— Сватаў,— прамовіў Усяслаў, адпіў крыху з кубка саладкавата-гаркаватага пахучага, мяккага, але моцнага пітва.— I Эдзівіда, i Таўцівіла.
— Каб праз ix не толькі сеяць варожасць на Літве, але i выйсці ўжо на вас! — Міндоўг, як адчувалася, апаражніў ужо кубак-другі, але п'яны не быў, разважаў ясна i абышто (тое, што ў цвярозага ў думках) у яго не вырывалася.
— Ён тлумачыў гэта тым, што такі ход не спадабаецца табе, але прынясе Навагародку прыязнасць многіх літоўскіх земляў, знойдзе разуменне ў Полацаку i Жамойці. А гэта — шыхт ужо супраць князя Данілы, які даўно ўжо чакае, каб пасадзіць у нас аднаго ca сваіх сыноў...
— I што ты адказаў яму?
— Прачыніў таямніцу князевага наказу,— Усяслаў зноў крыху адпіў; Войшалк па-ранейшаму, нават у цяпле, быў бляклы, не пазіраў ні на нікога, утупіў вочы ў стол, здаецца, разглядаючы слаі ад тоўстага дрэва на стале; Міндоўг трымаў кубак у руцэ, але нават не прыгубліваў з яго, а цяпер вось яго рука ўздрыгнула.— Нядаўна пачуў яе Войшаль, а зараз пачуеш усё i ты.
Міндоўга рука яшчэ болей дробненька затрымцела: пра што ж яны гаварылі? Што — яго разумнаму, калі трэба мяккаму, a калі трэба дык i хітраму, жорсткаму, сыну будзе тут, у Навагародку, княскі пасад? А яго, Міндоўга, убок? У памагатыя сыну, які навагародзец па духу? Ды Міндоўг стрываў, не запытаў запаліста, што ж у запавеце князя Ізяслава.
Усяслаў не меў ні намеру, ні ахвоты гуляць.
— Канечне, як ты i перакананы, князь,— прамовіў ён,— у тым наказе супраць таго, каб тут закняжыў хтосьці з Данілавых сыноў, пусціў свой род i зрабіў Навагародак сваёй вотчынай, перадаваў яе сваім дзецям i ўнукам. У Навагародку павінен быць іншы род, які павядзе далей нашу палітыку.
Цяпер ужо Міндоўг апусціў рыжую i кучаравую буйную галаву, з утрапеннем слухаў, чакаючы галоўнага. Пацягнуў крыху з кубка, але, здаецца, без ахвоты i смаку. На твар яго ўсплыла цяжкая пакута, што бывае ў людзей, якія гарачыя, дзёрзкія, самалюбныя, але змушаныя падпарадкоўвацца багацейшаму i мацнейшаму, цярпець, час ад часу выпускаючы толькі пару ў п'янстве i свавольніцтве, нават буянстве ў сябе дома.
— Вось я i сказаў Выкінту: наш новы князь будзе з Літвы,— вёў далей Усяслаў.— Калі ён убачыў, што гэта не будзе ні Эдзівід, ні Таўцівіл, дык астатняе яму было зразумець няцяжка: наш новы князь будзе з Мендогавага дому. Мне ўжо нічога не заставалася, як пацвердзіць: так, кунігас, з Мендогавага.
— А ён — што? — Міндоўг не падняў галавы, закруціў гладкі кубак у руках.
— Ён, канечне ж, не ўсцешыўся. Прыстрашыў сумятнёй i варожасцю некаторых літоўскіх зямель, Жамойці.
— Дык калі вы будзеце садзіць на пасад свайго выхаванца? — не толькі не аблашчыўшы, але нават не зірнуўшы на сына, хмурна запытаў Міндоўг.— Калі збіраеце Раду, веча?
— На днях,— адказаў Усяслаў i першы раз расслабіўся, усміхнуўся.— Гэтак i я, князь, думаў, калі летась мне самнасам князь Ізяслаў назваў свайго наступніка...
Міндоўг цяжка, нявесела падняў галаву, зірнуў спадылба. А Войшалк, адчуваючы бацькавую рэўнасць, гаркоту, яшчэ ніжэй угнуўся.
— Мудрасці тут вялікай няма,— амаль уздыхнуў Міндоўг.— Як толькі перад Гарбамі загінуў ваш самы малодшы княжыч, дык я тады адразу ж падумаў: хутка запросіце вы на свой пасад майго Войшаля, свайго любімца...— Што ж,— павярнуўся да сына.— З такім ваяводаю, як баярын Усяслаў, i Рада, i веча паставяць цябе тут князем. Так што, віншую i кланяюся табе, Гаспадар Вялікага княства Навагародскага! — i тут жа на адным дыханні выпіў усё з кубка, выцер вусны рукавом кашулі, не зважаючы, што пакідае на ім цемнаваты след. I да Усяслава: — Дзе думаеце трымаць яго? У Руце? Тут? Адным словам, кім сябе бачыш: ваяводаю пры князі альбо пасаднікам без князя ў Навагародку?
— Кажу ж, князь, i я тады думаў якраз так, як думаеш цяпер ты...— Усміхнуўся Усяслаў.— Ды князь Ізяслаў разлічыў крыху іначай.
Міндоўг не то насцярожыўся, не то здзівіўся.
— Цяпер вось, князь, скажу табе тое, пра што пакуль што ведаюць толькі біскуп Кірыла, Войшаль i я,— Усяслаў адпіў крыху з кубка i паставіў яго на стол.— I новы наш князь павінен жыць у Навагародку, узяць з усімі баярамі, з усім дваром, з дружынамі i слугамі веру ад Усходу, не толькі абараніць, але i ўзвысіць Навагародак. Як зусім слушна кажа Выкінт, нам ужо трэба настроіцца на бітву, а то i цяжкую вайну з князем Данілам, з яго саюзнікамі. А сярод ix могуць быць самыя нечаканыя сілы. Можа, i твае сынаўцы, i сам Выкінт. Ён не даў мне слова, што не падыме на Міндоўгаў дом, на Навагародак меч. Сказаў толькі амаль так: пераначуем — штосьці новае пачуем... Абараніцца ж, узвысіцца Навагародак можа толькі ці, лепш сказаць, найперш за кошт Літвы. Значыць, яна павінна ўзбуйніць Вялікае княства Навагародскае. I, канечне ж, лепш за ўсё, каб гэта выйшла без мяча.
Міндоўг панік; у яго ўжо не толькі затрымцелі рукі, але i бязмоўна заварушыліся вусны. Толькі праз хвіліну-другую ён з намаганнем выдыхнуў:
— А я? Не толькі васал, але i Войшалеў наёмны баявы князь? Кажу ж, я лічыў, што вы возьмеце да сябе свайго выхаванца, паклічаце, каб я памог вам адбіцца ад князя Данілы i яго саюзнікаў, але я не думаў, што вы адвядзеце мне такую ролю... Канечне,— каб не паказваць дрыготку, пачаў церці, мяць рукі, ажно на белым целе паказаліся чырвоныя пляміны.— Хто i што я без вас? Я проста мушу слухаць вашу волю...
— Паклянешся?
— Тут не трэба i ніякай клятвы,—адвёў убок позірк Міндоўг.— Без вашых дружын я i дня не змагу застацца ў Руце, буду сынаўцамі i Выкінтам ці забіты, ці выгнаны ca сваёй вотчыны. Тады змагу быць толькі чыімсьці наёмнікам.
— Не,— ужо не змог стрымаць усмешку Усяслаў.— Ты ўсё ж паклянешся? На Радзе i на вечы тут?
— А што я магу зрабіць іначай? — Міндоўг перавёў на яго адрачоны позірк.
— Будзь ласкаў,— Усяслаў вытрымаў гэты душазабойлівы боль,— скажы ясна: так ці не?
— Так.
— Дзякую. А цяпер вось слухай уважліва. Ты не ўсё разлічыў, дарэмна думаеш, што ўва ўсім гэтым няма ніякай мудрасці. Князь Ізяслаў не толькі прыкінуў: carpe diem![83] Ён шмат разважаў: як усё зрабіць належна. Я не буду расказваць табе ўсе яго закалюты думак, але ўрэшце ён мудра рашыў: князем у Навагародку будзеш ты, Мендог!
Міндоўг зноў вырачыў вочы i зноў змяніўся іхні колер, стаў нейкі зелянкава-жаўтаваты, як у ката ці ваўка.
— Ты! — Усяслаў яшчэ хітнуў галавою, каб пацвердзіць свае праўдзівыя словы.
[83] Лаві момант (лац.).