Цяпер, калі я, паўтараю, сталы ўжо чалавек, зусім не саромлюся, што заявіўся на свет, рос на сваім Амшарку i не магу напісаць, што я гэтулькі сваіх гадоў там толькі сумаваў, жыў абы дзень да вечара, уражваўся ад неўтаймоўных звычаяў i нораваў, ад марнення i гібення, што вялі да якогасьці краху... Не. Канечне, часамі падступалі смутак, нават журба i маркота, было шмат цяжкай працы, розных непрыемных, а то i прыкрых здарэнняў i прыгод, але нават i ў нас, дзяцей, было натуральнае разумение: мы тут не выпадкам i не часова. Сюды па сваёй ахвоце выбраліся твае дзед i баба, тут самі рашылі пасяліцца бацькі, тут прызвычаілася ўжо ўся наша сям'я, маючы жыллё, кавал зямлі, гаспадарку, i мы ўсе з кожным годам лепш апранаемся i ядзім, а праз год-другі нам павінна быць лягчэй i заможней.
Наша «матка» — вёска Янковічы,— мабыць, з даўніх часоў (на жаль, i я не ва ўсім цікаўны, ленаваты, дык яшчэ не ўведаў добра гісторыю сваіх карэнных мясцін) не вельмі вялікая, у лепшыя свае часы, да вайны, кажуць, у ёй было крыху болей ста двароў. Стаіць яна сярод прылеску Налібацкай пушчы; зямлі, сенакосу i пашы няшмат, дык яшчэ ў тым стагоддзі той-сёй з янкоўцаў мусіў падацца на заробкі ў Амерыку, хтосьці — у расійскія гарады i на сібірскія бяскрайнія прасторы i нямала хто на пачатку ўжо гэтага стагоддзя выбраўся на хутары, каб пачаць адваёўваць зямлю, а значыць,сабе i сваім нашчадкам жыццё ў кустоўя i ў лесу.
Мой дзед па бацьку, Уладзіслаў, калі ажаніўся, таксама пакінуў цесныя Янковічы (пасля падзелу Беларусі на Усходнюю i Заходнюю), асеў за вярсты паўтары ад вёскі ў полі, у Амшарку, дзе займеў чатырох сыноў i дачку, крыху абжыўся, а свайго старэйшага сына, майго бацьку, вывучыў на каваля. Ды лес не пашэнціў майму працавітаму i разумнаму продку: зусім яшчэ малады, ён памёр перад блакадай ад таго, што ў яго нарваў зуб i сапсаваў кроў. Па такой хваробе ў спрыяльнейшы час, канечне, можна было б яшчэ доўга жыць. У блакаду не пашанцавала ні Янковічам, ні хутарам: ix немцы (калі быць праўдзівым, не толькі немцы, але i тыя, хто гаворыць на славянскай мове) спалілі да тла, а людзей вывезлі ў Нямеччыну. З усяго нашага роду толькі мой бацька адчайна марсянуў па дарозе ў Стоўбцы з абозу i пачаў бежанцам туляцца ў іншых вёсках, якіх агонь не зачапіў. Там ён спазнаўся з такой жа, як i ён, уцякачкай са свайго хутара (зусім блізкага ад яго), Янінай, i як толькі вайна пакацілася на захад, яны, маючы за плячыма толькі крыху за дваццаць гадоў, прыйшлі на парослы бадыллём хутар Амшарок, выкапалі паблізу ўжо ўтравелага, але яшчэ пахкага гарэлым зямлянку, абладзілі яе i пачалі ў ёй жыць, з хваляваннем чакаючы: вернецца янкоўскі люд дамоў ці не, адновяцца ці звядуцца Янковічы?
Некаторыя нашы сем'і, маладыя падаліся з Нямеччыны ў Аўстралію i ў Амерыку (бацькавыя браты i сястра, наслухаўшыся польскіх вярбоўшчыкаў, угаварылі маці не ехаць дахаты, на пустэчу, а падацца на землі, што адышлі Польшчы ад Нямеччыны, дзе ім, «крэсавякам», абяцалі даць абладжаную сядзібу выселенага нямецкага баўэра), але многія як з вёскі, так i з хутароў вярнуліся на Бацькаўшчыну, на свае селішчы. Між іншым, мая бабуля Аршуля ўсе свае больш чым дзевяноста гадоў размаўляла толькі «папросту», а вось дзядзькі i цётка (мая хрышчоная маці) хутка апалячыліся, a іхнія дзеці, мае стрыечнікі, лічаць сябе толькі палякамі. Некаторыя з ix, калі мы сустрэліся тут, у нас, i знаёміліся як радня, вербавалі мяне, каб я не пісаў на «ензыку, якім муві тылька бабця», a вучыўся пісаць «культурна», на польскай мове, і, здаецца, ніяк не маглі i не могуць зразумець, што ёсць такі тып, як мы з імі: акаталічаны беларус. Для ix, як i для іншых заблуджаных альбо вужліва-хітрых, нібы закон: раз ты тут католік — значыць, ты толькі паляк! Зрэшты, i яшчэ многія малакемныя ці ашуклівыя ў нас па дурноце або наўмысна паранейшаму тлумяць люду галовы: праваслаўная вера — руская, a каталіцкая — польская, а ты, значыць, выбірай, да каго табе прыхінуцца, каб не быць самім сабою, хоць праваслаўная вера не толькі ў Pacii, a каталіцкая — у Польшчы!.. Ды некаторым з нас, абэлтухаў, гэта ніяк не даходзіць, не ўмелі i не ўмеем цаніць сваё, а гэта значыць, i сябе!
Наш Амшарок — гэта травяністы ўлетку, заліты вадой ўвесну i ўвосень, абледзянелы альбо заснежаны ўзімку поплаў, пасярод якога была выкапаная сажалка, некалькі рослых, дзедавых, бяроз абапал поплава, невялікі пасаджаны бацькам i мной, старэйшым з дзяцей, садок, гародчык для кветак, грады, кузня, поле, i, урэшце, невысокія драўляная хата, хлеў, гуменца пад адной саламянай страхою, a ўсё гэта было абгароджана дзе акоранымі жэрдкамі, частаколам, а дзе, каб не лазілі куры, заплецены яловымі галінамі, а вакол нас, як тады мне здавалася, вялікае, як акінуць вокам, пагоркавае поле, дзе чарнаватае, а дзе i з жоўтым пясочкам. З хутаранцаў па гэты бок мае бацькі доўга былі самай маладой сям'ёю, астатнія гаспадары, іхнія дзеці был i нашмат старэйшыя за нас.
I праз болей трох дзесяткаў гадоў заплюшчу вочы i бачу дарогу з вёскі паўз нашу сялібу на хутары, бачу, якая цвёрдая яна была на ўзгорках i амаль заўсёды ці з ямінамі вады альбо гразістая ў лагчыне, а таксама бачу сцяжыны ад нашай хаты да іншых хат. Калі я тады станавіўся спіной да поўдня i вёскі (яна i цяпер цягнецца шнурочкам абапал адной вуліцы), дык пасярод поля бачыў астраўкі з пабудоў, дрэў i платоў: далека злева, на захад, асеў Жырневіч (сам бачыў, ад яго незвычайных вачэй енчыў i хаваўся ў будцы чужы самы звераваты сабака), бліжэй да нас — Далідовіч па мянушцы Масавіч (вельмі набожная сям'я, хоць гаспадар быў нервовы, лаяўся, адна з дачок яго, Бронця, пазней вырасла ў вясковую красуню і, можа, нават ад цяжару красы сваёй «звялася сама са свету» раней часу, асіраціўшы пяцёра дзяцей). Я да гэтых хутаранцаў, паколькі там усе былі нашмат старэйшыя за мяне, хадзіў рэдка, толькі па нейкай патрэбе. Зусім недалёка ад нас (крыкнеш — там пачуюць) жыў наш далёкі сваяк, Грыгарцэвіч (длублівы, талковы i вясёлы чалавек. У яго ўдаўся малодшы даваенны сын, з якім я хораша сябраваў i якога сёння ўжо няма). Амаль насупраць нас жылі Навіцкі i Паланевіч; калі выпадала вольная часіна, я бегаў i туды, цягнучыся да крыху старэйшых Мішкі i Данусі Навіцкіх i да аднагодка Антоніка Паланевіча (у яго на гарышчы стаяў куфар, a ў ім ляжала шмат заробленых бацькам у маладыя гады ў Маскве грошай, якія той па даверы абмяняў у нейкага круцяля на золата. Гаспадар усё чакаў, што прыйдзе час i зноў пойдуць у ход тыя «керанкі», але пасля, зняверыўшыся, дазволіў сыну i мне гуляць з імі, а то, бывала, я выменьваў ix у Антоніка за якую-небудзь рэч). Правей, за пагоркам, перад Раўком, жыў Далідовіч-Ганік (у яго, пажылога калекі, был i дзеці, роўныя нам па ўзросце), за ім — Емельяновіч, якога я ў маленстве баяўся страшней за рознага Салаўя-разбойніка: ён, гэты Мікалай (як цяпер ведаю, адзін з самых памяркоўных мужчын у вёсцы), тады зойдзе ў хату i, строга акінуўшы позіркам нас, дзяцей, запытае: «Хто з вас не слухае маці? Каго мне забраць i змусіць пасвіць пчол?», дык нам — страх i жах: не толькі гэты асілак павядзе нас каторага з сабою, але i загадае, бачыш, пасвіць пчол, што кусаюцца! А тут яшчэ маці падсыпле боязі — калі што якое, дык пастрашыць: «Ну пачакай, неслух, прыйдзе Мікалай — аддам цябе яму! Няхай правучыць!» Правей гэтага страшнага для нас Мікалая, перад рэчкай i вялікім выкапаным возерам, каля якога да вайны быў млын, сядзелі некалі, за палякамі, адны з самых багатых, а значыць, i гордых людзей у вёсцы i нейкім цудам ацалелыя ў 1939 годзе ад вывазу ў Сібір: матчыныя родныя дзядзькі, а мае стрыечныя дзяды Ясь i Стэфусь ІІІабуні. Ясь быў бяздзетны, а вось са Стэфусевымі Мар'янам, Алькай, Раманам i Ядзяй (яны былі мне дзядзькі i цёткі, хоць Ядзя маладзей за мяне на тры гады) я i сваячыў, i сябраваў. Усе яны змусілі мяне называць ix толькі на «ты». Самыя ж блізкія мае сваякі, матчыная маці, мая родная бабуля Зося, i два яе сыны, мае дзядзькі Антон i Ян Чапроўскія, жылі праз Шабунеў лес у Ляйтарках, за якімі, праз зараснікі алешніку i рэчку Шуру, была невялікая вёсачка Крычаты. Я ў Чапроўскіх гуляў найперш з Антонавымі дочкамі, старэйшай Анелькай i равесніцай Яняй. Мы, стрыечнікі, былі тады вельмі дружныя, а цяпер нават не перапісваемся. Можа, усё з-за тых спрэчак, што выдумалі задоўга да нас: да слова, Анелька там, у Польшчы, спецыяліст па польскай гісторыі i яе, гісторыю, вывучыла толькі ў польскім духу, нашу Беларусь бачыць толькі за былыя польскія «крэсы», а пра мой погляд на Беларусь у эпоху Вялікага княства Літоўскага i Рэчы Паспалітай нават не хоча чуць...
На болей далёкія i лясныя хутары, у Ваўкавеньку, Ляжджа ці Падзеру, я хадзіў рэдка, найчасцей тады, калі мяне туды пасылалі (там жыў Антон Емельяновіч, з якім я i Антон Паланевіч хадзілі з нашых хутароў у Налібакі ў сямігодку i пасябравалі. Антон Емельяновіч, на жаль, памёр зусім малады ад хваробы веку), там жыло нямала Навіцкіх, з якіх у адных, Вераб'ёвых, былі вельмі прыгожыя дачка i сын (з ім я пасля таварышкаваў), а яшчэ адзін Навіцкі, Стэфусь, пазней закончыў нізавую партыйную школу, быў доўгі час нашым брыгадзірам, першы ў вёсцы назваў мяне, студэнта, па імені i па бацьку. Ён, неблагі чалавек i гаспадар, залішне даверліва спаўняў партыйныя догмы, разам з іншымі ваяваў супраць Бога, але калi, уночы ўрэзаўшыся на матацыкле ў грузавік, што стаяў пры плоце ў тумане, загінуў, дык яго Янковічы не клялі, а шкадавалі. Тым больш што ён, пазнавата ажаніўшыся, пакінуў дзяцей малымі.
Як цяпер разумею, усе тыя нашы хутаранцы былi цікавыя i бывалыя людзі: той-сёй з ix у салдатах альбо ў бежанстве ў першую сусветную вайну бачыў вялікую Расію, той-сёй нёс службу ў польскай арміі i, як казаў ужо, амаль усе пабылі ў Нямеччыне,— дык ужо ведалі, дзе i як жыве люд, дзе i што ёсць. Калі яны ў асенне-зімовыя вечары купкамі збіраліся ў кагосьці (найчасцей у таго, у каго было радыё ці хто выпісваў якую газету), слухалі навіны, гаманілі, дык ix было цікава паслухаць: яны шмат у чым разбіраліся i, калі не было чужога чалавека, гаварылі пра ўсё смела i яшчэ пры жыцці Сталіна ганілі яго як таго, хто «быў болей за цара, але парушыў лад i загубіў многа талковых людзей»: іхнія сцежкі-дарожкі сутыкаліся ў Заходняй Беларусі, Нямеччыне i з тымі, хто пабыў у савецкіх лагерах, неяк вырваўся з ix, з СССР i шмат расказваў пра той «рай». Праўда, як помню, калі Сталін памёр (у той год, увосень, я пайшоў у першы клас), дык разгубіліся i яны: што будзе далей? Пачнецца новая вялікая вайна ці не? Пабыўшы гадоў пяць у калгасе, бадай, палова нашых хутаранцаў i вяскоўцаў не вытрывала яго, а таксама старшыні, былога партызана, самадура, дарэчы, з недалёкіх ад славутага Буніна мясцін, i, маючы права на польскасць, ужо назаўсёды пакінула нашу вёску (з імі i мае дзядзькі Антон ды Ян з сем'ямі), каб там, у Польшчы, мець столькі зямлі, жывёлы, колькі ім хочацца, самім дажыць свой век «хамамі з-за Буга», a сваіх дзяцей i ўнукаў ужо цалкам аддаць суседняй краіне, каб некаторыя з гэтых нашых нашчадкаў на нас, янкоўцаў, а для ix «крэсавякаў», потым, будучы тут у гасцях, пазіралі, усміхаліся паблажліва, а то i звысоку... Так сказаць, па-панску ўжо...
Я ўжо тое-сёе напісаў пра нашых хутаранцаў — пра тых, каго ўжо не стала ў пажылым, а то i ў зусім маладым веку ці хто яшчэ, дзякуй Богу, жыве. Не ведаў бы я, да слова, бабулі Зосі, не чуў бы яе доўгіх, але прыемных мне расказаў пра былое, пра сваю маладосць (яе муж, мой дзед Іосіф-Юзік, памёр, калі яму было яшчэ толькі крыху за сорак, а яе сыны падаліся ў пяцідзесятыя гады ў Польшчу, дык я, падлетак, памагаў ёй, адзінокай калецы, назапашваць сена i дровы, начаваў у яе, каб ёй было смял ей), не знаў бы стрыечнага дзеда Стэфуся, Ганіка, старых Паланевіча i Грыгарцэвіча — не было б маёй трылогіі «Гаспадар-камень». Дазволю сабе нават сказаць так: я мусіў пісаць гэтыя раманы, бо толькі я з усіх тых, хто піша, блізка ведаў названых людзей i мог сказаць пра ix слова. Як не мог не напісаць апавяданне «Спечаныя яблыкі на галінках» пра тое, як палілі ў блакаду нашы хутары i Янковічы, аповесць «Жывы покліч» з расказам пра тое, як мае маладыя бацькі адразу пасля вайны абжывалі Амшарок, трыпціх «Цяпло на першацвет» пра сваё маленства, аповесць «На новы парог» (Вялюгінская назва, мая была «Бабчын скон») пра лес «неперспектыўных» Крычатоў, урэшце, проста сам прасіўся раман «Заходнікі», дзе трэба было расказаць, як з'іначвалі лад усяго ў Янковічах, як паводзілі самі i да чаго давялі нас розныя Кураглядавы...
Канечне, напісаў я пра ўсё тое мала i не зусім так, як хацелася, але ёсць яшчэ дзе, з чаго чэрпаць i мне, i тым іншым маім землякам, хто, можа, таксама возьмецца пакінуць у нашай памяці тых, хто жыў i жыве ў нашым краі, варты ўвагі i пашаны, пра каго, скажу яшчэ раз, апроч нас, ніхто іншы нават не абмовіцца: іншыя, можа, напішуць i лепш, але пра іншых...
...Які мой самы ранні ўспамін з хутарскога жыццябыцця? Бадай, тое, што адбылося са мной у тры гады. Я не помню вельмі, што i як было, калі мне споўнілася чатыры, пяць, шэсць гадоў, нават пазнейшы час помніцца толькі асобнымі абрыўкамі, але той ранні эпізод урэзаўся ў памяць, мабыць, назаўсёды. Досыць прасторная чатырохкутняя паляна паміж маладога сасняку ў Ляйтарках, ужо невысокае, над лесам, але яркае i цёплае вераснёўскае сонца, яшчэ нядоўгі, не густы цень ад лесу, па сонечным пол i мой бацька ідзе за плугам i канём, дзядзька Антон падымае, падтрасае і завязвае мяхі, якіх процьма ўжо, бабуля Зося, мая маці, Антонава жонка i Анелька выбіраюць, як у нас кажуць, картофлю, а мы з Яняй, босыя, скачам праз агонь, што дагарае i дзе пячэцца бульба, i вось я спатыкаюся i ўлятаю нагамі ў прысак. У галаве, у вачах — маланка, у нагах — пякельны жар. Я, мабыць, нечалавеча лямантую, бо ўсе на полі раптам выпростваюцца i сюды першая кідаецца, таксама лямантуючы, маці... I ўсё... Далей — цемра... Як мяне выхапілі з прысаку, як я выў i роў начамі, як i чым мяне лячылі, ужо не помню, ведаю толькі з пазнейшых матчыных расказаў.
Яна апавядала, што я не раз i не два паддаваў ёй бяды i гора, рана пасівела яна не толькі ад вайны, але i з-за мяне, свайго першынца. Яна не заўсёды магла быць пры нас, у доме i пры дзецях, мусіла пакідаць нас адных, а мне даручаць быць нянькай, дык вось аднойчы, успамінала яна, я ў гадоў чатыры сцягнуў з сябе, шпурнуў у студню сваю апратку (улетку я амаль да школы бегаў толькі ў кашульцы), пагойсаў голы, а потым чамусьці залез да сабакі ў будку i сцюцюрыўся каля ягонага боку. Маці, убачыўшы мае адзенне ў студні, вар'яцела ад жаху, бацька вылоўліваў мяне з вады «кошкай» i бугром, затым яны паднялі на ногі ўвесь Амшарок, i толькі нехта з суседзяў, убачыўшы незвычайны спакой нашага сабакі ў будцы, падказаў зазірнуць туды...
...Над намі ў Амшарку заўсёды было шмат неба — высокага, блакітнага альбо з кучмамі белых воблакаў, што часамі здаваліся мне галовамі веліканаў, статкам кароў ці коньмі, з мноствам святла, яркасці, гарачыні, ад чаго мігцела-мроілася далеч, усё тамліва млела, а таксама было нямала i іншага неба, калі на ім неяк незаўважна ўзнікала, як болька, цёмная плямка, набухала, патроху змрачнела, a калі перарастала ў сіне — чорную хмару, дык падавала зямлі голас спачатку далёкімі i невялікімі бліскаўкамі, глухім вуркатаннем, а пасля, зацягнуўшы сонца, увесь купал i абсоўваючыся на небасхіле, смаліла яркімі маланкамі, ляскала перуном i ліла як з вядра, пасля чаго ўсё свяжэла i дыхала парнасцю, калі люба было гойсаць па лужынах басанож, бачачы i не зважаючы ўжо, што ўгары ўсё яшчэ замурзанае, але пагрозная, страшная хмара папаўзла ўжо ўбок, i там цяпер чорна, бліскаўкі i глухі гром, там цяпер тое, што нядаўна было тут. Яго, неба, i ўвосень было нямала, хоць яно тады часта было нізкае, шэрае альбо з зусім апушчанымі дымнымі воблакамі, што плылі ледзь не па самым верее Шабуневага лесу, дзень за днём лілі i лілі, але рана-позна непагадзь спынялася i зноў заяўлялася сонца, блакіт, цяпло, хоць ужо i скупое. A зімняе, пры снезе, пры завірухах i завеях дзённае i блакітнае, пры беламатавых воблаках i пры мігценні незлічоных зорак начное неба, калі ты выпадкова ці па нейкай патрэбе выйдзеш на сцюдзёны двор, запынішся, сузіраеш усё гэта быццам нерэальнае, казачнае — тое, што табе нібы сніцца i калі ты, бадай, несвядома абхопліваеш далоньмі, пальцамі шчокі i скроні: ты бачыш гэта ці не, ты ёсць або цябе няма?! Пачынаеш разумець: вельмі ж вялікі, зменны i ў той жа час зусім пастаянны свет, каб ты ў чым-небудзь як след разабраўся, хоць i маеш добрыя вочы, вушы, а з ім, здаецца, нармальны розум ды душу, што павінны ўсё гэта, зямное i нябеснае, успрыняць!
Як казаў, было, як мне тады бачылася, i бязмежнае мора поля, з якога год за годам паволі знікаў снег, на якім чарнеліся праталіны, а над імі ў жмуркай шэра-блакітнай вышыні радасна абспеўвалі свае гнёзды жаўрукі, паволі адкрываліся, цешылі вока загоны зялёненькага жыта, а на шэрым i прыплеснелым каля старой травы полі выскаквала рознае жоўтае ці чырванаватае ад холаду раслінне, а затым паволі набіралася зеляноты, а каля дарог i на паплавах, як толькі прыгравала сонца, удываньвалі ўсё дзьмухаўцы, пасля зазяленьваліся астатняя збажына, загоны бульбы, а пазней, за сенакоснай часінаю, пачынала палавець жыта, i было люба пазіраць, як па ім бягуць то цень ад воблакаў, святло, то хвалі ад ветру, калі ты, захоплены i ўражаны, стаіш, назіраеш ды выдумляеш сам сабе: можа, якраз цяпер бачыш невядомыя табе мора ці акіян, па якіх плылі некаторыя нашы хутаранцы, стоячы каля поручня i назіраючы, як плешча, а то бушуе за караблём вада, ды нямеючы душой ад таго, што ў гэтай вады такая тоўшч, што ніхто не дасягне яе дна... У канцы лета з году ў год поле то залацілася, рыжэла, шарэла, мясцінамі, калі былі дажджы, ускідвалася маладой зеленню, то ўвосень рабілася непрытульнае, то зімой пакрывалася вялізнай белай коўдраю — тады, куды ні зірні, адбірала вочы бель, i было дзіўна, куды дзеліся полчышчы чмялёў, пчол, жучкоў, конікаў, мух, якіх было безліч да гэтага, дык таму, можа, было асабліва цікава, чулліва назіраць, як па бялюткай роўнядзі паволі, але настойліва імкнецца да сваёй мэты адзінокая постаць з кайстрай за плячыма альбо, пераадольваючы глыбокі снег, лапоча, цягне конік сані з сенам ці дровамі... Усё з году ў год, але ўсё неяк нова, свежа i нечакана...
...Трывожна-радаснае чаканне ў хаце, калі i як ацеліцца наша карова, скажам, тая ж любіміца мая Гуралька, шчырая ўцеха, калі мы, дзеці, убачым яе цялятка (здаралася, яго, слабое, але ўжо такое жыццеімклівае, прыгожае, амаль адразу з хлява прыносілі ў цяпло, каб засцерагчы ад марозу, што тады, як помняць старэйшыя, часамі быў вельмі моцны, калоў сцены i куты хат, замуроўваў вокны, за ноч заснежваў шчыліны паміж дзвярыма i вушакамі ды ўбельваў на дзвярах усе гайкі). Мы любілі тую Гуральку не толькі за цялятак, малодзіва, малако, смятану i тварог, больш — за нашу моц, веру i надзею. Калі яна, бедная, праглынула ржавыя цвічкі, пала на ногі, дык маці i мы, дзятва, плакалі па ёй, як па чалавеку. Між іншым, тады, улетку, вось што праявілі нашы хутары i Янковічы: паколькі гэтая страта ўзрушыла многіх, дык шчырнікі выкупілі ў нас амаль усё мяса i па такой цане, каб мы змаглі набыць новую карову-карміліцу. Я той нашай Гуральцы стаўлю помнік у сваіх думках: калі мне было гадоў пяць i я быў... не, не падпаскам, а яшчэ падпаскавічам, калі нашмат старэйшыя пастухі прымлелі на сонцы i заснулі, калі да нашага статку падкраўся воўк i хацеў схапіць авечку (на хутары гаварылі, што воўк мог накінуцца i звалачы мяне, бо я, малы дурань, пашлэпаў да яго: «Цюця! Цюця!»), дык наша Гуралька, тады яшчэ маладая, адна з усіх кароў у статку схамянулася, гнеўна замычэла, наставіла вострыя рогі i паімчалася на адзінокага лютага драпежніка. Яе не было суткі, усе мы палічылі, што яна загінула ад воўчых клыкоў, але яна вярнулася, упала на ногі каля нашай сядзібы i з яе вялікіх чорных выразна-чуллівых вачэй, паверце, паплылі слёзы. Мы, маці i дзеці, абняўшы яе за шыю, плакалі разам з ёю... Мой бацька, здаецца, быў бясслёзны чалавек, мог i можа без шкадобы рэзаць i калоць жыўніну, але Гуральку,калі яна даходзіла ад іржавых цвікоў, сам не дарэзваў касой, папрасіў гэта зрабіць суседа...
...Мы, дзеці, радаваліся не толькі таму, што дае карысць. Мы цешыліся i ад таго, што ўжо можна пачапіць змайстраваныя з бацькам шпакоўні на бярозы, што каля ix ужо заявіліся чарнаватыя свістуны, падбіраюць i носяць у аблюбаваныя домікі сухую траву i апалае з курэй пер'е, любаваліся, калі шпачыха сядзела на яйках, а яе гаспадар радасна свістаў побач. Мы з нейкім незвычайным натхненнем ганяліся за майскімі жукамі (хрушчамі), чулі жабіныя спевы ў нашай копанцы, узбуджаліся ад кацянят, якія нечакана выпаўзалі са свайго тайнага сховішча i пачыналі, жаласна мяўкаючы, поўзаць-тыкацца па нашым двары (якраз у такую часіну наш бацька сачыў, якое кацяня кошка падбярэ першым i схавае, тое ён пакідаў, а астатніх... Я i сам, варвар, пазней некаторых лішніх кацянят, ездзячы на веласіпедзе ў школу ў суседнюю вёску, звозіў у торбе ці на згубу, ці на чуласць іншых людзей). Было, нідзе не дзенешся, i такое, i яшчэ іншае...
...Радасць, па-сённяшняму простая, звычайная, a часамі дзіўная, а то i дураслівая, была бязмежная:
язда-пацешка верхам на рахманым парсюку альбо на дурным то дурным, але непаслухмяным, па-свойму фанабэрыстым баране, першая спроба ўзабрацца з плота на спіну каня i, не адчуўшы пад сабой звыклай зямлі, паехаць, ледзь не заплюшчваючы вочы ад галавакружнай вышыні, ці, як здавалася, ад шалёнага бегу;
узрушэнне, калі здалёку пачуецца самалётны гул, а пасля пакажацца ён i сам, зусім невялікі, як бусел. Бяжыш пад ім, пасля ўслед, махаеш рукою i галёкаеш на ўсе грудзі. Мара на доўгія гады стаць лётчыкам;
ажыўленасць, калі ідзеш з бацькам у лес рэзаць дровы ці збіраць грыбы з сабакам, які вар'яцее ад волі, утрапёна носіцца то туды, то сюды, падбягае, ускоквае на заднія лапы, a пярэднімі лёгка штурхае ў грудзі, ліжа табе твар. Вялікай навіной выпадковая сустрэча з вожыкам, зайцам альбо з лісой, асцярожлівасць (нават i ў бацькі), кал i наткнется на лася ці на дзікаву сям'ю;
здзіўленне, што перарастае ў вусціш, ад таго, што ў адну марозную светлую ад яркага месяца ноч па недалёкай ад нас пагонцы каля Масавічоў спакойна i смела ішла з Падзеры да вёскі агромністая ваўчыная зграя, за якой мы з бацькам назіралі з нашага двара. Вусціш быў таму, што заціхлі, анямелі ўсе сабакі як на хутарах, так i ў вёсцы. Тая зграя, як мы бачылі, зусім крыху не дайшоўшы да вёскі, па яе дарозе-сцежцы непарушна падалася ў Налібацкі лес, у пушчу. Леснікі пасля казалі, што тую агромністую, але паслухмяную, ціхую зграю вяла мацёрая ваўчыца;
вялікая ахвота i прага схадзіць з маці альбо ўжо аднаму ў вёску, дзе шмат блізкіх адна ад адной сяліб, дзе дарогабрукаванка, па якой ездзяць не толькі на калёсах, але час ад часу i на матацыкле ці на машыне, дзе шмат люду, дзяцей, дзе ёсць магазін, а там можна купіць не толькі каністру газы, але i шмат чаго іншага, скажам, цукерак-падушачак i лікёравых пернікаў (там я па Мішкавым пад'юшчванні ў школьныя ўжо гады купляў раз-другі за ўкрадзеныя дома яйкі цыгарэты «Бокс» — «Будет Обратно Карточная Система», як аднойчы з жартам сказаў у нашай хаце за чаркай госць-упаўнаважаны з Івянца). У вёску я калі-нікалі з маладымі хутарскімі хлопцамі i дзяўчатамі хадзіў вечарамі ў кіно, купляючы ў кіншчыка білет-квіток за пяць капеек альбо за яйка (той жа Мішка білета ніколі не купляў, зашываўся за шырмаю ў які цёмны куток ці глядзеў разам з іншымі безбілетнікамі праз акно).
Урачысты быў паход пешшу ці паездка на веласіпедзе за вёрст сем па стаўбцоўскай дарозе ў Дзераўную — самую вялікую вёску нашых мясцін. Дзераўная ўражвала сваім вялікім памерам, у ёй было столькі вуліц i вулак, што я баяўся там заблудзіцца, а да ўсяго там былі клуб, школадзесяцігодка, амбулаторыя, аптэка, бальніца, пошта, самыя розныя магазіны, а пазней у цэнтры, на перакрыжаванні вуліц, заявілася i сталоўка, было шмат шыкоўных дамоў, люду i, як тады мне здавалася, як нідзе, нямала варожых да іншых вяскоўцаў падлеткаў. Там трэба было заўсёды трымаць вуха востра, пачнеш лічыць варон — тыя тут жа штосьці ўкрадуць з твайго веласіпеда (у мяне найчасцей у Дзераўной знікала з веласіпеда помпа).
Ды найярчэйшая асаблівасць Дзераўной — яе даўні, з 1590 года, дагляны касцёл. Цяпер я ведаю, што ён — кальвінскі збор, перабудаваны, помнік готыкі i рэнесансу, а тады ён мяне проста ашаламляў i сваёй тоўстай i высокай, не дастаць рукой, каменнай агароджаю, i сваім агромністым, як уяўлялася, ажно да самага неба, гмахам, вялікімі белымі сценамі з вузкімі, паўкруглымі ўверсе вокнамі, з вострай вежаю, на якой быў вялікі бліскучы крыж. Як я чуў, якраз тады яго, гэты касцёл, улады хацелі зачыніць, зрабіць з яго склад ці нават узарваць, як учынілі такое ў іншых вёсках, але дзераўнянцы з іншымі сваімі парафіянамі пачалі выстаўляць каля касцёла сваю варту, не падпускаць да яго начальства i салдат з узрыўчаткай, напісалі ліст, сабралі пад яго не адну тысячу подпісаў i паслалі з ім дэлегацыю ў Мінск ажно ў «самое Цэка». Карацей, касцёл адстаялі, i я ў ім адбываў першую споведзь, пасвячаўся ў католікі.
Чуючы, што такое касцёл, ксёндз, я, калі не сцінаўся, дык напружваўся, з хваляваннем, а то i са страхам мінаў жалезную брамку, заходзіў у храм, дзе спачатку былі толькі шэрыя сцены i раскрыжаваны, з апушчанай галавою i жалобна-велічны Езус Хрыстус, цалаваў пальцы яго ног, пасля ўкленчваў перад дзвярыма, жагнаўся i заходзіў усярэдзіну, дзе адбіралі вочы яркія карціны, статуі, a ў святочныя дні i люстры i дзе ажно кружыла галаву ад высознага купал у,, дзе, здаецца, было ўжо неба i там недзе строга назіраў за табой Ён, што кіруе ўсім светам. Дзіўна быў увабраны ксёндз, які то чараваў за алтаром, то, жагнаючыся раз за разам i паварочваючыся то сюды, то туды, штосьці гаварыў на малазразумелай польскай ці зусім незразумелай, як казала маці, на лацінскай мове, i зусім нечакана на ўвесь запоўнены людзьмі храм разліваўся арган. Незвычайныя то былі гукі: ад ix, здавалася, недзе высока грыміць грозны гром, што набліжаецца ці аддаляецца, ад ix услед за громам плыла, зачароўвала мяккая, нябесная, нават райская мелодыя, што хораша ўзвышала душу... Каб першы раз паспавядацца i прычасціцца, я не адзін тыдзень вучыў з маці катэхізіс i пацеры. Мы абое перажывалі, каб не асаромецца перад ксяндзом, адказаць на ўсё, пра што ён запытае; я, бадай, ні ў чым не заблытаўся, на ўсё выстракатаў завучаным, дык дамоў вяртаўся шчаслівы: i экзамен вытрымаў, i іду вось упершыню ў новенькіх сандаліках, шкарпэтачках, у кароткіх портачках i беленысай кашульцы, ажно гордыя дзераўнянды пазіраюць на мяне i на маю невысокую, але зграбную i прыгожую чарнявую мамусю з захапленнем;
нецярплівае чаканне хрэсьбін альбо чыйгосьці вяселля на хутары. Так хацелася ўсё-усё — сваты, змовіны i запоіны, дзявочнік, вясельны картэж, дзе ўпрыгожаныя коні, дугі, хораша ўвабраныя людзі, паводзіны сватоў i маладых, жарты, гульні i танцы — бачыць на свае вочы i чуць на свае вушы. Не ўсім хлопцам i дзяўчатам, маладым мужчынам i кабетам падабалася, што мы, дзеці, такія на ўсё зыркія i чуйныя, што пасля будзем расказваць пра ўсё ўбачанае i пачутае дома, але... A калі нам траплялі цукеркі, кавалак пірага, дык шчасцю нашаму не было межаў! Альбо, наадварот — хвіліны смутку, жалобы i велічнай урачыстасці, калі хтосьці паміраў, ляжаў у хаце ў чорнай з белым прасцірадлам труне хораша ўвабраны, але ўжо зусім не падобны на ранейшага сваёй жаўцізною, запалымі вачыма i выцягнутым носам, калі яго адспеўвалі, плакалі па ім, а пасля, паклаўшы труну на калёсы з лапкамі елак, везлі да магілы ў Налібакі, ціха рухаючыся жалобнай працэсіяй пагонкай, а затым Янковічамі, а там, каля глыбокай яміны з горкамі жоўтага пяску абапал яе, родныя апошні раз развітваліся з нябожчыкам, забівалі вечка, i чалавек назаўсёды знікаў. Толькі пасля ўсе нямала яшчэ ўспаміналі, як ён паміраў, што каму сказаў перад смерцю, а па ёй, лёгкай альбо цяжкой, меркавалі, як Бог прымаў чалавека;
незвычайны пах купленых мне не толькі адзення i абутку, але i буквара, сшыткаў, алоўкаў. Хваляванне, а то i нейкі нечаканы страх, як перад усім новым, за дзень да таго, як трэба было ісці ў першы клас. Было адчуванне, нібы штосьці ў мяне ўжо закончылася, пачынаецца новае жыццё, але якім яно будзе, не ведаў;
мая першая, дзіцячая, закаханасць. Не, не ў аднакласніцу альбо старэйшую вучаніцу. У нашу маладзенькую i вельмі прыгожую настаўніцу. I мая першая, дзіцячая, рэўнасць, калі я ^днойчы выпадкова, знянацку ўскочыўшы ў настаўніцкую, згледзеў, як яе там туліў муж...
Смутак, маркота былі ў мяне ў маленстве тады, калі мяне за што-небудзь каралі, ці калі я, не могучы зімой выйсці на двор, сядзеў каля акна на коленцах на лаве i пазіраў у яго — з чыстымі шклінамі ці праз прадзьмуханае, вылізанае языком празрыстае колца сярод замаразі, намагаючыся ўбачыць, адчуць, што цяпер робіцца-дзеецца ў Янковічах, у Дзераўной, у вялікім свеце, дзе, канечне ж, не ўсе так сіднем сядзяць у хаце, як я. Адзін пакой, то з долу — на печ, то з печы — на дол, вось i ўвесь мой прастор! Але тыя сум i маркота былі не нудныя i не адчайныя, у ix была свая вабнасць, нават, калі хочаце, паэзія.
Ярка помню: аднойчы дзядзька Антон ці не ў першы год калгасаў у нашых мясцінах, а гэта значыць, на пачатку пяцідзесятых гадоў, ідучы з канюшні, дзе быў конюхам, зайшоў па дарозе дадому да нас i, бачачы мяне, яшчэ малога, каля акна, спачатку падміргнуў, увесь засвяціўся на чырвоным ад марозу твары, пастукаў костачкай пальца па шыбіне, а пасля, Хоць i чуў я глухавата праз шкло, заваражыў радкамі: