«Не»,— паспяшаўся адказаць ён, не столькі разумеючы, колькі адчуваючы, што якраз такі адказ будзе прыемны Аксане.
«А ты хочаш любіць дзяўчынку?»
На такое запытанне ён ужо не мог адказаць хуценька: Аксана пыталася ў яго пра вельмі запаветнае, хоць i мала яшчэ ўсвядомленае, ды пра тое, з чаго кпяць з ix, дзяцей, сталыя. А да ўсяго трэба было, можа, прызнацца, што з усіх дзяўчынак, якіх ён ведае, яму найперш падабаецца яна, Аксана. А каб сказаць так, пачынаў ужо замінаць нейкі новы, не зусім зразумелы сорам: ужо тое, што наплывала на душу, вабіла мець за сваю таямніцу.
«Скажы»,— прасіла, дапытвалася Аксана, але ён нічога цямлівага ёй не прамовіў, з хваляваннем пачуўшы, што яна хоча сябраваць з хлопчыкам, каб пасля палюбіць яго. A калі запытала, ці хоча ён з ёю сябраваць, то ўжо тады радасна прызнаўся: «Хачу».
Пасля дзіўнай адчужанасці Стасі яны, Мішка, Аксана i Ясік, бавілі свой вольны час ужо ўтраіх. Хадзілі ў лес па ягады i грыбы, купацца на рэчку (плёскаліся зусім распрануўшыся i яшчэ не саромеліся гэтага), гулялі на Паланевічавым ці іхнім загуменні.
Ясік паволі паспакайнеў, ужо не так бянтэжыўся перад Аксанаю, якая была не толькі жвавая, смелая, але i калінікалі ўжо, як пазней зразумеў, капрызная альбо какетлівая,— гэта значыць, у яе ўжо праяўляўся i свой, жаночы, характар. Якраз яна першая неяк міжволі падвяла да таго, што яны пацалаваліся ўжо не ў гульні, як «тата» i «мама», а як дзяўчынка i хлопчык. Пасля гэтага, як толькі адасобліваліся ад Мішкі, яны падоўгу цнатліва туліліся адно да аднаго, цалаваліся ці браліся за рукі i ішлі ў лес альбо на луг, мабыць, аднолькава адчуваючы прыемную хвалюючую ўзрушанасць. З той пары шмат ужо сплыло вады, але i цяпер Ясь з асаблівым светлым, а то i мілым трымценнем помніць тыя Аксаніныя першыя пяшчотныя поціскі рук, лёгкія прытульванні i кароткія дзіцячыя пацалункі, цяпло, водар яе юнага цела i валасоў — усё тое было па-сонечнаму яснае i па-крынічнаму чыстае. Аксана тады абудзіла ў ім незразумелыя, пакутлівыя, але i глыбокія, радасныя пачуцці, што магла ажывіць толькі яна, дзяўчынка, якая гэтак хораша спадабалася яму.
«Я напішу табе ліст. Толькі табе. Добра?» — можна сказаць, па-змоўніцку чуйным унутраным голасам незадоўга перад ад'ездам у горад запытала яна.
«Добра»,— таксама па-змоўніцку i, здаецца, чулліва адказаў ён.
«Пакляніся, што ты нікому не пакажаш мой ліст! Hi дома, ні нашаму Мішку, ні Стасі!»
«Клянуся!»
«I я нікому не пакажу твой ліст! Ён будзе толькі мой! Я яго схаваю ў шуфлядцы свайго пісьмовага стала».
«А я тваё пісьмо схаваю на гарышчы!»
Калі Аксана з'ехала, дык, здаецца, на хутары не толькі паспакайнела, але i нібы з яго знікла яснасць, ззянне, а замест ix наплыла шэрасць, а то i пазмрачнеласць. Ясік вельмі засумаваў, з нецярпеннем чакаў з горада абяцанага ліста, a калі праз некалькі дзён не проста ўпершыню ў жыцці атрымаў яго, гэты ліст, а проста ашчаслівіўся ім, дык быў сам не свой. Ён доўга разглядаў прыгожы малюнак на канверце, прыгожыя літары на ім, якімі былі напісаныя іхні адрас, яго прозвішча, а на адвароце — зразумелыя i ў той жа час загадкава-таемныя словы: «Жду ответа, как соловей лета», а пасля з вялікім хваляваннем i перажываннем прачытаў ліст — зусім просты, найбольш пра тое, як яна, Аксана, даехала дахаты, што ёй купілі для школы, але i незвычайны. Гэта быў ліст іменна яму! Ад Аксаны! Цяжка сказаць, ці шчыра, ці жартам яго маці пакрыўдзілася, што ён утаіў ад яе той ліст, свой сакрэт, a калі да ix аднойчы завітала Стасева сястра, Гэля, скрушліва захітала перад той галавою: «Наш Ясік мае ўжо другую паненку i, здаецца, хоча жаніцца». Маці сказала тое, што было ў ягоных думках, хоць сваю жаніцьбу з Аксанай ён тады ўяўляў як тое, што пасля гэтага будзе гуляць толькі з ёю. Хоць, канечне, было ўсё i глыбей: каханне паслала яму свой першы, юны, светлы і, мабыць, па-сапраўднаму хвалюючы покліч, што клікаў, вёў з маленства ў юнацтва.
Стася, якая за тое лета за свае ўжо амаль шаснаццаць гадоў яшчэ болей адзяўчынілася (у яе ўжо, як i ў жанчын, пакруглелі лытачкі, клубы, узнялі-напіналі сукеначку грудзі, змяніўся, пасталеў позірк ахарошаных вачэй), нейкі час па-ранейшаму пазбягала Ясіка. Але неяк увосень, у нядзелю, калі ён трапіў да яе ў падпаскі i калі яны толькі ўдваіх селі каля цяпельца, яна, аблакаціўшыся на калені, а на рукі паклаўшы галаву, зусім нечакана трывожна цяла яго сваім занепакоеным запытаннем:
«Скажы, ты хочаш з ёю жаніцца?»
«З кім?» — ён усё зразумеў адразу ж, але прыкінуўся здзіўленым i няцямлівым.
«З «кім-кім»! — раздражнёна сказала яна.— З той, гарадской?»
«Не»,— няшчыра адказаў ён, адчуваючы, што цяпер i Стасі, як нядаўна Аксане, трэба гаварыць не столькі праўду, колькі тое, што ёй падабаецца. Ды ніяк не хацелася выдаваць, гаварыць уголас сваю запаветную тайну.
«Не лжы,— Стася тут жа выкрыла яго ману.— Ты з яе вачэй не зводзіў! А яна табе пісьмо прыслала! I напісала на канверце: «Жду атвета, як салавей лета!» Гэтак пішуць адно аднаму тыя, хто хоча ажаніцца, выйсці замуж».
Прамовіла так i плаксіва склала вусны, скрывілася:
«Ты на мяне ні разу гэтак хораша, як на яе, не зірнуў! Я ж не гэтакая файная, a рабаціністая! Вучыцца так не магу, як ты i яна»!
Яго збіла спанталыку i тое, што ягоная тайна — ужо ніякі не сакрэт, i тое, што Стася гэтак перажывае i папікае, нібы за нейкую вялікую правіну. Яна завяла з ім яшчэ не зусім дарослую, але ўжо i не зусім дзіцячую размову. Пра свае, як яна, здаецца, лічыла, абражаныя пачуцці.
«Ты не прыходзіш да нас, не хочаш са мной гуляць! — гаварыла яна, выкрываючы ягоныя грахі.— Ты толькі пра яе думаеш! »
«Не»,— зноў няшчыра пачаў апраўдвацца ён, прачуваючы, што цяпер, каб Стася паверыла яму, было б лепш за ўсё сказаць штосьці нядобрае пра Аксану, але проста не мог абразіць i за вочы тую.
«Скажы, што гэта не так?» — чаплялася i чаплялася Стася.
«Не так»,— бараніўся ён маною, як, бывае, i сталы ўжо мужчына перад жанчынаю, якая чымсьці папікае яго.
Стася спачатку недаверліва, а пасля, ажыўляючыся выразнымі вачыма, зірнула на яго:
«Дык ты будзеш прыходзіць да нас?»
«Буду»,— падакляраваў ён.
«Мы будзем гуляць без Мішкі, толькі з табою! — Стася ажно засвяцілася, пахарашэла, але ўсё роўна зусім іначай, чым Аксана, кранула ягонае сэрца. Яно ўстрапянулася не ад пяшчоты i любові, а болей ад трывогі ды асцярогі за Стасіна пасяганне на яго.— Добра?»