты мяне проста зацікавіў. Цяпер — жыць без цябе не змагла б!.. Кажы!
Ну!
Не «ну», а «ка-хаю»!
Я саромеўся гэтага слова, яно аніяк не праходзіла скрозь горла.
Сама сказала за мяне.
Ай! Хачу пачуць ад цябе! Кажы, хутчэй, чакаю!
Ну, на табе. Кахаю...
О! «Ка-хаю»! —перадражніла паненка.— Не так, а з пачуццём!
Ведаю цябе, гэтаму і канца не будзе! Марш спаць!
Ш-ш-ш! — закрыла яна мне вусны.
На панадворку з'явілася Антося з талеркай аб'едкаў. Служанка наблізілася да сеткі, за якой лазілі куры маёй прачкі, і паклікала:
Ціп-ціп-ціп!..
З усіх канцоў панадворка кінуліся куры.