— Асабліва, калі ў цябе такая жонка, як Раксана!
— Не заракайся! I тваё цялятка рана-позна будзе з рагамі!
— Кепская тая дамова, дзе вала бадзе карова!
— А не бывае, каб цябе што-небудзь ды не баданула. А цяпер ты i сам можаш сябе бадануць...
«Што ж,— нявесела падумаў Усяслаў,— бадай, нікчэмец кажа горкую праўду...»
7
Князя Ізяслава адспявалі, адслужылі па ім малітвы ў царкве, ушанавалі яго шэсцем дружын у баявых даспехах, а пасля ягонае дагледжанае лекарам цела паклалі ў выдзеўбленую з вялікага шэра-цёмнага каменя ракудамавіну, накрылі яе абчасанай каменнай глыбаю, замуравалі i паклалі спаць вечным сном у царкве побач з саркафагамі яго бацькі, маці, жонкі i сыноў.
Навагародскі люд — кавалі, залатары, купцы, чэлядзь i іхнія сем'і з вакольнага горада, а таксама смерды, лоўчыя, ^ортнікі, варшчыкі жалеза з блізкіх i далёкіх сельскіх паселішчаў,— дык вось люд, які імкнуўся трапіць калі не да княскага хорама i ў царкву, то хоць бы ў дзяцінец, каб на свае вочы ўбачыць князя-нябожчыка i жалобна-ўрачыстыя пахавальныя цырымоніі, спакваля разышоўся па сваіх хацінах; Навагародак апусцеў, заціх у смутку; дружыннікі па-ранейшаму трымалі ўсё пад пільным назіркам, каб без іхняга ведама ніводзін чалавек з падазронымі намерамі не змог вышмыгнуць з Навагародка ці пранікнуць у яго, найперш употай абсочваючы Расціславаў дом. Расціслаў, не здолеўшы паслаць у Холм свайго чалавека ў першы дзень князевай смерці, не супакоіўся: паспрабаваў упіхнуць у людское скопішча, а пасля выімкнуцца на холмскі шлях не абы-каго, a дружынніка, Усяслававага Любаміра. Але пільная варта i яго перахапіла, a калі добра прыціснулі, дык той прызнаўся, што Расціслаў хацеў праз яго перасцерагчы Андрэя-дворскага: князь Ізяслаў памёр, а перад смерцю наказаў Усяславу запрасіць у Навагародак князя з Літвы, так што не ўпускайце свайго, не давайце Навагародку i Літве вырасці ў вялікую сілу, шліце свае дружыны i з імі садзіце тут на пасад аднаго з Данілавых сыноў!..
«Як ты мог паслухаць змея i здрадзіць Навагародку? — сам дапытваючы з выбітымі зубамі i паламанай рукою Любаміра, ледзь не тросся ад гневу i крыўды Усяслаў.— Чым ён цябе спакусіў? Навагародак — твой жа родны горад, а ты...»
«Ты, баярын, вінаваты»,— адказаў той, моршчачыся ад болю.
«Я? Чым?»
«Ты адабраў ад мяне Любку».
«Дык ты з-за гэтага прадаў сваю душу? З-за помсты мне?»
Той замаўчаў, можа, i ўражаны, што яго гэтак знявечылі, а Бялян, які быў на допыце, ажно ўзарваўся: «На кол яго! Альбо гайню выжлаў спусціць на яго, паршывага сабаку!»
«Дурань ты, якая не была б любая табе дзяўчына, што пайшла за другога, але здраджваць з-за гэтага роднаму гораду, сваёй вотчыне — злачынства,— паўшчуваў Усяслаў.— Ідзі, падумай-паразважай. Захочаш крывёю змыць сваю віну — дам табе такі шанец. Не адумаешея — сам вырашу твой лес».
«Дарэмна, баярын, ты да яго такі мяккі,— стрымана, але незадаволена прамовіў рашучы i без літасці да здрадніцтва Бялян.— Змяюк ёсць змяюк. Не ўкусіў цяпер — джгне пазней. Ды i іншых такіх трэба было б перасцерагчы».
Ён — найперш з-за Любкі, каб не азмрачаць ёй настрой i не пакідаць на яе сэрцы камень быццам яе віны за Любаміраў лес — сказаў Беляну: «Давай дадзім яму выратавальны шанец. Усё ж ён добры дружыннік, a калі перагарыцьперадумае, дык, можа, i добрым чалавекам стане».
Праўда, калі хто-небудзь з гасцей шчыра ці наўмысна з хітрасцю пытаў, ці паслалі ў Холм ганца, Усяслаў моўчкі ківаў галавою: так. A калі князі i баяры з падуладных Навагародку ваўкавысцкай, слонімскай, гарадзенскай, свіславіцкай, здзітаўскай зямель улучвалі спрыяльную хвіліну i пыталіся пра новага ўладара Вялікага княства Навагародскага, дык ён прасіў ix пачакаць, а на такі ж запыт захмялелых гасцей за жалобным сталом меў іншы адказ: «Не будзем тут разводзіць такую гутарку», a калі запрошаныя, праўда, паасобку, пры развітанні прасілі ўсё ж сказаць ім хоць слова пра лес навагародскага пасаду, дык ён толькі намякаў: «Усё хутка вырашыць наша веча».
...Ужо за Навагародкам, у полі, калі яны крыху адсталі ад маладых князёў, баяраў i дружыннікаў, Выкінт, павярнуўшыся бокам да сцюдзёнага ветру, што гнаў мокры снег, i закрываючы шчаку бабровым каўняром, задумліва прамовіў:
— Калі я пазіраў на княскія ракі, дык падумаў: які нечаканы паварот! Які лёс Навагародка!
Усяслаў, запыніўшыся поплеч, конь каля каня, сядло каля сядла, слухаў:
— Яшчэ i не так даўно, пад канец таго стагоддзя, ваш Навагародак — невялікі на вашых, славянскіх, землях гарадок-крэпасць, а яго князі, Ізяслаў, сын Васількоў, а потым яго пляменнік, бацька гэтага Ізяслава, Мікула Валошка, княжаць па волі падуладнага Кіеву Гарадзена... I малады князь Ізяслаў пасля бацькавай смерці быў паслухмяны Гарадзену і, здавалася, верна служыў Кіеву, быў непрыязны да Полацака i яго саюзніцы Літвы. Ды спакваля не толькі выйшаў з-пад волі Гарадзена, але падпарадкаваў яго, замірыўся з Полацакам, раднёй па крыві, пасаюзіўся з Літвой, надта з Мендогам, вызваліўся спачатку ад улады кіеўскіх князёў, а потым i Данілы Галіцкага, узвысіў Навагародак i яго землі да Вялікага княства Навагародскага, а сябе — да вялікага Гаспадара!.. I ўсё без вайны, павольна, ціха, з хітрай палітыкай i з дбайным гаспадараннем!.. Нражыў аж восемдзесят сонцаваротаў! Зайздросны лёс! Князь-будаўнік! I гэта не меней за якогасьці ваяўнічага князя! Я нізка схіляю перад ім галаву!
«Гэта — цяпер. А пры жыцці ты яго не вельмі любіў. Асцерагаўся, а то i баяўся яго»,— падумаў УсясЛаў, a ўголас сказаў:
— Дзякуй, кунігас, за добрыя словы пра нашага князя. Праўду кажаш: князь i Навагародак, сапраўды, спакваля ўзвышалі адзін аднаго.
—...i да таго, што ўжо смела рашылі паказаць кулак Данілу...— нібы прадоўжыў ягоныя думкі Выкінт.— I, можа, не толькі яму...
— Не прыпісвай, кунігас, Навагародку таго, чаго ў яго не было i няма.
— Не было, праўда. Але няма ніякай зарукі, што i не будзе. У маладога драпежніка звычайна хутка расце смач i пожадзь.
— Нашы думкі, кунігас, пакуль што найперш пра наша гняздо. Як ахаваць яго i маладзенькіх птушанят.
— Ад цябе, ліса, іншага i не пачуеш,— усміхнуўся Выкінт.— Але скажы шчыра: ні кроплі не палохае цябе самога выклік, што вы рашылі кінуць Данілу Галіцкаму?
— Я — не з тых, хто не ведае, што такое боязь, страх. Гэтыя пачуцці, думаю, павінен адчуваць кожны здаровы чалавек: яны бываюць i патрэбныя. Але...