«Добра»,— здаўся ён.
«Ты не рады?» — нібы здзівілася яна.
Ён зноў схітрыў, адказаў так, каб было даспадобы Стасі, а яна ўжо не так шчыра i проста, як раней, a зусім іначай, здаецца, нават з тонкай хітрыкаю, падлашчваючыся, заманіла яго гуляць у «гаспадароў», а калi ён лёг з ёю на «пасцель» з яе разасланага на зямлі паўсачка, дык з насцярогай адчуў, што яна цалуе яго не так, як дагэтуль, a прагавіта, моцна, балюча ўпіваючыся ў ягоныя вусны, а пасля сама павабіла яго на сябе. Такое было i раней, з ёю i Аксанай, але цяпер ён упершыню ў такой вось гульні адчуў, што «жончыныя» ногі расхінутыя, а сцёгны, клубы — i тугія, i мяккія, поклічныя, а да ўсяго ягоную грудзіну цепляць, нават гарачаць Стасіныя поўныя ўжо грудзі, а яго шыю моцна сціскаюць яе рукі.
«Ты — тата, а я — мама!..» — з хваляваннем зашаптала яна.
«Ага».
«Дык ты будзь татам!» — заклікала парыўчым шэптам.
«Я ж i ест тата».
«Не,— хоць ён, здаецца, зусім праўдзіва, як i раней, імітаваў «тату», запярэчыла яна.— Не так! Трэба іначай!»
«Як?»— запытаў ён, са здзіўленнем, а крыху пазней i з бояззю бачачы, як ад Стасінага загарэлага твару адлівае чырвань, а замест яе наплывае белізна, як усё яе дужае цела слабее, нібы мякне ды як яна застывае ў нейкай знямозе, а пасля трымціць, як у ліхаманцы. Ад усяго гэтага ў ім успыхвае незразумелае цяпло, нават быццам сухая гарачыня i з'яўляецца нейкі дзіўны козыт, што напружвае ягонае цела.
Стася некалькі хвілін патрымцела, нават чагосьці нялёгка i зняможліва пастагнала, а пасля нечакана ўстрапянулася i рэзка, па-дужаму адхіліла яго i абцягнула за поўныя бліскучыя калені, мабыць, выпадкова загорнутую на жывот сукенку i нібы сцебанула яго дубцом:
«Ты яшчэ малы!»
Ён не мог зразумець гэтай яе новай рашучай перамены, як i таго, што вось яна пачынае пунсавець, нават брацца на шчоках чырвонымі плямінамі, адварочваецца з пагардай i зняважліва не пазірае на яго. Яна пасля нават адышлася i да канца пашы больш не наблізілася, i ён адчуў душой, што з гэтага дня ягоныя дзіцячыя гульні са Стасяю ўжо закончыліся, што яны ўжо не падыходзяць адно аднаму, хоць ён не зусім разумеў, што i чаму ix разлучае. Мусіць, тое, што ён «яшчэ малы», а яна ўжо дарослая.
Так яно i выйшла. Стася перастала прыходзіць да ix, а ён — да яе, a калі як-небудзь выпадкова сустракаліся, дык яна адводзіла позірк, а ён чамусьці вельмі саромеўся, глыбока перажываючы за тое, што «яшчэ малы», а гэта значыць, яшчэ да нічога сур'ёзнага няварты. Зімой Стася пачала хадзіць з дарослымі на вячоркі i танцы, i яе, як падсочваў ён, ужо як дарослую ціскалі хлопцы, а яна нібы супраціўлялася, але звонка рагатала, пунсавелася i ззяла вачыма. «Ох, i рання ж дзеўка ў Навіцкіх,— чуў, як ягоная маці казала бацьку.— Аж гарыць усё на ёй. Можа ў любы час прынесці ў прыполе».
A ўвесну — здаецца, апошняй іхняй вясной там, на хутары,— аднаго дня яму i Стасі зноў прыйшлося разам пасвіць статак сваіх i суседскіх кароў. Яна, Стася, была да яго ўжо спакойная, нават абыякавая, ляжала на сваім цесным ужо для сябе, папаўнелай i налітай сілаю, паўсачку, выставіўшы ўверх важкія клубы. Дык вось у той дзень да ix зусім нечакана прычыльгікаў Стась, якому ўжо, мусіць, бралася пад дваццаць i ў якога была ўжо кучаравістая шавялюра, былі шырокія плечы i ашчаціненыя шчокі. Стась, ззяючы, як начышчаны самавар, прагна азіраючы Стасіна моцнае цела, спачатку жартаваў, пры першым зручным выпадку хапаў, прытульваў яе, а пасля пачаў настойліва адсылаць мяне на рэчку: «Каровы добра пасуцца, Стася справіцца i без цябе». Тая адбівалася ад яго, але, як здавалася, не зусім рашуча, хіхікала, таксама ззяла вачыма. A калі Ясік праз паўгадзіны, не дайшоўшы з-за балота да рэчкі, вярнуўся, то ўбачыў на папары толькі статак, а ix, Стася i Стасі, не было на тым месцы, дзе ix пакінуў. «Схаваліся ад мяне»,— падумаў ён i падаўся ў блізкі бярэзнік ix шукаць. I неўзабаве яму нібы хто штурхнуў у грудзі i запыніў: на зямлі ў папаратніку разасланы паўсачак, на ім — на спіне Стася, а зверху распластаўся Стась, i ажно мільгаціць у вачах ад іхніх белых ног i клубоў...
«Яны гуляюць у тату i маму,— падумаў ён.— Але мы так не гулялі. Гэта ўжо так, як хацела летась гуляць са мной Стася...»
I ад таго, што Стась i Стася забаўляюцца іначай, здаецца, абодва крэкчуць ад задавальнення, яму стала крыўдна i тужліва. Ён яшчэ не разумеў, адкуль i чаму тыя крыўда i туга, але яны былі, запаланілі душу.
Пасля, калі тыя, абое пунсовыя, з чырвонымі плямінамі i з сорамам у вачах, вярнуліся да месца іхняй нядаўнай ляжанкі, здзіўлены Стась вельмі ж ужо заўзята дапытваўся, калі ён вярнуўся i кудою, а Стася ўпарта адводзіла позірк. Пазней i Мішка па сакрэце сказаў яму, што падгледзеў, як Стась распранае Стасю i спіць з ёю. A ўвосень, калі Навіцкія агледзелі, што іхняя дачка начала круглець, i змусілі яе ва ўсім прызнацца, Грыгарцэвічы супраць сваёй волі змушаныя былі спраўляць вяселле свайму сыну-шкодніку.
Яшчэ пазней, калі Ясь быў ужо сам жанаты, ён не раз быў сведкам даволі вольнай размовы паміж па-ранейшаму нізкім, толькі болей паплячэлым i рана пасівелым Стасем i рослай, мажнай i дужай Стасяю, бацькамі чатырох чарнявых дзяцей:
«Трапіла ж пад руку, дык не ўтрымаўся... Ды i на табе ўсё гарэла...»
«Сілай першы раз узяў чорт крывы...»
«Дурны быў, лепшых не бачыў...»
«А хто лепшы за цябе пайшоў бы? Я некалі хацела Ясевай быць, але я ўжо на дзеўку бралася, а ён тады яшчэ горкім дзіцем быў... Ды не пара я яму, а вось з табой мы — Стась i Стася...»
Але тут ужо забежка далека наперад... У тое лета, калі па-даросламу ўжо ўпотай ад усіх загулялі-зацешыліся паспелыя для «любошчаў» Стась i Стася, Аксана да Мішкі чамусьці не прыехала і, лічы, перастала пісаць Ясіку, a калі прысылала ліст, дык ён быў кароценькі i скупы на пачуцці. Заявілася яна на другое лета, калі Ясікавы i Мішкавы бацькі перабраліся ўжо ў вёску (праўда, тыя i тыя жылі яшчэ пакуль што толькі ў адной, абладжанай, палавіне дома).
Ясіка вельмі ўразіла перамена, што адбылася з Аксанаю за гэты час: гэта была ўжо не тая — у сандаліках i з банцікамі, тоненькая i вёрткая — дзяўчынка, a даволі высакаватае, вузкае ў таліі, але з пакруглелымі плячыма i клубамі, ужо не з завяззю, a ўзгорачкамі грудзей пад сукенкай таго фасону, што носяць сталыя жанчыны, дзяўчо. I да ўсяго з яшчэ больш разлітай, але ўжо аспакайнелай красою. Невыпадкова ж яго маці ўсклікнула з захапленнем: «Стэфіна дзеўка паненка ўжо!»
Цяпер Ясік, хоць перайшоў ужо ў дзевяты клас i лічыўся не «малым» (Аксана, значыць пойдзе ўвосень ужо ў апошні, дзесяты), болей разгубіўся, чым у тую першую сустрэчу. Ён, канечне, ужо не гуляў ні ў «ножык» ці ў «немца», ні ў «коні» або «гаспадароў» (з усіх гульняў ён цяпер захапляўся толькі футболам), ужо многае не толькі адчуваў, але i разумеў, з жыцця дарослых таксама, але Аксаніна манера — стрыманая, здаецца, нават ганарыстая альбо паблажлівая — змусіла яго сумецца, хваравіта зірнуць на сябе i адчуць: тое, што было ў ix з Аксанай раней,— гэта адно, ужо ўсё ў мінулым, дзіцячым, а цяпер яму ўжо не падступіцца да яе, усяго толькі на год старэйшай, але болей сталай, разумнейшай. Яе Мішкавы бацькі не толькі не змушалі, але i не дапускалі да бруднай работы, дык яна днямі ці ў хаце ў прыгожым уборы, ці за гумном у купальніку на поплаўчыку чытала тоўстыя кнігі, a ўвечар з ім i Мішкам ішла да Супрановічаў на лаўку каля бэзу, дзе збіралася плойма вясковых «падшыванцаў». Аксана з цікаўнасцю назірала за імі, «деревней», стрымана, але красамоўна паблажліва ўсміхалася i нібы забылася пра ўсё тое, што было паміж ёю i Ясікам: не ўспамінала былога i не загаворвала пра новае. A калі яна аднойчы згадзілася пакатацца на матацыкле з Мішкавым суседам, які нядаўна вярнуўся з войска i фарсіў на купленай бацькамі «Яве», i калі той, не ведаючы Ясевых пачуццяў, задаволена пахваліўся, што яшчэ раз-другі правязе яе i яна будзе яго,— дык ён ажно задыхаўся ад рэўнасці i болю. Але сам не мог загаварыць пра ўсё, што непакоіла яго, хоць добра разумеў: гэта ўжо новая Аксана, i з ёю трэба ладзіць па-новаму, пасталаму.
Ды размова ўсё ж адбылася. Ноччу, калі яны, Мішка, Аксана i ён, вярталіся з клуба з кіно i калі Мішка пакінуў ix удваіх каля сваёй хаты: «Пагаварыце, а я пайду спаць. Заўтра мне рана падымацца, паедзем з бацькам сена касіць».
«А я заўтра ад'язджаю»,— здаецца, зусім непарушна сказала яму Аксана.
«Чаму?» — са шкадобай запытаў ён.
«Мне тут сумна»,— уздыхнула яна.
«Але ж раней ты была тут усё лета».