Сюды я насіў малако.
У гэтым раёне жыло адно панства. Са здавальненнем пачаў я запіхваць лістоўкі ў паштовыя скрынкі, пад дзверы, у выстаўленыя для булачнікаў кошыкі, вешаў на цвікі...
Гэтак мы будзем да самай раніцы тут калупацца...— цяжка дыхаючы, нездаволена сустрэў мяне Яцкевіч: яму было сорамна перад паненкамі.
Ну і будзем, калі трэба, а ты думаў — ляп-цяп? — абрэзаў я студэнціка.
Толькі цяпер кінуліся ў вочы яго запалыя шчокі, якія бываюць звычайна ў мужчын каля трыццаці год, ды пад студэнцкай кепкай — адтапыраныя вялізныя вушы. I ростам ён нібы паменшаў: што за мужчына, мне па плячо?!. У такога яшчэ шукаў падтрымкі... Шляхцюк гарадскі, прайшоўся пару кіламетраў і ўжо задыхаўся.
Годзе стаяць, давай далей! — пагнаў я Яцкевіча, беручы ініцыятыву ў свае рукі.
Калі на Лукішскім пляцы канчалі мы сваю справу, дзяўчаты пачалі чыхаць — сігналіць трывогу. Набліжаліся два паліцыянты і шпік у цывільным.
Панна Янкоўская, і вы тут? Так позна?— пачуў я знаёмы голас.
Не, мы так...— запнулася Дануся.
Можа, вас правесці дадому?
Дзякуй, зайду з паннай Оляй... Вы не знаёмыя?
Не меў гонару!
Знаёмцеся. Мая калежанка!
Вельмі прыемна. Генрых. Я маю гонар пазнаёміцца са сту-дэнткай, праўда?
I я шчасліва — пазнаёмілася з такім ладным панам. I на самай справе, правядзіце нас! Далібог, цікава з такім сімпатычным спадарожнікам прайсціся ў такую цудоўную ноч! — загаварвала зубы Вольга.
Правядзіце, правядзіце нас, пане Генэк! — спахапілася ўжо і Дануся.
Прабачце, прапанаваў, а не падумаў, што не маю часу.— Цяпер я пазнаў: гаварыў Станеўскі. Толькі голас у яго быў дзелавы, упэўнены, узбуджаны.— У горадзе трывога. Заварушыліся камуністы. Ловім іх. Мы і вас палічылі за чырвоных!
А як жа, адгадаў пан! Мы чырвоныя, нібы радыска: разрэж, а ўсярэдзіне — белая! — жартавала бойка Вольга.
Го-го-го-го, але ж брава!
Вы не ведаеце тых тыпаў? — перабіў іх сур'ёзны голас паліцыянта, якому ўжо не цярпелася прыступаць да выканання службо-вых абавязкаў.
Не! — катэгарычна заявіла Вольга.
Тых двух?!. Нашы бурсакі з гімназіі Касцюшкі,— падхапіла Дануся.— Няўжо пан Генрых такі службіст: не правядзе нас, калі нават я загадаю?
Панна Данута на гэты раз павінна прабачыць, я не адзін...
Пакуль адбываўся гэты дыялог, мы стараліся адысці як мага далей.
«Ах ты, гадзіна! — падумаў я пра Станеўскага. Што ён працуе ў дэфензіве[15] было для мяне громам з яснага неба.— Дык вось чаму ты так пазбягаў мяне! — прамільгнулі ў памяці ўсе неасцярожныя словы, якія я пры ім сказаў.— Вось чаму ты апранаешся, як кароль, маеш на халву і шакалад, звяртаешся да ўсіх з развязнай фамільярнасцю!.. А я, дурань, яшчэ збіраўся пагаварыць з табой як са сваім хлопцам, каб не блытаўся з эндэкамі!.. Дзе была мая галава?.. Тады дзіўна, навошта ты куніў Сцяпанаў наган? Няўжо табе, халую, дэфензіва не давярае казённы?»
Наша спешка выклікала падазронасць. Патрулі пакінулі паненак і затупалі ў наш бок. Ноччу на пустой вуліцы — нібы зімой на лёдзе — цяжка вызначыць, блізка хто крочыць ці далёка. Часамі здавалася, што яны далёка, то зноў па спіне прабягалі мурашкі вось-вось цап-нуць за каўнер!.. Каб не выдаць сябе канчаткова, азірацца не адважваліся.
Усе брамы былі пазамыканыя, а ззаду паліцыя. Мы несліся з усіх ног!
Колькі патронаў? — спытаўся студэнт.
Барабан. Але страляць нельга. Паліцыянты з карабінамі, у шпіка — наган, адкрыюць пальбу — мы прапалі. I Станеўскаму толькі выдам сябе. Чорт, чаму я такі доўгі!
А можа, і не пазнае! — няўпэўнена пераконваў сябар: бяда нас ужо з'яднала.— Вось што мне рабіць? Засталося некалькі лістовак... Уздумаў ты раздаваць іх па кватэрах, нібы візітныя картачкі!
[15] Дэфензіва — тайная паліцыя ў буржуазнай Польшчы.