— Я? — той прыклаў далонь да грудзіны, дзе, мусіць, дробна, але шалёна закалацілася сэрца.— Не Войшаль?
— Я паўтару: нічога болей тлумачыць табе не буду. Думаю, здолею зрабіць усё, каб i ты закняжыў тут. Толькі, зразумела, ты перад гэтым дасі прысягу Радзе, вечу, пяройдзеш з усім дваром, хто зажадае ісці за табою ў Навагародак, у веру ад Усходу. Багацце, сілу, што займееш, спажывеш не на тое, каб паквітацца з непрыяцелямі, а каб далучыць да Навагародка Літву. Чуеш?
— Чую, але я... — першы раз за гэтую сустрэчу ўсміхнуўся.— Не зусім веру, што якраз такая воля князя Ізяслава.
— Якраз такая. I Войшаль, дзякуй яму, зразумеў мяне i не пакрыўдзіўся.
— Не пакрыўдзіўся? — ужо з усмешкай Міндоўг павярнуўся да сына.
— Не.
— Па-хрысціянску пакарыўся?
— Не толькі. Пакуль што так, як задумалі князь Ізяслаў i баярын Усяслаў, трэба. Гэта — мудрасць дзяржаўных мужоў. А ты, князь, дазволь сказаць табе, лішне не спакушайся,— праўда, зусім спакойна, разважна гаварыў Войшалк.— Цяжка табе, нам у Руце, але не лягчэй будзе i ў Навагародку.
— Ведаю, сын,— павесялела адказаў той.
— Але ведай, князь: Рада i веча не дадуць табе лішняй волi,— астудзіў яго крыху Усяслаў.
— Ды не саромся,— гэта Міндоўга зусім не збянтэжыла,— гавары, як ёсць i як павінна быць: ты — мой дарадца, настаўнік i начальник.
— Без Рады, веча i я, князь, не буду мець шмат сілы. А Рада i веча будуць толькі за навагародскія інтарэсы.
— Ды згодзен,— працягнуў руку, пагладзіў яго па плечуку Міндоўг.— I не толькі згодзен, а клянуся. Ты будзеш ахоўваць, берагчы мяне, Войшаля, а мы будзем ахоўваць, берагчы цябе. Каго б я тут першага прыбраў,— сціснуў кулакі, патрос імі,— дык гэта вашага нячысціка, Расціслава! Ён — костка нам у горле!
— Прыйдзе час — разбяромся з ім,— сказаў Усяслаў.— А цяпер не будзем насцярожваць крывёю ні наш люд, ні Холм.
— Ён, канечне, не павядзе за сабою ні Раду, ні веча, але яго, Усяслаў, цяпер асабліва трэба асцерагацца.
— Ведаю. Няхай лепш непрыяцель i чужы віж будзе навідавоку, чым глыбока затоены. Ды ён, бывае, у запале ці па дурноце скажа такое, што вельмі разумны ўтаіў бы, зрабіў бы больш шкоды.
Міндоўгавы вочы ліхаманкава заблішчэлі — сапраўды, як у ваўка, які не толькі ўбачыў жаданую здабычу, але якога нечакана для хуткага палявання суродзічы абралі вадзілам зграі:
— Во будзе неспадзяванка, «радасць» i князю Даніле, i князю Выкінту з сынамі!
— Княжыч Войшаль, князь добра кажа: i нам, i табе наперадзе клопаты ды турботы! I з Данілам ды Выкінтам таксама! Напраўду, мір для Навагародка, як i для Літвы, заканчваецца. Хутка i, можа, нават вельмі хутка нам прыйдзецца брацца за мячы. Ніхто яшчэ i нідзе дагэтуль спакойна не назіраў, як багацее i мацнее сусед. Наадварот, стараўся яго абакрасці, аслабіць, а то i падначаліць.
— А я лічу: Навагародак злавіў свой момант!— ужо ўзбадзёрыўся Міндоўг.— Яго могуць абсадзіць, абрабаваць, нават захапіць на нейкі час, але ні ў кога з бліжэйшых нашых суседзяў не хопіць сілы, каб яго ўтрымаць надоўга. Навагародку — быць! — I пацягнуўся да глечыка з медавухай.— Грэх за такое не выпіць!
Міндоўгава радасць была зусім зразумелая: Яго вялікасць выпадак, а то i адзіны ў жыцці шанец ці нават сам гістарычны лес выводзіць яго з лясных глухіх нетраў i сцяжын на прасцяг i высокія навагародскія ўзгоркі, дзе, ужо навідавоку, яго, Гаспадара немалых зямель, чакае нямала непрадбачанага, але ваблівага i, можа, слаўнага. А хто, скажыце, з зямнога люду, няхай сабе простага ці княскага, не прагне ix, велічы i славы?!
Канец першай кнігі
1993-1995
Апавяданні
ХУТАР АМШАРОК [84]
Сказаць шчыра, быў час, калі я саромеўся, што нарадзіўся i гадоў пятнаццаць быў на хутары — не на далёкім, пушчанскім, глухім i дзікім, на самым блізкім ад вёскі Янковічы,— a ўсё ж на хутары.
Гэтая няёмкасць, можа, была i ад таго, што тады з хутароў вельмі кпілі, потым змусілі ўсіх самім разбурыць ix i перабрацца ў вёску (у нас застаўся на сваёй бацькаўшчыне толькі адзін чалавек — Іосіф (Юзік) Далідовіч, далёкі наш сваяк па мянуніцы Ганік, калека з маленства, без аднаго вока i без пальцаў на адной руцэ, глухаваты, але надзіва ўпарты i заядлы праваўнік. Яго жонка, старая ўжо кабета, i цяпер жыве там без электрычнага святла, без тэлевізара ды халадзільніка), з нас i пазней насміхаліся як з тубыльцаў, як з людзей, якія нявартыя іншых альбо i заганныя: да слова, калі той-сёй хацеў сказаць пра чалавека спакойнага, дбайнага, але скупаватага ці сквапнага, а то панурасуглобага, дык найменне яму тут як тут было: «Хутаранец!», «Куркуль!», «Кулак!». Нават некаторыя з нас, старэйшых i маладзейшых літаратараў, хто павінен быў добра ва ўсім разбірацца, дадалі сваё непачцівае слова да тых горкіх кпін i абраз. Больш — нават такі рускі пісьменнік, як Іван Бунін, кім я шчыра захапіўся ў студэнцтве, здаецца, таксама строга пісаў пра свой хутар. «Младенчество свое я вспоминаю с печалью,— чытаем мы ў ягоным «Жыцці Арсеньева».— Каждое младенчество печально: скуден тихий мир, в котором грезит жизнью еще не совсем пробудившаяся для жизни, всем и всему еще чуждая, робкая и нежная душа. Золотое, счастливое время! Нет, это время несчастное, болезненно-чувствительное, жалкое.
Может быть, мое младенчество было печальным в силу некоторых частных условий? В самом деле, вот хотя бы то, что рос я в великой глуши. Пустынные поля, одинокая усадьба среди них...»
Той юны Арсеньеў зведаў i хвалюючае ды светлае, але колькі ў яго на хутарах Каменка, Батурына было «грусти», «тоски», «одиночества», колькі ён пакутаваў ад «запустенья» i «распада!» Зрэшты, ён, той Арсеньеў, расчараваўся не толькі ў хутарах i вёсках, але i ў большым: «Рос я, кроме того, среди дворянского оскудения, которого опять-таки никогда не понять европейскому человеку, чуждому русской страсти ко всяческому самоистребленью. Эта страсть была присуща не одним дворянам. Почему, в самом деле, влачил нищее существование русский мужик, все-таки владевший на великих просторах своих таким богатством, которое и не снилось европейскому мужику, а свое безделье, дрему, мечтательность и всякую неустроенность оправдывавший только тем, что не хотели отнять для него лишнюю пядь земли от соседа помещика, и без того с каждым годом все скудевшего? Почему алчное купеческое стяжание то и дело прерывалось дикими размахами матовства с проклятиями этому стяжанию, с горькими пьяными слезами о своем окаянстве и горячечными мечтами по своей собственной воле стать Иовом, бродягой, босяком, юродом? И почему вообще случилось то, что случилось с Россией, погибшей на наших глазах в такой волшебно краткий срок?»
Сталы, зараз я лепш разумею пакуты таго Арсеньева — нашчадка збяднелага двараніна, які з маленства мусіў не шыкаваць у сталіцы, a існаваць у глушы, а пазней не па сваёй волі пакінуць Радзіму i дажываць на чужыне. Расія, канечне, не загінула i не загіне ды ў свядомасці Арсеньева-Буніна адбыўся яе крах. Я, грэшны, не з дваран i не з купцоў, а з сялян, якія таксама мусілі пасяліцца на хутары, але не ўспрымалі гэта як трагедыю, а да ўсяго за пятнаццаць гадоў, што правёў на хутары, я не бачыў там вялікага лайдацтва, марнатраўства, загулкаў i запояў, словаблуддзя, хоць там, як i ўсюды, жылі не зусім святыя, а звычайныя людзі. Але я ix усіх помню найперш дбайнымі гаспадарамі, якія хацелі выжыць, падняць дзяцей на ногі, каб тыя «не былі жадны кавалку хлеба» i «не раслі гледзячы на лес», былі шчырыя, адукаваныя, працавітыя i «вялі бацькавую гаспадарку далей» альбо «дбайна заводзілі сваю».
[84] Апавяданне «Хутар Амшарок» з цыкла аўтабіяграфічнай прозы.