— ...alea jacta est?[79]
— Мабыць, так, кунігас,— паспрабаваў усміхнуцца i Усяслаў. Яго, як i Выкінта, мігам аблеплівала мокрым снегам. Як i іхніх коней. Ледзь не белым прасцірадлам. Пакрываўся белізною i ўвесь навакольны свет.
— Дык прызнайся нарэшце: каго з літоўскіх князёў вы запросіце на свой пасад? — ужо сур'ёзна запытаў Выкінт.
— Чаму — якраз з літоўскіх?— Усяслаў ужо ўзбіўся на паўжартаўлівы тон i хацеў не адпусціць таго.— Чаму — не з падуладных нам зямель? Альбо з пінеска-тураўскай? З яцвяжскай? Ці з вашай Жамойці?
— Адказваю сур'ёзна на твой жарт: вы i пінеска-тураўская зямля, Бярэсце цягнецеся адно да аднаго, але злучыцца вам не дасць Даніла. Ён жа, а з ім i Куявія з Мазовіяй не дазволяць вам пасягнуць на Яцвязію. Дык куды вам рушыць? На Літву! I лепш за ўсё з літоўскім князем, у жылах якога цячэ i славянская, полацкая, кроў!
— Argumentum ad hominem.[80]
— He, ліс. Ad litteram![81]
— I каго ж, па-твойму, кунігас, мы намерыліся запрасіць на наш пасад?
— З Эдзівідам i Таўцівілам ты не пагаварыў самнасам — значыць, ніхто з ix вам чамусьці не падыходзіць,— сказаў Выкінт.— А дарэмна. Эдзівід альбо Таўцівіл — гэта непрыязнь з Мендогам, які цяпер больш чым ваш служка, затое мір з Полацакам i Жамойцю, супрацьстаянне крыжакам. Вось паглядзіш, успомніш мае слова: якраз з-за тых довадаў, што ты чуў, Эдзівід альбо Таўцівіл апынуцца ў Полацаку, калі там здарыцца тое, што здарылася ў вас.
— I я казаў, кунігас: зорка маладога пакалення Эдзівіда i Таўцівіла хутка ўзыдзе, i мы яшчэ, калі будзем жывыя, пададзім адзін аднаму рукі.
— Але якраз ім вы не хочаце падаць рукі! Значыць, намерыліся падаць Войшалю, каб ён, заўзяты хрысціянін, спакваля ахрысціяніў Літву i, блізкую вам па мове, звычаях i веры, прывёў яе вам на вяровачцы!.. Не выкручвайся! Скажы, гэтак?
— Што ж, калі настойваеш, дык скажу,— ведаючы, што неўзабаве ўсе, Выкінт таксама, уведаюць іхні намер, рашыў болей не гуляць, прачыніць доступ да іхняй таямніцы.— Гэтак, мы хочам увайсці з такой просьбаю ў Міндоўгаў хорам.
— Я так i ведаў, што вы запросіце таго, каго выхавалі на свой лад i капыл! — усклікнуў Выкінт.— Але перасцерагаю, ваявода: Войшаль — гэта таксама не вялікая повязь з Мендогам, бо Мендог будзе баяцца, што яго рана-позна адпіхнуць убок. Гэта насцярога ўсёй Літвы, Полацака i нас, Жамойці! A калі яшчэ дадаць гнеў галічан i валынцаў, дык вы ў адзін час можаце апынуцца ў абручы, што сцісне вас з усіх бакоў!
— Усё можа быць, кунігас,— уздыхнуў Усяслаў.— Але няма зарукі ад таго, што i вы, Жамойць, можаце быць сціснутыя абручом так, што з вас будзе выскакаць дух. Дык, можа, давайце менш з-за Літвы касавурыцца адно на аднаго, а болей дбаць пра іншае, каб i нас, i вас не сціснуў абруч!..— А пасля, падумаўшы, дадаў: — I давайце ўлічваць: Літва аславяненая ўжо. Яна сама рана-позна далучыцца да славян. Вам жа, Жамойці, каб авалодаць ёю, прыйдзецца яе заваёўваць, браць сілай. Але i гэтага будзе мала, бо яна не сальецца з вамі. Дык давайце ладзіць наша суседства, ратавацца i ісці ў будучыню неяк іначай, па згодзе i павазе адно да аднаго!
— A ці бывае так, Усяслаў? — пахітаў галавою Выкінт.— Калі ты багацейшы i дужэйшы, дык ты дыктуеш, кал i я мацнейшы, дык я кірую!
— Калі прыцісне, калі можа выскачыць дух з абодвух, то трэба будзе i паразумецца па-іншаму, па здаровым сэнсе.
— Мы з табой перамовіліся, але мала да чаго дагаварыліся!..— не пераставаў хітацца Выкінт.
— Чаму, кунігас? — не згадзіўся Усяслаў.— I ты, i я сказалі адзін аднаму нямала. Думаю, мы яшчэ ўспомнім гэтую нашую размову, будзем яшчэ заўзята дыскутаваць, маючы свае інтарэсы, але, можа, некалі пачнём больш шукаць тое, што нас не раз'ядноўвае, a збліжае ды ратуе...
— Можа...— няпэўна паціснуў плячыма Выкінт, падаў руку.— Ну, будзь здаровы, навагародскі ліс i зубр! З сённяшняга ж дня рыхтуйся да бітвы, а то i да вайны з тым, каму сніцца былая моц i слава вялікіх кіеўскіх князёў!
— Можа, i не абыдзецца без гэтага,— пахітаў галавою Усяслаў,— але хацелася б верыць, кунігас, што ты нам не нанясеш удару ў спіну!
— Каб вы запрасілі на княжанне Эдзівіда альбо Таўцівіла, дык, кажу ж, быў бы мір паміж вамі, Літвой, Полацакам i Жамойцю. Але ж у вас іншыя намеры, дык...— Развёў рукі.— Усякае можа быць. Пачакаем, паслухаем, якое будзе ваша слова, якія будуць вашы хады, намыселы i замахі... Паглядзім, якая будзе ваша desideratum!..[82]
8
Калі Усяслаў зайшоў з Войшалкам да Міндоўга, дык той — паколькі было вельмі цёпла ад стаяка ў рэзідэнцыі для высокіх гасцей, у мяккіх скураных ботах, у суконных чорных штанах i белай кашулі,— як было відаць, узбуджана хадзіў па пакоі. Можа, i ад таго, што ён, Усяслаў, сустракаўся, гутарыў з усімі князямі i баярамі, праводзіў ix у дарогу, а вось на яго, Міндоўга, нібы не зважаў, папрасіў толькі затрымацца ў Навагародку з сям'ёю.
Міндоўг, убачыўшы, што Усяслаў не адзін, а з яго сынам, не толькі запыніўся ды ўскінуў галаву, але нібы сцяўся ад страху, замёр i вырачыў, як казала надое чы Любка, нядобрыя вочы. Усяслаў адразу ж перахапіў гэты запытальна-насцярожаны позірк, але зноў нібы не пазважаў на яго, павярнуўся да Войшалка:
— Распранайся, княжыч, пасядзім, вып'ем медавухі: гутарка наша будзе не кароткая...
Ён спакваля зняў з галавы бабровую шапку, сабалінае футра, павесіў усё гэта на прыладжаныя да сцяны адпаліраваныя ласіныя рогі, памог распрануцца Войшалку (з ім яны толькі што пагаварылі пра княскі пасад у Навагародку, пра яго варункі з Літвою). Міндоўг абмацваў учэпістым позіркам то яго, спакойнага, то пабялелага, асабліва сёння з манаскім абліччам сына, намагаючыся адчуць, з чым яны прыйшлі да яго. Усяслаў жа дёр ахаладнелыя пасля сцюжы рукі, хукаў на ix i нібы выпадкова пазыркваў на Міндоўга — на яго асабліва рыжаватыя на фоне белай кашулі валасы, густыя бровы, вусы i бараду (усё валоссе не толькі адзалочвалася жаўтаватым бляскам, але i кучаравілася, што, як кажуць, сведчыць пра буйны, неўтаймоўны характар), а таксама зазіраў у вочы, што чамусьці часта мянялі колер. Былі то блакітнаватыя, то шэрыя ці нават зелянкавыя, a калі, бадай, ажно карыя. Сказаць шчыра, сам Усяслаў неяк вельмі i не заўважаў гэтага. Ды Любка падказала. I не толькі пра гэта, але яшчэ i пра тое, што Міндоўг пазірае надта ж па-драпежніцку, без літасці, што ад яго позірку ажно сцінаецца скура. «Так ён пазірае толькі на цябе»,— пажартаваў ён. «Чаму? — здзівілася Любка.— Я ж нічога благога яму не зрабіла!» — «Ты прыгожая i вабная, а Мендог ласы на маладых i паглядных». Любка зачырванелася, засаромелася, нібы з просьбай абароны зірнула яму ў вочы. Усяслаў адчуў: Міндоўг сам-насам з Любкай калі не хапаў у абоймы, дык пазіраў юрліва, падлешчваўся, а можа, нават i зайздросна сказаў слова-другое пра яе красу i стан. Усяслаў не насцярожыўся, але рашыў быць з суседам больш строгім.
— Дазволіш сесці? — паўжартам, але без лагоднай, як раней, усмешкі запытаў у Міндоўга.— Пачастуеш медавухай?
— Прашу,— спахапіўся той, паказаў рукой на невысокія, але шырокія i мяккія, пакрытыя вырабленымі мядзведжымі скурамі крэслы абапал невысокага круглага з дубовага кругляка стала, на якім на сурвэтцы стаяў гліняны глечык з вузкім рыльцам i кубкі. A калі яны селі, сам наліў ім медавухі, пунсавеючы ад напружання, якое ўтаймоўваў.— Правёў i Выкінта?
— Правёў,— адказаў Усяслаў, беручы з вялікіх i дужых, усыпаных рабаціннем Міндоўгавых рук кубак.— Усіх правёў ужо.
— Пра што, калі не сакрэт, гудзеў табе жамойцкі шэльма? — пачаў здалёку Міндоўг.— Сватаў табе сваіх i маіх сынаўцоў?
[79] Жэрабя кінутае (лац.).
[80] Доказ, што грунтуецца не на аб'ектыўнасці, a разлічаны на пачуцці таго, каго перакояваюць (з лац.).
[81] Літаральна (лац.).
[82] Мяжа жадання (лац.).