«То раней. Табы была я дзіцем, мала чаго разумела. Ды веска не па мне, я — гараджанка...— А пасля нечакана: — Скажы, калі ласка, у цябе ёсць дзяўчына?»
Яму было балюча слухаць гэтае запытанне: няўжо яна не разумее, што ён кахае толькі яе? Ці ёй ужо абыякавае ягонае пачуццё, пачуццё вясковага юнака, які добра вучыцца i, як усе лічаць, «гжэчны»?
«Ёсць?»
«Не».
«Чаму? Ты ж ужо ў тым узросце, у каго можа быць першае сур'ёзнае каханне!»
Ён змаўчаў, зноў адчуўшы прыліў болю, ужо мацнейшы за той, што ціскануў нядаўна.
«А ведаеш, некалі я захапілася табой...»
«А цяпер, значыць, не»,— болем зайшлося ягонае сэрца.
«А ты?»
«Што я?»
«Ты захапляўся мною?»
«Вельмі»,— уздыхнуў ён.
«Мы з табой тады, помніш, шмат цалаваліся,— усміхнулася.— А цяпер ты не жадаеш пацалаваць мяне?»
Яна лёгка намацала ў цемені ягоную руку сваімі тонкімі i далікатнымі пальчыкамі, наблізілася, падымаючы ўздыхам грудзі, i ён з трапятлівым хваляваннем прыхіліў яе, тонкую, лёгкую, усю водарна пахкую, i іхнія вусны сышліся ў пацалунку.
«Ты яшчэ зусім не ўмееш цалавацца,— тут жа ca здзіўленнем i з паблажлівай усмешкаю прамовала яна.— Ты яшчэ зусім юны...»
Ён адчуў: гэта — ужо другая ягоная адстаўка. Калі ca Стасяй, якая зараз гадуе дачку, i павінна было так усё быць, як было i ёсць, дык вось страта Аксаны (а ён душой адчуў, што не ўтрымае яе) уявілася, пеканула яго вялікім жыццёвым ударам.
«Здаецца, я нашмат старэйшая за цябе...— сказала Аксана.— Ты яшчэ знаешся, гуляеш з падлеткамі, хоць у той жа футбол, а я ўжо знаюся толькі са старэйшымі. Не буду таіць: у мяне ёсць хлопец,— прызналася, але не выпусціла ягонай рукі са сваёй.— Ён ужо студэнт... Чуеш?»
«Чую»,— ледзь вымавіў ён.
«Але я табе ўдзячная...»
«За што?»
«За тое наша дзіцячае, але шчырае, харошае, светлае. Гэта прыемны ўспамін з майго маленства».
Ён зноў змаўчаў, намагаючыся суцішыць боль. Боль адрынутага дзяўчом хлапчаняці.
«Я, мабыць, ніколі не забуду таго i цябе».
«Але пакахала іншага...»
«I ты, прыйдзе час, пакахаеш...— Яна нібы ўгадала яго думкі.— Каханне, скажу табе, вельмі моцная рэч...»
Пасля яны пяшчотна развіталіся. Назаўсёды. Ён доўга (нашмат цяжэй, чым мінулы раз) не мог апамятацца, пакутаваў, што, бадай, самы нешчаслівы чалавек на свеце, але потым, у школе, у апошнім класе, паволі перагарэў, нечакана нават для сябе захапіўся маладзейшай аднавяскоўкай, сястрой свайго сябрука, але i з гэтага захаплення нічога не выйшла. Як i ва універсітэце з аднакурсніцай. Ажаніўся зусім з іншай дзяўчынаю, з той, з якой трапіў разам настаўнічаць у адну школу. Ды каханне да Аксаны ўсё ж асела на яго душы — не, не горычным i мутным асадкам, a нейкім светлым i прыемным слоем, каб пасапраўднаму абудзіцца, прарасці пазней, калі i яму, закаханаму, жаночыя вусны зашэпчуць, што ён каханы i самы лепшы на свеце...
Цяпер Ясь, як казалі ўжо, дзед, мае ўнука, якому хутка будзе год; Стася — удава, бабуля некалькім унукам; Аксана была двойчы замужам, урач, дзяцей чамусьці не мае, Ясь ведае ад Мішкі яе адрас, тэлефон, колькі разоў збіраўся пазваніць ёй, але ў апошні момант стрымліваўся, лічачы, што сённяшняй сустрэчы i размовы не трэба...
1995
ЛЯЛЯ [85]
...Тады яны, Аляксей i Таня, разам вярталіся дадому.
[85] Апавяданні «Ляля», «Мае ўцёкі» ад Леанілы», «Жыццё-быццё», «Іна», «Гэлька» — з цыкла твораў «Жар кахання. Апавяданні пра жанчын».